Котаўцы патрэбны якасны менеджмент: што зараз робіць грамадскасць у скверы?

Супрацьстаянне за сквер «Котаўка» скончылася, зараз там назіраецца зацішша, і быццам бы нічога не адбываецца. Аднак гэта зусім не так. Зялёны партал пагутарыў з Інай Панчкоўскай з прававога аддзела Таварыства «Зялёная сетка», Ігарам Корзунам, каардынатарам кампаніі «Гарадскі Ляснічы», і Андрэем Карпека з Мінскай урбаністычнай платформы пра добраўпарадкаванне сквера, камунікацыю з мясцовымі жыхарамі і дзяржаўнымі органамі і пра тое, хто і за што нясе адказнасць у Котаўцы.

17.07.2017 Грамадства Аўтар: Хрысціна Чарняўская Фота: Хрысціна Чарняўская, Instagram

Амаль паўгады цягнулася барацьба за невялічкую зялёную зону ў сталічным Сяльгаспасёлку. Напачатку гэта былі абсалютна нявінныя дзяжурствы мясцовых і экаактывістаў у скверы, перапіска з дзяржаўнымі органамі, спробы наладзіць дыялог з усімі зацікаўленымі бакамі, пошук варыянтаў спыніць высечку дрэваў без стратаў для мясцовых і католікаў. Аднак калі зімой сітуацыя перарасла ў адкрыты сілавы канфлікт, горад вырашыў адступіць: загадаў выдзяліць забудоўшчыку іншы ўчастак, а мясцовым і актывістам пакінуць Котаўку, абавязаўшы апошніх несці адказнасць за сквер.

Не так даўно эколагаў папракнулі ў тым, што «атрымаўшы» Котаўку, яны нічога там не робяць. А ці агаворваліся ўмовы, што павінна адбыцца пасля сканчэння канфліктнай сітуацыі?

Ігар: Ды не было ніякіх умоў, акрамя як прытрымлівацца законных патрабаванняў.

Іна: Гэта быў не гандаль, як мне падаецца. Выраз Андрэя Шораца наконт такого, што «вы, эколагі, грамадскасць, адстаялі сквер, дык бярыце яго пад апеку і займайцеся ім»...

Ігар: ...і зрабіце з яго прыгожы еўрапейскі парк.

Іна: Хутчэй пінок у наш адрас. Дэманстрацыя шырокага жэсту...

Калі не было канкрэтных умоў, што тады зрабілі Таварыства «Зялёная сетка», Мінская убраністычная платформа па добраўпарадкаванні сквера?

Іна: Калі яшчэ ішло супрацьстаянне, мы зрабілі акцэнт на тым, што сярод мясцовых сфарміравана даволі моцнаясупольнасць, з якой можна весці дыялог. Мы не маглі страціць гэтую магчымасць і працягнулі з імі работу па добраўпарадкаванні Котаўкі. Нам хацелася, каб людзі адчувалі сябе гаспадарамі тэрыторыі, побач з якой жывуць, неслі за яе адказнасць.

Ігар: І не проста ўсталяваць малыя архітэктурныя формы ці інфраструктурныя аб'екты кшталту дзіцячай і спартыўнай пляцовак, а разабрацца ў патрэбах мясцовых жыхароў і, сыходзячы з гэтага, зрабіць добраўпарадкаванне.

Гэта тое, чаго не зрабіла адміністрацыя, калі пасадзіла ліпавую алею ўздоўж сцежкі, чым зараз нам дакараюць: маўляў, вы там кусты пасадзілі, а мы дрэвы. Але калі садзілі кусты, мы ж спыталі, дзе і што трэба зрабіць. Імі мы адгарадзілі тэрыторыю сквера па вуліцы Міліярацыйнай ад паркуючыхся аўтамабіляў. А раённая адміністрацыя не пацікавілася, якім чынам жыхары карыстаюцца Котаўкай у тую ці іншую пару года.

Вось так у нас працуюць з папяровымі планамі: «Тут сцежка — пасадзім алею», пры гэтым не звяртаючы ўвагу на агульную кампазіцыю сквера, на функцыянал тэрыторыі. Там, дзе была горка, цяпер разбіты кветнік з валунамі. Гэтым самым была аднята адна з функцый Котаўкі, без належнага надання ёй другога значэння.

Наракаюць, што на суботнік адміністрацыі ніхто не прыйшоў. Дык пачакайце, чыя ў гэтым віна? Калі мы арганізоўвалі прыборку з пасадкай кустоў, мясцовыя сабраліся, прынеслі з сабой і сур'ёзны інвентар, і свае пасадачныя матэрыялы. Калі быў Дзень птушак, людзі прыехалі з іншых канцоў горада і былі да таго моманту, пакуль не скончыўся піламатэрыял.

А тое, што ў апошнія месяцы ў скверы нічога не адбываецца, на гэта ёсць цалкам аб'ектыўныя прычыны, і нашыя рэсурсы таксама абмежаваныя. Верагодна, у канцы лета, калі скончацца канікулы, актыўнасць ажыве. Але папярэдне трэба будзе ўзгадніць яе з мясцовымі, а таксама план па скверы. І не плоскі на паперы, а ландшафтны праект.

Раз закранулі пытанне суботніка адміністрацыі раёна, атрымоўваецца, яго не ўзгаднілі ні з мясцовымі, ні з эколагамі?

Ігар: Больш таго, ёсць будаўнічая кампанія «Тамбаз», з якой у нас наладзіліся стасункі, і яна таксама разводзіць рукамі на тое, што адбываецца. Бо ўсё ў Котаўцы «Зелянбуд» робіць са свайго разумення, што і як гэта павінна быць. Не падключаюцца да абмеркавання зацікаўленыя бакі: ні мясцовыя, ні забудоўшчык раёна, ні эколагі пасля доўгіх сацыялагічных даследаванняў.

Аднак вясной усё ж удалося правесці сумеснае мерапрыемства і з адміністрацыяй раёна.

Іна: Адміністрацыя Савецкага раёна запрасіла нас як прадстаўнікоў грамадскасці і мясцовых жахароў абмеркаваць далейшыя дзеянні па добраўпарадкаванні Котаўкі. Нам прапанавалі праз 3 дні правесці суботнік, але мы адмовіліся ад прапановы, бо было занадта мала часу, каб сабраць людзей. Прыпанавалі альтэрнатыўную дату праз тыдзень, каб паспець падрыхтаваць пасадачныя матэрыялы і правесці грунтоўную работу ў скверы. Гэтую дамоўленасць мы нават унеслі ў пратакол сустрэчы. Але тым не менш адміністрацыя правяла свой суботнік з пасадкай тых самых ліп.

Эколагам і ўрбаністам удалося дамовіцца з мясцовымі, было праведзена некалькі сустрэч. Які іх вынік?

Іна: За апошнія месяцы зроблена вельмі шмат: свята пад Новы год для мясцовых жыхароў, Дзень птушак з ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны», уборка ў межах руху «Зробім!», пасадка кустоўя, сустрэчы з мясцовымі жыхарамі, каб зразумець іх патрэбы, функцыянальнасць Котаўкі і магчымасці рэалізацыі ідэй.

На дадзены момант у адміністрацыі Савецкага раёна і кампаніі «Тамбаз» ёсць дамоўленасць аб распрацоўцы праекта добраўпарадкавання ўсёй тэрыторыі сквера, у якім пазначаныя аб'екты расліннага свету. Мы ўключыліся ў гэты дыялог. Забудоўшчык узяў на сябе абавязак па стварэнні дзіцячай пляцоўкі у Котаўцы.

А чаму  «Тамбаз»  на гэта пагадзіўся?

Андрэй: Гэта яго абавязак як забудоўшчыка раёна. Мы высветлілі, што жыхары супраць пляцоўкі ў запланаваным месцы, яны хочуць бачыць яе ў іншым, больш бяспечным. Бо там побач некалькі аўтадарог, і людзі баяцца, што іх дзеці будуць гуляць занадта блізка да аўтамабіляў. Аднесці дзіцячую пляцоўку далей ад забудовы «Тамбаза» — відавочна, кампрамісны варыянт для жыхароў прыватных дамоў і шматпавярховікаў.

Вялася і гаворка пра пэўны тып пакрыцця, бо ніякага асфальтавання ў Котаўцы людзі не хочуць, а аддаюць перавагу чамусьці мяккаму. Мы прапанавалі для дзіцячай пляцоўкі мульчу з кары. Гэта больш прыемны і эстэтычны на выгляд матэрыял.

Ігар: Пры ўсім такое пакрыццё проста аднаўляецца і менш траўманебяспечнае.

Іна: У «Тамбаза» дакладная пазіцыя — не высякаць дрэвы, і адной пляцоўкай усё не абмяжоўваецца. Да яе павінны зрабіць некалькі падыходаў мінімум 3 сцяжынкі, а над ёй будзе цень, дастаткова роўная паверхня і г.д. Гэтыя крытэры трэба ўлічваць.

Андрэй: Так, сапраўды, пляцоўка часткова павінна быць на сонцы, а часткова — у цяні.

На якім этапе праект добраўпарадкавання зараз?

Андрэй: На дадзены момант мы аформілі ўсе пажаданні мясцовых на паперы і накіравалі ў кампанію «Тамбаз». Паралельна распрацавалі прыблізную схему заніравання, якую зараз узгадняюць з жыхарамі. Яны не хочуць маштабных змяненняў у Котаўцы.

Іна: Акрамя сустрэч з сацыёлагамі, архітэктарамі і эколагамі, мы вядзем перамовы з забудоўшчыкам па нашай схеме добраўпарадкавання, па дзіцячай пляцоўцы ад жыхароў. Па плане кампаніі побач з дзіцячай павінна была з’явіцца пляцоўка для дарослых, каб яны маглі займацца, пакуль дзеці капаюцца ў пясочніцы. Жыхары адмовіліся ад гэтага варыянту, прапанаваўшы ўзвесці асобную work-out пляцоўку і асобна дзіцячую.

Андрэй: На наш погляд, гэта вельмі добрая ідэя.

А ці ёсць асабіста ў вас уяўленне пра тое, якім павінны стаць сквер, без прывязкі да ўсякіх праектаў.

Іна: Мне хочацца бачыць дагледжаны сквер, які будзе адпавядаць патрэбам мясцовых жыхароў. Да таго, як назва «Котаўка» загучала ў СМІ, за скверам ніхто не сачыў. Пасля шуміхі «Зелянбуд» стаў маніторыць небяспечныя дрэвы, падраўняў газон і г.д.

Ігар: Я хацеў бы сказаць, што ў справе з Котаўкай была абаронена не толькі зялёная зона — абаронены закон і права грамадзян на выкананне існуючага заканадаўства, на ўдзел у прыняцці рашэнняў.

Сама сітуацыя — гэта квінтэсенцыя таго, што адбываецца з усімі зялёнымі зонамі ў Мінску. У нас адсутнічае інвентарызацыя насаджэнняў, адсутнічае дакладнае разуменне адміністрацый, якія распараджаюцца зялёнымі зонамі, паркамі, бо яны нават не маюць архітэктурных праектаў гэтых тэрыторый.

І калі адміністрацыя кажа, што Котаўка ніколі не меластатуса архітэктурнага аб'екта, дык па такой логіцы нічога не мае. Паглядзіце, што зараз адбываецца з паркам «Дружбы народаў», дзе «Зелянбуд» робіць усё, што заўгодна, са Сляпянскай воднай сістэмай... Хочаце сказаць, у гэтых зон таксама няма архітэктурных праектаў, і можна засаджваць іх кампенсацыйнымі пасадкамі, не зважаючы на кампазіцыю, задумку архітэктараў і распрацоўкі? Гэта ваш догляд за паркамі? Людзі ў «Зелянбудзе» нічога не умеюць рабіць у адносінах да існуючых ландшафтных аб'ектаў.

Андрэй: Ідэальная карціна сквера «Котаўка», у якую хочацца верыць, — што мясцовыя не толькі змаглі адстаяць сквер, але і ўзяць пасільную адказнасць за яго. І гэта не пра функцыі, якія павінны выконваць «Зелянбуд». Гэта пра мэнэджмент Котаўкі.

Раз Ігар закрануў тэму сістэмных памылак, атрымоўваецца, Котаўка стала іх індыкатарам: у парушэнні правоў грамадзян, у добраўпарадкаванні, калі паўсюль ідэальна чыста і роўна, ідэальныя дрэвы, так?

Ігар: Кіёск з поп-корнам, максімальная колькасць лавачак, батут, атракцыёны, а яшчэ шашлычная і шапік з півам — вось гэта сапраўдны парк ва ўяўленні грамадзян. А што такое ландшафтны парк, што парк, які задавальняе не толькі гастранамічныя, фізіялагічныя патрэбы, але і эстэтычныя, разумеюць вельмі мала людзей. Каб адбыліся змены, трэба расказваць, а час ад часу і паказаваць прыклады выдатных паркаў, а таксама аднавіць у нашым горадзе тыя месцы, якія спраектавалі і пабудавалі майстры з Інстытута «Мінскпраект» Зміцер Герашчанка, Мікалай Жлабо і Барыс Юрцін. У свой час яны стваралі сапраўдныя шэдэўры.

Да аднаўлення паркаў трэба падыходзіць асцярожна, бо спатрэбіцца не менш часу, чым растуць дрэвы. Вядома, дрэвы можна спілаваць, але, каб стаць раскідзістымі, велічнымі, таполям спатрэбіцца 70 год.

У той жа Котаўцы ёсць праблема з загушчанасцю «тэрас», магчыма, варта правесці высечку некаторых дрэваў, але выключна пасля грунтоўнага даследавання, знайсці дрэвы-дамінанты і прыгнечаныя. Аднак той стан насаджэнняў, які мы бачым сёння, — вынік неразумнага догляду. Таму што «Зелянбуд» замест планамернай работы 20 год нічога не робіць са скверамі, а затым прыходзіць і за раз выдаляе 30 дрэваў.

Іна: Мне яшчэ бачыцца памылка ў мэнэджменце з боку адміністрацыі раёна. Цалкам не зразумела прэтэнзія наконт нашай адказнасці па добраўпарадкаванні і ўтрыманні канкрэтнай тэрыторыі. Ад грамадскасці патрабуюць несці абавязкі, у тым ліку фінансавыя, па ўтрыманні сквера. Між іншым для гэтага ёсць профільныя арганізацыі, якім выдзяляюцца бюджэтныя сродкі.

Чаму нам гэта пастаянна прыпадносіцца як невыкананне нашых абавязкаў?

Ігар: Сапраўды, чаму арганізацыі, якія маюць бюджэт на догляд за зялёнымі тэрыторыямі, стараюцца зняць з сябе гэты абавязак? Спачатку перакладае на прыход, які будуе касцёл і павінен сачыць за станам сквера. Прычым участак пад забудову быў выдзелены з парушэннем заканадаўства! А пасля, калі грамадзяне адстойваюць сваё права, ім кажуць: «Тады вы самі ўпарадкуйце гэтую тэрыторыю!»

Што ў бліжэйшых планах па працы са скверам?

Андрэй: Мы — актывісты і валанцёры, нам цікава развіццё гэтай тэрыторыі ў інтарэсах мясцовых жыхароў. Зараз мы працуем на звязку, фарміраванне кам'юніці. Плануем не толькі сустрэчы, гутаркі, але і адукацыйны элемент, а таксама нейкую сумесную працу па стварэнні аб'ектаў для Котаўкі. І гэта не будзе візуальна пампезна, як, відавочна, таго жадае адміністрацыя раёна. Гэта будуць невялікія пераўтварэнні.

Першая сустрэча мясцовых, эколагаў і ўрбаністаў па абмеркаванню добраўпарадкавання сквера

Мы збіраемся весці перамовы з бізнэсам наконт пошуку сродкаў на стварэнне крэатыўных форм.

А наколькі жыхары самі здольны дамаўляцца паміж сабой і стварыць моцную кам'юніці?

Андрэй: Моцна адчуваецца напружанне паміж жыхарамі прыватнага сектара і высотнай новай забудовы. У ва многім гэта звязана з тым, што з прыватнай забудовы жыхары ці самі, ці іх бацькі саджалі сквер, і адчуваецца пачуццё належнасці ім Котаўкі. А жыхары шматпавярховікаў успрымаюцца прышлымі, новымі людзьмі. Гэта адчувалася ў час агульных сустрэч, былі канфліктныя моманты.

Якраз гэта яшчэ адна наша задача — прамадэрыраваць канфлікт і прыйсці да агульнага рашэння. Аднак са свайго вопыту працы з жыхарамі розных мікрараёнаў магу сказаць, што нічога новага ў такіх абставінах няма, гэта цалкам нармальна.

Ці ёсць верагоднасць, што сітуацыя з высечкай дрэваў у Котаўцы паўторыцца?

Іна: Тут я бачу невялікія, але пазітыўныя змяненні. Пасля таго, як «Зелянбуд» пабачыў, які рэзананс выклікаюць намеры высекчы дрэвы, у другі раз яны папярэдзілі нас пра запланаваныя працы і прасілі праінфармаваць мясцовых. Аднак, маючы негатыўны вопыт узаемадзеяння з раённымі «Зелянбудамі» і іншымі профільнымі арганізацыямі па доглядзе за аб'ектамі расліннага свету, мы ставім пад сумненне іх экспертнасць і прафесіяналізм. Таму пільна сочым за працамі, хаця давяраць, вядома, хацелася б.

Ігар: Я лічу, што на ўсе працы па выдаленні дрэваў у Котаўцы трэба накласці мараторый да правядзення якаснага маніторынгу ўсіх аб'ектаў расліннага свету.

Іна: Дзяржаўнага ўліку аб'ектаў расліннага свету. Гэта працэдура, якая павінна праводзіцца раз у 5 год з вядзеннем рабочага дзённіка, куды ўносяцца усе дрэвы з апісаннем іх стану, памераў і г.д. Такой практыкі ў Мінску пакуль не было, ва ўсякім выпадку за апошнія 5 год.

Зараз Таварыства «Зялёная сетка», кампанія «Гарадскі Ляснічы» разам з Інстытутам эксперыментальнай батанікі НАН праводзяць карціраванне аб'ектаў расліннага свету на тэрыторыі сквера.

Ігар: Былі абследаваныя аб'екты, сабраныя дадзеныя, якія перадалі ў Інстытут эксперыментальнай батанікі для верыфікацыі.

 

Напрыканцы да размовы далучыўся Яраслаў Бекіш, каардынатар Таварыства «Зялёная сетка». Ён адзначыў, што варта, каб кожны сумленна займаўся сваёй справай, і тады ўсё будзе ў парадку.

«Мы гатовы дапамагаць і абмяркоўваць, рабіць прапановы, штосьці рэалізоўваць самастойна і з мясцовымі жыхарамі. Разлічваем на такога ж кшталту адкрытасць і канструктыўнасць з боку раённых і нарадскіх уладаў», — рэзюмаваў ён.

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 17.07.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.