21.01.2020 / 11:01

Сучасныя гарады падмінаюць пад сябе ўсё большыя плошчы, закатваючы зеляніну ў асфальт, змяняючы ландшафты пад свае патрэбы і заціскаючы людзей у бетонныя рамкі жыцця. Не дзіўна, што пры цяперашняй урбанізацыі мы пачынае адчуваць недахоп і важнасць жывых прыродных куткоў.

Шатландскія лекары нават разглядаюць адпачынак на прародзе як форму тэрапіі пры дэпрэсіях і ментальных растройствах. Зялёны партал паразмаўляў з Янай Марчук пра беларускія паркі, асаблівыя месцы прыроднага гонару, замежны досвед і стаўленне да насаджэнняў.

Яна Марчук скончыла звычайную гродненскую школу, пасля Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці "Садова-паркавае будаўніцтва". Размеркавалася ў  Фонд Любчанскага замку, дзе ў працяг дыпломнай працы падрыхтавала праект аднаўлення старога парку. Скончыла магістратуру па спецыяльнасці "Рэстаўрацыя гістарычных паркаў і культурных краявідаў" ва ўніверсітэце горада Бат на паўднёвым захадзе Брытаніі.

Фота Алена Ткачэнка
Фота Алена Ткачэнка

– Ці правільна называць цябе ландшафтнай дызайнеркай?

– Так, гэта правільная назва маёй цяперашняй прафесіі.

– Што стала прыцягальным для цябе ў ландшафтным дызайне?

– Мне падабаецца, што ў ландшафтным дызайне спалучаецца творчая і тэхнічная праца: з аднаго боку, ты маеш пэўную свабоду для творчасці і самавыяўлення, а з іншага, мусіш вырашыць канкрэтныя задачы, прадыктаваныя ўмовамі месца і тэхнічным заданнем.

Мне дужа цікава працаваць з раслінамі: з іх асаблівасцямі, патрабаваннямі і стасункамі паміж сабой. Дзякуючы ім аб’ект ландшафтнага дызайну дынамічны: ён змяняецца напрацягу гадоў і сезонаў, і бывае, што яго развіццё ідзе не зусім так, як было задумана.

– Што такое ландшафтны дызайн?

– На маю думку, ландшафтны дызайн — гэта змяненне і кантроль (наколькі гэта магчыма) прыроднага асяроддзя для таго, каб яно было камфортным для жыцця чалавека.

 i.pinimg.com
i.pinimg.com

– Ты вучылася ў магістратуры па спецыяльнасці аднаўленне старажытных паркаў. У чым спецыфіка менавіта аднаўлення паркаў?

– Напачатку на гістарычны парк глядзелі выключна як на твор архітэктуры і, па аналогіі з будынкам, прадметам аховы была яго “архітэктурная і раслінная кампазіцыя”. Такі погляд даволі вузкі: ён не ахоплівае шмат іншых аспектаў і элементаў парка, якія таксама могуць мець вялікую вартасць. Таму праз нейкі час гэта змянілася.

Цяпер падставай і аб’ектам аховы можа быць не толькі кампазіцыя, але, напрыклад, характэрнасць або ўнікальнасць для свайго часу ці месца, асацыяцыі з важлівымі гістарычнымі асобамі, сведчанне пэўнага этапу развіцця навукі або тэхналогіі.

Толькі для парка характэрныя яшчэ і такія аспекты, як непаўторныя віды, якія адкрываюцца з яго, а таксама экалагічнае значэнне: напрыклад, у ім сфармавалася каштоўнае расліннае згуртаванне або пасяліўся рэдкі від птушак, насякомых, грыбоў, лішайнікаў.

Пасля рознабаковага вывучэння ўсе вартасці ўзважваюць і вызначаюць, што з’яўляецца найважнейшым — так фармулюецца каштоўнасць парка. Пры тым яна не абавязкова павінна мець глабальны маштаб: парк можа быць каштоўны толькі для адной краіны, або толькі для пэўнай мясцовасці, або толькі для пэўнай супольнасці.

 pandasanctuaries.com
 pandasanctuaries.com

На падставе каштоўнасці распрацоўваюцца рэстаўрацыйныя рашэнні. Прывяду прыклад. Падчас належных, падрабязных комплексных навуковых даследаванняў высветлілася, што парк спачатку меў барочную кампазіцыю, але яна не захавалася, і пра яе вядома вельмі мала. Пазнейшыя пасадкі маюць невялікую вартасць.

Падчас археалагічных раскопак былі выяўленыя дакладныя месца і малюнак партэра XVII стагоддзя — унікальная знаходка, якой няма аналагаў у краіне. Да таго ж, у архівах быў знойдзены асартымент раслін партэра, што дае магчымасць цалкам аднавіць яго праўдзівы гістарычны выгляд.

Такім чынам, барочны партэр з’яўляецца найважнейшым элементам парка, і яго належыць рэстаўраваць і ахоўваць бескампрамісна. А вось у менш каштоўнай частцы парка дапускаецца стварэнне новай кампазіцыі або прыстасаванне яе пад сучасныя патрэбы.

– Атрымоўваецца, што сучаснасць іграе сваю ролю ў аднаўленні старажытных паркаў?

– Так, патрэбы людзей, якія цяпер карыстаюцца паркам, таксама бяруць да ўвагі. Ва ўсіх гістарычных парках Брытаніі, якія я наведала, ёсць кавярні, прыбіральні і сувенірныя крамы. Часта яны месцяцца ў спецыяльна ўзведзеных пабудовах, якія маюць сучасны густоўны дызайн і вельмі акуратна ўпісаныя ў гістарычнае асяроддзе.

– Магчыма я маю стэрэятып успрымання, але мне заўсёды падавалася, што брытанскія паркі вытанчаныя з вельмі строгім па сваім дызайне і прымяненні разнастайных архітэктурных форм. Ці так гэта?

– Англійскія паркі былі вельмі рознымі. Да пачатку XVIII стагоддзя сады мелі строгія геаметрычныя формы і найчасцей сіметрычную будову: такімі былі сады ў рымскіх вілах, у сярэднявечных кляштарах і замках, сады Цюдараў, уладкаваныя па прынцыпу садоў Італьянскага Адраджэння, і сады Сцюартаў у стылі французскага і галандскага барока.

landscape.totalarch.com
landscape.totalarch.com

У XVIII стагоддзі з’явіўся знакаміты англійскі ландшафтны парк з абсалютна новымі формамі, якія імітавалі прыродныя. Такія паркі зазвычай займалі вялізную плошчу, мелі злёгку хвалісты рэльеф, вельмі часта — ручай або рачулку. Разлеглыя паляны чаргаваліся з масівамі і групамі дрэваў і хмызнякоў. Важнымі элементамі англійскага парка былі павільёны і масткі.

Пазней, у ХІХ стагоддзі, іх замянілі натуралістычныя паркі, якія ўжо не імітавалі прыродныя формы, а наўпрост капіравалі іх: у параўнанні з дасканала дагледжанымі ландшафтнымі паркамі, натуралістычны паркі мелі больш дзікі выгляд. У іх высаджваліся экзатычныя расліны, а часам цэлыя батанічныя калекцыі.

У другой палове ХІХ стагоддзя, у час праўлення каралевы Вікторыі, геаметрычныя формы вяртаюцца ў сады. У той час дужа любілі клумбы і дывановыя кветнікі насычаных колераў, якія ўладкоўвалі блізу дома. Прага да калекцыянавання экзотаў не саслабела: ствараліся цэлыя дэндрарыі. Ну, а брытанскія сады і паркі ХХ і ХХІ стагоддзяў дужа разнастайныя па формах, стылях і архітэктурным напаўненні.

– Ад пачатку паркі ствараліся пры кляштарах ці палацах заможных людзей і простым людзям былі недаступныя. Парк быў індыкатарам статусу?

– У кляштарах сады неслі, у асноўным, выхаваўчую і духоўную функцыю. Кляшторныя сады былі поўныя рэлігійных сімвалаў; тут манахі праводзілі час за сузіраннем і духоўнымі прыктыкаванямі. Умацаванню духа таксама мела спрыяць таксама і фізічная праца ў садзе.

Акрамя таго, манахі трымалі аптэчныя сады з зёлкамі, якія пасля выкарыстоўвалі для прыгатавання лекаў. А вось сады і паркі палацаў і сядзіб, сапраўды, былі паказчыкамі багацця і статусу гаспадара.

– Вяртаючыся да сучаснасці і ландшафтнага дызайну. Ці не магла б ты назваць добры прыклад выкарыстання ландшафтнага дызайна ў Мінску?

– Першы прыклад, які ўзгадваецца, — Сляпянская водная сістэма. Мы можам ёй сапраўды ганарыцца, у свой час яна была ацэненая і на міжнародным узроўні.

Вельмі сумна, што зараз яе кепска ахоўваюць: бетонныя формы і канструкцыі разбураюцца, уздоўж канала з’яўляюцца хаатычныя пасадкі “Зелянбуда”. Негледзячы на гэта, Сляпянская водная сістэма і цяпер вельмі эфектная.

 Facebook Гарадскі Ляснічы
Facebook Гарадскі Ляснічы

Падабаецца Парк Перамогі: вялізная плошча вады, маляўнічыя віды, разнастайныя малыя архітэктурныя формы і скульптуры. Можна доўга гуляць вакол возера, сядзець на драўляных насцілах ля самае вады, шпацыраваць па шумных праменадах і па ціхіх сцежках сярод густой зеляніны, заходзіць на выспачкі і знаходзіць адасобленыя ўтульныя куточкі.

Удала спраектаваная Выспа птушак, але, на жаль, за ёй таксама не даглядаюць як след: сцежкі з драўляных спілаў згнілі, і іх проста прыбралі, не замяніўшы на новыя; ужо разбураюцца і насцілы.

А мой улюбёны менскі парк — Дразды. Люблю яго за маляўнічую Свіслач і віды на прылеглыя з поўначы палі — адчуваецца, нібыта горад застаўся недзе вельмі далёка. Таксама вельмі падабаюцца мадэрністскія бетонныя каскады і масткі, якія выдатна глядзяцца ў прыродным пейзажы.

 photocentra.ru
photocentra.ru

Агулам, беларуская прырода яшчэ слаба інтэрпрэтуецца ландшафтнымі дызайнерамі. Хоць мода на прыродныя пасадкі ўжо дайшла на нашыя прыватныя надзелы, мала хто натхняецца менавіта мясцовымі краявідамі і раслінамі.

Пагатоў — у гарадах, дзе ўсё яшчэ папулярныя расліны з “ваў-эфектам”: экзатычнымі формамі і тэкстурамі, стракатым лісцем, нехарактэрнымі для нашае прыроды колерамі. Насамрэч, беларуская прырода поўная густоўных, гарманічных спалучэнняў, і ў ёй можна знайсці ідэі для сапраўды ўнікальных дызайнерскіх рашэнняў.

– Ты абазначыла праблему, пра якую нярэдка кажа Гарадскі Ляснічы Ігар Корзун, калі паркі выкарыстоўваюцца як пляцоўкі пад кампенсацыйныя пасадкі. Наколькі можна дапускаць выкананне такога кшталту работ?

– Нельга такое дапускаць. Хіба што акрамя выпадкаў, калі расліны высаджваюцца на месцы страчаных. Пры гэтым месцы пасадак і віды раслін павінны ўзгадняцца аўтарамі праекта парка або іншымі спецыялістамі, якія разумеюць аб’ект.

Выпадковыя пасадкі разбураюць кампазіцыю і ўсталяваную экасістэму: напрыклад, калі на паляне з'яўляецца драўнінная група, якая закрывае перспектыву, парушае ўспрыняцце прасторы, стварае непажаданы цень і дадатковую канкурэнцыю суседнім раслінам.

citydog.by
citydog.by

Агулам, кампенсацыйныя пасадкі — не лепшае рашэнне для аднаўлення гарадское расліннасці, на маю думку. Ідэя зразумелая: за кожнае выдаленае дрэва высаджваецца ў сярэднім два дрэвы ў тым жа раёне, дзе гэтае дрэва было выдаленае. Але на практыцы такі падыход прыводзіць толькі да марнавання рэсурсаў.

Па-першае, аб’ём кампенсацыйных пасадак вельмі вялікі, і ў раёнах не хапае для іх месца. Таму “Зелянбуд” вымушаны высаджваць расліны ў парках і каля МКАД. Па-другое, узрост раслінаў вельмі малады (3—5 гадоў), а пасляпасадачны догляд за імі амаль не праводзіцца.

У выніку адпад атрымліваецца вялізным, і каля МКАД ён набліжаецца да 100%.

Такім чынам, шалёныя грошы, якія трацяцца на закупку раслінаў і на іх пасадку, проста марнуюцца. У той жа час расліны ў парках, скверах, жылых дварах, на вуліцах працягваюць хварэць і паміраць без належнага догляду — бо на яго “няма грошаў”.

Мяркую, больш разумным будзе замяніць кампенсацыйныя пасадкі на выплаты, што зараз і прымяняецца пры выдаленні травянога покрыва і газона. А атрыманыя грошы накіроўваць на догляд, рэканструкцыю і стварэнне новых паркаў і сквераў, на набыццё якаснага пасадачнага матэрыялу (у тым ліку буйнамераў) і належны пасляпасадачны догляд.

– Ты разам з эстонскімі калегамі ездзіла ў Асвейскі запаведнік, на выспу Ду і распрацоўвала для яе праектную ідэю па развіцці турыстычнага патэнцыялу. Наколькі ты ўвогуле выступаеш "за" адкрыццё такіх унікальных прыродных мясцін для шырокіх мас ці лепш пакінуць прыроду прыродзе?

– Я лічу, што прыродныя мясціны трэба адкрываць для людзей. Прырода жыццёва неабходная нам, яна супакойвае і аздараўляе. Шпацыры па прыродных мясцінах працягласцю ў некалькі гадзін або маленькія паходы на адзін-два дні мусяць быць адносна нескладанай і нават звыклай актыўнасцю для гараджан, у тым ліку маламабільных, сталых людзей і дзяцей.

У Нямеччыне і Брытаніі такія кароткія вандроўкі дужа папулярныя. Там ёсць для гэтага мноства шляхоў рознай працягласці і складанасці, базавая інфарструктура, зразумелая навігацыя, а таксама шмат дасягальнай інфармацыі, каб кожны мог самастойна арганізаваць сваю вандроўку і пазнаёміцца з прыродай і гісторыяй месца.

Паўночныя рэльефы, востраў і алені. Фотарэпартаж з Асвейскага заказніка

Хрысціна Чарняўская
Хрысціна Чарняўская

Калі я даведалася, што ў Беларусі існуе каля сямідзесяці экалагічных сцежак, здзівілася, бо думала, што іх нашмат менш. Але ўсё роўна гэтага не дастаткова, бо ў нас столькі цудоўных, разнастайных, унікальных краявідаў!

Кожны павінны мець магчымасць іх пабачыць, паслухаць, адчуць, вывучыць. Таксама важна падтрымліваць магчымасць мастацкага засваення месца. Гэта можа быць інтэрпрэтацыя як яго прыродных складнікаў, так і артэфактаў і чалавечых гісторый.

Напрыклад, для выспы Ду мы прапаноўвалі мастацкія пленэры, пад час якіх ствараюцца скульптуры, інсталяцыі, аб’екты лэнд-арту, натхнёныя атмасферай даўно пакінутага людзьмі месца, ізаляванага ад “вялікай зямлі”.

– У беларускай прыроды сапраўды ёсць патэнцыял запрацоўваць на турызме, але тое як гэта робіцца засмучае і абурае, бо нярэдка наносіцца шкода жывому і расліннаму свету, калі істоты проста вымушаны пакідаць аблюбаваныя месцы. Як такія пытанні вырашаны ў еўрапейскіх краінах?

– У Еўропе, у тым ліку і ў нас, ствараюць прыродныя рэзерваты — месцы, куды нікому, акрамя вучоных і даследчыкаў, заходзіць нельга. Турыстычныя шляхі, як правіла, пракладаюць у абыход каштоўных раслінных згуртаванняў і месцаў, асабліва важных для жывёл. Ну, і правілы паводзінаў у прыродных мясцінах і адказнасць за іх парушэнне ніхто не адмяняў.

Вядома, прысутнасць чалавека ў любым разе турбуе дзікіх жывёл, дый не ўсе наведвальнікі паводзяць сябе карэктна. У кожнай асобнай сітуацыі трэба ацэньваць патэнцыйную шкоду экасістэме ад турызму і вырашаць, куды можна пускаць людзей, а куды не варта.

– У еўрапейцаў і амерыканцаў ёсць яшчэ адзін выдатны досвед, калі яны ствараюць прыродныя комплексы, у тым ліку жылыя, на месцы старых прамысловых зон. Падавалася б у нас падобных месцаў шмат, але мы чамусьці не разглядаем іх у такой якасці. Ты можаш прывесці прыклад таго, што цябе ўразіла?

– Адзін з самых вядомых аб’ектаў — парк High Line у Нью-Ёрку, уладкаваны на старых надземных чыгуначных шляхах. У нямецкім горадзе Дуйсбург ёсць парк, створаны на вялізнай тэрыторыі закінутага заводу, на якім выраблялі вугаль і сталь. Завадскія збудаванні і структуры зрабілі часткай кампазіцыі, а некаторыя элементы прыстасавалі пад новае выкарыстанне. Такім чынам аўтары імкнуліся захаваць памяць месца, пераасэнсаваць яго прамысловае мінулае.

www.latzundpartner.de
www.latzundpartner.de

– На твой погляд, чаму ў нас такое пакуль немагчыма? Забудоўшчыкі хутчэй стандартна забабахаюць "элітны" мікрараён без уліку зфарміраванай высотнасці забудовы, азелянення і г.д.

– Мяркую, што галоўная прычына — грошы. Пабудаваць новае, пэўна, танней, чым рэканструяваць, адрамантаваць і прыстасаваць існуючае. Закінутыя мінскія заводы пакрысе разбураюцца, пакуль у горадзе будуюцца ўсё новыя і новыя гандлёвыя цэнтры і офісныя будынкі. Што да паркаў, то інвестарам яны наогул не цікавыя, бо на іх амаль нічога не заробіш.

Думаю, што якасць і колькасць гарадскіх паркаў мае быць адказнасцю дзяржавы. Але ў нас уладныя структуры таксама скіраваныя на зарабленне грошаў. Вось таму мы і маем праблему забудовы зялёных тэрыторый.

тэлеграм-канал #МотолькаПомоги
тэлеграм-канал #МотолькаПомоги

– Ігар Корзун, якога я ўжо ўзгадвала, любіць казаць пра экасістэмныя паслугі — калі кожнае дрэва не прыносіць грошы, якія мы можам памацаць, але яно робіць свой унёсак у паляпшэнне экалагічнага асяродку, здароўя, дабрабыту людзей і г.д. Што па выніку дазваляе дзяржаве эканоміць. Але я так разумею, што ў нас такі падыход не разглядаецца.

– Упэўненая, што не разглядаецца. Справа ў тым, што нашыя чыноўнікі агулам не разглядаюць шырока і не думаюць далёка. Ім патрэбныя грошы тут і цяпер, а пасля іх — хоць патоп.

Яны ўвесь час апраўдваюцца цяжкай эканамічнай сітуацыяй у краіне, але не думаюць, што сваімі безадказнымі дзеяннямі робяць гэтую самую сітуацыю яшчэ горш. Гэта відавочна: пагаршаецца якасць паветра, людзі адчуваць яшчэ больш стрэсу і дыскамфорту, больш хварэюць, у выніку зніжаецца якасць жыцця і прадуктыўнасць дзейнасці.

– Але наш горад мае яшчэ адзін унікальны зялёны комплекс — водна-зялёны дыяметр, які зараз пакрысе забудоўваецца і знішчаецца. Чаму раней, пасля вайны зялёныя зоны былі здольны захаваць, а ў сучаснасці не?

– З тае самае прычыны. На адказных пазіцых сядзяць людзі, у сістэме каштоўнасцяў якіх няма такіх паняткаў, як клопат пра людзей і горад. Яны клапоццяца выключна пра ўласную выгаду і камфорт.

​​​​​​​ realt.onliner.by
​​​​​​​ realt.onliner.by

– Тут і зараз.

– Тут і зараз.

 

Загалоўнае фота - Інга Ягорава
Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость