Сажайте деревья, а не журналистов

Перазімавалі! Больш за сотню чалавек сабралася ў Мінску, каб выпусціць кажаноў

За паўгадзіны да прызначанага часу ля Парка Чалюскінцаў ужо стаяў настоўп гасцей і журналістаў. У пераносцы для жывёл чакалі свайго часу 32 кажаны, якіх мусілі адпусціць на волю пасля зімавання ў “Кажанаполісе”.

25.03.2019 Жывая прырода Аўтар: Ганна Валынец Фота: Ганна Валынец

Светлым і яркім сакавіцкім надвячоркам, 23 чысла, нармальны хлопец з голенай патыліцай недаўменна спытаў у натоўпа:

“Э-э, вы чо тут, а!? – і ўбачыў накіраваны на сябе аб’ектыў здымача. Момантам уцяміў, шо трэба ўсміхнуцца і паказаць Ok: – А я думаў, у вас тут мітынг…”

Але натоўп яго не заваўжыў. Натоўп прыйшоў паглядзець на іншае: як абуджаюцца і вяртаюцца ў прыроду кажаны. Іх напрацягу восені прымалі ў грамадзян удзельнікі праекта праекта “Кажанаполіс”, а 23 сакавіка вынялі з лядоўні “Атлант”, напаілі з піпеткі, пакармілі ды прынеслі адпусціць.

За 20 хвілін да пачатку

Праект “Кажанаполіс” узнік дзякуючы ахвяраванням праз краўдфандынг. Ініцыятыва належала грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Каардынуе праект супрацоўнік НПЦ па біярэсурсах НАН і спецыяліст па рукакрылых (хіраптыролаг) Аляксей Шпак.

Сам “Кажанаполіс” – лядоўня ды прастора для ўзважвання і кармлення кажаноў – месціцца на Макаёнка 8, у “Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства”.  Па словах Аляксея, такія цэнтры для зімоўкі ёсць у Еўрасаюзе, Украіне і нядаўна з’явіліся ў Расіі.

Так выглядае адначасова мілая і страшная істота зблізку. Каб яе ўзяць у рукі, для бяспекі неабходныя скураныя пальчаткі. Фота – euroradio.fm

Тры дзясяткі двухкаляровых кажаноў і два позняі кажаны чакаюць свайго часу ў пераносцы, а ўдзельнікі праекта адукоўваюць гасцей.

“Якую хуткасць могуць развіваць кажаны?”, – пытае Наста Рэзнікава, удзельніца АПБ, у натоўпу дзяцей. Сярод трох варыянтаў адказу яны выбіраюць правільны – 60 кіламетраў на гадзіну, і гэта хуткасць параўнальна з хуткасцю мядзведзя.

Наста Рэзнікава з “Аховы птушак Бацькаўшчыны” тлумачыць, як зімавалі кажаны, і разыгрывае налепкі

Прыходзіць спецыяліст з Акадэміі навук і тлумачыць, навошта было захоўваць кажаноў у лядоўні ўсю зіму:

“Кажаны з’яўляюцца знікаючай групай жывёл, таму мы павінныя іх захоўваць. Восем відаў кажаноў у несена ў Чырвоную кнігу Беларусі, – кажа каардынатар праекта Аляксей Шпак.

– На вялікі жаль, кажаны не будуюць сабе гнёздаў, таму зімуюць у Беларусі звычайна побач з чалавекам. У прыродных умовах яны вельмі любяць зімаваць у пячорах, але пячораў у нас таксама няма. Затое вельмі шмат раёнаў са шматпавярховай забудовай, куды яны залазяць на зімоўку.

А людзі іх знаходзяць на лесвічных пляцоўках, балконах, у кватэрах…Узімку проста на вуліцы, на снезе. І што рабіць? Яны харчуюцца насякомымі, якіх узімку няма. Калі пакінуць кажана на вуліцы, то з верагоднасцю 100% ён загіне. І мне наконт кажаноў тэлефануюць з 2007 году”.

Падчас зімоўкі тэмпература кажана зніжаецца ад натуральных для яго +40°С да тэмпературы навакольнага асяроддзя. У выпадку з лядоўняй гэта +5°С – і да вясны можна не есці і не піць.

За гэты час колькасьць людзей пераваліла за сотню. Неўзабаве ўвесь натоўп рушыў углыб Парка Чалюскінцаў. А там пачалася дзея: фатографы пстрыкалі здымачамі, астатнія – тэлефонамі.

Працэсія рушыла ў глыбіню парка, наперадзе – Аляксей Шпак  з кажанамі ў атачэнні натоўпа дзяцей

“Не трэба чакаць, што ўсе кажаны адразу падымуцца і разлятуюцца”, – папярэджвае Наста Рэзнікава.

“Хто мае шчыльныя пальчаткі? – пытае Аляксей Шпак. – Чалавек падыходзіць да мяне, я дастаю з тканевага мяшэчка кажана і даю чалавеку. Потым вы можаце пачакаць, пакуль кажан зляціць з рукі сам. Калі не злятае, то падыходзьце на вышэйшага дрэва і вешайце яго на дрэва, прыкладна на вышыню двух метраў. Ён пачне караскацца наверх”.

Большая частка кажаноў так і робіць, некаторыя заставаліся на месцы і хутка дыхалі, саграваючыся. Часам яны ўзлятаюць, а некаторых трэба патрымаць каля ствала, каб яны ўсё ж ухапіліся.

Прыйшлі на месца. Цяпер – выняць кажаноў з тканевых мяшэчкаў і разсадзіць па дрэвах

У мяшэчках застаюцца паперкі з дадзенымі пра жывёл, іх вагу і пол, а таксама парадкавыя нумары. Узрост не пазначаны, бо яго цяжка вызначыць: кажаны нараджаюцца ў чэрвені ўжо ўвосені маладых не адрозніць ад дарослых.

Дзеці бегаюць вакол:

“А вось гэта, гэта тая самая самачка?” “А чаму ён на мяне шыпеў?” “А ў мяне паляцеў амаль адразу!”

Першы пайшоў. Пасля сэлфі ён трапляе вышэй на дрэва

Праз дзясятак хвілін натоўпы па чалавек 10 акружылі бліжэйшыя сосны, а ў цэнтры большасці было дзіцё ці маладыя людзі, якія шукалі баланс між тым, як прыкласці кажана да кары і не сціснуць занадта моцна. Хтосьці бясстрашна спрабаваў гладзіць іх пальцам (відэа “Еўрарадыё” працягласцю 20 хвілін – тут). Раз-пораз чуліся крыкі: “Паляцеў, паляцеў!”

Яшчэ адзін кажан

Каб кажан паспеў ухапіцца за шурпатую кару, яго трэба прытрымліваць. А вось гладзіць небяспечна – калі такая істота ўкусіць, то давядзецца рпайсці курс уколаў ад шаленства

Пасядзеўшы крыху на дрэве, кажаны адляталі

“Сезон можна лічыць паспяховым, усе кажаны жывыя і здаровыя пасля зімоўкі, – кажа Наста Рэзнікава. – Хаця некалькі кажаноў мелі праблему з вагой, і мы іх дакармілі сёння чарвякамі. Што было складана? Напэўна, данесці да людзей, што калі яны бачаць кажана – яго трэба несці нам. Не ўсе пра гэта ведаюць”.

“Мы чакаем, што колькасць жывёл штогод будзе павялічвацца. Па-першае, больш актыўнымі зробяцца людзі, па-другое, да Беларусі набліжаюцца межы зімоўкі такіх відаў як рудая вячэрніца. Гэта беларускі від, які ад нас адлятаў на поўдзень”, – кажа Аляксей Шпак.

У наступным сезоне плануюць адкрыць прыкладна 15 снежня і прымаць кажаноў на зімоўку, а таксама пачаць іх кальцаваць.


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 25.03.2019

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.