Валанцёр Антон: «У Зялёную сетку прыйшоў, каб было цікава жыць і не дэпрэсаваць»

Антон, студэнт Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, вывучае адразу ажно 3 мовы: агнельскую, французскую і польскую. Пайсці ў валанцёры яго падштурхнуў страх перад будучыняй і прафесійны прагматызм, а пасля, як кажуць, зацягнула. Зялёны партал пачынае знаёміць сваіх чытачоў з валанцёрамі і валанцёркамі Таварыства «Зялёная сетка».

06.05.2017 Жыццё ў стылі «эка» Аўтар: Хрысціна Чарняўская Фота: Хрысціна Чарняўская, Дзяніс Зелянко

«Першапачаткова я стаў валанцёрам, бо баяўся, што пры ўладкаванні на працу не буду мець вопыту перакладаў. Я пачаў шукаць месцы, дзе змог бы прымяніць свае веды, выйшаў на кінафестывалі: “Cinema Perpetuum Mobile”, “Лістапад”, фестываль квір-культуры “Dotyk”, часопіс “Makeout”. Цяпер жа гэта для мяне магчымасць пастаянна быць актыўным. Бо не хапае толькі вучобы, каб было цікава жыць і не дэпрэсаваць.

Да ўсяго, паўсюдна стала так шмат сяброў, таму ўдзел у нечым — гэта як схадзіць да іх у госці», — смяецца Антон.

У валанцёрскую службу Зялёнай сеткі ён трапіў пасля ўдзелу ў мерапрыемстве для актыўных і пазітыўных памочнікаў «зялёных». Пасля чаго стаў ледзьве не самым пастаянным удзельнікам розных івэнтаў.

«У кожнай акцыі я адчуваю свой унёсак у агульную справу для наваколля. Памятаю ўсё-ўсё, але асабліва ганаруся пабудовай шпакоўняў. Мне даўно хацелася навучыцца майстраваць домікі для птушак, і тут мара збылася», — кажа хлопец.

Наш герой не  выключае, што ў будучым пачне рэалізоўваць самастойныя праекты, тым больш што некалькі ідэй у Антона ўжо ёсць. А пакуль ён пачаў з арганізацыі раздзельнага збору смецця ў сваім універсітэце. Працэс падзавіс на стадыі перамоў з адміністрацыяй установы. Аднак хлопец ужо паспеў заручыцца падтрымкай ініцыятывы «Мэта 99».

Антон не хавае свайго жадання займацца экалагічнай адукацыяй дзяцей:

«Мне хацелася б пахадзіць па школах і замест, напрыклад, урока біялогіі ці традыцыйных суботнікаў, калі дзяцей выганяюць на стадыён збіраць акуркі, паехаць з імі ў лес, прыбрацца, наглядна давесці пра праблему смецця ў наваколлі. Зладзіць тэматычныя лекцыі аб раздзельным зборы адходаў. Бо калі заахвоціць дзяцей, яны змогуць паўплываць на сваіх бацькоў».

А вось у прафесійнай будучыні хлопцу цяжка ўявіць пастаянную працу з аднатыпнымі перакладамі. Пакуль ён знаходзіцца ў актыўным пошуку цікавай прапановы, якая  магла б задаволіць яго амбіцыі і адпавядаць інтарэсам.

Арымаецца так ці не, для Антона самаго пакуль загадка. Але хлопец стараецца глядзець на жыццё з пазітыўнага боку, кіруючыся сваім настроем і жаданнем пазбегнуць апатыі. Яго памкненні добра адлюстроўвае  выраз: лепш шкадаваць пра тое, што ты паспрабаваў зрабіць, чым пра тое, за што зусім не ўзяўся.

 

Суполкі валанцёрскай службы Зялёнай сеткі ў сацыяльных сетках: facebook, Вконтакте, Instagram. Далучайцеся да нас!

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 06.05.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.