04.09.2019 / 11:09

Лес здаўна быў калыскай беларусаў — служыў натуральнай скарбніцай прыродных дароў у выглядзе грыбоў і ягад. Ён быў укрыццём у самыя страшныя часы гісторыі. Яму прысвячалі мастацкія творы, яго апявалі ў паданнях і легендах. І сёння беларускі лес такі, што ў ім можна працягваць партызаніць.

Самы актыўны сезон для пошукаў — грыбны, набягу распавядаюць супрацоўнікі выратавальна-пошукавага атраду "Анёл", прабіраючыся з валанцёрамі праз зараснікі Налібоцкай пушчы. У нядзелю сустрэць тут людзей у ярка-чырвоных фірменных куртках МТС — нічога дзіўнага.

У супрацы з мабільным аператарам атрад "Анёл" зладзіў квэст па пошуку чалавека, максімальна набліжаны да рэальнай сітуацыі. На самым пачатку ўдзельнікі івэнта падзяліся на дзве каманды, атрымалі кароткую ўводную, беглы інструктаж па карыстанні компасам.

"Выстаіваемся ў шарэнгу і ідзем не выбіваючыся наперад і не адстаём. Запамінаем каманду “Група стоп!”, карыстаемся ёй у любым неабходным выпадку: шнуркі развязаліся ці вы штосьці знайшлі, — тлумачыць базавыя рэчы Крысціна Круг, камандзірка каманды і супрацоўніца атраду "Анёл".

Запамінаем людзей, якія ідуць побач з вамі".

Пасля чаго група рушыла ў лес пад пільным наглядам "анёлаў".

Па ходу некалькі разоў даводзілася перастаіваць шарэнгу, бо ісці арганізавана праз гушчу апынулася не такой простай задачай. Па словах Крысціны, найчасцей група з валанцёраў — гэта 10 чалавек, так прасцей трымацца і прачэсваць выдзелены ўчастак для пошукаў, а зараз складаней, бо сабралася 25.

Пры пошуку важна звяртаць увагу на любыя дробязі, асабліва на знойдзеныя рэчы. Іх забіраюць з сабой, каб сваякі маглі ідэнтыфікаваць, ці сапраўды яны належыць прапаламу.

Да ўсяго рэчы могуць дапамагчы прааналізаваць, у якім становішчы знаходзіцца чалавек. Так валанцёры ў лесе знайшлі кошык з вадой і лекамі.

"Што гэта можа азначаць? Па-першае, што мы ідзем па слядах. Аднак чалавек застаўся без вады і неабходных лекавых сродкаў, значыць, ён можа знаходзіцца ў крытычным стане", — зазначае кіраўніца групы.

Зразумела, калі вы бачыце старое, урослае ў зямлю вядро, абутак і інш, не трэба цягнуць іх з сабой — імаверна, што яны тут даўно.

У цэлым існуюць негалосныя правілы таго, што неабходна захапіць з сабой і як падрыхтавацца нават да самага простага паходу па грыбы ў знаёмы лес:

1. Абавязкова паведаміце родным і блізкім, куды ідзеце і ў які час збіраецеся вярнуцца. Час іграе неймаверна важную ролю ў выпадку, калі чалавек губляецца. 2. Апраніце яркую вопратку, якую будзе бачна здалёк. 3. Вазьміце неабходныя вам лекі, у тым ліку супраць алергіі, а таксама ліхтарык, запалкі ці запальнічку. Нават, калі вы не паліце, яны могуць быць вам на карысць. Не зашкодзіць свісток — дробязь, але пры выпадку дапаможа падаць сігнал. 4. Захапіце з сабой ваду і перакус. 5. Зарадзіце тэлефон і вазьміце, калі маеце, power bank.

Як толькі разумееце, што згубіліся — не панікуйце! Пастарайцеся звязацца са сваякамі,  знайсці лінейныя арыентыры — дарогі ці лініі электраперадач — яны дапамогуць выйсці на населены пункт.

Асноўная прычына таго, што чалавек можа заблукаць у лесе — уласная нядбайнасць, зазначае Крысціна Круг. Нават, калі вы ўпэўненыя ў тым, што добра ведаеце мясціны, то адно высечанае дрэва ці разрослы куст збівае вас з панталыку. Таму не варта спадзявацца, што атрымаецца выбрацца сваімі сіламі. Чым раней чалавек звернецца за дапамогай, тым больш шансаў, што яго хутка знойдуць.

"Ключавую ролю грае час. Напачатку сваякі стараюцца знайсці чалавека самастойна — гэта час. Затым звяртаюцца ў праваахоўныя органы — час. Арганізоўваюцца пошукі з міліцыяй — час. З намі звязваюцца добра, калі ў гэтыя ж суткі ноччу. Але найчасцей — праз тыдзень, а то і два. На жаль, мала хто ведае пра пошукавы атрад. У такім выпадку мы рэдка можам дапамагчы, — тлумачыць дзяўчына.

Патэнцыйна жывым чалавек лічыцца першыя трое сутак. У гэты перыяд мы прыкладаем максімальна намаганняў, як і супрацоўнікі міліцыі, і МНС. Надалей лік ідзе, калі не на гадзіны, то на хвіліны". 

Да ўсяго важна, каб на пошукі адгукаліся валанцёры, іх часта не хапае. Па статыстыцы больш падпісваюцца на вышук дзяцей, чым сталых людзей, кажа Сяргей Коўган,  кіраўнік атраду "Анёл".

У час арганізацыі пошукавых мерапрыемстваў варта памятаць і пра ўласную бяспеку, а таксама валодаць мінімальнымі ведамі па першай медыцынскай дапамозе. Гэта дапаможа ў выпадку, калі знойдзены чалавек атрымаў траўму ў месцы, куды транспарт не праедзе. Пры такім збегу абставін з таго, што маеце пад рукой, неабходна зрабіць, напрыклад, насілкі, каб вынесці чалавека з лесу. Арганізаваць гэта ўдзельнікі квэсту паспрабавалі непасрэдна пад час імправізаванага вышуку.

Праз гадзіну шпаркай хады праз зараснік каманда валанцёраў нарэшце выбралася на адкрытую прастору — зжатае поле. Тут яшчэ раз карэктуюць курс на пралесак, як раптоўна раздаецца гукавы сігнал, што разносіцца на некалькі кіламетраў.

"Калі вы блукаеце і чуеце такі гук, то ведайце, гэта шукаюць менавіта вас — смела ідзіце на яго", — тлумачаць "анёлаўцы".

Нарэшце дзве каманды сустракаюцца ля лагера, дзе іх чакае сустрэча з Мікалаем Драздовым — чалавекам, які не адно дзесяцігоддзе запальвае прыязнасць і інтарэс да наваколля праз перадачу "У свеце жывёл". З тым, хто задоўга да Біара Грылса і Сціва Ірвена расказваў пра дзівосы дзікай прыроды, норавы звяроў і чалавечыя магчымасці.

Напрацягу гадзіны галоўны герой квэста змог падзяліцца не толькі ўспамінамі пра свае даследаванні і кур'ёзныя выпадкі, але і прыгадаў уласную спробу выжыць у дзікіх умовах на выспе пад час гульні "Апошні герой".

"Там было ўсё сур'ёзна. Там было ўсё насамрэч. Іначай бы я не пагадзіўся на ўдзел, — цвёрда кажа ён.

Трэба было ўвесь час працаваць, нечым займацца: збіраць марскіх вожыкаў, ракавіны, крабікаў для ежы. Аднаго разу мы нарваліся на жаб [ага, — дадатак аўтара] з атрутнай скуркай. Гэта любімая ежа янотаў. <...> Адзінае мы не ўлічылі, хто быў нашым кухарам".

Вядома, на самым пачатку на выспе ўсе было нязвыкла — няма дзе спаць, голадна і холадна, бясконцыя начныя дажджы і пякучае дзённае сонца. Гэта стала сапраўдным выпрабаваннем чалавечых магчымасцяў і ўстойлівасці, якое аказалася не ўсім удзельнікам па сілам.

Напрыканцы размовы Мікалай Мікалаевіч зачытаў артыкул з газеты, якую прыхапіў з сабой, пра пошукі дзіця ў Омскай вобласці і пра выпрабаванні, якія выпалі на лёс хлапчука.

"Вы малайцы! Вы робіце важную справу! Сапраўдныя анёлы", — падсумаваў ён сустрэчу.

Выратавальна-пошукавы атрад "Анёл" — недзяржаўная арганізацыя, якая функцыянуе за кошт ахвяраванняў. Яны бяруцца за самыя складаныя выпадкі ў пошуку людзей у розных кутках Беларусі. Дзякуючы тэхнічнаму абсталяванню атрад ажыццяўляе пошук людзей і на вадзе, а таксама з паветра. Сярод членаў каманды ёсць вузкапрофільныя спецыялісты, што маюць допуск да працы вадалаза.

Аднак валанцёрская дапамога на пошукавых мерапрыемствах ніколі не зашкодзіць. Таксама падтрымаць атрад можна грашовымі сродкамі. Абаненты МТС могуць зрабіць гэта праз USSD-запыт на кароткі нумар *222*13#. Ажыццяўляецца збор і на платформе сайта "Имена".

Пры неабходнасці пошукаў родных, блізкіх і сяброў звязацца з атрадам "Анёл" можна праз кароткі нумар 7733, што аднолькавы для ўсіх аператараў.

 

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская; Відэа: Аляксандра Нест
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость