21.07.2016 / 21:07

Праехаць 3000 км за 3 тыдні, з якіх 700 км — на веласіпедзе, і пры гэтым быць фізічна непадрыхтаваным чалавекам. Скажыце, нерэальна? Але наша гераіня Ганна Платніцкая вырашыла не толькі выпрабаваць сябе ў велападарожжы, але і адкрыць прыгажосць роднай прыроды. З Зялёным парталам яна будзе дзяліцца сваім досведам і ўражаннямі ад выпрабаванняў, з якімі давядзецца сутыкнуцца на шляху.

Ганна Платніцкая скончыла ў гэтым годзе першы курс педыятрычнага аддзялення медуніверсітэта. Па жыцці дзяўчына займае актыўную пазіцыю, з'яўляючыся часткай каманды «Жывых бібліятэк» і валанцёрам разнастайных сацыяльных ініцыятыў і праектаў, у тым ліку па сваёй будучай спецыяльнасці.

«У Беларусі ёсць вельмі шмат месцаў, дзе я не была. Часта ў мяне пыталіся, маўляў, ты ездзіш у розныя краіны, а ў сябе «дома» што бачыла? Таму я вырашыла адправіцца ў велападарожжа — гэта будзе цікава. Тым больш, я люблю прыроду, азёры...» — распавядае яна.

Больш года Ганна разам з сяброўкай выношвалі ідэю вандроўкі на веласіпедзе па Беларусі. Мінулым летам ажыццявіць яе не атрымалася, і сёлета паставілі сабе цвёрдую мэту здзейсніць.

Адной з перашкод на шляху дзяўчат стала адсутнасць уласных веласіпедаў.

«З улікам, што грошай у нас не было, мы забілі ў інтэрнэце «дзе можна ўзяць веласіпед бясплатна» і выйшлі на праект «Добры ровар». Звязаліся з Кірылам (Кірыл Кудравец — актывіст ГА «Мінскае роварнае таварыства», адзін з каардынатараў праекта «Добры ровар». — Дад. аўтара), і ён цалкам падтрымаў нашу ідэю», — дзеліцца Ганна.

У хуткім часе дзяўчаты атрымалі веласіпеды. І з гэтага моманту пачаўся асноўны падтрыхтоўчы этап. Акрамя таго, што па жаданню сваіх новых «уладальніц» веласіпеды павінныпрайсці пэўныя тэхнічныя ўдасканаленні, іх знешні выгляд таксама трэба было мадыфікаваць.

«З дазволу Мінскага роварнага таварыства я вырашыла ператварыць «Чарнічную кляксу» ў «Бэтвэл». Праўда, не ўпэўненая, што Кірыл гэтаму ўзрадуецца, бо яму падабаюцца больш яркія веласіпеды», — дзеліцца яна.

Калі перафарбоўкай Ганна займалася сама са сваімі сябрамі, то з тэхнічнымі пытаннямі ёй дапамаглі валанцёры «Велакухні “Гараж 38”». Разам з імі дзяўчына перабрала карэтку і падшыпнікі, настроіла тармазную сістэму, каб мець хоць нейкае ўяўленне ў дарозе, як усё працуе. З мэтай авалодаць навыкамі элементарнага рамонту Ганна разам з сяброўкай вучыліся клеіць камеры, разбірацца з ланцугом і асвойвалі іншыя прымудрасці велааматара.

«Калі ў дарозе штосьці зламаецца, я буду шукаць магчымасці адрамантаваць няспраўнасць, буду прасіць дапамогі ў тых жа аўтамабілістаў, бо ў іх заўсёды ёсць інструменты. Толькі сур'ёзныя перашкоды могуць павярнуць мяне дадому, — сцвярджае дзяўчына. — А прабітае кола я змагу заклеіць пры дапамозе рэмкамплекту, дый стандартны набор ключоў буду дакладна мець з сабой».

На жаль, на падрыхтоўчым этапе стала вядома, што па стану здароўя сяброўка вымушаная адмовіцца ад велападарожжа, але гэта не спыніла Ганну.

«Вядома, ёсць страх ехаць адной, але не такі, каб прымусіць адмовіцца ад задуманага», — заяўляе яна.

З улікам таго, што да падарожжа дзяўчына не мела веласіпеда, то і лагістыку трэба было прадумваць ў адпаведнасці з фізічнымі сіламі. З гэтай прычыны яна вырашыла карыстацца на некаторых адрэзках электрычкамі. Гэта дазволіць з 3000 км 700 праехаць на веласіпедзе і не па асноўных трасах, а па аб'яздных дарогах.

