Стваральніца праекта Яўгенія Ганчаронак расказала Зялёнаму парталу, як будзе працаваць іх валанцёрская служба.
Сайт, дзе вы можаце знайсці сітара для вашага ката ці сабакі, запрацаваў нядаўна – толькі ў студзені. Але ж за гэты час на ім зарэгістравалася ўжо каля адной тысячы гаспадароў і валанцёраў, гатовых паклапаціцца пра вашага гадаванца, пакуль вы з’ехалі на адпачынак ці ў камандзіроўку.
Каранціны і закрытыя граніцы зачапілі і гэту сферу: у пэтсітараў былі ўжо замовы нават на майскія святы, але ж цяпер усе планы адмяняюцца.
Звычайна цану за паслугі ператрымкі ці выгулу выстаўляе сам сітар. А гаспадар ужо можа або пагаджацца, або шукаць іншага чалавека на сайце. Але на час пандэміі Petsitters.by вырашылі дапамагчы гаспадарам і іх любімцам – і арганізавалі бясплатную валанцёрскую ператрымку.
“Зараз місія нашай платформы заключаецца ў тым, каб максімальна дапамагчы ўладальнікам дамашніх жывёл захаваць спакой і абмежаваць кантакт з навакольным светам”, – напісалі яны ў сваіх сацсетках.
Калі вы знянацку трапілі ў бальніцу і ваш гадаванец застаўся зусім адзін, валанцёры Petsitters.by могуць узяць яго на ператрымку цалкам бясплатна. Але ж рэсурсы сітараў, на жаль, абмежаваныя.
Зараз праект шукае яшчэ больш валанцёраў, хто гатовы пасядзець з дамашнім коцікам ці сабакам, пакуль іх гаспадар хварэе. Усе памочнікі рэгіструюцца на платформе, як звычайныя супрацоўнікі: дадаюць свае дакументы і праходзяць тэст. У анкеце пазначаюць, што хочуць дапамагчы, як валанцёры.
Адзінае, у цяперашніх умовах не праводзяцца сустрэчы з кінолагам. Калі вольных рук не будзе хапаць, любімцам, на жаль, прыйдзецца чакаць у чарзе.
“Нам важна ведаць, што чалавек, які да нас звярнуўся, менавіта на каранціне. Таму мы просім паказаць нейкую даведку з бальніцы ці ад хуткай. Такі дакумент будзе пацвярджаць, што чалавеку сапраўды патрэбна дапамога", – тлумачыць Яўгенія.
Пры гэтым сабакам і катам даведку аб здароўі мець не абавязкова.
“У нас на платформе ёсць анкета, якую запаўняюць уладальнікі. У ёй трэба апісаць свайго гадаванца: ці ёсць у яго прышчэпкі, агрэсіўны ён ці не, ладзіць ці не з дзецьмі, катамі, сабакамі. На падставе гэтага сітар прымае рашэнне, каго да сябе браць. Мы разумеем, што, калі ў чалавека ёсць свой гадаванец, і прыйдзе непрышчэплены сабака, ёсць рызыкі. Але, калі сітар жыве адзін, яму няма розніцы. Большасць хвароб не перадаецца ад жывёлы чалавеку”.
Калі гаспадарам неабходна менавіта валанцёрская дапамога, пасля рэгістрацыі на сайце неабходна будзе яшчэ патэлефанаваць камандзе Petsitters.by і ўдакладніць, калі вы плануеце забраць гадаванца.
Каб максімальна засцерагчы ад небяспекі валанцёраў, гаспадарам раяць перадаваць толькі самае неабходнае: корм, ашыйнік і павадок. Самі жывёлы не могуць пераносіць каронавірус, але ён можа асядаць на розных асабістых рэчах. Таму нават ляжанку перадаваць не пажадана. У любым выпадку ўсё будзе апрацоўвацца дызінфецыруючымі сродкамі.
Яшчэ адна актуальная валанцёрская паслуга – бясплатны выгул для людзей 65+, каб бабулі і дзядулі лішні раз не выходзілі з дому. Калі ў вас ёсць такія знаёмыя, распавядзіце ім пра гэтую магчымасць і дапамажыце зарэгістравацца на сайце.
Сама Яўгенія таксама брала і бярэ жывёл на ператрымку, дапамагае бяспрытульным. Яе сабака Крыс так і з’явіўся: патэлефанавала знаёмая і сказала, што ў іх двары пару тыдняў бегае бадзяжны сабачка.
Яўгенія забрала яго, каб прыстроіць. Але ж у выніку ён у яе і застаўся. Зараз Крыс шмат чаго ўмее – і тапачкі прыносіць, і выконваць розныя трукі з пошукам.
На сайце Petsitters.by ёсць блог з парадамі гаспадарам, як выхаваць свайго сабака і дапамагчы яму падрыхтавацца да ператрымкі. Да любога складанага сабака можна знайсці свой падыход. Да гэтага рыхтуюць і сітараў.
“Нядаўна мая сяброўка брала на ператрымку вялікага сабаку, – расказвае Яўгенія. – Ён апынуўся крыху не выхаваным, бо сабака шмат часу правёў на сваёй тэрыторыі і да ператрымкі ў іншай хаце быў не прыстасаваны. Мы супрацоўнічаем з кіналагічнай службай, якая да нас прыходзіць на дапамогу, калі ў нас сустракаюцца складаныя кліенты. Да нас прыехаў малады чалавек, тры гадзіны правёў з сабакам – і гэтага хапіла, каб зразумець, як з ім далей наладжваць адносіны. Кінолаг разумее характар гадаванца, што ў сабака было не так у мінулым і чаму ён зараз рэагуе такім чынам. Але ў асноўным усе нашы гадаванцы з добрым спакойным характарам, бо звычайна гэта гарадскія хатнія жывёлы, з якімі праблем не бывае”.
ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: