30.04.2021 / 07:04

За мінулы год жыхарам прыватнага сектара выдалі 28 657 кантэйнераў. З іх 12 987 – для асобнага збору. Такім чынам, 100% уласнікаў дамоў забяспечаны кантэйнерамі для збору цвёрдых камунальных адходаў, 92% – для збору другасных рэсурсаў. Сёлета гэтую працу плануецца завершыць: перадаць яшчэ 482 кантэйнера для другасных рэсурсаў і 432 для ЦКА у сем’і, дзе аднаго кантэйнера не дастаткова.

Умовы ёсць. Чаму сартаваць не хочуць?

Нагадаем, што ў красавіку 2020-га Мінгарвыканкам зацвердзіў новую схему абыходжання з камунальнымі адходамі ў сталіцы. Цяпер збор смецця ў прыватным сектары Мінска праходзіць толькі з выкарыстаннем кантэйнераў.

Летась жыхарам сектара індывідуальнай забудовы выдаваліся пластыкавыя кантэйнеры аб’ёмам 120 літраў для асобнага збору камунальных адходаў. Адзін кантэйнер для цвёрдых камунальных адходаў і другі для другасных матэрыяльных рэсурсаў у змешаным выглядзе: пластык, шкло, папера, – тлумачыць намесніца галоўнага дырэктара па добраўпарадкаванні, санітарнаму ўтрыманню жыллёвага фонду і працы з насельніцтвам Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі Настасся Вараб’ёва. – Праца паказала станоўчы эфект: жыхары прыватнага сектара пачалі сартаваць адходы. Па Мінску значна павялічыўся адсотак выкарыстання другасных матэрыяльных рэсурсаў. Калі ў 2019 годзе гэта было 25,7%, то ў 2020 27%, у 2021 плануецца дасягнуць не менш за 30%.

На думку прадстаўніцы Мінгаржылгаса, сёння ў сталіцы створаны ўмовы для асобнага збору смецця як ў прыватным, і ў шматкватэрным сектары. Адпаведна, па законе “Аб абыходжанне з адходамі”, людзі павінны раздзяляць адходы па відах.

Але ж Настасся Вараб’ёва кажа, што не кожны грамадзянін адносіцца адказна да гэтага патрабавання. З-за чаго ўсе адходы з кантэйнераў для збору другаснай сыравіны вывозяцца спачатку на лініі сарціроўкі. Пасля карысная сыравіна ідзе на перапрацоўку, а ЦКА захоўваюцца на палігоне.

Наталля Блышчык, супрацоўніца праграмы па хімічным рэчывам і адходам Цэнтра экалагічных рашэнняў, тлумачыць, чаму так адбываецца:

Бывае, што людзі ў прынцыпе не прыдаюць сарціроўцы смецця ніякага значэння. Такіх па статыстыцы да 10%. Ёсць яшчэ пласт грамадзян, якія не бачаць сэнсу, хоць і ведаюць, што сартаваць смецце магчыма. Яны думаюць, што гэта ўсё адно не перапрацоўваецца. Хтосьці лічыць, што на перапрацоўцы нажываюцца і не хочуць у гэтым удзельнічаць. Ці прыдумляюць яшчэ свае адгаворкі. Часам зусім нечаканыя. Ёсць яшчэ трэцяя група людзей “свядомыя шкоднікі”. Іх меншасць, але і такія сустракаюцца.

На думку спецыялісткі, палепшыць сітуацыю з асобным зборам адходаў можа толькі час. Пасля мэтанакіравай інфармацыйнай працы і змены пакаленняў падыход да асобнага збору смецця будзе іншым.

Той пераходны этап, які зараз ідзе ў Беларусі, быў у многіх краінах. Проста гэта час, калі інфармацыйная праца крыху апераджае цякучую сітуацыю. Трэба набрацца цярпення і працягваць тлумачыць людзям, навошта збіраць смецце асобна. Плюс ужо пачала працаваць сістэма штрафаў, якая таксама дасць свае плады у дачыненні да злосных парушальнікаў, якія свядома шкодзяць. А сістэма папярэджання дазволіць задумацца аб асобным зборы людзям, якія дагэтуль пра яго не думалі, – кажа Наталля Блышчык.

Яшчэ ўскладняе сітуацыю тое, што агульныя правілы асобнага збору даволі даступны, але ў кожным рэгіёне ці нават двары могуць быць свае асаблівасці. Часта людзі апускаюць рукі, калі сутыкаюцца з чарговым непаразуменнем, бо стаміліся разбірацца. На думку эксперткі ЦЭР, гэты момант таксама будзе вырашаны з часам, калі людзі выпрацуюць карысную звычку.

 

Як паступаць са смеццеправодам

У шматквартэрнай жыллёвай забудове Мінска ўсталявана 8 480 кантэйнероў для асобнага збору смецця: пластыку, шкла і паперы. Прадстаўніца Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі тлумачыць, што шматкватэрны сектар паэтапна пераходзіць на выкарыстанне еўракантэйнераў. Практычна на ўсіх дварах ўсталяваны кантэйнеры еўраўзору.

Летась са станоўчага боку паказаў сабе эксперымент з модульнымі канструкцыямі, расказвае Настасся Вараб’ёва. Яны ўсталяваны, каб сістэматызаваць расстаноўку кантэйнераў на дваровай тэрыторыі і каб жыхарам было камфортна сартаваць смецце. Летась было ўсталявана 389 модульных канструкцый.

Такая канструкцыя прадстаўляе сабою кантэйнерную пляцоўку, якая з чатырох бакоў закрыта металапрофілем і ў якой модулі адасоблены. Самі модулі бываюць некалькіх відаў: для другаснай сыравіны пад тры кантэйнеры (пластык, шкло, папера), для буйнагабарытных адходаў і для ЦКА.

Плануецца, што ў гэтым годзе ва дварах стане больш модульных канструкцый. Зараз разглядаецца пытанне па вылучэнні мэтавага фінансавання на гэтыя работы. Вы ўсіх раёнах вызначаны адрасы і месцы для ўстаноўкі.

Такія канструкцыі ставяць не толькі з мэтай асобнага збору, але і з-за таго, што нацыянальная стратэгія прадугледжвае заварванне смеццеправодаў у шматкватэрных дамах.

На 1 красавіка ў Мінску функцыянуюць 7 795 смеццеправодаў у жылых дамах. ЖКХ пастаянна праводзяць апытанні ці сходы, каб атрымаць згоду жыльцоў на кансервацыю. Для гэтага патрэбна большасць галасоў уласнікаў.

За першы квартал гэтага года закрылі ўжо 67 ствалоў смеццеправоду. Калі на дваровай тэрыторыі няма існуючай кантэйнернай пляцоўкі, адрасы першачаргова ўносяць у план устаноўкі модульнай пляцоўкі. Калі кантэйнеры для збору ёсць, то для іх проста павялічваецца перыядычнасць вывазу смецця.

У выпадках, калі ва двары няма магчымасці абсталяваць кантэйнерную пляцоўку, ёсць практыка выкарыстання смеццепрыёмных камер. Яны дазваляюць жыхарам побач з пад’ездам выкінуць смецце ў кантэйнер для ТКА. А потым другасную сыравіну занесці ў кантэйнеры ў шагавай даступнасці.

Наталля Блышчык станоўча адносіцца да таго, што выбар, заварваць смеццеправод ці не, залежыць ад жыльцоў. “Гэта павінны вырашаць жыхары кожнага канкрэтнага пад’езду самі”, – кажа экспертка. Аднак па агульнай статыстыцы кансервацыя смеццеправодаў вядзе да больш дбайнай сарціроўкі. Плюс, калі смеццеправод заварваюць, камунальныя плацяжы за вываз адходаў памяншаюцца. Хоць сума невялікая, але эканамічнае стымуляванне ўжо закладзена ў заканадаўстве.

За мінулы год на палігоне было захавана 578,8 тыс. тон камунальных адходаў. Прадпрыемствы, якія займаюцца сарціроўкай – Экарэс і Спецкамунаўтатранс – падлічылі, што летась яны атрымалі больш за 3500 тон паперы і кардону, больш за 4000 тон шкла, больш за 3100 тон палімерных адходаў, каля 350 тон зношаных шын.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость