07.12.2015 / 09:12

Усё больш людзей стараюцца весці здаровы лад жыцця. Многія лічаць гэта не проста модай, а закладам здаровага і доўгага жыцця. Шмат увагі аматары ЗЛЖ надаюць харчаванню. Гарадскія кавярні, як мы высветлілі, прапануюць небагаты выбар страваў, якія можна аднесці да здаровага харчавання. Мы вырашылі запытаць у гарадзенцаў, якія дбаюць пра якасную ежу, дзе і як яны абедаюць.

Вольга Камягіна, журналістка: У мяне спецыяльнае харчаванне - без глютэну. Гэта абумоўлена праблемамі са здароўем. Калі шчыра, то дастаткова цяжка знайсці нешта ў нашых кавярнях, таму што выбар не асабліва вялікі, як па колькасці кавярняў, так і па стравах, прадстаўленых там. Калі я не ем піццу, пірожныя ці пасту, то мне застаецца невялікі выбар - сушы, рызота, супы ды салаткі. Гэта і ёсць мой перакус.

Але асабліва я не перажываю. Калі куды-небудзь еду, бяру штосьці з сабой, бо ведаю, што ў кавярнях па дарозе можа не быць таго, што я ем. Звычайна гэта салаткі, бутэрброды з сырам ці кукурузнымі або рысавамі аладкамі, якія сама пяку, сушы. Калі ж даводзіцца перакусіць у горадзе, то гэта “Рэтра-піцца”, “Карчма”, “Раскоша” і зараз яшчэ “Гудзіні” - там вельмі добрыя сушы.

Мікалай Фядытнік, інжынер-сістэматэхнік: Здаровае харчаванне для нашай сям’і – ужываць як мага менш смажанага. Стараемся, каб кожны дзень быў суп, салаткі – рэдкасць на нашым стале. Звычайна я абедаю на працы і бяру штосьці з дому.

Але ў посныя дні, калі не ўжываю мяса, гэта дастаткова складана, таму харчуюся ў афіцэрскай сталоўцы недалёка ад працы. Звычайна замаўляю суп і гарнір, часам рыбу. Там добра гатуюць, лепш, чым у студэнцкай сталоўцы насупраць.

Ірына Новік, выкладчыца: Стараюся харчавацца толькі дома, бо працую, у асноўным, палову дня. Да таго ж блізка працы няма больш-менш прыстойных кавярняў, а ў сталоўках харчавацца не магу, бо пасля ежы, якую там прапануюць, баліць страўнік. Калі ведаю, што буду на працы цэлы дзень, то бяру ежу з сабою. Звычайна гэта салатка з сырой агародніны і кавалак белага мяса ці пару яек. Хлеб стараюся не есці. Для запраўкі салаткі выкарыстоўваю тварог, мяккі сыр, кшталту адыгейскага, ці смятану. Маянэз не ўжываю, алей - зрэдку. На той выпадак, калі нічога не ўзяла, на працы ў шафе ёсць дзяжурны пачак аўсяных шматкоў. З яблыкам ці бананам, якія амаль заўсёды маю з сабой, хапае трошку насыціцца.

Калі голад застаў там, дзе няма маіх запасаў, то купляю ў краме пітны ёгурт ці кефір або тваражок без глазуры і банан. Калі ёсць магчымасць памыць, купляю некалькі яблыкаў, калі не - апельсіны. З салодкага ўжываю зефір і аўсянае печыва, зрэдку - чорны шакалад. Гэтыя прадукты утрымліваюць найменш калорыяў і больш-менш натуральныя, нават адносна карысныя.

Антон Бекіш, баксёр: Я абедаю дома. Звычайна гэта садавіна, агародніна, мяса. На жаль, яны зараз не вельмі якасныя. У боксе спартсмен мусіць захоўваць сваю вагавую катэгорыю, таму даводзіцца абмяжоўваць памер порцыі, але часам, калі мне вельмі хочацца, магу і фаст-фуд сабе дазволіць.

Яўген Сліж, выкладчык: Я вегетарыянец. Харчуюся на працы, у сталоўцы вучэльні. Паколькі меню арыентаванае на студэнтаў, то атрымліваецца больш-менш збалансаваны абед, які ўключае першую, другую стравы і кампот. Суп я ем, бо ён без мяса, гарнір бяру з салаткай. З другога боку, гэта і эканамічна выгадна: паколькі я вегетарыянец, то порцыя без мяса абыходзіцца на палову менш.

Наталля Жалезная, педыятр: Для мяне здаровае харчаванне – гэта якасны набор прадуктаў, з каторых я гатую. У меню абавязкова павінен быць суп і адваранае ці тушанае мяса. Сасіскі, сардэлькі, каўбаскі і ёгурты, пакетаваныя сокі непрымальныя ў нашым меню.

Часцей за ўсё я харчуюся на працы, але з-за недахопу часу, калі трэба наведваць хворых на ўчастку, п’ю толькі чай з сухафруктамі. Калі даводзіцца харчавацца ў горадзе, набываю кефір або банан.

Вячаслаў, праграміст: У нас сям’я вегетарыянцаў, раней практыкавалі сыраедства, у хуткім часе зноўку плануем да яго вярнуцца. Зараз маю аддаленую працу, але калі працаваў ў офісе, часцей за ўсё браў ежу з сабою: нейкую салатку, садавіну ці агародніну. Калі такой магчымасці не было, то хадзіў у кафэ ці рэстаран, напрыклад, “Рэтра-піцца”, паколькі ў сталоўках, на мой погляд, дастаткова абмежаваны выбар. Але, думаю, у любым кафэ можна замовіць салатку з агародніны ці садавіны, кашу або тушаную агародніну. У крайнім выпадку можна забегчы ў краму і набыць там садавіну, тварог, сыр, кефір ці смятану.

Изучаем гродненские кафе: где в центре города перекусить здорово и быстро?
Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость