25.04.2024 / 12:04

Напярэдадні гадавіны аварыі на ЧАЭС мы паразмаўлялі пра тое, за што радыяцыйны хімік можа атрымаць крымінальную справу, а таксама аб тым, як засцерагчыся ад радыяцыі ў штодзённым жыцці.

Фота – Midjourney&Ganka
Фота – Midjourney&Ganka

Радыяцыйны хімік, навукова-тэхнічны блогер, былы супрацоўнік Акадэміі навук Сяргей Бесараб жыве зараз у Еўразвязе. Дома навукоўцу чакае абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве па 356 артыкуле Крымінальнага кодэкса. Як так атрымалася? Праз ядзерную тэму, тлумачыцць ён.

– Яшчэ калі пачаліся першыя выказванні былога прэзідэнта пра ўвоз тактычнай ядзернай зброі ў Беларусь, то я ўспамінаў год, калі выводзілі апошнія ядзерныя ракеты з маёй малой радзімы – Дзятлаўшчыны, Навагрудчына.

Я ўбачыў, як яны знішчаюць бяз’ядзерную Беларусь, і ў якасці пратэсту пачаў апісваць сховішчы, прыхаваныя на тэрыторыі краіны. Гэтая інфармацыя ў свой час была адкрытая – іх стан, дзе яны знаходзяцца, ці ахоўваюць іх, і хто. А потым аказалася, што гэтая інфармацыя пераўтварылася ў дзяржаўную таямніцу і засакрэчаная. Нашыя медыя – «Радыё Рацыя», «Наша ніва» – пачалі браць у мяне разгорнутыя каментары на гэты конт.

Вынікі не змусілі сябе доўга чакаць. Хаця… Тут нядаўна мне даслалі артыкул Мукавозчыка з «Савецкай Беларусіі». Дык з яго вынікае, што пераслед мой – з-за прапаганды ежы з насякомых. Гэта падобна да праўды. Я б таксама такому чалавеку 356 прызначыў (смяецца).

Карацей, у нейкі момант у Беларусі пачалася атака на маіх знаёмых і сяброў, іх пачалі затрымліваць, вадзіць на допыты. Таксама напрыканцы красавіка, прыкладна ў такі ж час, як зараз, афіцыйна ўсе мае сацсеткі былі ў Беларусі заблакаваныя.

Сам я з 2020 года вёў канспіратыўны лад жыцця, бо пераслед пачаўся раней, на хвалі ўнутрыакадэмічнага супраціва. Але гульні з вайсковымі заканчваюцца вельмі дрэнна – таму мне давялося хутка пакідаць гэтыя Божыя месцы.

Фота – асабісты архіў героя
Фота – асабісты архіў героя

 

«Фосфарныя» рэчы з барахолак лепш правяраць дазіметрам

– У кантэксце таго, што беларусы зараз шмат перамяшчаюцца па свеце: наколькі лёгка сутыкнуцца з радыяцыяй у небяспечных дозах у побыце?

– Беларусь, Расія і Украіна – сапраўдны кландайк [радыяактыўных артэфактаў], напэўна, таму тут робяць найлепшыя ў свеце дазіметры. А ў еўрапейскіх краінах непараўнальна вышэйшы узровень бяспекі і верагоднасць знайсці нешта намнога меней, чым у Беларусі.

– Возьмем барахолкі: кажуць, там могуць прадаваць рэчы з забруджаных тэрыторый. Гэта праўда?

– Праўда, так, пра гэта я казаў у інтэрв’ю «Голасу Амерыкі». Калі расейцы ішлі праз Беларусь і захапілі ЧАЭС, то яны разбурылі лабараторыі і скралі вялікую колькасць кантрольных крыніц, якія выкарыстоўваюцца для паверкі дазіметраў.

– Гэта значыць, рэчаў з эталонным узроўнем выпраменьвання?

– Так, такіх маленькіх, нібыта цацачкі. Вайскоўцы слаба разумеюць, што скралі, і яны маглі гэтыя рэчы выкідваць ці прадаваць на барахолках. Таму я пісаў у сваім канале, каб жыхары Мазыра і бліжэйшых гарадоў былі ўважлівыя да таго, з чым гуляюцца іх дзеці. Кантрольныя крыніцы – яны маюць значок радыяактыўнасці і яскравы колер, каб іх лёгка было заўважыць.

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

– Гэта па-першае. Па-другое, могуць трапляцца артэфакты з фарбай з радыю – гадзіннікі, компасы, вышынямеры, што свецяцца ўначы, так званыя фосфарныя, з святламасай пастаяннага дзеяння, СПД. Гэта вельмі цікавая рэч, бо іх узроўні радыеактыўнасці даходзяць амаль што да рэнтгену. Для параўнання – пажарныя, якія тушылі агонь на даху ЧАЭС, – атрымалі прыкладна каля пяці рэнтген.

Радыевая фарба актыўна выкарыстоўвалася ў сумесі з люмінафорам, які яна актывуе, і той пачынае свяціцца, часцей за ўсё зялёным. Таму, дарэчы, у фільмах і мультфільмах паказваюць радыяцыю зялёным колерам.

 

 

Такія прылады, скажам, у ЗША рабілі маладыя дзяўчаты. Яны размалёўвалі лічбы, змочваючы сваёй сліной пэндзлікі, якія мачалі ў фарбу. Радый трапляў ім у арганізм, плюс да таго маладыя дзяўчаты расфарбоўвалі радыем твары. І гэта такая вялізная трагедыя, што ёй нават прысвечаны фільм, ён называецца «Радыевыя дзяўчаты».

Потым людзі, канечне, высветлілі, да чаго прыводзіць выкарыстанне такіх складаў, але ўсё роўна рэчы з імі пакуль распаўсюджаны па барахолках. У мінулым жыцці, памятаю, калі МНС РБ давала справаздачы па вынятых у грамадзян радыеактыўных рэчах, то там большасць была менавіта старыя гадзіннікі і компасы.

Калі вы бачыце «фосфарную» рэч, якая свеціцца, то ўсё трэба правяраць дазіметрам. Асабліва калі яна зроблена ў першай палове-сярэдзіне мінулага стагоддзя.

Жанчына расфарбоўвае будзільнік, 1932. Фота – Daily Herald Archive/SSPL/Getty Images
Жанчына расфарбоўвае будзільнік, 1932. Фота – Daily Herald Archive/SSPL/Getty Images

 

Салонкі з уранавага шкла

– Таксама хацела спытаць пра савецкае зялёнае і жоўтае шкло. Я ведаю, што некаторае выпраменьвае – але як яго пазнаць? Ці дастаткова яго схаваць, умоўна, у буфеце?

– Па-першае, любы крышталь дае павышаны фон у параўнанні са звычайным шклом, няхай, можа, у два разы адносна фонавых значэнняў. Што тычыцца ўранавага шкла, то яно зеленаватага колера і зроблена з дадаткам солей урана. Ёсць таксама глазур, вельмі прыгожая, але рэдкая. На перачніцы, салянкі з ёй палююць [калекцыянеры], звычайна яны амерыканскія. Называецца гэта ўсё у колах знаўцаў «Fiesta Red».

Радыяактыўны посуд
Радыяактыўны посуд

– А уранавае шкло выпускалі яшчэ з царскіх часоў, гэта і вазы, і кілішкі неверагоднага колеру. Знайсці яго можна з дапамогай сучаснага адчувальнага (не самага таннага) дазіметра з лічыльнікам Гейгера з вакенцам са слюды.

– Яно ж нібыта свеціцца ва ўльтрафіялеце?

– Так, але ў ім можа свяціцца не только уранавае шкло, але звычайнае таксама. Лепш правяраць ультрафіялетам і дазіметрам [разам]. Самае цікавае, што гэтае шкло даволі значна мігравала ў біжутэрыю.

 

Бірулькі з трытыем з Aliexpress

– А што наконт розных кітайскіх дробязей? Зорачкі на столь, скажам.

– Гэта – бяспечная рэч, але ёсць кітайскія бірулькі, якія свецяцца ноччу. Яны – з трытыем. Такія наключныя трубачкі, якія свецяцца, «вечныя ліхтарыкі». Трытый пры пашкоджанні можа трапіць у арганізм, колькасці невялікія – але гэта выпраменьвальнік.

Таксама можна сустрэць радыеактыўныя артэфакты ў выглядзе біжутэрыі. Я вам раю падпісацца на мой канал «LAB-66», гэта энцыклапедыя такіх гісторый, і яна ўнікальная. Там я пісаў пра радыеактыўныя каштоўныя камяні: напрыклад, мінерал чараіт вельмі прыгожага фіялетавага колера – ён радыяактыўны. Але гэтыя рэчы для тых, хто можа сабе гэта дазволіць фінансава.

Радыяактыўныя камяні
Радыяактыўныя камяні

 

Радыяактыўныя пацеркі, купленыя ў цэнтры Менску

– Ёсць і такая рэч, як шкляная біжутэрыя. Калі не памыляюся, у 2020 годзе ў мяне быў вялізны артыкул пра біжутэрыю, якую мы заслужылі. Я прайшоўся па менскіх крамах, дзе прадавалі розныя дзіцячыя бірулькі, бісер, элементы для караляў. Прайшоўся з дазіметрам, сабраў узоры – іх было шмат і каштавалі яны танна.

Сабраў усё, прынёс у Акадэмію навук, дзе я тады працаваў, і ўжо больш тэхнічна дасканалым дазіметрам пачаў мераць. Узроўні [выпраменьвання] мяне шакавалі, потым доўгі час я клікаў сяброў і рабіў для іх перформанс.

Дастаю мяшочак з бісерам і пацеркамі, высыпаю ў скрыню, кладу зверху дазіметр – і яго паказанні ўсё растуць, аж да рэнтгену, ужо чырвоны, дазіметр захлынаецца піскам… Сябры кажуць: «Ваў. Што гэта!?» І я адказваў, што вунь у шапіках каля «Рыгі» купіў.

Але ж проста пры мне нейкія малыя дзяўчаткі набывалі гэтыя  штукі – карацей, выглядала ўсё абсалютна нармальна. Думаю, божа, яны прадаюць гэтым дзецям шарыкі гэтыя…

Потым, думаю, трэба людзям пра гэта распавесці, бо гэта сур’ёзная радыялагічная пагроза. Дзеці носяць бусікі на шыі, дзе знаходзіцца шчытападобная залоза, і гэта ўвесь час апраменьвае. З матэрыяла не павінна вылучацца ні адной бэта-часціны з адзінкі плошчы, але там вылучалася штосьці каля 200-300.

Фота – Сяргей Бесараб
Фота – Сяргей Бесараб

– Як гэта ўвогуле магчыма?

– Вельмі проста. Іянізуючае выпраменьванне ёсць розных відаў: гама, бэта, альфа, нейтроннае… На мяжы стаяць прылады з вялікімі адчувальнымі сцынцыляцыйнымі дэтэктарамі, стаўшыя легендарнымі ў вузкіх колах аматараў, дазіметры «Бурштын». Яны фіксуюць толькі самае пранікальнае гама-выпраменьванне, яно ж самае простае для фіксацыі сцынцыляцыйнымі дэтэктарамі.

Але тое ж альфа-выпраменьванне таксама небяспечнае. Яно не пранікае, затрымліваецца маленькім слоем паветра, аркушам паперы – але калі трапляе ў арганізм у выглядзе пылу, то наносіць такую ж шкоду, як нейтроны. На слізістай адразу з’яўляюцца язвы-мікраапёкі, і складана ўявіць нешта больш шкоднае.

А гэтыя шарыкі караляў труцца адзін аб адзін, адколваюцца – і гэты пыл трапляе на рукі, а потым і ў легкія ці ЖКТ чалавека, гадзіну за гадзінай прапякаючы яго слізістыя абалонкі.

– Як магчыма, што нехта вырабляе такія рэчы? Людзі ж будуць паміраць. Складана не заўважыць, калі ў цябе памёр супрацоўнік… Ці як?

– Людзі паміраюць не адразу, эфект расцягнуты па часе. Адразу памерці чалавек можа пры ўзроўні радыяактыўнасці накшталт таго, які быў пры ліквідацыі на даху Чарнобыльскай станцыі, тых жа рэнтген пяці. Альфа-вылучальнікі ж будуць працаваць паступова, пакуль не ўзнікне анкалогія. І фармальна чалавек памрэ не ад радыяцыі.

Тут нагадаю, што афіцыйна колькасць ахвяр аварыі на ЧАЭС прыкладна тры дзясяткі людзей. Гэта тыя, хто памёр ад вострай прамянёвай хваробы. Хаця па некаторых падліках, колькасць «лішніх» смерцяў ад раку пасля аварыі на ЧАЭС можа дасягаць 60 тысяч.

 

Ці трэба баяцца радыяактыўных сцен

– Да тэмы расцягнутых у часе эфектаў. Ці можа аказацца, што жытло чалавека зроблена з радыяактыўных матэрыялаў? Як іх вызначыць і што рабіць, калі ты разумееш, што сцены твайго дома выпраменьваюць?

– Справа ў тым, што радыяцыя – вечная як Сусвет і прыдуманая не чалавекам. Людзі эвалюцыйна адаптаваліся да фонавага ўзроўню радыяцыі настолькі ж, як да вады ці паветра. Таму найбольшую небяспеку нясуць анамальныя ўзроўні радыяцыі.

Што тычыцца будынкаў, то натуральныя крыніцы выпраменьвання часцей будуць звязаныя з радонам ці гранітным шчэбнем. Шлак выкарыстоўваецца рэдка, але ў Менску можна іх (шлакаблокі) знайсці на Асмолаўцы.

Але асноўнай пагрозай у будынках з’яўляецца [не уран, а] радон. Ён добра раствараецца ў вадзе – і, дарэчы, гэта прычына, па якой лепш прымаць душ, чым ванну. І па той жа прычыне ванну раяць праветрываць. Той жа механізм працуе, калі падчас працяглых дажджоў павялічваецца ўзровень фонавай радыяцыі. Радон сам па сабе – альфа-выпраменьвальнік, крыніца аднаго з самых небяспечных відаў выпраменьвання.

Як вы ведаеце, ёсць радонавыя ванны – плацэба, якое ў Беларусі прадаюць як неверагодны медыцынскі сродак. Стаяць велізарныя чэргі, каб атрымаць дозу радыяцыі.

Гэта вельмі шкодная забава, але людзі сталага веку ўсё адно едуць туды і спадзяваюцца вылекаваць суставы. А цікава тое, што дазволены ўзровень выпраменьвання для персаналу ў радонавым санаторыі на год большы, чым у працаўнікоў АЭС.

Ванна, санаторый «Радон». Фота – av.by
Ванна, санаторый «Радон». Фота – av.by

– Радон і на вуліцы, і ў будынках – найбольш шкодная рэч у бытавых умовах. Калі мы не бярэм анамаліі, як у Краматорску: там у сцяну жылога будынка трапіў радыяактыўны элемент дальнамера, які згубілі будаўнікі. Капсула памерам са сліву, а ўнутры быў кобальт-60. Потым цягам некалькі год у адной з кватэр паміралі людзі.

Потым здагадаліся памераць і высветлілі, што з адной сцяны скразіць прамень радыяцыі, сцяну выразалі, знайшлі капсулу – і ў кватэры перасталі паміраць людзі, а здарэнне стала вядома як радыелагічны інцыдэнт у Краматорску. То бок мы можам казаць пра натуральныя з’явы, а можам – пра звязаныя з глупствам людзей.

 

У кожным доме мусіць быць дазіметр

– І на заканчэнне: што важна ведаць пра радыяцыю ў побыце?

– Самае першае і галоўнае – мець дома дазіметр, нават тры – кожный на свой від выпраменьвання. Калі няма грошай – можна выбраць савецкую прыладу на барахолцы, калі ёсць – набыць сучасны, беларускі, украінскі ці расійскі. Мераем, параўноўваем з лічбамі з СанПіНа і разбіраемся, чаму маецца той ці іншы высокі ўзровень радыяцыі.

Радыяцыю трэба паважаць, любіць і разумець, і тады яна не прычыніць шкоду. Тады чыноўнікі-махляры, якія нам хлусяць, не змогуць працягваць. А пачынаецца усё з дазіметра.

Радыяцыя заварожвае, яна вечна як сусвет, як зоркі. Я вельмі люблю радыяцыю як радыёхімік – у адрозненне ад тыповых эколагаў з іх радыяфобіяй. А вось нянавісць у мяне да людзей, якія да яе ставяцца без павагі.

Дазіметры. Фота – Сяргей Бесараб
Дазіметры. Фота – Сяргей Бесараб

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость