02.12.2014 / 20:12

Эксперымент з пабудовай трох буйных “мясных” прадпрыемстваў ля 100-тысячнага гораду распачалі восенню ў Маладзечна. 1 снежня прайшло грамадскае абмеркаванне вынікаў ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНС, рус. - ОВОС).

Лагуны, поўныя лайна, і буйныя інвестыцыі чакаюць Маладзечна. Паводле планаў, у 2015 годзе запрацуюць дзве свінафермы гадавой магутнасцю па 100 000 галоў. Яны мусяць стаць сыравіннай базай для мясной фабрыкі пад горадам. Забудоўшчык адзін – “Велес-міт”.

Рашэнне яшчэ не прынята, але працы па складанню мапы тэрыторыі для праектавання былі і стаяць фішкі на засеяных азімымі сельгасземлях, - запэўніваюць мясцовыя людзі.

Жыхары гораду катэгарычна супраць такіх інвестыцый – нягледзячы на тое, што забудоўшчык абяцае плюс 200 працоўных месцаў.

“Нам не трэба будоўлі фермаў, яны занадта блізка ад гораду”, - не раз крычалі з залі на грамадскім абмеркаванні, і нават насуперак рэгламенту галасавалі, амаль адзінагалосна супраць.

Таксама жыхары сабралі 306 подпісаў ад жыхароў гораду і раёну, 60 подпісаў ад жыхароў Валожынскага раёну і 500 ад жыхароў рэспублікі супраць будаўніцтва. Грамадскія актывісты прапанавалі забудоўшчыкам правесці аналагічныя слуханні ў Валожынскім раёне, дзе ў санітарна-ахоўнай зоне вёскі Высокае і Рудзеўшчына.

Заўвагі мясцовых людзей: колькасць навозу і патрэба ў вадзе заніжаныя ў разы

Апроч эмацыйных выкрыкаў знайшліся канструктыўныя заўвагі. Паводле разлікаў аднаго з жыхароў блізлеглай вёскі, некаторыя лічбы ў АУНС не адпавядаюць рэчаіснасці. Хлопец абапіраўся на дакумент, што рэгламентуе такія будоўлі (РНТП-1-2004).

Мяне клічуць Уладзіслаў Юрко, жыву непадалёк. Я вывучыў гэты АУНС”, - прадставіўся ён. Суткавы аб’ём стокаў у АУНС пазначаны 315,4 м3, а паводле разлікаў хлопца - 492,2 м3/суткі, што ў паўтары разы больш. Гэта розніца вядзе да памылак у іншых паказчыках.

Спажыванне вады: агульнае выдаткаванне - 168,2 м3/суткі. А згодна з РНТП атрымоўваецца 597,4 м3/суткі. Таксама разліковыя дадзеныя на лагуну [месца, дзе захоўваецца навоз – аўт.] – 315 м3/суткі, на год атрымліваецца 115 000 м3, а лагуны аб’ёмам 22 000 м3 на год. Куды падзенецца астатняе? Гэта вялікая розніца, у 5 разоў.”

Адказу хлопец не атрымаў. Таксама, паводле Уладзіслава, побач знаходзіцца водаахоўная зона, няма звестак пра ўзровень залягання падземных водаў і інфармацыі, ці вытрымаюць 49 год эксплуатацыі комплекса 3 слоі цыраты па 1 мм, якімі будуць ізаляваныя лагуны знізу. А мясцовыя жыхары запэўніваюць, што непадалёк знаходзяцца водазаборы (Крыніца, Геленова).

Дом пад свінафермай? Вырашым у асабістым парадку, але не з усімі

Таксама адлегласць ад месцаў, дзе навоз гэтага комплексу, да жылой забудовы мусіць складаць ад 2000 метраў, а фактычна да адной з вёсак, дзе ўжо будуюцца катэджы – 940. У 2000-метровую зону трапляюць Соўлава, Ленкаўшчына, Траскі, Абухоўшчына, Высокае. Дарэчы, мужчыне, што будуе дом у 940 метрах і што чакаў участак зямлі 15 год, у выканкаме прапанавалі прыйсці і ў асабістым парадку вырашыць пытанне. На падобныя рэплікі астатніх так чынам не рэагавалі.

У працэсе высветлілася, што, аказваецца, некаторыя ўжо могуць трымаць свіней - санзона ля месцаў, дзе былі ўспышкі свіной чумы, скараціліся да 2 кіламетраў паводле рашэння міністэрства.

Чыноўнікі паабяцалі зрабіць “карэктыроўку” АУНС

У дакументах я бачу: агульнае выдаткаванне вады 168,2 м3/суткі. З іншай табліцы – агульны аб’ём вытворчых стокаў – 315, 4 м3/суткі. Скажыце, калі ласка, адкуль узяліся лішнія кубаметры лайна?”.“Вады”, - паспеў уставіць прадстаўнік адміністрацыі ў адказ на рэпліку Ігара Корзуна, сябра таварыства “Зялёная сетка”. Чарговыя апладысменты – і праз 5 хвілін узаемаперабівання было прызнана, што “напэўна, мы зробім карэктыроўку”. На думку Ігара, гэта сведчыць пра якасць АУНС.

Звяртайцеся ў санстанцыю

Я хачу вярнуцца да той фермы, што ў Валожыне ля Пяршаяў, - паднялася Таццяна Сініца, юрыст таварыства “Зялёная сетка”. – У 2012 годзе на грамадскіх абмеркаваннях вы ж выступалі і казалі тое самае:… што ў межах санітарна-ахоўнай зоны ўсё будзе па нормах. Вашае прозвішча, я магу паказаць пратакол!”

На тых грамадскіх абмеркаваннях так жа людзі казалі, што смярдзіць… Нешта змянілася? Не. І на тых жа абмеркаваннях я сказаў: паважаныя жыхары, у вас ёсць заканадаўчае права звярнуцца ў санстанцыю, каб высветліць прычыну. Прайшло два гады, нехта гэта зрабіў?” – адказаў Гурыкаў Дзмітры, дырэктар навукова-вытворчай фірмы “Экалогія”, якая рабіла АУНС.

Ён запэўніў людзей: непрыемны пах ад ужо існуючых свінакомплексаў наўрадці ідзе, ён з палёў вясной і восенню, можа быць, з занядбалай фермы побач. А калі пабудавалі свінакомплекс і смярдзіць – ідзіце ў санстанцыю.

Дарэчы, згадвалі на абмеркаванні і ферму ў Любанскім раёне Мінскай вобласці: са словаў любанцаў, пах ад яе ў Смольгава чуваць на дарозе Р55 – а гэта не менш за 1,5 кіламетра. Пару жыхароў Валожыншчыны, якія былі на абмеркаванні, запэўнілі, што і ад фермы ля Пяршаяў ідзе моцны пах, некаторыя нават выехалі з дамоў.

Тры будучыні свінакомплексу

Мне падаецца, між тых, хто сядзеў у прэзідыюме, ёсць людзі, якім гэты праект зусім не падабаецца. Зрэшты той, што ў 3 кіламетрах ад гораду. Яны хацелі б яго куды-небудзь адсунуць. Між мясцовымі ўладамі і жыхарамі ёсць кансэнсус”, - рэзюмуе Рыгор Фёдараў, юрыст ГА “Экадом”.

Звычайна, паводле Рыгора, чыноўнікі вельмі цвёрда стаяць на баку забудоўшчыка. А насамрэч забудоўшчык павінны дамаўляцца з жыхарамі – ды хоць падкупацца ад іх.

Паводле яго, сам комплекс не безпраблемны – гэта бачна па справаздачы: “Там [у АУНС – аўт.] прапісана, што ёсць праблемы з праектам, бачна, што яго намагаліся ўсімі спосабамі ўпісаць у пэўныя рамкі і што гэта не зусім атрымалася”.

Надалей праект чакае грамадская экалагічная экспертыза (скончыцца не раней за 15.01.15) і пасля – дзяржаўная экспертыза, на якую трапляюць абедзве АУНС і таблічка з усім заўвагамі з грамадскіх слуханняў і рэакцыяй на іх забудоўшчыка.

На думку Рыгора, далей можа быць тры шляхі: пасля экспертызы праект ціха зацвердзяць; другі – забудоўнік “адменіць” адзін з комплексаў, які бліжэй да гораду і з якім найбольш праблемаў; і трэці – комплекс у 3 кіламетрах ад гораду перанясуць у іншае месца і будуць наноў рабіць АУНС.

Автор:
Фотограф:
Ганна Валынец
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость