02.10.2015 / 22:10

Жанчыны, у вачах якіх прыгажосць, а ў сэрцы – гатоўнасць дамагчыся свайго. Менавіта такімі паўстаюць на фотапалотнішчах гераіні выставы «Прырода беларускі» («She is nature»). Экспазіцыя з фотапартрэтамі 16 беларускіх жанчын, якія ратуюць прыроду краіны, адкрылася 1 кастрычніка 2015 года ў Музеі гісторыі горада Мінска.

«Сіламі жанчын робіцца вельмі шмат»

— Мэтай выставы было вывесці з ценю тых жанчын, што часта там апынаюцца, — кажа Вольга Астаповіч, ідэйная натхняльніца і адна з рэалізатарак выставы, супрацоўніца Цэнтра экалагічных рашэнняў. — Сіламі жанчын робіцца вельмі шмат, але не заўсёды яны гатовыя пра гэта казаць: саромеюцца, не лічаць патрэбным. А мы хацелі б, каб удзельніцы выставы натхнялі іншых.

— Ці не пакрыўдзяцца мужчыны?

— Мы чакалі гэтага пытання. Мы цэнім тое, што робяць мужчыны. Але неістотна, якога ты полу, — у нас агульная справа. Як падключыць мужчын, падумаем, бо гэта вельмі важна: гендэрнае пытанне — праблема не толькі жанчын, але і мужчын.

Па словах Вольгі, часта складаецца так, што кіраўнік-мужчына мае дужа шмат падначаленых жанчын. Ускосна пацвярджае яе тэзу Наталля Мінчанка, адна з 16 гераінь выставы і старшыня кіраўніцтва біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасцю Мінпрыроды. Па яе словах, больш за палову, ледзь не 80% супрацоўніц іх міністэрства жанчыны.

Фатограф пра абаронцу лясоў: «Яна свой выбар зрабіла, і яна шчаслівая»

Фотаздымкі на выставе створаны рукамі Ядзвігі і Алены Адамчык беларускіх жанчын-фатографаў. Гэта маці і дачка, вядомыя, як пішуць арганізатары, ва ўсім свеце жаночымі партрэтамі і асабліва сваім праектам «Беларускі. Жанчыны Еўропы», які прэзентаваўся ў розных краінах свету.

— Праца была даволі скаладная, кажа Алена. Гераінь здымалі ў розных кутках Беларусі ў асяродку, да якога тыя прыкіпелі сэрцам. Мне было цікава пазнаёміцца з жанчынамі, якія займаюцца сапраўднымі справамі — дапамагаюць выратаваць нашу прыроду.

— Для мяне было істотна пазнаёміцца з Інэсай Балоцінай, — працягвае Алена пра жанчыну, якая ледзь не самастойна намагаецца ўратаваць прыпяцкія дубравы, унікальную прыродную тэрыторыю. — Гэта сапраўды прыгожы чалавек, легендарны. Мы паглядзелі, як яна працуе і дзе жыве, хадзілі з ёй па лесе, і яна распавядала нам гісторыю свайго няпростага жыцця. Але яна свой выбар зрабіла.

І я хачу сказаць, што ўсе жанчыны, што займаюцца такімі справамі, — шчаслівыя. Яны не толькі любяць і мараць, але маюць вынікі гэтага кахання.

— Мы бачым прыгажосць штодня, яна атачае нас. А гэтыя дзьве жанчыны здолелі паказаць яе адлюстраванне ў нашых вачах, кажа пра фотамастачак гераіня праекта Алена Сідарава. Яна займаецца арганічнай сельскай гаспадаркай.

— Гэта моцныя жанчыны, якія ведаюць, чаго хочуць дамагчыся, і робяць гэта, — падключаецца да размовы Марыя Сума, калега Вольгі Астаповіч і другая арганізатарка выставы. — Яны паспяховыя, і, можа быць, дзякуючы гэтаму праекту тыя, што не вельмі ўпэўненыя ў сваіх сілах, пачнуць асабістую справу.

Каб пачаць яе, трэба, паводле Наталлі Мінчанка, нават не пэўная рыса характару:

— Гэта стан душы — каханне. Калі ты будзеш любіць прыроду і навакольных людзей, то астатняе з’явіцца. І, канешне, у сферы аховы прыроды трэба мець яшчэ і байцоўскія якасці, бо зараз час тэхнічнага прагрэсу.

Крытэры адбору: плённа працуе і не абавязкова з Мінска

16 асобаў, якія валодаюць гэтымі якасцямі, не ўсе, хто мусіць насамрэч быць на фотавыявах, лічыць Вольга Астаповіч: «Але мы выбіралі па тым, наколькі доўга і плённа працуе жанчына, мы хацелі закрануць розныя сферы: экалагічнае заканадаўства, адукацыя, прапаганда экапрыязнага ладу жыцця…»

Таксама арганізатары звярталі ўвагу на рэгіён, дзе жыве чалавек, і не засяроджваліся на сталіцы.

Фота новых гераінь і здымкі, што не змясціліся ў экпазіцыю, могуць зрабіцца працягам праекта ў выглядзе іншай выставы ці медыйнага прадукту: сайта, фільма ці іншага. Спіс удзельніц таксама мае шансы пашырыцца.

Прадстаўніца ГА «Фотамастацтва»: «Хочацца адзначыць высокі ўзровень прац»

Напрыканцы адкрыцця слова ўзяла намесніца старшыні Беларускага грамадскага аб’яднання «Фотамастацтва» Марына Бацюкова:

«Хочацца адзначыць высокі ўзровень прац. Іх рабілі вядомыя ў Беларусі фатаграфіні, і зробленыя яны па-майстэрску. Аўтаркі вельмі прафесійна звярнулі ўвагу на тое, што прыгажосць стварае прыгажосць».

Выстава арганізавана пры падтрымцы Цэнтра экалагічных рашэнняў. Адкрыта яна да 11 кастрычніка і працуе з 11 да 19 гадзін штодня, акрамя панядзелка і аўторка. Адрас: вул. Герцэна, 2а (Музей гісторыі Мінска).

Автор:
Фотограф:
Ганна Валынец
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость