Сёння Зялёны рух Беларусі – гэта сотні некабыякавых людзей, дзесяткі арганізацыяў і ініцыятываў, якія сваім штодзенным клопатам абралі захаванне прыроды і экалогіі. Праца ідзе ў самых розных кірунках: пачынаючы з аховы знікаючых відаў і заканчваючы узроўнем міжнароднага заканадаўства ў прыродаахоўнай галіне.

Зялёны рух Беларусі налічвае дзесяцігоддзі гісторыі. Як усё пачыналася распавядае зараз ужо мастадонт экалагічнага руху Ірына Сухій, стваральніца і доўгі час старшыня адной са старэйшых грамадскіх экалагічных аб’яднанняў «Экадом».

1990 – 2000 гады Экалагічная «тэмпература па краіне»

У 1996 годзе ГА «Экадом» зарэгістравалася як асобная арганізацыя і пачаліся першыя праекты. Буйнейшымі грамадскімі эколагамі лічыліся ў 1999–2000 гадах Васіль Якавенка, Аляксандр Сыкала. У 80–х гадах, пасля аварыі ў Чарнобылі, яны рабілі разнастайныя рэчы ў гэтай тэме, менавіта як творчая інтэлегенцыя. Акрамя гэтага існавалі Мінскі экалагічны савет, Партыя зялёных на чале з М.Фрыдляндам. І ўжо ў той час мы пачалі абмяркоўваць узаемадзеянне «зялёных», шмат з тых пытанняў, можна сказаць, актуальны і сёння, была ідэя стварыць Асацыяцыю «зялёных», нават распрацоўваўся статут...

Калі прыгадваць сябе ў той час, то разумееш, што ты толькі падключаўся да ўстойлівага развіцця, гэта ўсё безумоўна было цікава, нова, - апісвае Ірына сустрэчы зялёных напачатку «нулявых». Адно з мерапрыемстваў называлася «Злёт зялёных», таксама ў нас была сустрэча «Зялёная будучыня ў руках зялёных». Мы былі маладзей, весялей, з надзеяй на лепшае.

У той час яшчэ выдаваўся бюлетэнь «Зялёны край», была невялікая група антыядзершчыкаў у Беларусі, якія якраз узніклі на першай хвалі будаўніцтва АЭС. І галоўная ідэя мерапрыемства заключалася ў тым, каб проста сустрэцца і зразумець, што экалагічныя арганізацыі павінны рабіць разам.

Печатак 2000-х. Першыя крокі: усведамленне сябе

У 2000 годзе ў нас атрымалася цэлых два «злёты» – адзін з іх рабіў Максім Капран і праходзіў ён у ліцэі імя Я. Коласа.

Ніхто на першай сустрэчы не казаў пра Орхускую канвенцыю, ды й пра ўстойлівае развіццё мала хто ведаў з удзельнікаў. Мы чыталі Хартыю Зямлі, пэўныя тэксты пра ўстойлівае развіццё, напрыклад. Аляксандр Сыкала напісаў праграмны тэкст пра ўстойлівае развіццё. Так што можна сказаць, што гэта было знаёмства ўсіх з усімі, падключэнне да трэндаў таго часу.

Да сустрэчы мы рыхтаваліся абсалютна сур'ёзна, у нас былі такія моманты, як, напрыклад, мы спрабавалі аднавіць гісторыю зялёнага руху да таго часу. Мадэратарамі выступалі Уладзімір Корж і Святлана Зінкевіч, удзел прымалі Васіль Якавенка, Аляксандр Чыркоў, Аляксандр Сыкала, Наталля Петрушкевіч, Максім Капран, Уладзімір Калтуноў, Уладзімір Зуеў, Аляксанд Вінчэўскі, мы аднаўлялі гісторыю, рабілі гістарычны аналіз руху, – перагортваючы старонкі выдання «Зялёны край» за 2001 год, прыгадвае Ірына.

Можна сказаць, што на той час мы пачалі сябе усведамляць.

Стратэгія: устойлівасць, партнёрства і развіццё

Другая наша сустрэча ў 2000 годзе, арганізоўвалася Наталляй Петрушкевіч, яна праводзілася праз пару месяцаў ад першай, але была ўжо больш грунтоўнай. У тым годзе да нас прыязджаў міністр, і дарэчы, дзякуючы нашаму пісьму па выкананні Орхускай канвенцыі, быў створаны Грамадскі кансультацыйны савет (ГКС) пры Мінпрыродзе.

У 2002 годзе была наступная сустрэча, прысвечаная ўстойліваму развіццю, ролі недзяржаўных арганізацый.

У гэтым жа годзе пачалася перапрацоўка «Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця», праводзіўся аналітычны аналіз старога плана і таго, што атрымоўваецца. Спецыяльна для гэтага былі створаны грамадска–дзяржаўныя групы.

2009-2011 гады Зялёная сетка – новы штуршок развіцця залёнага руху

Затым быў перапынак у 7 год, толькі ў 2009 годзе ўдалося сабрацца. Прычыны такога перапынку можна шукаць у фінансавым баку пытання, у адсутнасці інтэнцый. Пра Форум мы прыгадалі, калі стваралася таварыства «Зялёная сетка», калі пачаўся працэс інтэграцыі «зялёных» да «зялёных» і засваення поля па другому разу. Якраз таварыства і выступіла ініцыятарам правядзення Форуму, запрасіўшы да ўдзелу «Фонд «Жывое партнёрства», «Ахову птушак бацькаўшчыны», «Экапраект Партнёрства» і «Цэнтр экалагічных рашэнняў».

Гэта было вельмі свежа, бо калі, напрыклад, з «Цэнтрам экалагічных рашэнняў» у нас было цеснае супрацоўніцтва, то ні з «Аховай птушак бацькаўшчыны», ні з «Фондам «Жывое партнёрства», ні з «Экапраектам Парнёрства» мы стасункаў амаль не мелі. Таму нават гэта сустрэча ў аргкамітэце была вялікім крокам да ўзаемадзеяння. У нас атрымалася ажыццявіць галоўную задачу – паказаць усім, наколькі важна супрацоўнічаць. Форум прайшоў проста выдатна, усе безумоўна былі рады магчымасці сустрэцца, абмеркаваць істотныя пытанні. Магчыма, была адзіная праблема, што большасць арганізацый адзін аднаго даўно не бачыла ці толькі пазнаёміліся, і ўсе жадалі падзяліцца набалелым.

У гэтым сэнсе, наступны Форум 2011 года быў больш сур'ёзны. І дарэчы, пасля яго мы дабіліся таго, каб адбылася сустрэча грамадскага каардынацыйнага савету з удзелам міністра, дзе абмяркоўваліся рэзалюцыі, некаторыя іх часткі ў працоўным парадку са спецыялістамі і каб у Мінпрыроды нашы рэзалюцыі ўспрымаліся сур'ёзна.

Сталенне зялёнага руху: кааперацыя, аб'яднанне, салідарнасць.

І праз гэту рэтраспектыву я бачу, што «зялёны» рух якасна пасталеў. Форум 2013 года арганізоўваўся ўжо на новым вітку развіцця. Хаця так ці іначай, асноўнай мэтай усіх Форумаў было, ёсць і будзе - ўзмацненне кааперацыі, аб'яднання і салідарнасці паміж арганізацыямі.