Шлях

Як аброчныя крыжы ратуюць ад радыяцыі і на вайне (фота, відэа)

У вёсцы Мачуль Столінскага раёна стаяць тры аброчныя крыжы. Іх майстравалі бацькі, каб сыны вярталіся дамоў жывымі з Першай і Другой сусветных войн. І ўсе трое вярнуліся. Мачульцы вераць, што крыжы выратавалі іх вёску і ад радыяцыі: пасля аварыі на ЧАЭС Мачуль трапіў у “чыстую” пляму. Распавядае мясцовая жыхарка Ірына Ляшкевіч (вельмі раім паглядзець відэа, аповед – на сакавітай мясцовай гаворцы).

Фота Алены Ляшкевіч

 

У вёсцы Мачуль (Столінскі раён Брэсцкай вобласці) стаяць тры аброчныя крыжы. Калісьці такія крыжы былі драўляныя, іх майстравалі за адну ноч і ткалі на іх ручнік. Такім чынам, верылі, можна ўратаваць вёску ад стыхійных бедстваў і няшчасцяў: эпідэмій хвароб чалавека і жывёлы, неспрыяльных умоў надвор’я, якія знішчаюць пасевы, смерці на вайне. Былі і “індывідуальныя” аброчныя крыжы, пастаўленыя дзеля дабрабыту не ўсёй вёскі, а пэўнага чалавека.

Расповеды, запісаныя ў розных мясцінах, адрозніваюцца, але маюць супольныя рысы: зробленыя за адну ноч рэчы абносілі вакол вёскі ці царквы, і яны нібыта ахоўвалі вёску. Напрыклад, усюды жывёлы ці людзі паміралі, а ў гэтай вёсцы – не. Навакольныя сёлы спалілі падчас вайны, а менавіта гэты населены пункт – не. Хваробы і няшчасці нібыта не маглі “пераступіць” нябачную мяжу, якую стварала аброчная рэч.

Мачульскія крыжы ў 1929 г. Фота з асабістага архіву Ірыны Ляшкевіч.

Індывідуальныя аброкі рабілі, калі нехта хварэў ці знаходзіўся ў небяспецы, дзеля ўратавання гэтага чалавека. Шырока вядомы звычай ахвяраваць з такой мэтай ў царкву ці касцёл тэкстыль, воты (рэчы рэлігійнага ўжытку, упрыгожанні ці выявы хворай часткі цела, часта з каштоўных металаў), грошы. Нават свечкі “за здароўе” – гэта, па сутнасці, ахвяры, што маюць карані яшчэ ў дахрысціянскіх культах. Воты ў выглядзе частак цела рабілі ўжо ў антычныя часы.

Мачульскія крыжы ў 2000-х гадах. Фота Джона Кундстадтэра

Жыхарка вёскі Мачуль Столінскага раёна Ірына Ляшкевіч распавядае, што ў іх першы аброчны крыж “паставіў бацька нейкага Гаўрыла, якога забралі на руска-японскую вайну (1904–1905 гг.). У 1915 годзе яшчэ нехта Пятро паставіў другі крыж, калі яго сын Піліп пайшоў на вайну. Гэтыя два хлопцы вярнуліся жывымі. На колішніх здымках 1920–1940-х гг. сапраўды толькі два крыжы. Бо трэці быў пастаўлены ў гады Другой Сусветнай вайны сынам таго Гаўрылы Мікалаем, каб выратаваць ужо свайго сына (выходзіць, ўнука чалавека, які паставіў першы крыж). Той таксама вярнуўся жывы і здаровы”.

Ірына Ляшкевіч. Фота Алены Ляшкевіч

Крыжы рубілі за адну ноч, а жанчыны ткалі на іх ручнікі і фартушкі. Усё трэба было ўсталяваць да ўзыходу сонца. Потым мачульцы хадзілі да крыжоў са сваімі патрэбамі, просячы здароўя і дабрабыту, ахвяравалі даматканыя ручнікі. Абавязкова абнаўлялі тэкстыль на крыжах перад Вялікаднем, Радаўніцай, Спасам, Пакровамі. Драўляныя канструкцыі парахнелі. У 2016 г. сям’я Галіны Міхайлаўны Пытэль, былой настаўніцы беларускай мовы якая жыве недалёка ад урочышча Заяцель, замяніла мясцовыя крыжы на металічныя.

Абразок на адным з крыжоў. Фота Алены Ляшкевіч

Цяпер на самі крыжы і на агароджу вакол іх павязваюць стужкі прамысловага вырабу, упрыгожваюць гэта месца штучнымі кветкамі кшталту тых, што носяць і на могілкі.

Фота Алены Ляшкевіч

Побач з крыжамі – буслянка. “Я лічу, гэта сімвалічна, – кажа Ірына Ляшкевіч. – Бусел абы-дзе садзіцца не будзе. Мабыць, гэтае месца сапраўды асвечанае, і бацькоўскай любоўю, і чаканнем. Вераю, і надзеяй, спадзяваннямі”.

У Мачулі не было царквы, і ля трох крыжоў адбываліся богаслужэнні, пакуль вяскоўцы ў 2013-м не пабудавалі за ўласныя сродкі капліцу. Службы праходзілі на праваслаўнае свята Пакроў Маці Божай (14 кастрычніка), якое было прастольным. Звычайна нейкі святы лічыцца апекуном вёскі і ў дзень, прысвечаны яму ў царкоўным календары, асвячаецца мясцовы храм, адбываецца фэст-кірмаш, калі госці з усяго наваколля з’язджаюцца да родных і сяброў.

Шмат у якіх вясковых хатах захоўваюцца абразы гэтага святога. Сустракаюцца і расповеды, як у вёсцы была царква ці касцёл у гонар пэўнага святога, храм разбурылі, а фэст-кірмаш у дзень гэтага святога застаўся. Таму дакладна невядома, што першаснае: культ святога ці храм у яго гонар. Звестак пра існаванне хрысціянскіх храмаў у Мачулі да ХХІ стагоддзя не захавалася.

Мачульцы вераць, што крыжы выратавалі іх вёску і ад радыяцыі: пасля чарнобыльскай аварыі на вялікай частцы Століншчыны прайшлі радыёактыўныя дажджы, а Мачуль трапіў у “чыстую” пляму, з усіх бакоў аточаную зонай са шчыльнасцю забруджвання цэзіем-137 ад 1 да 2 кюры/км2. Радыёактыўная хмара абмінула гэтыя мясціны. Ірына Ляшкевіч распавядае:

“Мы рагаталі, быў такі смех скрозь слёзы, што Божая Маці сваім пакровам, мабыць, Мачуль закрыла і не пусціла сюды чарнобыльскае воблака. Ну, хто яго ведае. Людзі ў нас хварэюць і хварэлі, хапае тых праблем… Ну, але будзем верыць у тое, што гэта сапраўды так было. Бо з такой верай лягчэй жыць”.

Фота Алены Ляшкевіч


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 27.04.2021

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.