18.11.2016 / 19:11

У цэнтры Мінска на тэрыторыі двух кварталаў, па 3,5 гектары кожны, размешчаны жылы раён двухпавярховай забудовы 40-50-х гадоў ХХ стагоддзя, які ў народзе называюць Асмолаўкай. Сёння вакол яго сканцэнтравана асабліва шмат увагі з-за таго, што мясцовыя жыхары імкнуцца дабіцца статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці для сваіх дамоў. На іх думку, гэта можа паспрыяць захаванню пабудоў ад зносу. Аднак, як лічаць актывісты некаторых экалагічных арганізацый, вартасць Асмолаўкі трэба разглядаць не толькі з пункту гледжання архітэктурнай каштоўнасці, але і экалагічнай. Карэспандэнт Зялёнага партала прайшоўся з каардынатарам кампаніі «Гарадскі Ляснічы» Ігарам Корзунам па раёне, каб паразмаўляць пра экасістэмныя паслугі, якія сёння аказваюць там аб'екты расліннага свету.

Тэрыторыі паркаў і некаторых сквераў маюць большую плошчу, чым 7 гектараў, што займаюць два кварталы Асмолаўкі. Але не ўсе яны могуць пахваліцца такой колькасцю зялёных насаджэнняў, як той, што размешчана на гэтай тэрыторыі. Па словах Ігара Корзуна, у Асмолаўцы расце ля 1300 аб'ектаў расліннага свету — як дрэваў, так і кустоў, у тым ліку і куставыя групы больш метру ў вышыню і да 1,5 метры ў дыяметры.

«Так, у Міхайлаўскім, Аляксандраўскім скверах і Сцяпанаўскім садзе шчыльнасць азелянення значна меншая. Гэта значыць, на 1 гектар там расце менш дрэваў, а ў некаторых выпадках цалкам адсутнічаюць кусты ці іх зусім няшмат», — дадае ён.

Зразумела, што з улікам плана дэтальнага планавання, на якім тэрыторыя Асмолаўкі пазначана як тэрыторыя жылой забудовы, ніхто не возьмецца разглядаць яе як сквер і праводзіць экалагічную ацэнку. Хаця, на думку Ігара, раён можна смела так называць, напрыклад, параўноўваючы з паркам Парыжскай камуны вакол Опернага тэатра, які раўназначны па плошчы, але значна бяднейшы па колькасці аб'ектаў расліннага свету.

«Возьмем Парк імя 50-годдзя Кастрычніка, дзе збіраюцца пабудаваць футбольны стадыён катэгорыі UEFA, на тэрыторыі якога растуць ля 3000 дрэваў, з якіх 1200 — гэта дрэвы ва ўзросце да 10 год, а астатнія — да 50 год, распавядае Гарадскі Ляснічы. І калі вакол будаўніцтва стадыёна падняўся шум, наша кампанія разам з Інстытутам эксперыментальнай батанікі НАН правяла ацэнку экасістэмных паслуг гэтай тэрыторыі. Атрымалі лічбы, згодна з якімі кошт такіх паслуг у год складае ля 980 000 еўра».

Найчасцей падлік экасістэмных паслуг адносіцца да лясоў і балот, а таксама іншых прыродных тэрыторый. Пры гэтым улічваецца не толькі кошт, напрыклад, драўніны, але і ацэньваецца разнастайнасць жывёльнага свету, а таксама грыбоў і ягад, якія можна атрымаць у наваколлі. Але самы галоўны фактар нейтралізацыя шкодных рэчываў з атмасферы і глебы.

Такім чынам, відавочна, што ніхто не ўлічвае шкоду і страты, якія будуць цярпець мясцовыя жыхары раёну на працягу наступных 20 год, калі Асмолаўка згубіць свае зялёныя насаджэнні пры любых варыянтах развіцця падзей: ад поўнага зносу да частковай забудовы і рэканструкцыі. Як прыклад, Ігар звяртае ўвагу на новабуд, што належыць прадзюсерскму цэнтру «Спамаш», які стылістычна набліжаны да агульнага архітэктурнага ансамблю, хаця і займае большую плошчу, чым ранейшы дом, вакол яго амаль няма дрэваў, бо большасць іх была знішчаная пры ўзвядзенні.

І, па яго словах, пры горшым раскладзе для Асмолаўкі эканоміка дзяржавы ў наступныя 5 гадоў будзе цярпець страты прыблізна $ 0,5 мільёны ў год. Калі ж узровень кошту экасістэмных паслуг наблізіцца да еўрапейскага, штогод з бюджэту краіны вымушаны будуць выдзяляцца ўсё большыя грошы на нейтралізацыю шкодных рэчываў, якія знаходзяцца ў атмасферы, ці ахову здароўя. Сумы гэтыя будуць цалкам непараўнальныя з той выгадай, якую атрымае горад ад продажу гэтай тэрыторыі пад забудову.

«На жаль, чыноўнікі пакуль гэтага не разумеюць. А вось жыхарам Асмолаўкі, наадварот, падабаецца жыць на тэрыторыі «сквера», таму мала хто скардзіцца на празмерны цень, людзі самі бароняць дрэвы, як было ў выпадку рамонту цеплатрасы, самі аднаўляюць зялёныя насаджэнні», — апісвае сітуацыю Ігар Корзун.

Вядома, што, сыходзячы з пералічаных сум, пры разглядзе пляцоўкі як інвестыцыйную ці для рамонту разнастайных камунікацый гарадскім уладам варта ўлічваць экасістэмныя паслугі зялёных насаджэнняў, што растуць на гэтых тэрыторыях. Тым больш што аб'екты расліннага свету з'яўляюцца гарантам эканоміі фінансавых сродкаў, а інвестыцыі не заўсёды могуць сыграць у плюс.

«На сёння Тэхнічны кодэкс усталяванай практыкі, якім кіруюцца пра разліку экасістэмных паслуг, улічвае выключна эканомію затрат на нейтралізацыю шкодных выкідаў. Пры гэтым не звяртаецца ўвага ні на гістарычную, ні на эстэтычную ці культурную каштоўнасці зялёных насаджэнняў. А гэта тыя фактары, якія праз час мы таксама пачнем лічыць», — кажа Ігар.

У сітуацы, пакуль Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама профільны гарадскі камітэт ніякім чынам не праяўляюць ініцыятывы па абароне такой зялёнай зоны, як Асмолаўка, Ігар зазначае, што хацелася б, каб у Міністэрстве культуры знайшліся людзі, якія задумаліся б не толькі над эстэтычнай функцыяй гэтага раёну, але і экалагічнай. І, вядома, што гаворка тут ідзе зусім не пра нормы забеспячэння азелянення гарадскіх тэрыторый, а пра функцыянальнае прызначэнне дрэваў у гэтай частцы сталіцы.

Практыка падліку экасістэмных паслуг зусім не новы накірунак. Так, у еўрапейскіх краінах даўно ўжо зроблены разлік па 80% зялёных насаджэнняў, а гарадскіх — на 100%. Не выключэнне і Злучаныя Штаты Амерыкі. Напрыклад, карта зялёных насаджэнняў Нью-Ёрка дазваляе прагледзіць не толькі стан любога дрэва на любой вуліцы з падрабязным апісаннем, але і сумы, што эканоміць яно для гарадскога бюджэту.

«Нашыя чыноўнікі таксама сцвярджаюць, што такога кшталту працы праведзеныя, але паглядзець іх вынік ніякім чынам немагчыма. Як толькі ты просіш у іх разлікі, яны тут жа задаюцца пытаннем: «А навошта гэта вам?»

Мне падаецца, яны крыху пераблыталі паняцці, прыняўшы ўзровень і якасць жыцця як сінонімы. А гэта зусім не так… Бо не заўсёды высокі ўзровень жыцця гарантуе высокую яго якасць. Варта толькі дапусціць, што адсутнасць аўтамабіля ў чалавека лёгка кампенсуецца шыкоўным дрэвам за вокнамі і чыстым паветрам, магчымасцю жыць у доме з дваром, што напоўнены зелянінай і спевам птушак, дзе воку ёсць чаму парадавацца пасля напружанага працоўнага дня. Ёсць такія рэчы ў жыцці чалавека, якія не кампенсуеш нічым!» — эмацыйна рэзюмуе Ігар Корзун.

 

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Фоторепортаж: Жители Осмоловки отгородились от автомобилей кустами

Минчан зовут в Осмоловку считать исторические деревья!

О местах Минска, которые скоро исчезнут: Осмоловка

Мы не в Швейцарии пока что: Осмоловка важна как среда, но нерентабельна

Главный архитектор «Минскградо» рассказал, как можно сохранить Осмоловку

Местные жители, волонтеры и сотрудники ЖЭС устроили в Осмоловке субботник

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость