04.05.2017 / 14:05

Беларуская вясна здзівіла не толькі анамаліямі надвор’я, але і колькасцю затрыманых і арыштаваных людзей. У перыяд з лютага па май за кратамі апынуліся больш за сотні чалавек, якія за ўдзелы ў мірных акцыях адсядзелі ад 5 да 25 сутак. «Прысесці» давялося і «зялёным» актывістам, якія замест таго, каб журыцца, зацанілі Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) і Ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ) на экалагічнасць.

 

Турэмны быт

Першае, што, па словах затрыманых, кідаецца ў вочы — гэта пастаянна ўключанае святло ў камерах:

«Днём гарыць верхняя “ілюмінацыя”, і гэта пры любым надвор’і за акном, а ноччу абавязкова ўключаюць “начнік”, маўляў, каб быў штогадзінны агляд і кантроль. Аднак страшна нават уявіць, колькі накручвае лічыльнік», — кажа адна з адсядзеўшых экаактывістак.

Нельга пакінуць без увагі і расход вады. У адной з камер, напрыклад, пастаянна цякла сантэхніка, на што арыштанты стараліся звярнуць увагу супрацоўнікаў установы:

«Мы пісалі і казалі пра гэту праблему штодня, аднак кран так і не адрамантавалі. Колькі вады за гэты час сыйшло ўпустую, застаецца толькі гадаць…»

У душ у ізалятарах водзяць не так часта, але, відавочна, вады выцякае звыш нормы. Уся справа ў тым, што душавыя працуюць ад першага да апошняга чалавека:

«“Чысты” дзень робяць для некалькіх камер і водзяць адразу па 2-3 чалавекі. На ўсё пра ўсё адной групе адводзіцца ад 10 да 15 хвілін . Але ў цэлым вада цячэ ўвесь час ад першай да апошняй тройкі».

Дарэчы, з улікам адсутнасці пастаяннага доступу да душу, а ў ІЧУ  Жодзіна і да гарачай вады ў прынцыпе, актывісты знайшлі просты спосаб награваць яе самастойна.

«Мы залівалі ваду ў пустыя пластыкавыя бутэлькі і засоўвалі ў батарэю. За ноч-дзень яна награвалася да прыстойнай тэмпературы. Такім чынам чысціць зубы, памыць твар, валасы можна было без асаблівых праблем над рукамыйнікам у камеры», — апісвае побыт у турме арыштантка.

У нейкім сэнсе падтрымліваць чысціню цела дазвалялі і вільготныя сурвэткі, але яны былі на скрайні выпадак, бо з’яўляюцца неэкалагічным сродкам гігіены.

Пасля кожнага прыёму ежы арыштанты павінны спаласнуць за сабой посуд. А рабіць гэта ў халоднай вадзе практычна немагчыма. Актывісты зазначаюць, што з улікам колькасці посуду найбольш эканамічным, а таксама гігіенічным варыянтам былі б спецыяльныя мыйныя машыны для такіх патрэб.

Увогуле харчаванне — гэта асобнае выпрабаванне для рэцэптараў, сцвярджаюць арыштанты. Бо ежа не столькі агідна выглядае, колькі невыносная на смак і пах.

«Вядома, можна адмовіцца ад сняданку, абеду ці вячэры, часам так менавіта і здаралася… Але, калі ты сабе штосьці і бярэш, то порцыі проста неверагодныя па памеры, незразумела, хто іх можа асіліць. Вядома, што большую палову папросту даводзілася выкідаць, змываць ва ўнітаз. Цяжка нават апісаць, колькі прадуктаў пераводзіцца дарэмна. Зрэшты, мы пачалі пасля проста браць адну порцыю і на астатніх прасіць пустыя міскі, каб падзяліць ежу паміж усімі і такім чынам зменшыць колькасць харчовых адходаў».

У вялікай колькасці выдаюцца хлеб і батон, якія праз суткі ўжо чарсцвеюць, і даводзілася іх выкідаць. Актывісты вырашылі ўвогуле адмовіцца ад хлебабулачных вырабаў, бо яны моцна «забівалі» страўнік.

Яшчэ адна рэч ніяк не давала спакою «зялёным» — магчымасць раздзяляць смецце. Таму невыпадкова, што давялося імправізаваць у такіх абставінах і самастойна арганізоўваць сартыроўку хаця б пластыкавых адходаў. Актывісты пры вызваленні выносілі з сабой на волю не толькі бутэлькі з-пад пітной вады і сокаў, але і захоўвалі поліэтыленавыя пакецікі ад прадуктаў, якія затым можна выкарыстаць, каб прыбіраць за сваімі сабакамі на вуліцы.

 

Перадачкі — гэта адходы ў квадраце

Актывісты абураюцца ўтварэнню неверагоднай колькасці адходаў пры існуючай  арганізацыі перадачак:

«Без уліку ўсёй абсурднасці сітуацыі, калі эколагі прыносілі перадачкі, рукі трасліся ад неабходнасці перакладаць прадукты харчавання з індывідуальнай упакоўкі ў асобныя поліэтыленавыя пакецікі, сокі пераліваць у празрыстыя бутэлькі з-пад вады. Пры гэтым нідзе ля будынкаў ЦІП ці ІЧУ няма кантэйнераў для раздзельнага збору смецця…» — скардзяцца экаактывісты.

 

Што перадаць вегетарыянцам і  веганам у турму?

Улічваючы, што большасць страў у турмах з мясам, як, напрыклад, супы, вараныя на костках, перадачкі з волі — адзінае, што магло дапамагчы пазбегнуць вегетарыянцам і веганам прымусовай галадоўкі.

«Нас ратавалі арэхі і сухафрукты, розныя хлябцы і цукаты. Накідаеш у ранішнюю аўсянку ці ячневую кашу мікс з арэхаў і разынак, семак — так хоць 3 лыжкі ў сябе ўпіхнеш. На абед пераб’ешся хлябцамі, печывам, батончыкамі мюслі, чарнаслівам ці інжырам —  і ўжо весялей.

Неверагоднымі былі сокі свежага водціску. Яны маглі замяніць паўнацэнны прыём ежы, былі сытнымі і карыснымі. З улікам, што такога кшталту прадукты, без кансервантаў, захоўваць доўга немагчыма, мы прыдумалі свой халадзільнік з тазіка: напаўняеш яго халоднай вадой і скідаеш туды бутэлькі», — расказваюць эколагі.

Па праўдзе, зазначаюць яны, найбольш адчуваўся недахоп у вадкасці. Таму, калі ў першай перадачы асноўнае месца і вагу* займаюць сродкі гігіены і вопратка, то наступным разам варта правільна прадумваць прыярытэт у прадуктах.

На ўсялякі выпадак:

асабістыя рэчы і сродкі гігіены:

  • зубная шчотка і паста;
  • мыла і шампунь;
  • вільготныя сурвэткі;
  • туалетная папера;
  • крэм для твару і дэзадарант;
  • штаны, байка, майка, шкарпэткі;
  • ніжняя бялізна;
  • тапачкі ці сланцы.

 

прадукты харчавання:

  • сухафрукты: курага, чарнасліў, фінікі, інжыр;
  • арэхі, лепш мікс;
  • бананавыя чыпсы;
  • гарбузовыя семачкі;
  • цукаты;
  • хлябцы і батончыкі мюслі (для веганаў уважліва чытайце склад);
  • вафлі (для веганаў уважліва чытайце склад);
  • вада і сокі, абавязкова павінны быць у празрыстых пластыкавых бутэльках;
  • шакалад;
  • вегетарыянская ці веганская каўбаса, якая нагадвае па знешняму выгляду салямі.

 

УВАГА! У мінскія ізалятары нельга перадаваць садавіну і гародніну, гарбату ў пакеціках ці каву. Але ўсё гэта могуць атрымаць вашыя сябры ў турме Жодзіна. На жаль, не атрымаецца перадаць тофу, бо яго ўносяць у спіс кісла-малочных прадуктаў, якія не прапускаюць за краты.

* адна перадачка не мусіць перавышаць вагу ў 5 кг.

Автор:
Фотограф:
pixabay.com, uare.com.ua,
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость