Чарнобыль у тварах. Як аварыя на ЧАЭС змяніла лёсы людзей. Гісторыя перасяленцаў з Глухавічаў

«Калі пераехалі, то было халодна. А потым здарылася ў мяне такое няшчасце: захварэла мая дачка, 33 гады ёй было. Яна памерла, пакінула мне хлопчыка 8 годзікаў. Можа, Чарнобыль паўплываў…» Гісторыя кожнага чалавека, якому давялося пакінуць сваю зямлю пасля аварыі на ЧАЭС, трагічная па-свойму. Перасяленцам давялося пакідаць радзіму, утульныя дамы, жывёлаў. Камусьці пасля Чарнобыля далося перажыць смерць блізкіх. Журналісты з «Радыё Рацыя» падрыхтавалі матэрыял са сведкамі.

06.04.2016 Грамадства Аўтар: Юлія Сівец, Мікола Бянько Фота: Юлія Сівец

Вёска Глухавічы Брагінскага раёна да Чарнобыльскай катастрофы налічвала больш за 200 сем’яў. Усё змянілася пасля аварыі на ЧАЭС. 30 год таму ўсіх жахыроў вёскі перасялілі ў іншыя рэгіёны. Частка з іх патрапіла ў вёску Маркавічы Гомельскага раёна. З тых часоў для глухавіцкіх перасяленцаў жыццё падзялілася на «тут» і «там», «да» і «пасля» трагедыі.

Вёска Маркавічы Гомельскага раёна – прыпамежная з Украінай зона. У 1986 годзе, пасля аварыі на ЧАЭС, Маркавічы сталі другой радзімай для глухавіцкіх перасяленцаў. Менавіта тут мы пазнаёміліся з сям’ёй Пікуляў, якія цягам 30 год сваю родную вёску могуць бачыць толькі адзін раз на год: на Радуніцу (толькі ў гэтыя дні выселеныя вёскі становяцца адкрытымі для наведвання).

Таццяна і Валянцін Пікулі на ганку дома

Вёска Глухавічы Брагінскага раёна была цалкам пераселеная ў 1986 годзе. Да трагедыі тут пражывалі каля 1000 чалавек (268 двароў). Глухавічы – старая вёска, узнікла ў XV стагоддзі. У ХІХ ст. у ёй была народная вучэльня, дзейнічала царкоўнапрыходская школа. І працаваў спіртаачышчальны завод, памяць пра які захавалася ва ўспамінах перасяленцаў. Асабліва ўзгадваюць вясковую легенду, калі спірт з завода трапіў у канаву і людзі адтуль яго збіралі. Але больш за ўсё ўзгадваюць перасяленцы з Глухавічаў сваю зямлю. «Там прырода была прыгажэй. Там жа і яблык быў як яблык. І вішні былі. І ўсё радзіла. А тут слівы былі, дык пасохлі», – гаворыць Валянцін Пікуль.

 

Дзень аварыі

Перасяленцы вельмі добра памятаюць дзень, калі здарылася аварыя на ЧАЭС.

Нічога не прадракала бяды. Нам на ферме трэба было павыкідаць гной. Напярэдадні брыгадзір сказаў: «Заўтра ўсе прыйдзеце на свае месцы». 26 красавіка ўсё было, як звычайна: папораліся дома, падрыхтавалі ўсё па гаспадарцы і пайшлі на працу. Прыходзім, чакаем машыны, каб выкідаць гной са станкоў. Пасядзелі да дзевяці гадзін – няма машыны. Пасядзелі пазней. Прыходзіць брыгадзір і гаворыць: «Ідзіце дадому, сёння рабочы дзень не будзе працягвацца, таму што ўсе машыны пайшлі на Чарнобыль», – узгадвае дзень, калі адбылася аварыя, Таццяна Пікуль.

Аварыя на ЧАЭС адбылася прыкладна а 01:24 ночы 26 красавіка 1986 года. На чацвёртым энергаблоку электрастанцыі, што размяшчалася непадалёк ад горада Прыпяць, адбыўся выбух, які разбурыў рэактар. Аднак пра аварыю людзі даведаліся не адразу.

– Што такое Чарнобыль, ніхто не абвяшчаў ні па тэлевізары, ні па радыё. Не было разумення пра радыяцыю, ніхто не быў азнаёмлены пра небяспеку. Толькі ў тую раніцу запомнілася, што быў вялікі туман. А яшчэ выйдзеш на вуліцу, здаецца, нібыта перцам у роце намазана – шчыпле, – такім Таццяна Пікуль запомніла 26 красавіка.

Таццяна Пікуль

Некалькі дзён пасля аварыі жыхары Глухавічаў не працавалі. Расхваляванаму насельніцтву ніхто нічога не тлумачыў. Толькі старшыня калгаса абвясціў праз некалькі дзён, што працы не будзе два тыдні і неабходна здаць усё быдла, якое маецца.

– Старшыня сказаў: «Кароваў здавайце, парасятаў, калі ў каго маюцца, таксама, таму што яны непрыдатныя, бо апрамененыя». Мы зрабілі так, як камандавала нашае начальства. Паздавалі худобу. А таксама нас папярэдзілі, што могуць у нашую вёску прыслаць перасяленцаў, якія знаходзяцца бліжэй да Чарнобыля. Канешне, гэтая вестка была непрыемнай, але мы ўсе паставіліся з разуменнем, – дзеліцца ўспамінамі Таццянна Пікуль.

Вёска Глухавічы знаходзіцца за 5 кіламетраў ад Брагіна. Адлегласць паміж раённым цэнтрам і Прыпяццю па прамой – каля 50 км, па трасе – 102 км. То бок ад Брагіна да ЧАЭС можна было даехаць за паўтары гадзіны. Брагінскі раён найбольш пацярпеў ад Чарнобыльскай трагедыі. Адтуль было выселена 52 населеныя пункты. Частка Брагіншчыны адносіцца да зоны адчужання і з’яўляецца тэрыторыяй Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.

Валянцін Пікуль таксама вельмі добра запомніў дзень аварыі:

– У мяне быў конь, якога я па вясне ўзяў. Мы збіраліся гарод сеяць. Вялікдзень акурат быў. А тут гляджу, самалёты ляцяць, і кажуць, што Чарнобыль выбухнуў. А 27 ці 28 красавіка нас усіх высялілі. Нас спачатку ў Хракавічы адвезлі, частку жыхароў нашай вёскі яшчэ кудысьці. Карацей, увесь калгас разагналі каго куды. Іншыя вёскі (Сабалі, Красная гара і іншыя) таксама высялілі.

Валянцін Пікуль

Паводле ўспамінаў Пікуляў, пасля аварыі ім давалі піць таблеткі ёду, а таксама забаранілі піць малако мясцовых кароў.

 

Адсяленне: узялі толькі самае неабходнае

Вёска Глухавічы, як і іншыя пяцьсот населеных пунктаў, знікла з мапы Беларусі пасля Чарнобыльскай катастрофы. Для яе жыхароў вымушанае перасяленне было такой жа трагедыяй, як і сама аварыя на ЧАЭС. Бо людзям давялося пакідаць усё: дом, жывёлаў, могілкі, дзе пахаваныя продкі. Таццяна Пікуль узгадвае, як 30 гадоў таму давялося з’язджаць з роднай вёскі:

– Пасля аварыі мы сядзелі ўсёй вёскай без працы. На вуліцы пасядзім, увечары збярэмся і абмяркоўваем з суседзямі. А потым нас сабраў старшыня і сказаў, каб мы да сябе перасяленцаў не чакалі, бо мы будзем адсяляцца самі.

Таццяне і Валянціну Пікулю давялося з’язджаць з роднай вёскі Глухавічы Брагінскага раёна, калі ім было каля 50 год. Спачатку жыхарам вёскі казалі, што іх адсяляюць часова.

Мы ўзялі толькі самае неабходнае: коўдру, падушку, адзенне, каб пераапрануцца. І вось сталі падганяць машыны і ўсіх эвакуяваць, – гаворыць Таццяна Пікуль.

Валянцін Пікуль кажа, што першыя гады ўлады абяцалі, што ўсіх па вясне заселяць назад.

– Падавалі нам новыя хаты, дзе правялі тэлефоны. А мая жонка кажа: «На чорта нам той тэлефон, мы ж ўвесну дадому паедзем…» Якое там дадому! Толькі ўвесну з’ездзілі ды пабачылі могілкі. Я адзін раз і ездзіў.

Конь Малыш, якога гадуе Валянцін Пікуль

Уладзімір Шыпкоў – жыхар вёскі Маркавічы, куды перасялілі глухавіцкія сем’і, спачувальна кажа:

– Калі паразважаць, дык іх высялілі, калі ім было па год 45-50. Гэта як мне цяпер. Дык у такім узросце ўсё набудавана, усё сваё ёсць. І кудысьці з’ехаць, усё кінуць – гэта проста я не ведаю… Я б нікуды, напэўна, не паехаў. Напэўна, дакладна застаўся б. Але ж тады Савецкі Саюз быў: «дан пріказ ему на запад» – і ўсе паехалі.

Колішняя жыхарка Глухавічаў, якая жыве цяпер у Маркавічах, Клаўдзія Маісеенка са слязьмі распавядае пра свой вымушаны ад’езд.

Клаўдзія Маісеенка

– Там жа кінула (сіратою будавала) новую хату. Гаспадар яе бляхай накрыў. Сарай вялікі пабудавалі. Карову трымалі, свінні, гусі былі… І ўсё кінулі.

Таццяна Пікуль таксама са шкадаваннем узгадвае пра дом, які давялося пакінуць у Глухавічах: «Што я пакінула? Дом, сарай, які толькі два гады як пабудавалі. І калодзеж выкапалі, і сад пасадзілі. І дом шаляваць хацелі, дык шалёўкі накідалі. Былі і каты, і сабакі, і качкі, і куры – і ўсё засталося там».

 

Новы дом

Спачатку жыхароў Глухавічаў адсялілі ў Хракавічы Брагінскага раёна. Сям’ю Пікуляў падсялілі да чужых людзей.

– Там жыла жанчына з мужам. У іх быў домік на два пакоі. Нам яны ў другой палове далі сваю канапу. І жылі мы там спачатку ўсе разам: я, мама мая, гаспадар, – гаворыць Таццяна Пікуль.

Была арганізаваная часовая сталовая, дзе перасяленцаў кармілі тры разы на дзень. Дзецям давалі на харчаванне талоны. На тыя талоны, якія не выкарыстоўваліся, можна было набыць прадукты: напрыклад, тушонкі ці сухога малака.

Стаўленне да перасяленцаў было рознае. Як кажуць колішнія жыхары Глухавічаў, няма роду без выроду. Былі выпадкі і негатыўных адносінаў. Бо камусьці не падабалася, што падсялілі чужых людзей. Часам у крамах казалі: «О, чарнобыльцы, панаязджалі сюды. Хто будзе пасля вас булку браць?»

У Хракавічах сям’я Пікуляў пражыла да верасня 1986 года. Аднак потым сем’і, дзе былі дзеці школьнага ўзросту, перасялілі ў Маркавічы. У Маркавічах, як узгадвае Валянцін Пікуль, да перасяленцаў паставіліся збольшага добра: «Я з сабой з Глухавіч каня прывёз. Дык мяне і ў роднай вёсцы паважалі. І тутэйшыя людзі добра ставяцца».

Карэнны жыхар Маркавічаў Уладзімір Шыпкоў таксама заўважае, што іх вёска перасяленцаў добра ўспрыняла.

– Мне гадоў 16 было, як іх прывезлі. Большасць паставілася са спачуваннем. У нашай вёсцы разважалі так: калі ў людзей такое гора і іх накіравалі сюды, то няхай жывуць. – А потым з усмешкай дадае, паглядаючы на сваю жонку, якая прыехала акурат з Глухавічаў. – Тым болей, папрыязджалі па ўзросце жаніхі і нявесты. Клуб – вялікі. Усім месца хапала.

Дамы для перасяленцаў будавалі паскоранымі тэмпамі: чатыры-пяць-шэсць дзён – і дом гатовы. Перасяленцам даводзілася змагацца не толькі з настальгіяй па родных мясцінах, але і з холадам. Бо новыя дамы былі халоднымі. Часта іх не было, чым абаграваць.

Дом для перасяленцаў

 

Не дай жа, божа, матцы дзетак хаваць

Перасяленцы пакінулі дом, жывёлаў, сваю зямлю. Аднак не толькі гэтую трагедыю прынёс ім Чарнобыль. Некаторым давялося развітацца і з роднымі дзецьмі. У Таццяны Пікуль памерла старэйшая дачка.

Таццяна Пікуль:

– Здарылася ў мяне няшчасце. Захварэла мая дачка. 33 гады ёй было, калі яна памерла. Пакінула мне хлопчыка. 8 год. Вырасціла сіраціну. Можа, Чарнобыль паўплываў. У 1986 годзе яна нарадзіла. Не ведаю, у чым прычына. Ёй і хіміятэрапію рабілі. І апраменьвалі. Але не маглі аніяк выратаваць. Пайшлі ў яе метастазы. Немагчыма было ёй не тое што харчавацца, напіцца не магла. Памерла ў мяне на руках. Ужо будзе 22 гады, як пахавала, – плача Таццяна Пікуль.

Памерла дзіця і ў Клаўдзіі Маісеенкі, якую таксама перасялілі з Глухавічаў у Маркавічы.

– Меншы сын – ніколі не хварэў, дома нарадзіўся, прышчэпак не рабілі. У войска схадзіў. Ён рабіў шафёрам. Пасля аварыі давялося яму вазіць грузы і людзей. Сын у Брагіне і застаўся. Бацька яму казаў: «Што ты ў тым Брагіне застаўся. Усе брагінцы з’ехалі». А сын яму і адказваў: «Я Брагіну не здраджу». А потым пачаліся праблемы са страўнікам. Пасля другой аперацыі лекар сказаў, што ён доўга не пражыве. Вось так ён на маіх вачах і памёр. Не дай жа, божа, матцы дзетак хаваць.

 

І сніцца мне дом…

Перасяленцы з настальгіяй узгадваюць сваю родную вёску Глухавічы.

– У нас вёска вялікая была. Жылі мы добра. Заробкі былі добрыя. Часта сніцца вёска: нібыта хочацца ўсё дадому, падаецца, што трэба там усё палоць і прыбіраць. І хочацца туды паехаць. Толькі няма куды ехаць, бо там ужо ўсё разбітае і разламанае, – з жалем кажа Таццяна Пікуль.

– У калгасе была, і сады былі, і садовая брыгада. І капусты насадзяць, і памідораў. А тутака нічога не расце. Во пясок. Дождж лье-лье, а дзень прайшло – пясок ляціць. А там два дажджы пройдзе, і нічога не трэба, – настальгуе па добрай зямлі Валянцін Пікуль.

І як бы добра ні прынялі перасяленцаў, аднак радзіма для іх засталася ўсё роўна ў той вёсцы, якая цяпер знаходзіцца ў зоне адчужання і куды патрапіць можна толькі адзін раз на год – на Радуніцу.

 

P.S. Пасля выхаду рэпартажу на «Радыё Рацыя» колішнія жыхары вёскі Глухавічы, якіх параскідала па розных мясцінах, размясцілі ў сацыяльных сетках дадзены матэрыял, пад якім пачалі пісаць такія каментары (стыль і арфаграфія пакінутыя):

Раиса Худоешко (Демченко):

слушаю заметку и плачу

Валентина Лутченко:

не смогла дослушать….сердце прихватывает….

Любовь Колоцей(Осипенко):

Это голос тети Тани Пикуль. ОТЛИЧНОЕ жилье и газ не заменят родных Глухович. 30 лет прошло, а Марковичи остаются местом, где живут мои родные, а не малой родиной. Душа сжимается от печали и такой беды.

 

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: СПЕЦПРАЕКТ «ЧАРНОБЫЛЬ У ТВАРАХ»

Измерить невидимое: Как выбрать дозиметр и где его купить

Как очистить радиоактивные продукты в домашних условиях

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 06.04.2016

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.