07.06.2016 / 17:06

У апошнія майскія выхадныя Полацк святкаваў 1154 год ад першай летапіснай згадкі. У горадзе прайшоў шэраг мерапрыемстваў, сярод якіх — імпрэза пад назвай «Зялёная эканоміка як беларускі культурны код». Падчас яе адбылася прэзентацыя экалагічных праектаў, якія рэалізуюцца ў Беларусі пры падтрымцы Еўрапейскага саюза.

Дрэва як сімвал сяброўства

Падзею арганізавала Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі сумесна з Полацкім раённым выканаўчым камітэтам пры падтрымцы Мясцовага фонда спрыяння развіццю міжнароднага дыялогу «Інтэракцыя».

«''Зялёны'' падыход да гаспадаркі — частка беларускай спадчыны, традыцый. Развіваючы «зялёную» эканоміку, Беларусь можа пашырыць магчымасці для прыватнага прадпрымальніцтва, стварыць умовы для выпуску больш якаснай, тэхналагічнай прадукцыі. А ў выніку павысіцца і якасць жыцця беларусаў — дзякуючы больш чыстаму паветру, зручнаму транспарту, новым паркам і месцам адпачынку», — заявілі арганізатары мерапрыемства.

Прадстаўленню шэрагу праектаў, якія рэалізуюцца ў Беларусі пры падтрымцы ЕС, папярэднічала пасадка «дрэва сяброўства» паміж Полацкам і Еўрасаюзам. Маладую тую каля будынка Полацкага райвыканкама пасадзілі Джым Казенс, кіраўнік аддзела палітыкі, прэсы і інфармацыі Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь, і Сяргей Лейчанка, першы намеснік старшыні Полацкага раённага выканаўчага камітэта.

Дарэчы, яны ж правялі брыфінг, падчас якога журналісты задавалі пытанні наконт перспектыў развіцця стасункаў паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, цікавіліся поспехамі ў рэалізацыі праектаў, якія дзейнічаюць сёння. Прадстаўнікоў СМІ Полаччыны, вядома, цікавілі праекты, што тычацца менавіта гэтага рэгіёна.

 

Гарадская мабільнасць і энергаэфектыўнае асвятленне

Першы праект — «Ад энергаэфектыўнасці да гарадской мабільнасці: Увядзенне падыходу па ўдзелу мясцовага насельніцтва ў распрацоўцы Плана ўстойлівай гарадской мабільнасці ў Полацку». За грувасткімі словамі хаваецца вырашэнне надзённай праблемы жыхароў, бадай, кожнага больш-менш буйнога горада транспартнай.

Супольна з полацкімі журналістамі, прадпрымальнікамі і велаактывістамі эксперты, якія працуюць над Планам устойлівай мабільнасці для Полацка, распрацавалі схемы развіцця аўтобуснага і веласіпеднага руху ў горадзе. Гэтыя схемы якраз былі прадстаўлены на імпрэзе.

Колькі месяцаў таму палачане ў сацыяльных сетках галасавалі за адзін з прапанаваных маршрутаў, цяпер для яго грамадскага абмеркавання сабраліся велаактывісты супольнасці «ВелаНаваПолацк». Разам з прадстаўніком Беларускай асацыяцыі экспертаў і сюрвэйвераў на транспарце Міхаілам Шыпцовым, галоўным архітэктарам Полацка Андрэем Баравіковым і супрацоўнікам Дзяржаўтаінспекцыі абмеркавалі пэўныя змены ў схему веладарожкі. Сярод іншых гучалі прапановы арганізаваць веласіпедны шлях па праезнай частцы праспекта Францыска Скарыны і вуліцы Ніжне-Пакроўскай, у пэўных месцах павялічыць шырыню веладарожкі, а таксама з дапамогай актывістаў зладзіць інфармацыйную кампанію, каб забяспечыць паразуменне паміж усімі ўдзельнікамі дарожнага руху.

Дарэчы, першую веладарожку ў Полацку плануюць пабудаваць ужо ў жніўні гэтага года.

Акрамя гэтага, праект прадугледжвае веладарожку ў пешаходнай зоне, якая мусіць звязаць мікрараёны Цэнтр і Аэрапорт. На брыфінгу PR-менеджар «Інтэракцыі» Стас Гарэлік патлумачыў, што яе стварэнне ўваходзіць у комплексны план ўстойлівай гарадской мабільнасці, рэалізаваць які плануюць да 2030 года.

У якасці забаўляльнай праграмы журналістамі парталу 0214.by была праведзена «мабільная» віктарына, удзельнікі якой, адказваючы на пытанні, атрымлівалі падарункі ад велакрамы «Драйв» і радыёстанцыі «Европа Плюс Полоцк».

Яшчэ адзін праект пад назвай «ГорСвет: Энергаэфектыўная мадэрнізацыя вулічнага асвятлення ў Полацку». На імпрэзе прэзентавалі канцэпцыі і інсталяцыі для вулічнага і дэкаратыўнага асвятлення горада. Пра іх расказалі студэнты Полацкага дзяржуніверсітэта — ўдзельнікі форума «Арх.Про.Свет», сярод якіх была Таццяна Цярэшчанка, студэнтка архітэктурнага факультэта ПДУ, ідэйны натхняльнік форуму.

Арганізатары праекта правялі «энергаэфектыўную» віктарыну з пытаннямі пра захаванне рэсурсаў планеты. Палачане прынялі таксама ўдзел у апытанні па тэме эканоміі энергіі. Анкеты запоўнілі болей за 50 чалавек. Апытанне будзе працягвацца як у анлайн, так і на прадпрыемствах і ў арганізацыях Полаччыны. Яно дазволіць прааналізаваць звычкі жыхароў рэгіёна ў плане спажывання электраэнергіі і спланаваць далейшыя шляхі па прасоўванні тэмы энергазахавання.

 

А што ў іншых рэгіёнах?

На мерапрыемстве таксама прадставілі праект «Энергаэфектыўнасць у школах». Некалькі дзясяткаў юных палачан малявалі «сваю» энергаэфектыўную школу, аўтары лепшых малюнкаў атрымалі прызы.

Сельскае насельніцтва Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці вучаць спраўляцца з адыходамі і развіваюць паслугі ў гэтай сферы. Арганізатары праекта падчас прэзентацыі дэманстравалі цікаўным дзецям, як правільна сартыраваць адходы. На планшэтах усім ахвотным паказвалі мабільную гульню «Ecokids», дзякуючы якой можна даведацца пра галоўныя прынцыпы раздзельнага збору і наогул развіць больш пільнае стаўленне да навакольнага асяроддзя.

Яшчэ тры ініцыятывы былі прадстаўлены ў межах праекта «Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да ''зялёнай эканомікі''». У адным з намётаў пчаляр распавядаў усім ахвотным, якую карысць прыносіць аздараўленчы сон на… пчаліных вуллях! Прэзентацыя так уразіла дэлегацыю на чале з сябрам Прадстаўніцтва ЕС Джымам Казенсам, што пасля мерапрыемства поўным складам яна адправілася правяраць уласцівасці гэтага спосабу аздараўлення на ўласным досведзе.

Распавядалі тут таксама і пра падыходы да азелянення дахаў будынкаў і арганізацыю збору і перапрацоўкі адпрацаваных маслаў, што рэалізуецца зараз у Барысаўскім і Крупскім раёнах Мінскай вобласці.

Інтарэс гасцей свята выклікаў праект «Сістэма аўтаматызацыі працэсу ўліку выдаткаванай энергіі і вады». На адмысловых калькулятарах можна было разлічыць магчымую эканомію і станоўчы эфект пры выкарыстанні энергаэфектыўных тэхналогій і матэрыялаў.

А побач з намётамі месціўся фургон Цэнтра экалагічных рашэнняў з мабільнай выставай «Падарожжа на самую вялікую электрастанцыю ў Беларусі». На яго даху ўсталяваныя сонечныя батарэі, ад якіх сілкуецца абсталяванне. Тут можна было пабачыць электрычны ровар, пратэставаць на эфектыўнасць (у тым ліку і энергетычную) самыя разнастайныя лямпы, пазнаёміцца з узорамі ўцяпляльных матэрыялаў.

 

«Лакаматыў» экапраектаў

Вядома, Полацк — не адзіны беларускі горад, які рэалізуе цэлы комплекс экалагічных праектаў. Дырэктар фонду «Інтэракцыя» Іван Шчадранок тлумачыць гэта наступным чынам: «Полацк — адзін з самых актыўных гарадоў Беларусі, які займаецца пытаннямі «зялёнай» эканомікі. Таму менавіта ён стаў першым горадам, дзе Прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі прэзентуе ўсе экалагічныя праекты, якія рэалізуюцца пры яго падтрымцы».

Варта зазначыць, што ў 2011 годзе Полацк першым у Беларусі далучыўся да так званага «Пакту мэраў». Тым самым горад узяў на сябе абавязак да 2020 года на 20% скараціць выкіды CO2, на столькі ж зменшыць спажыванне энергіі і павялічыць да 20% выкарыстанне аднаўляльных крыніц.

Автор:
Фотограф:
Ігар Палынскі
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость