Шлях

Дваровы рух як мара “гарадской вар’яткі”

Чарговая гісторыя з цыклу “Ребята с нашего двора” пра мінчанку Марыю, якая спрабавала ладзіць святы ў сваім двары яшчэ да таго, як гэта стала мэйнстрымам. На першую яе ініцыятыву адгукнулася трое суседзяў, а потым высветлілася, што гэта яшчэ быў поспех.

Увосень 2020-га дзяўчына адчула сябе “гарадской вар’яткай” сярод такіх жа гарадскіх вар’ятаў, якім раптам стала ўсё трэба. Вось яе расповед.

 

Да 2020-га

– Да мінулага года ў нас, можна сказаць, не было дваровых актыўнасцяў. Мы жывем у гэтым доме тры гады. Я вырасла ў прыватнай хаце і была ўпэўнена, што ўсе жыхары вялікіх дамоў сябруюць між сабой. Ну, ты ж жывеш з чалавекам, як ты можаш не быць з ім сябрамі?

Неяк на Новы год, на Каляды, я хацела зрабіць дваровы фестываль. Нікому гэта асабліва не адгукнулася, энтузіязм выказалі толькі два чалавекі.

Я, дарэчы, тэлефанавала ў раённую адміністрацыю, пытала, ці трэба нейкі дазвол на гэта. Ад мяне адмахнуліся: “Ды збірайцеся вы, што хочаце рабіце”. І тады я прапанавала сабрацца хаця б проста на гарбату. Прыйшло тры чалавекі. Ну, можа, пяць: дзеці яшчэ лазілі, сабака.

І гэта быў мой самы паспяховы дваровы праект да 2020-га! Адзін сусед прынёс самавар. Побач праходзілі людзі і пыталіся: “А чаго вы нам не сказалі?”

А я ўсё думала, як жа іх лепш інфармаваць, калі не падзейнічала паведамленне ў дамавым чаце.

Наступным разам я ўжо зрабіла абвесткі, а прыйшло два чалавекі. А апошні раз я была адна. Аказалася, што тры чалавекі – гэта яшчэ поспех!

Кожны раз я сабе тлумачыла: то быў мароз, то яшчэ нешта, але па факце водгук быў нулявы. Таму калі пачаўся актыўны дваровы рух, я адчувала сябе так, нібыта ўсё жыццё была такой гарадской вар’яткай, а раптам усе сталі гарадскімі вар’ятамі, і ты нармальны, цяпер трэба прызвычаіцца, што ўсё ок.

Я спрабавала ўзяцца за пустыр побач з домам. За яго ніякая арганізацыя не адказвае, там ужо пачынаецца вёска. Хацела высадзіць вішнёвую алею. Я не абвяшчала гэта як нейкую імпрэзу ці мерапрыемства. Суседзі тым часам проста гулялі з дзецьмі, бачылі, што я раблю, падыходзілі дапамагаць.

Бралі рыдлёўкі, малыя насілі ваду, гэта было так цудоўна! Праўда, я не падумала паставіць колышкі, і сажанцы камунальнікі скасілі разам з травой. Я ўжо думала, што мы арганізуемся, зробім гарадскі агарод, як у Германіі, і тое, і сёе. Рэальнасць аказалася троху іншай.

 

Актыўная восень

Недзе з верасня пачаўся супер файны дваровы варушняк. Адбылася вялікая перамена. Людзі нарэшце павыходзілі, паперазнаёміліся. У нас расклад мерапрыемстваў быў як афіша ў нейкім клубе. Сядзіш такі і думаеш: “На гэта я не пайду, а на гэта я пайду. Гэта файны лектар, я яго паслухаю”. Улічваючы, што не толькі ў нашым двары, а і ў суседніх пачалася нейкая актыўнасць, то шчыра, было што хоць ты разарвіся, што выбраць. Асабліва па абедзе ў суботу, самы напружаны час, прайм-тайм.

Чаго ў нас толькі ні было: дзіцячыя святы, лекцыі, канцэрты. Сабраліся футбольныя каманды, хадзілі двор на двор гулялі. З лекцыямі прыязджалі розныя разумныя людзі, распавядалі нам пра гісторыю, пра навуку, пра літаратуру.

Было дужа цікава! Музыкі ладзілі канцэрты. Такія ўсе светлыя, натхнёныя. Шмат было музычных адкрыццяў, таму што беларускіх выканаўцаў мала хто ведае. Самае файнае было – гэта футбольныя матчы, проста мая любоў.

Людзі, якія раней адно аднаго не ведалі, збіраліся ў каманды, і гэта былі такія двубоі, што чэмпіянат Беларусі мог бы пазайздросціць накалу жарсцяў! Былі ідэі зладзіць плогінг-вечарынку ў лесе. Хто нарадзіўся ўвосень, і дарослыя, і дзеці, святкавалі ў двары дні народзінаў. Было цудоўна!

Людзі ніколі не бачыліся, не ведалі адзін аднаго, а потым – такая супольнасць, такая любоў. На чаяваннях высвятлялася, што ў нас вельмі цікавыя суседзі. Адзін навуковец, другі робіць нейкія неверагодныя рэчы рукамі…

Мне здаецца, людзі зразумелі, што яны самі могуць нешта мяняць, што не варта сядзець чакаць, пакуль нейкі ЖЭС табе зробіць. Калі ты бярэш пакет і сам збіраеш смецце ў двары – то вось табе і вынік.

Яшчэ людзі адчулі сваю суб’ектнасць у палітычным плане. А так як рэалізацыі няма, то яны гэту энергію накіравалі хоць куды. Думаю, што так.

Я б шчыра хацела ведаць, дзе гэты рубільнік, які трэба было павярнуць раней. Мне падаецца, такі збег абставінаў: у людзей быў нейкі ўздым энергетычны і былі людзі, якія нешта прыдумалі прапаноўваць.

Усё, што прапаноўвалі, добра прымалі:

– Давайце збірацца з дзецьмі!

– Так!

– Давайце ў футбол!

– А-а-а!

– Запросім лектараў!

– Яшчэ!

І так гэта ўсё добра заходзіла, проста праз тое, што людзі ўзгадалі: яны могуць сябраваць. Гэта быў такі ўзлёт, што я проста не магла нацешыцца.

А потым людзей сталі затрымліваць на канцэртах, пазней нават на чаяваннях, і да зімы ў нас усё сціхла. Засталіся анлайн-актыўнасці: конкурс фота ўпрыгожванняў на Новы год, чат па вывучэнні беларускай мовы...

У аўторак у агульным дваровым чаце – дзень беларускай мовы. Самы непапулярны на паведамленні, на жаль.

Моўнае пытанне ў нас даўно ўздымалася. І гэта таксама было для мяне вельмі дзіўна і вельмі натхняльна. Спачатку ты ўсё жыццё чуеш у адказ на сваю беларускую “Гавары са мной па-чалавечаскі”, а тут раптам адусюль пачынае гучаць “Давайце вучыць мову!”

І вось мы ў чаце вучым лексіку і правілы, разбіраемся, чым дыван адрозніваецца ад канапы…

А яшчэ людзі перагукаюцца праз двор, чытаючы вершы па ролях:

– Хто ты гэткі?

– Свой, тутэйшы!

Ёсць у нас ля дома сцены, на якіх ішла актыўная камунікацыя жыхароў і камунальнікаў: адны малявалі, другія зафарбоўвалі. Была проста карцінная галерэя, такая прыгажосць!

Неяк там апаненты бчб сцягоў намалявалі паверх іх свастыкі. А потым нехта дамаляваў да свастык лісточкі. Так міла атрымалася! Толькі ў Беларусі, пэўна, са свастык могуць зрабіць клумбы. Потым усё зафарбавалі. Там ужо сантыметры тры “культурных слаёў”. Людзі хацелі хоць неяк выказвацца.

 

Што далей?

Я думаю, у нас дваровы рух яшчэ будзе. Бо мы ўжо перасябравалі, камунікуем. У людзей ё жаданне нешта рабіць, адно што ўмовы вельмі неспрыяльныя. Я б хацела ўсё ж пасадзіць вішнёвую алею, гэтым разам пазначыўшы дрэўцы колышкамі. Спадзяюся, гэтым разам іх не пакосяць.

Яшчэ я страціла сэрца сваё ў Берліне, калі пабачыла гарадскі агарод Princess’ Garden. Людзі з навакольных дамоў проста зрабілі сабе агарод на пустыры ў цэнтры горада.

Прынеслі зямлю ў скрынках. На кожнай скрыначцы падпісана, жыхар якой кватэры садзіць тут балілік, напрыклад. Гэта вельмі прыгожа выглядае. Яны там таксама збіраюцца, там нават кавярня ё, якая робіць ежу з таго, што там жа, на месцы, вырасла ў людзей.

Я б хацела, каб у нас былі розныя міні-фестывалі. Хачу, каб людзі рабілі шпакоўні і хадзілі ў лес. Нацыянальныя святы, дні народзінаў. І я ўпэўнена, што ўсё яшчэ будзе!

 

Іншыя гісторыя лакальных актывістаў можна пачытаць тут


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 25.04.2021

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.