25.08.2017 / 12:08

Беларуская прырода захапляе і ўражвае, дапамагае адпачыць ад гарадскога шуму і тлуму. Аднак адпачываць трэба так, каб пасля было не сорамна перад сабой і людзьмі, а таксама каб не ўляцець на фінансавыя выдаткі за парушэнні прыродаахоўных правіл.

 

Што неабходна мець з сабой у лесе?

Калі вы сабраліся ў лес нават на адзін дзень варта улічыць небяспеку заблукаць у гушчары. Таму абавязкова папярэдзьце сваіх родных і блізкіх, куды вы накіроўваецеся, калі плануеце вярнуцца. Пазбягайце адзіночных паходаў. І няхай гуляць прыемней на палёгке, але не палянуйцеся захапіць з сабой некаторыя рэчы, якія могуць выратаваць вам жыццё.

Перш за ўсё паклапаціцеся пра тое, каб ваш мабільны тэлефон меў поўны зарад, а таксама апарат кожнага, хто ідзе разам з вамі. Захапіце з сабой пітную ваду, невялікі запас ежы і запалкі. Не лішнім будзе мець свісток і ліхтарык.

Калі па медыцынскіх паказаннях вы маеце неабходнасць у пэўных лекавых прэпаратах, іх таксама лепш узяць з сабой на ўсялякі выпадак.

Аддайце перавагу яркай і зручнай вопратцы, у якой вас добра будзе бачна здалёк і з паветра.

Пры наяўнасці дома партатыўнага зараднага ўстройства – power bank – не зашкодзіць ён і у лесе, як навігатар і компас.

 

Што рабіць, калі вы заблукалі?

Як толькі вы зразумелі, што заблукалі – напрацягу паўгадзіны не можаце знайсці сцежкі і выхаду з леса, то найлепшым будзе заставацца на адным месцы, што значна аблегчыць вашыя пошукі.

Захоўвайце спакой, пастарайцеся развесці вогнішча і з яго дапамогай падаць сігнал. А таксама падрыхтуйцеся да начлегу.

Калі вы ўсё ж адчуваеце ў сабе сілы пераадолець яшчэ вялікую адлегласць, шукайце лінейныя арыентыры: сцежкі, лініі электраперадач, памежныя слупкі, вадаёмы, рачулкі, ўздоўж якіх можна ісці ўніз па цячэнні.

''Трэба знайсці тое, што дало б вам магчымасць без сумненневаў рухацца ў адным напрамку і выйсці да людзей'', – тлумачыць Сяргей Коўган, кіраўнік пошукавага атраду ''Анёл''.

Катэгарычна забаронена перамяшчацца па лесе ў цёмны час сутак, бо ёсць небяспека атрымаць сур'ёзныя пашкоджанні і траўмы.

 

Што рабіць, калі вы сустрэлі дзікага звера?

Сустрэць звера – гэта рэдкасць ці нават удача, кажа Сяргей Коўган. У такім выпадку трэба памятаць, што дзікія жывёлы баяцца чалавека і варта іх не правакаваць, бо змагацца з кімсьці буйнЫм наўрадці атрымаецца. Самым разумным будзе спакойна і марудна адысці ад гэтага месца.

Адпугнуць звера дапаможа вогнішча, а таксама шум. Калі вы рухаецеся па лесе, то сваё перамяшчэнне можна абазначаць тым жа свістком.

Аднак за пяцігадовы досвед пастаянных выяздаў у лясы, Сяргей не можа прыгадаць, калі сустрэча з ляснымі звярамі сапраўды прадстаўляла небяспеку.

 

Як правільна арганізаваць вогнішча?

Па словах леснікоў, для адпачынку ў лесе ёсць спецыяльна абсталяваныя стаянкі з месцамі пад вогнішча. Калі вы спыніліся на выпадковай паляне, то паклапаціцеся пра тое, каб правільна ўсё арганізаваць.

Месца трэбы вычысці і адкапаць зямлю на 25 сантыметраў. Калі ёсць камяні, то імі лепш абкласці вогнішча, каб пазбегнуць распаўсюджання агня па лясной тэрыторыі.

Ні ў якім разе не дапушчальна  разводзіць вогнішча на пляцоўках, дзе можна пашкодзіць ствалы ці карнявую сістэму, кроны дрэваў.

Забараняецца гэта рабіць у іглічных маладняках – з дрэвамі да 1 метра ў вышыню, паблізу дрэваў, на лесасеках з высечанымі рэшткамі, на тарфяных участках і тэрыторыях, парослых сухой травой ці імхом, на лесапасадках.

Катэгарычна забараняецца ладзіць вогнішчы ў заказніках.

Памятайце, што пакідаць агонь без нагляду – можа прывесці да катастрафічных наступстваў. Калі вы збіраецеся сыходзіць з месца адпачынку, то затушыце вогнішча. Пры адсутнасці дастатковай колькасці вады, добра засыпце яго замлёй. Будзьце ўпэўнены, што вуглі пагаслі!

З мэтай забеспячэння пажарнай бяспекі ў спёку можа быць абмежаваны ці ўвогуле забаронены ўваход у лясы.

За парушэнне правіл пажарнай бяспекі ці забароны на наведанне лясоў і тарфяннікаў вам можа пагражаць: папярэджанне ці штраф у памеры да 20 базавых велічынь пры адсутнасці нанясення шкоды і штраф ад 20 да 50 базавых велічынь пры знішчэнні ці пашкоджанні леса ці тарфяннікаў.

 

Што рабіць, калі вы ўбачылі лясны пажар?

Міністэрства надзвычайных сітуацый раіць у такім выпадку адразу паведаміць пра здарэнне па тэлефоне 112 і як мага хутчэй пакінуць пажаранебяспечнае месца. Пры гэтым варта рухацца насустрач ветру ці перпендыкулярна кромцы пажара, па прасекам, дарогам, палянам, берагам ручаін і рэк.

Пры моцным задымленні пры магчымасці закрыйце рот і нос мокрай насоўкай ці кавалкам тканіны.

Пры верхавых пажарах схавацца можна ля вадаёмаў, на буйных палянах, а таксама ў лісцяным лесе без іглістай расліннасці. Аднак не варта шукаць сховішча на дарогах і просеках, вакол якіх іглісты лес, асабліва маладняк з нізка апушчанай кронай, у лагчынах, што зараслі лесам.

 

Ці можна спыніцца ў лесе з намётам?

У цэлым, практычна паўсюдна можна спыніцца на адпачынак з намётам: у лесапаркавай зоне, ля ракі і возера, на тэрыторыях, якія не ўваходзяць у запаведную зону. Вадаёмы маюць прыродаахоўную зону, якая абазначана таблічкамі жоўтага колеру.

Асобныя правілы існуюць для стаянак ў запаведніках і нацыянальных парках – спыняцца там можна толькі ў абмежаваных месцах. Таксама не забывайцеся пра асабліва ахоўваемыя прыродныя тэрыторыі.

У звычайным лесе можна спыняцца, але ёсць некаторыя нюансы: калі вас шмат чалавек, то неабходна асобнае ўзгадненне месца вашай стаянкі.

На жаль, забараняецца ў лясах рабіць шалашы з галля і суччаў, за гэта можна атрымаць пратакол за незаконную высечку. У цэлым, штучныя збудаванні ў лесе ўзводзіць не пажадана.

 

Ці можна выкарыстоўваць сухія і старыя дрэвы?

Высечкі ў лесе без адпаведных дазволаў катэгарычна забараняюцца. На дровы для вогнішча можна збіраць сухое галлё, якое ляжыць на зямлі.

У выпадку, калі вы знайшлі старое заваленае сухое дрэва, то яго таксама можна выкарыстаць для развядзення агню.

 

Як правільна збіраць грыбы і ягады, каб не нашкодзіць экасістэме?

Грыбы неабходна зразаць нажом над глебай ля асновы ці асцярожна выкручваць. Пры нарыхтоўцы лісічак нельга разграбаць падсцілкі, а таксама забаронены збор, калі іх шапачка меншая за 1,5 сантыметры ў дыяметры.

Пры зборы ягад забараняецца карыстацца механічнымі прыстасовамі, у тым ліку самаробнымі. Брусніцы і журавіны нельга збіраць, калі маецца 1% і 5% недаспелых ягад ад сабранай масы адпаведна.

 

Як абараніць сябе ад кляшча?

Пра тое, што трэба зрабіць, каб абараніць сябе ад кляшча, варта падумаць яшчэ да выхаду з дома.

У першую чаргу выбірайце закрытую вопратку і не забывайцеся пра галаўны ўбор. Можна апрануць кашулю ці кофту з доўгім рукавом, каб манжэты шчыльна прылягалі да запясця, штаны, якія можна заправіць у шкарпэткі і максімальна закрыты абутак: боты ці бацінкі. Найлепш выбіраць светлыя колеры ў вопратцы, каб было прасцей заўважыць паразіта.

Не забывайце, што існуе маса рэпелентаў, якія могуць стрымаць кляшча. Імі трэба апрацоўваць вопратку.

У самім лесе без неабходнасці не лезце ў высокую траву і кустоўе, перамяшчайцеся па сцежкам.

Як толькі вы вярнуліся дадому, абавязкова здыміце з сябе ўсю вопратку і агледзьце цела. Кляшчы любяць упівацца ў мяккія тканіны: пахавая вобласць, падшышкі, грудзі ў жанчын і шыя. Добра расчашыце валасы грэбнем з дробнымі зубцамі.

Калі раптам клешч усё ж укусіў вас, неадкладна звярніцеся да доктара і пачынайце піць антыбіётыкі, прапісаныя ўрачом.

 

І памятайце, што пад час адпачынку існуюць элементарныя правілы культуры. Не пакідацей смецце пасля сябе, бо заўсёды прыемна вяртацца на чыстае месца альбо быць прыкладам для іншых!

Акрамя таго, за смецце вам пагражае штраф да 460 беларускіх рублёў ці папярэджанне.

Автор:
Фотограф:
crimeaguide.com, www.zerkalnoe.com, pixabay.com, ptzgovorit.ru, 99px.ru, otvechaem.com, turclub-pik.ru
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость