01.10.2016 / 23:10

1 кастрычніка Беларусь зноў ахапіла ліхаманка валанцёрскіх уборак, якія праходзяць у межах акцыі «Зробім!». Можа, яны аказаліся і не такімі масавымі, як вясной, але дакладна прайшлі з добрым настроем і ў сонечнае надвор'е. Зялёны партал сабраў невялікую справаздачу пра тое, што і дзе прыбіралі гараджане ў Мінску.

Першы дзень кастрычніка падарыў неверагодна цёплае і сонечнае надвор'е, якраз такое, калі хочацца выбрацца на прыроду, злавіўшы апошнія прямяні. І ў Мінску знайшліся тыя, хто ў гэты дзень паехаў не проста адпачыць, а пакінуць чысты след пасля сябе і хоць крыху дапамагчы наваколлю падрыхтавацца да зімы.

Акцыя «Зробім!»  ужо пяты год праводзіцца ў Беларусі і з кожным разам набірае ўсё больш прыхільнікаў, якія ўсведамляюць, што смецце ў зялёных зонах і лясах з'яўляецца не само па сабе: там яго пакідаюць людзі.

Нягледзячы на тое, што вясной ужо прайшла падобная акцыя, у якой прыняла ўдзел рэкордная колькасць людзей — 23 тысячы, на жаль, пасля летняга сезону на тых жа месцах можна зноў убачыць смецце.

Як зазначаюць у арганізацыйным камітэце «Зробім!», так адбываецца па некалькіх прычынах. Па-першае, з-за нізкай экалагічнай культуры людзей, адсутнасці ў іх разумення таго, што прыбіраць за сабой трэба, што прырода не паглыне ўсе рэшткі адпачынку. Па-другое, кантэйнеры для смецця ўсталяваныя не ўсюды, а людзям лянота збіраць і вывозіць адходы самастойна.

І здараецца так не толькі па-за горадам. Таму сталічныя лясныя масівы і паркавыя зоны — на асаблівым кантролі ўдзельнікаў «Зробім!».

Гэтым разам у Мінску было ажно некалькі буйных кропак, дзе прайшла акцыя: Срэбны лог і Малінаўка.

Да сумеснай уборкі кампаніі «Гарадскі Ляснічы» Таварыства «Зялёная сетка» і грамадскай арганізацыі «Багна» падключыліся каля 70 чалавек, што, улічваючы колькасць смецця ў Срэбным логу, было зусім не лішнім.

Перад пачаткам акцыі для яе ўдзельнікаў аргнітолагі з ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» правялі экскурсію па Лошыцкім парку, паведаўшы пра мясцовых птушак. Затым усе адправіліся ў гушчар, дзе атрымалася сабраць неверагодную колькасць смецця — амаль цэлую тону.

Для тых, у каго засталіся сілы і імпэт, правялі майстар-клас па скандынаўскай хадзьбе. Арганізатары паклапаціліся, каб пасля насычанага працоўнага дня кожны змог падсілкавацца сушы ці салодкімі прысмакамі гарбатай.

У Малінаўцы адбыліся адразу дзве ўборкі. Традыцыйным месцам для адной з іх стаў лясны масіў ля аўтарынка. Сюды разам са сваімі супрацоўнікамі і валанцёрамі выйшла каманда сайта аб'яў «Куфар». Час ад часу да акцыі далучаліся людзі, што проста прыйшлі ў лес адпачыць і пагуляць.

Бадай што, зусім нечаканай апынулася для іх сустрэча з мясцовым лесніком, які быў вельмі ўражаны і ўдзячны за ўборку лесу. Ён паказаў валанцёрам яшчэ некалькі звалак, якія былі «прыхаваныя» ў гушчары.

Яшчэ адну кропку ў гэтым раёне адзначылі мясцовыя актывісты ў яблыневым садзе па вуліцы Рафіева. Акрамя звычайнага смецця ад адпачываючых была вынадзейная пляцоўка з будаўнічымі адходамі: шыферам, драўлянымі аконнымі рамамі і мэбляй.

\

Сваю ўборку зладзілі і на экалагічнай сцежцы, што з'явілася сёлета ў Каменнай Горцы пры храме свяціцеля Мікалая Японскага. З большага смецце тут пакідаюць мясцовыя жыхары, што любяць адпачыць у зацішшы і зарасцях логу. Актывісты сабралі рэшткі шкла, ПЭТ-бутэлькі, а таксама расчысцілі месцы ад вогнішчаў і сцежкі ад лістоты.

«Смецце тут прыбіраецца пастаянна, стаяць кантэйнеры, таму адносна чыста. Але ўсё ж сустракаюцца нейкія сляды пасля аматараў адпачыць», — пракаментаваў адзін з актывістаў.

Не абыйшлося гэтым разам і без велаўборкі. Аж 25 кіламетраў вырашылі праехаць веласіпедысты па лясах Уручча і прыбраць 6 кропак, дзе загадзя былі знойдзеныя невялікія несанкцыянаваныя звалкі.

«У асноўным там ПЭТ-бутэлькі. Але мы дакладна збіраемся раздзяляць усё сабранае смецце, спадзяюся, так робяць і іншыя», — зазначыў Джон Росмэн перад стартам ля Нацыянальный бібліятэкі.

Невялікую лакальную ўборку правялі мясцовыя жыхары ў скверы «Котаўка». Літаральна за гадзіну яны сабралі каля 10 пакетаў са смеццем: у асноўным гэта былі шкляныя бутэлькі і шклабой, а таксама акуркі. Актывісты пастараліся максімальна рассартыраваць па асобным пакетам.

Недалёка ад Мінска, у Сеніцы, сумесную ўборку правялі супрацоўнікі ўстановы «Цэнтр экалагічных рашэнняў», Мінпрыроды, ГУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» і мясцовага фонда «Інтэракцыя».

«На папярэдняй акцыі «Зробім!», што прайшла 9 красавіка, у Сеніцы таксама прыбіралі. Прайшло 5 месяцаў, і смецця тут зноў шмат. У Мінпрыроды паабяцалі кантраляваць гэтае месца і ўсталяваць на самых брудных пляцоўках дадатковыя кантэйнеры», — распавяла Зялёнаму парталу Надзея Дубоўская з Цэнтра экалагічных рашэнняў і аргкамітэта «Зробім!».

Фота Надзеі Дубоўскай
Фота Надзеі Дубоўскай

Смецце прыбірае сам міністр прыродных рэсурсаў Андрэй Каўхута. Фота Надзеі Дубоўскай
Смецце прыбірае сам міністр прыродных рэсурсаў Андрэй Каўхута. Фота Надзеі Дубоўскай

Фота Надзеі Дубоўскай
Фота Надзеі Дубоўскай

Фота Надзеі Дубоўскай
Фота Надзеі Дубоўскай

У хуткім часе на нашым сайце з'явіцца больш падрабязная інфармацыя і дакладныя лічбы па выніках акцыі «Зробім!» па ўсёй Беларусі.

Але арганізатары нагадваюць, што прыбіраць смецце можна ў любы зручны дзень і час, не прывязваючыся строга да канкрэтных дат.

Автор:
Фотограф:
Анора Лангар, Ганна Дапшэвічуце, Хрысціна Чарняўская, Надзея Дубоўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость