Сумеснымі намаганнямі актывісты і актывісткі Мінскай урбаністычнай платформы і грамадскага аб'яднання "Экадом" распрацавалі праект па добраўпарадкаванні і развіцці Котаўкі на аснове ідэй і пажаданняў мясцовых жыхароў. Згодна з ім на тэрыторыі сквера павінна адбыцца пэўнае заніраванне: з'явяцца пляцоўка для забавак дзяцей, пляцоўка для выгулу сабак і іншыя архітэктурныя формы, што дазволяць гараджанам актыўна выкарыстоўваць і атрымоўваць эстэтычную асалоду ад гэтай зялёнай зоны.
-
Фотарэпартаж: жыхарам Сельгаспасёлка прэзентавалі будучыя змяненні Котаўкі
-
Котаўцы патрэбны якасны менеджмент: што зараз робіць грамадскасць у скверы?
І ў мінулым годзе пэўныя ідэі ўжо пачалі ажыццяўляцца. Па вясне ўздоўж вуліцы Міліярацыйнай высадзілі кусты, якія з цягам часу павінны стаць "жывым" плотам. Але ўжо сёння яны не дазваляюць паркаваць аўтамабілі непасрэдна на зялёнай зоне сквера. Зімой на самай папулярнай горцы Котаўцы ўсталявалі пад'ёмнік.
Бягучай вясной добраўпарадкаванне працягнулася — на гэты раз у скверы высадзілі 300 кусотоў, навялі агульны парадак. Карэспандэнтка Зялёнага партала актыўна паўдзельнічала ў падрыхтоўцы …
312 кустоў для Котаўкі
Вядома, што саарганізаваць вялікае "свята" знянацку не атрымаецца. Падрыхтоўка да суботніка пачалася задоўга да мая. Аднак непасрэдна перад днём "Х" актывістка Экадома Марына Дубіна і каардынатар кампаніі "Гарадскі Ляснічы" Ігар Корзун адправіліся ў пітомнік "Мінскзеленбуда" Броўкі.
Дрэвава-дэкаратыўны пітомнік ў сельгасе "Броўкі" быў створаны ў 1975 годзе. Арыентавана гэтага унітарнага прадпрыемства на вырошчванні пасадачнага матэрыяла і насення газонных траваў.
На месцы іх ужо чакалі загадзя падрыхтаваныя кусцікі біручыны і шыпшыны ў агульнай колькасці да 312 штук. Усе яны былі акуратна і ўважліва перагледжаны, каб ўпэўніцца, што ўсе кусты былі прыгодныя для высадкі.
Абрэзка для дыхання дрэваў
Яшчэ адным мерапрыемствам у комплексе добраўпарадкавання стала "чыстка" кронаў дрэваў, якую правялі чацвёртага мая арбарысты (абрэзчыкі) з Alpminsk. Яны вычысцілі ад сухога і пашкоджанага галля ля 20 дрэваў.
Такога кшталту работы неабходна праводзіць для падтрымання дрэваў у здаровым і квітнеючым выглядзе. Менавіта своечасовы дагляд і "лячэнне" дазваляе не толькі гарантаваць бяспеку людзей, але і стварыць больш спрыяльныя ўмовы для росту і больш даўгавечнага жыцця насаджэнняў.
25 добраахвотнікаў на вялікім суботніку ў Котаўцы
Суботнік, 5 мая, можна назваць, бадай, самым масавым і вялікім, не толькі ў колькасці яго ўдзельнікаў, але і ў актыўнасцях, якія прапаноўваліся людзям. Ад самага пачатку людзі раздзяліліся на групкі: хтосьці ўзяўся збіраць па ўсёй тэрыторыі сквера бытавое смецце, камусьці было больш спадручна пацягаць спілаванае галлё.
Аднак самы ажыятаж пачаўся, калі прыйшоў час высадкі кустоў. І тут таксама кожнаму знайшлося, што рабіць: хтосьці ўзяўся рабіць лункі, камусьці было цікавей раскідваць па іх кусты, іншыя насілі зямлю ці ваду для паліва.
За некалькі гадзін сіламі 25 чалавек ўдалося высадзіць усе кусты — найбольшая іх частка размясцілася ўздоўж вуліцы Ізмайлаўскай. У будучым біручына павінна стаць жывой загародкай, раздзяляючай Котаўку ад дарогі.
Шыпшыну ж вырашылі прыстроіць на супрацьлеглым баку, на перасячэнні вуліцы Міліярацыйнай і 1-га завулка Крыловіча, на самым уваходзе ў сквер, абазначыўшы такім чынам адзін з уваходаў у яго.
Фінальным акордам вялікага суботніка стала ўсталяванне таблічак з просьбай прыбіраць за сваімі гадаванцамі. Такім чынам была рэалізавана яшчэ адна ідэя з праекта па добраўпарадкаванні сквера.
Актыўны ўдзел ва ўсіх работа прынялі актывісты і актывісткі грамадскага аб'яднання "Экадом", Мінскай урбаністычнай платформы, валанцёрскага сэрвісу таварыства "Зялёнай сеткі", мясцовыя жыхары, а таксама неабыякавыя гараджане з іншых куткоў Мінска.
У гэтым жа годзе плануецца больш глабальныя пераўтварэнні. І па словах актывістаў і актвістак, паўдзельнічаць у далейшым развіцці можа кожны жадаючы. Дзел гэтага проста напішы на пошту (skverkotauka@gmail.com) ініцыятывы сквера Котаўка.