Рэферэндум не атрымаўся
Пачыналася ўсё з лакальных пратэстаў на месцах у мікрараёнах Мінску, калі жыхары выступалі супраць праектаў гарадскіх уладаў. Людзі адстойвалі свае інтарэсы, абараняючы зялёныя зоны.
Усё дайшло да таго, што ў адным з месцаў з’явілася ініцыятыва правядзення мясцовага рэферэндуму ў адным з раёнаў па пытанні аб далейшым развіцці раёну:
“Ініцыятыўная група не была зарэгістраваная, нягледзячы на тое, што была выкананая ўся працэдура, якую патрабуе Выбарчы кодэкс, - кажа Віктар Янчурэвіч, “Еўраперспектыва”. - Прычынай адмовы было тое, што нібы пытанні, якія ініцыятыўная група жадае вынесці на рэферэндум, урэгуляваныя дзейсным заканадаўствам – Генпланам Мінска”.
Каб вырашаць праблему стратэгічна, актывісты, юрысты і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый збіраюцца працаваць у межах адмысловай грамадскай групы. Арганізацыйная сустрэча была 5 лістапада, а 28 – першы круглы стол.
Група мусіць працаваць над зменамі і дапаўненнямі ў законы, што рэгулююць развіццё Мінску, і прасоўваннем заканадаўчай ініцыятывы праз звароты да парламентарыяў, ураду, дэпутатаў.
“Пабудаваць на адзін спартыўны комплекс менш”
Адзін са значных аб’ектаў, якія пацярпелі ад незразумелай забудовы – Водна-зялёны дыяметр сталіцы:
“Што тычыцца Водна-зялёнага дыяметру і Сляпянскай водная сістэмы, за апошнія 25 год адбыліся жудасныя парушэнні горадабудаўнічых нормаў і правілаў забудовы”, - мяркуе Барыс Юрцін, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР у архітэктуры.
Найбольшую шкоду, на яго думку, быў нанесены ў апошнія некалькі год праз забудову водаахоўнай зоны “выпадковымі” аб’ектамі, якія разбураюць унікальны архітэктурна-ландшафтны і экалагічна каштоўны гарадскі асяродак.
Праз “Кемпінскі” Водна-зялёны дыяметр быў зняты з уліку аб’ектаў ЮНЭСКА. А Свіслач ад праспекта Пераможцаў не праглядваецца праз забудову – чыноўнікам падалося, што праспект лепш выглядае ўрбанізаваным.
На думку архітэктара, трэба мяняць падыход:
“Клапаціцца і паціху добраўпарадкаваць. Вось набярэжная Свіслачы – колькі яшчэ горад можа цярпець гэты жах? Можа, пабудаваць на адзін спартыўны комплекс менш? Не па зубах узялі на сябе задачу сусветнага чэмпіянату, а сёння захлынаемся ў пазыках, і праблема адсунутая на многія гады”.
Ушчыльненне Мінску – не канфлікт старажылаў і навасёлаў, а выгода забудоўшчыкам
“Па разліках дэмографаў, да 2010 году насельніцтва нашай краіны скароціцца прыкладна да 3 мільёнаў чалавек. Іх кароткатэрміновыя прагнозы ўжо збыліся. Які нацыянальны сэнс ва ўшчыльненні сталіцы?” – кажа А. Белавусаў, сакратар камісіі “Архпрасвет”.
На яго думку, таму ніякага нацыянальнага інтарэсу ў "захопе" Мінску няма, а значыць – выключна эканамічныя.
“Хто ў выйгрышы ўшчыльнення? Афіцыйная ўлада паказвае, што ёсць жыхары склаўшыхся раёнаў і тыя, хто хоча там жыць. Усё выбудоўваецца так, што нібы гэта канфлікт старажыла і навасёлаў. …Але адзіны хто атрымлівае выгоду – фірма-забудоўнік”.
На думку эксперта, супрацьпаставіць нерацыянальным ушчыльненням і іншым дзеянням, праз якія пагаршаецца грамадскі асяродак, можна перагляд заканадаўства.
“Што такое рэгламентаваны доступ – не ведае ніхто”
На думку Рыгора Фёдараў, юрыст ГА “Экадом”, дзе шукаць праблемы ў заканадаўстве – відавочна.
Першае – ахоўны рэжым зялёных зон у горадзе крайне слабы. Самы выяўны прыклад – у 2011 годзе з закону аб раслінным свеце прыбралі норму, паводле якой выдаленне аб’ектаў расліннага свету не мусіла цягнуць за сабой недабраспрыяльных зменаў у стане навакольнага асяроддзя.
Пастанова міністэрства па грамадскім абмеркаванні горадабудаўнічых праектаў № 687, на думку Рыгора, “прыклад таго, што зялёныя насаджэнні ў большай ступені рэгулююцца заканадаўствам аб архітэктурнай дзейнасці, чым аб раслінным свеце”. А ўсё таму, што на этапе абмеркавання невядома, колькі раслін пацерпіць, а на наступных этапах грамадскасць уплываць не можа.
Яшчэ праблема – загады прэзідэнта, якія маюць моц закона. Генплан Мінску праходзіць грамадскае абмеркаванне, а загады, якімі ён змяняецца – не. Прыклад у дзеянні – з’яўленне развязкі на Філімонава-Незалежнасці.
І прабелаў у законах яшчэ шмат. На думку Рыгора, ініцыятыўная група магла б на нешта ўплываць станоўча: “Неўзабаве будуць грамадскія абмеркаванні карэктуры генеральнага плану, і трэба як мага больш зладжана працуючых людзей, якія б прапанавалі дапаўненні. Напрыклад, калі сквер паводле карэктуры прыбіраюць і пераводзяць у жылую забудову, а грамадскасць нічога не скажа – атрымліваецца, яна як бы згодная”.
Яшчэ адна важная мэта працоўнай групы – пакрычаць, “артыкуляваць аб тым, што нам трэба змены ў заканадаўстве больш высокага ўзроўню” за генплан. Напрыклад, па закону грамадскасць мае “рэгламентаваны доступ да горадабудаўнічага кадастру, да праектаваных і зацверджаных горадабудаўнічых праектаў. Але што такое рэгламентаваны доступ – не ведае ніхто”.