05.09.2017 / 10:09

Дзевяноста відаў птушак за дванаццаць гадзін і толькі сёмае месца. З такімі вынікамі завяршыўся сёлета ўдзел каманды гарадзенскіх аматараў птушак “Гарадзенскія Unitet” у XIV-ым адкрытым чэмпіянаце па спартыўнай арніталогіі Birdrace-2017, які адбыўся ў мінулую суботу.  Каб высветліць, на што разлічвала каманда і што з гэтага атрымалася, разам з удзельнікамі ў гонку за птушкамі адправіліся і мы.

За некалькі хвілін да пачатку спаборніцтва каманда прыбыла на сваё месца старту – вёска Хамікі Гродзенскага раёна. Галоўная мэта – за дванаццаць гадзін, з шасці раніцы і да шасці вечара, адзначыць (убачыць або пачуць) як мага больш відаў птушак. У складзе каманды былі вопытныя бёдвотчары і арнітолагі: рэдактар сайту “Птушкі штодня” Дзьмітры Вінчэўскі, старшыня АПБ Аляксандр Вінчэўскі, сябра АПБ Юрый Квач і капітан каманды – старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ, Андрэй Храмогін.

Сёлета за званне лепшых ў чэмпіянаце змагаліся аж адзінаццаць каманд з усёй Беларусі. Па словах удзельнікаў, надвор’е спрыяльнае  і не выключныя новыя рэкорды па колькасці відаў птушак сярод каманд-удзельніц. А вось пра свае шанцы на перамогу чальцы каманды распавялі наступнае:

Андрэй Храмогін: “Стараюся ўдзельнічаць у чэмпіянаце кожны год. Спадзяемся на перамогу канешне. Так, у нас тут няма так бы мовіць супербагатых месцаў на птушак, накшталт буйных рыбгасаў. Але ня гледзечы на гэта мы заўсёды паказваем не благі вынік. І зараз на гэта вельмі разлічваем.”

Дзьмітры Вінчэўскі: “Памятаю свае самыя першыя бёрдрэйсы. Было трошкі цяжкававата, хаця яны доўжыліся ўсяго дзевяць гадзін у параўнанні з цяперашнімі дванаццацю. Не хапала пэўна адпаведнага настрою. Цяпер ужо гэта справа добра вядомая і з самай раніцы гэты настрой прысутнічае. Можа нават не тое каб на перамогу, але на добрае спаборніцтва і цікавыя назіранні за птушкамі настрой ёсць. Тым больш што ў нас сабралася адпаведная каманда. Усе людзі больш-менш з высокім узроўнем назіранняў.”

Аляксандр Вінчэўскі: “У складзе менавіта гарадзенскай каманды ўдзельнічаю ўпершыню. Разлічваю на годны выступ. Хаця б увайсці ў пяцёрку лепшых каманд.”

Юрый Квач: “Гэта ўжо мой трэці бёрдрэйс. Мне асабіста проста падабаецца назіраць за птушкамі. Мне важна цікавая кампанія і задавальненне ад назіранняў. А перамога для мяне рэч другасная. Хаця канешне гэта было б безумоўна прыемна.”

Вось на гадзінніку ўжо шэсць гадзін раніцы і каманда адразу пачынае шукаць птушак. Літаральна праз некалькі секунд скрозь асенні ранішні паўзмрок далятае голас першага віду – малінаўкі. Пачатак ёсць! За тры гадзіны пошукаў было адзначыла больш за сорак відаў. Значная частка – лясныя ды палявыя птушкі. І вось зноў чарговы птушыны голас. Капітан каманды Андрэй Храмогін адразу пазнае ў ім звычайнага паўзунка. Але нажаль птушку пачулі ня ўсе. І гэта яшчэ адно важнае правіла чэмпіянату – убачыць або пачуць птушку павінна абавязкова ўся каманда! У выніку від не залічаны і не адпраўляецца ў агульны спіс. 
 

Змяняем месца назіранняў. Першы прыпынак – вадасховішча ля в. Карозічы. Тут бёдвотчараў чакалі качкі, коўры, кулікі і прыемны падарунак, рэдкі на міграцыі від – малая чайка. Далей спіс відаў папаўняўся больш павольнымі тэмпамі. На вадасховішчы ля в. Дарошавічы адзначылі палявога жаўрука, за лебедзямі-шыпунамі заехалі на рыбгас ля в. Каеняўцы. Праязджаючы праз Гродна, ў спіс дадалі шэрую варону, каўку і грака. А вось каб убачыць белага бусла, прыйшлося ехаць на гарадскую сметніцу, дзе яшчэ як высветлілася кармілася адна птушка. Апошні прыпынак – ачышчальныя Азота ля в. Беражаны, дзе каманда “Гарадзенскія Unitet” адзначыла апошнія віды і завяршыла свой удзел.

Пад час чэмпіянату да каманды часам падыходзілі мясцовыя жыхары. Каб пацікавіцца, што гэта за дзіўныя людзі з трубамі і біноклямі. І нават зблыталі з геадэзістамі. Быццам бы ўсе стаяць і нешта адмяраць. А вось працаўнікі вадасховішча ля в. Карозічы ўжо нават прывыклі, што арнітолагі сюды часта наведваюцца і проста падыходзяць павітацца. Але нязменным заставалася адно – кожны абавязкова пачынаў распавядаць сваю гісторыі пра птушак. То шпакі ўсе чарэшні здзяўблі, то хтосьці стаў сведкам, як лебедзь-клікун збіваў лебядзяў-шыпуноў. А адзін працаўнік вадасховішча нават пахваліўся здымкам чаплі-бугая, якую зняў на свой смартфон з блізкай адлегласці. Пра птушак ёсць што распавесці не толькі адмыслоўцам…

Па словах удзельнікаў каманды “Гарадзенскія Unitet”, сёлетняя гонка за птушкамі ў цэлым ім спадабалася. Хаця нажаль не ўдалося ўбачыць тых рэдкіх відаў, якіх удзельнікі каманды адзначалі літаральна за дзень да чэмпіянату, падчас пробнага выезду – стэпавага луня і чорнага каршуна. Не парадавалі вялікай відавой разнастайнасцю кулікі, не трапіліся на вочы скапа, арлан-белахвост і нават чорны свіргуль. І ўвогуле не шмат было рэдкіх птушак у параўнанні з мінулым разам. Але ня гледзечы на гэта, парадавала добрае надвор’е, малая чайка і белы бусел, якога пад час бёрдрэйсу не кожны раз удаецца адзначыць. І варта таксама дадаць, што было сапраўды бачна, што каманда працавала пазітыўна, зладжана і атрымала ад удзелу толькі задавальненне. А што датычыцца перамогі, то як кажуць: фартуна пані зменлівая! Некалі павернецца ў бок і гарадзенскай каманды.

Автор:
Фотограф:
Сяргей Саковіч
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость