На мінулым тыдні ў судзе Маскоўскага раёна сталіцы адбылося паседжанне па скарзе Дзяніса Тушынскага, сябра ініцыятыўнай групы па Сердзіча. Актывіст намагаўся абскардзіць 20 адмоўных рашэнняў Мінгарвыканкама па яго заявах на мірныя масавыя мерапрыемства.
Па словах Дзяніса, на пікетах і дэманстрацыях мясцовыя жыхары імкнуліся выказаць пратэст супраць зноса будынка ўстановы адукацыі, выдалення аб'ектаў расліннага света, пабудовы адміністрацыйнага будынка на Сердзіча, 12.
“Мы хацелі прыцягнуць ўвагу да невыканання дэрэктываў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь".
Адмоўныя адказы актывіст лічыць незаконнымі, на яго думку, яны парушалі канстытуцыйныя правы грамадзян на свабоду сходаў і выказвання меркаванняў.
У адмовах Мінгарвыканкама Дзяніс Тушынскі не бачыць абгрунтаванняў такому рашэнню, хоць гэтага патрабуе Закон "Аб масавых мерапрыемствах". У прыклад Дзяніс прыводзіць аднатыпныя адказы, дзе прычынай пазначаецца "неадпаведнасць патрабаванням артыкула 2" вышэй узгаданага нарматыўна-прававога акта.
"Згодна з часткай 2 артыкула 6 Закона ў рашэнні павінна быць указана пра дазвол ці забарону правядзення масавага мерапрыемства, а таксама матывы, па якім прынята рашэнне. З абскарджваемага мною адказа Мінгарвыканкама не бачна, па якім канкрэтна матывам мне адмоўлена, — піша ў скарзе актывіст. — У адказе ёсць усяго толькі спасылка на артыкул 2 Закона, у якім пералічаны віды масавых мерапрыемстваў, але ніякіх патрабаванняў, што павінны выконваць арганізатар масавага мерапрыемства, не ўтрымліваецца".
Выклікалі пытанні ў Дзяніса і адмовы, у якіх прычынай сталі запланаваныя на гэты ж дзень, месца і час іншыя мерапрыемствы.
"Ніякіх мерапрыемстваў у дні, на якія я падаў прашэнне на дазвол правесці масавыя мерапрыемствы, не было", — заявіў малады чалавек на судовым паседжанні і ў якасці доказаў прадаставіў фотаздымкі, што былі зроблены ім жа ў прызначаны дзень, месцы і час.
Ды й адмовы на заявы, якія абгрунтоўваліся правядзеннем "іншага мерапрыемства" — ён таксама лічыць не законнымі. Бо ў артыкуле 9 Закона дакладна не прапісана, што забараняецца правядзенне некалькіх масавых мерапрыемстваў у адным месцы.
Як удалося высвятліць у прадстаўнікоў Мінгарвыканкама падчас суда, пад усімі "іншымі запланаванымі мерапрыемствамі" меліся работы Зеленбуда розных раёнаў па абрэзцы дрэваў ці выдаленні аварыйных насаджэнняў, а таксама аднаўленне газоннага пакрыцця. Аднак удакладзніць ці можа гэта быць падставай для адмовы на правядзенне масавага мерапрыемства на плошчах і сцежках сквераў не ўдалося.
“У сваіх адказах Мінгарвыканкам не ўказвае, што работы будуць праводзіцца менавіта ў заяўленым месцы скера (Кальварыйскі сквер, дзе згодна інфармацыі адміністрацыі Фрунзенскага раёна згодна зацверджанаму графіку мусілі праводзіцца работы Зеленбудам — удакладненне аўтара) і менавіта ў заяўленыя дні і часовыя прамежкі. Заяўленае месца пікета знаходзіцца на сцежцы, а не на газоне і пікет, такім чынам, ніяк не перашкаджае правядзенню работ па “санітарнай абрэзцы дрэваў і аднаўленню зялёнай зоны”, — тлумачыць у скарзе Дзяніс.
Асаблівую ўвагу актывіст засяроджвае на адмове правядзення дэманстрацыі ў парку Дружбы народаў на сцэнічнай пляцоўцы, якая для такіх мэтаў і прадугледжаная.
"Вы ведаеце парк? Даўно там былі? — папрасіў удакладніць актывіст прадстаўніка Мінгарвыканкама. — Мяне цікавіць ці ведаеце вы, дзе знаходзіцца цэнтральная сцэнічная пляцоўка парка? Ці ёсць на ёй зялёныя насаджэнні і газон?"
"Так, ёсць!", — цвёрда заверыў чыноўнік. А затым дадаў, што сцэна з пляцоўкай дэмантаваная, і ці застаецца там месца са звыклым для горада функцыяналам ужо пытанне.