Сам жа маршрут Ганна будавала сыходзячы з таго, каб як мага больш «зачапіць» цікавых прыродных тэрыторый.

«Да Гарадзеі я планую пад'ехаць электрычкай, затым ужо на веласіпедзе. Наведаю Мір, Нясвіж, зазірну на прыгожае возера Свіцязь, у Ліду, на Сарачанскія азёры, Браславы, у Чырвоны бор, Полацк, Ушачы, Віцебск. Пасля ў Магілёў, там ёсць экалагічна чыстая сядзіба, дзе можна правесці некалькі дзён у вясковых умовах. А далей буду глядзець па свайму стану і куды цікавей мне падацца», — апісвае дзяўчына геаграфію свайго падарожжа.

Ночыць яна збіраецца на турыстычных стаянках ці на сядзібах, дзе можна ставіць намёт, а таксама ў дазволеных месцах непасрэдна ў дзікай прыродзе, напрыклад на рацэ Віліі. Не выключае яна і варыянты з таннымі хостэламі ці гатэлямі ў вялікіх гарадах. Прычым загадзя Ганна нічога не браніравала, маўляў, прыеду і буду глядзець на месцы. Што ж датычыцца харчавання, то тут даводзіцца разлічваць на паходныя прыпасы кшталту разнастайных каш і кансерваў, а таксама на турыстычную інфраструктуру, невялікія прыдарожныя кафэ і крамы.

Вядома, асаблівай падрыхтоўкі і пільнай увагі патрабаў спіс рэчаў, якія варта мець з сабой у велападарожжы. З ім Ганне дапамаглі разабрацца не толькі разнастайныя блогі і сайты, але і людзі, што актыўна адгукаліся на яе пасты ў сацыяльных сетках, дзелючыся слушнымі парадамі са свайго вопыту і рэчамі.

«Знайшлося вельмі шмат добрых людзей. Дзякуючы сваім знаёмым і абсалютна незнаёмым у мяне цяпер ёсць газавая гарэлка, кацялок, намёт, спальнік, веласумка, велаштаны. Мне так і казалі: "Пачакай, у цябе няма таго і таго? Так справа не пойдзе! Я зараз табе знайду". Раілі таксама, што лепш браць у аптэчку, напрыклад не зялёнку ці ёд, а перакіс, бо так спадручней. На ўсялякі выпадак падказалі мець газавы балончык і асабліва асцерагацца ляснічых і дарожнікаў», — дзеліцца яна.

Аднак Ганна ўпэўненая, што ад нахабных заляцанняў зможа адбіцца, бо ўжо на працягу амаль году займаецца тайскім боксам. Больш небяспекі хутчэй сыходзіць на самой дарозе. Таму, каб абазначыць сябе перад вадзіцелямі, яна мае яркую камізэльку Мінскага роварнага таварыства.

Цікава, што ў дарогу гераіня не бярэ шмат грошай. З улікам патрачаных на падрыхтоўчым этапе 70 беларускіх рублёў у падарожжы яна плануе ўкласціся прыблізна ў 170 беларускіх рублёў.

«Бацькі ўжо змірыліся з маім рашэннем паехаць па Беларусі на веласіпедзе. Былі і такія, хто пісаў: "А ці асіліце вы такое? Куды вы лезеце?" ці "Прачытаў ваш пост пра падарожжа на старэнькіх веласіпедах... Пахне бядой". Але мне хочацца пераканаць такіх людзей: усё ж мы не адны жывем. Не думаю, што, калі я папрашу дапамогі, мне адмовяць. І збольшага гэта сапраўды выклік сабе самой: ці змагу я 3 тыдні так правесці», — тлумачыць суразмоўца.

 

Рэчы, якія Ганна ўзяла з сабой:

  • велаштаны;
  • веласумка; 
  • спальнік
  • намёт;
  • дыванок;
  • кацялок;
  • газавая гарэлка;
  • запалкі і запальнічка;
  • правізія на першыя 2 дні падарожжа;
  • ліхтарык;
  • пауэрбэнк;
  • аптэчка;
  • сякерка;
  • яркая дарожная камізэлька;
  • ключы для веласіпеда;
  • рэмкамплект;
  • насос.

 

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: 

Как правильно собраться в поход? Советует специалист

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская, Ганна Платніцкая
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость