“Табе пашэнціла, і ты здымаеш першыя промні”. Як навучыцца рабіць прыгожае фота

Мінус 27 градусаў марозу на світанні ля ракі, штатыў і цёплая вопратка – выдатныя ўмовы для добрага фота, як лічыць фатограф Міхась Кулеш.

“Ужо 9 гадоў як я займаюся фатаграфаваннем прафесійна”, – кажа Міхась Кулеш. 35-гадовы хлопец нарадзіўся і вырас у Вілейцы, тут жа працуе – робіць тэрміновае фота на дакументы, а таксама займаецца рэтушшу. Вузкі калідорчык і арэндаваны пакой Дома Быта, кампутар, чорная фіранка ад столі, белы фон – так выглядае яго афіцыйнае працоўнае месца.

Міхась лічыць, што больш-менш прафесійныя здымкі пачаў рабіць у 2012 годзе, калі скончыў фотакурсы пры Беларускім саюзе дызайнераў. Зараз яго працы можна бачыць на фотавыставах, яны часам з’яўляюцца на паштоўках і ў перыядычных выданнях.

 

Мара – дэфіцытны стужкавы “Зеніт”

Фота – мая мара з дзяцінства. Яшчэ ў пачатковых класах я марыў, каб на дзень народзінаў падарылі фотаздымач. А яго ўсё не дарылі. Потым, ужо ў 4 ці 5 класе, ад сяброў сям’і атрымаў першую “Вілію".

Тады сваю душу крыху супакоіў, але хацелася набыць прафесійны апарат – “Зеніт”, які тады каштаваў вялікіх грошай. Памятаю нават, як ездзілі на прафілактыку па здароўі ў Балгарыю і мама везла з сабой некалькі гэтых здымачоў. Яны былі дэфіцытным таварам, але  ўдалося купіць праз знаёмых на заводзе. За выручаныя грошы на адпачынку змаглі пражыць некалькі дзён, але я глядзеў на “страту маёй мары”  з болем.

Усё хацеў пайсці ў фотагурток, і патрапіў урэшце, але гурток праіснаваў нядоўга. Гэта быў 1991 год ці каля таго. Потым карыстаўся “Віліяй”, быў яшчэ “Элікон-аўтафокус”. Ён быў бракаваны і не пайшоў на продаж, але фатаграфаваў.

Фота я рабіў на ўзроўні інтуіцыі: плёнку паставіў, параметры выставіў… Не памятаю нават, чым я кіраваўся. Бывала, што праявіў стужку – а яна ўся то чорная, то белая.

Потым мы ў старэйшых класах займаліся школьнай газетай “Лілея”, і мне час ад часу тарпляла ў рукі “мыльніца” Olympus і таксама Nikon, які мы звалі “кубік-рубік” – экран у ім варочаўся асобна ад корпуса.

 

Кнігі па фота былі толькі для прафесіяналаў

У 2008 годзе я набыў сваю першую люстэркавую камеру – Canon 450D. Здымаю пейзаж, але карцінку тую, што бачыш, фотаапарат не выдае: то неба засветлае, то зямля зацёмная. Пачаў разглядаць фота іншых: здымкі жывыя, натуральна перадаюць з'яву.

У хуткім часе з’явілася магчымасць вучыцца ў Менску. Спачатку былі майстар-класы ад БАЖа (Беларускай асацыяцыі журналістаў – рэд). Пасля я патрапіў на курсы пры Беларускім саюзе дызайнераў. Навучанне было па трох кірунках. Першыя два – фармальная кампазіцыя і інжынерны складнік (віды здымкаў, будова фотаапарата). Па гэтых дысцыплінах заняткі праходзілі два разы на тыдзень і доўжыліся два месяцы.

 

Валодаць тэхнікай на ўзроўні цяглічнай памяці

А потым чатыры месяцы мы вучыліся непасрэдна ў фатографа – у студыі Вадзіма Качана. Займаліся невялічкімі групамі па 4-6 чалавек. Напрыклад, фатаграфуем нацюрморт, апрацоўваем на кампутары, атрымліваем хатняе заданне па гэтай жа тэме. Напрыканцы вучобы кожны павінен быў прайсці апошнія іспыты і прадставіць пяць здымкаў, аформленых у вялікім фармаце, з любым сюжэтам.

У працэсе вучобы ў Менску значна палепшылася якасць маіх здымкаў. А тое, што было потым – справа тэхнікі.

Ты мусіш здымаць штодня, каб валодаць ёй на ўзроўні цяглічнай памяці, націскаць кнопачкі не гледзячы. Інакш забудзешся, чаму цябе навучылі.

Мой архіў займае два вінчэсцеры па 1 тэрабайту. Яны ўжо запоўненыя, і кожны раз выдаляеш нешта старое, выбракоўваеш. Мастацкіх здымкаў становіцца ўсё менш.

Пайсці з галавой у творчасць не хапае часу: жыццё зараз складанае, таму прыходзіца займацца больш фінансавымі пытаннямі, творчасць адыходзіць на другі план.

 

Калі вецер больш за 13 м/с – можаш спаць спакойна

Здымкі прыроды – гэта творчасць. Глядзіш, што надвор’е спрыяе, урываеш некалькі гадзінаў і едзеш. Трэба ўлавіць момант і зрабіць кадр, які б уразіў сваёй непаўторнасцю і прыгажосцю.  Напрыклад, выпаў першы снег і ўся прастора вабіць сваёй чысцінёй і пяшчотай. І ты спяшаешся, пакуль гэты цуд не змяніўся і не стаў  звычайным, нецікавым.

Збіраешся з вечара фатаграфаваць марозны пейзаж, калі бачыш, што раніцай будзе вялікі мароз (ніжэй за -27С). Улічваеш вецер: калі перадаюць больш за 13 м/с – можаш спаць спакойна.

На рацэ (яшчэ на досвітку) падымаецца  вялікая парнасць, якая ахутвае ўсё наваколле: апранае дрэвы, кусты, бераг у малочна-срэбны вэлюм. Усё гэта нагадвае казку. І самы кульмінацыйны момант – з першымі промнямі сонца. Падчас узыходу кожную секунду мяняецца святло, якое дае сваю непаўторную выяву, сваё каляровае адценне.

Але табе пашэнціла, і ты здымаеш першыя промні, якія падымаюцца з-за гарызонту.

Світанні бываюць рознага колеру: усё залежыць ад тэмпературы, паветра, часу і пары года. Калі дакладна не атрымаецца прыгожае фота? Добрае фота можна зрабіць у любое надвор’е, але менш спрыяльны час, калі ідуць зацяжныя дажджы. 

 

Як зрабіць прыгожае фота?

Парада 1:  фатаграфуйце прыроду ў рэжымны час: уранку і вечарам за паўгадзіны – гадзіну да ўзыходу (захаду) і гэтак жа пасля ўзыходу (захаду).

Парада 2: выкарыстоўвайце штатыў. Так робяць пейзажысты, трэвэл-фатографы. Пажадана, каб штатыў быў надзейны, і яго не хістаў вецер. Гэта істотна, напрыклад, пры вялікай вытрымцы. Пры кепскім асвятленні фатаграфуйце з пульта, каб не хістаць здымач, націскаючы кнопку.

Парада 3: каб прыгожа зняць зорнае неба, вы мусіце ехаць далей ад гарадскога святла.  Нават ліхтар у вёсцы можа даць так званае паразітнае святло жоўтага ці іншага ненатуральнага колеру.

Лепш фатаграфаваць, калі няма месяца. У поўню здымак атрымліваецца не зусім начны – незразумела, ці гэта дзень, ці вечар.

Парада 4: у мароз беражыце здымач  і самі апранайцеся цяплей. Акумулятар лепш пакласці ў кішэню, дзе ён не будзе ахалоджвацца, – так захаваецца больш зараду. Устаўляйце толькі пры здымцы, вынімайце адразу пасля фотасесіі. Не пужайцеся, калі праз доўгі час працы на марозе фотаапарат пачне засынаць (працаваць павольна). Значыць, час ісці дадому.

Пасля здымак на марозе больш за тры гадзіны не вымайце апарат з сумкі – так ён паступова нагрэецца і не пакрыецца кандэнсатам.

Парада 5: фотаапарат сцэну бачыць па-іншаму, чым вока чалавека. Таму давесці да патрэбнага адлюстравання – справа фотамастака ў графічным рэдактары.

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 04.01.2018

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.