Не дазволілі правесці актывісту і шэсце ў межах квартала вуліц Прытыцкага — Сердзіча — Матусевіча — праспекта Пушкіна з удзелам 10 чалавек, абгрунтаваўшы такое рашэнне зніжэннем прапускной магчымасці вулічна-дарожнай сеткі і бяспекі іншых удзельнікаў руху. "Шэсце павінна было праходзіць па пешаходнай частцы вуліц. Згодна ТКП (тэхнічны кодэкс усталяванай практыкі) 45-3.03-227-2010 «Вуліцы населеных пунктаў. Будаўнічыя нормы праектавання» шырыню паласы руху варта прымаць роўнай 1 метр; прапускную здольнасць <...> пешаходных пандусаў — 1750 чалавек у гадзіну, лесвіц — 1500 чалавек у гадзін. Прысутнасць на вуліцы пэўнай колькасці людзей, асабліва 10 чалавек, не здольна знізіць яе прапускную здольнасць. Да ўсяго, Мінгарвыканкам дае дазволы на масавыя мерапрыемствы з удзелам больш 1000 чалавек у цэнтральнай частцы горада, на моцна загружаных вуліцах, дзе ўдзельнікі цалкам перакрываюць пешаходную частку…, — зазначыў Дзяніс, дэманструючы фотаздымак з шэсця на 9 мая падчас акцыі "Бессмяротны полк". — На фоне такіх мерапрыемстваў адмова мне ў шэсці 10 чалавек прашу лічыць неабаснаванай".
Аднак прадстаўнік зацікаўленага боку хадатайнічаў адхіліць гэты прыклад у якасці доказу, маўляў рашэнні на правядзенне такога кшталту масавых мерапрыемстваў прымаецца ў іншым парадку, чым гэта прадугледжана Законам "Аб масавых мерапрыемствах" — рашэннем дзяржаўнага органа.
Да ўсяго, нельга параўноўваць акцыі на 9 мая і тыя, што планаваў ісцец, падкрэсліў прадстаўнік Мінгарвыканкама.
Суд вырашыў падтрымаць хадатайніцтва адказчыка і фотаздымак быў адхілены ў якасці ілюстрацыйнага доказу.
Не атрымалася дабіцца дазволу і на правядзенне адзіночных пікетаў на пешаходнай частцы вуліцы Кальварыйскай. На гэты раз падставамі для адмовы былі: наяўнасць веласцежкі на пешаходнай зоне, што актыўна выкарыстоўваецца велааматарамі і непасрэдная блізаць праезднай часткі дарогі.
У абодвух выпадках чыноўнікі ўбачылі верагоднасць стварэння перашкод для руху веласіпедыстаў, а таксама прыцягненне ўвагі кіроўцаў аўтамабіляў, што паўплывае на ступень іх рэакцыі прыкіраванні транспартнымі сродкамі адпаведна.
У яскасці доказаў, што адзіночны пікет ні ў якім разе не можа зашкодзіць руху веласіпедыстаў Дзяніс прадаставіў фотаздымак, на якім бачна, што ні адзін чалавек, ні група людзей, што рухаюцца па пешаходнай частцы ні замінаюць руху велатранспарта па сцежцы, што выдзелена гарызантальнай разметкай.
А што тычыцца адцягнення ўвагі аўтамабілістаў, дык з дазволу выканкама ўздоўж вуліцы Кальварыйскай усталявана аж 20 рэкламных білбордаў — дастатковая колькасць элементаў для адцягнення ўвагі кіроўцаў, зазначыў актывіст.
Нягледзячы на ўсе прадастаўленыя доказы, што адмовы на правядзенні пікетаў, дэманстрацый і шэсцяў на самой справе не маюць абгрунтаваных падстаў, раніцай 30 жніўня суд Маскоўскага раёна вынес рашэнне на карысць адказчыка. Актывіст мусіць выплаціць дзяржаўную пошліну ў памеры 20 базавых велічынь, што на сённяшні дзень складае 490 беларускіх рублёў.
"У мяне быў спадзеў, што нейкую з адмоў прызнаюць незаконнай. Але ён не апраўдаўся. Другім матывам звярнуцца ў суд — праз медыі паказаць людзям, на колькі не рэальна легальна ў нас правесці масавае мерапрыемства, на колькі гэта складана, на якіх падставах адмаўляюць", — пракаментаваў Дзяніс Тушынскі Зялёнаму парталу.
Аднак нягледзячы на негатыўны вынік паседжання, актывіст лічыць, што звяртацца ў суды варта хаця б з тым, каб "тыкнуць іхнім маразмам у твар".
Але на будучае Дзяніс раіць тым, хто адважыцца дайсці да суда, не паўтараць яго памылкі і не абскарджваць адразу шмат заяваў, смяецца актывіст.