Мінпрыроды не верыць у супраціў акумулятарнаму заводу грамадскасці. Чыноўнікі бачаць у гэтай сітуацыі інтрыгі канкурэнтаў

Бадай, пра барацьбу берасцейцаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода непадалёк ад горада чуў кожны другі беларус. Нягледзячы на забарону мясцовых уладаў праводзіць масавыя пратэсты і скасаванне пазову ў судзе, людзі ненамераны спыняцца: збіраюць подпісы ў падтрымку, праводзяць мірныя акцыі.

09.04.2018 Грамадства Аўтар: Хрысціна Чарняўская Фота: Виртуальный Брест

У сваю чаргу грамадскае аб'яднанне "Экадом" вырашыла звярнуць увагу Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя на праблемныя моманты ў працэдурах правядзення ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе і абмеркавання гэтага дакумента, якія ўскрыліся дзякуючы брэсцкаму кейсу.

"Ад самага пачатку было вядома пра шэраг парушэнняў у інфармаванні мясцовых жыхароў аб грамадскіх абмеркаваннях і датах правядзення, якія дапусціў брэсцкі райвыканкам. Удалося высвятліць, што гэты дзяржорган не меў справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў друкаваным выглядзе. Ён жа не мог падцвердзіць размяшчэнне абвесткі пра абмеркаванне на сваім сайце. У апраўданне старшыня выканкама на агульнай сустрэчы з мясцовымі жыхарамі заявіў пра тэхнічныя непаладкі рэсурса дзяржоргана", — увяла ў курс справы чыноўнікаў з міністэрства юрыст экалагічнага аб'яднання Таццяна Сініца.

Вядома, у такую гісторыю можна паверыць і нават дараваць хібы ў век усеагульнай камп'ютарызацыі. Аднак пасля таго як выканкам пад час судовага паседжання не змог прадаставіць скрыншот абвесткі са свайго сайта, у людзей закралася падазрэнне ў падмане.

І нават гэта, па словах юрыста, можна прыняць за адзінкавы, прыватны выпадак, які выкрывае глабальныя працэдурныя праблемы.

"У нас не існуе ніякага механізма, які б дазволіў справіць сітуацыю і пракантраляваць выкананнне заканадаўчых пытанняў. Так, толькі па ініцыятыве саміх выканкамаў могуць адбыцца паўторныя абмеркаванні, калі былі дапушчаныя парушэнні. Але арганізоўваць іх — не абавязак гэтых дзяржорганаў. Вядома, можна дабіцца прадпісання ад пракуратуры. Але гэта таксама адбываецца зрэдку", — зазначае Таццяна.

Акрамя таго, берасцейцы ўзнялі досыць важную праблему, з якой не аднойчы даводзілася сутыкацца спецыялістам экалагічнай НДА, кансультуючы людзей па справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Тычыцца яна якасных адрозненняў дакумента пры грамадскіх абмеркаваннях і пры далейшым праходжанні дзяржаўнай экалагічнай экспертызы.

Так, на думку юрыста “Экадома”, усяму віной жаданне заказчыка, як мага хутчэй прайсці ўсе бюракратычныя працэдуры. Таму першапачаткова можа абмяркоўвацца ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) аб'ектаў без канчаткова распрацаванага праекта. І з улікам, што сёння заканадаўча не патрабуецца праводзіць абмеркаванне дапрацаванай АУНА, мясцовыя могуць не ведаць пра ўнесеныя змяненні і новыя тэхналагічныя рашэнні для будучага аб'екта. Як і няма абавязковага патрабавання да выканкамаў захоўваць звесткі пра належнае інфармаванне людзей аб правядзенні грамадскіх абмеркаванняў.

"На наш погляд, выканаўчая ўлада павінна быць сама зацікаўлена ў захаванні такога кшталту інфармацыі. Найчасцей грамадзяне даведваюцца пра будаўніцтва, калі прыязджае тэхніка і пачынае разгортавацца будаўнічая пляцоўка. І маючы на руках доказы пра інфармаванне аб абмеркаваннях, можна пазбегнуць напружаных, канфліктных сітуацый", — упэўнены юрыст.

Аднак, міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык паспяшаўся запэўніць, што міністэрства прымае ўдзел у рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве акумулятарнага завода. І на сённяшні дзень, сцвярджае чыноўнік, усё адбываецца ў рамках дзеючага заканадаўства. Дзяржаўныя спецыялісты не выявілі грубых парушэнняў, якія б дазволілі казаць пра прыпыненне дадзенага праекта.

"Верагодна ў гэтай сітуацыі менавіта так і атрымалася, як вы кажаце, пра планы пабудаваць завод даведаліся, калі пачалася канкрэтная дзейнасць. Бо пакуль інфармацыя пра абмеркаванні дзесьці была размешчана ў СМІ, мала хто звярнуў на яе ўвагу. А з пачаткам будаўніцтва пачалося абурэнне. І то, хвалю сталі падымаць не грамадскасць, ні мясцовыя жыхары, а асобныя людзі. Мы ўсе гэта выдатна ведаем", — выказаў сваё ўласнае меркаванне па сітуацыі міністр.

Па словах кіраўніка міністэрства, яны намераны працягваць кантраляваць выкананне нормаў, закладзеных у праектна-сметную дакументацыю і заканадаўства, асабліва пасля таго, як канфлікт стаў набываць “палітычную афарбоўку”.

У тым жа, што тэма будаўніцтва акумулятарнага завода вышла за межы Беларусі, Андрэй Худык бачыць інтрыгі канкурэнтаў:

"У Польшчы ёсць некалькі прадпрыемстваў, якія выпускаюць такога кшталту прадукцыю. І яны баяцца, што на тэрыторыі нашай краіны будзе вырабляцца падобны тавар, баяцца такім чынам згубіць беларускі рынак, а затым і расійскі. Таму няма сэнсу аддаваць камусьці бізнас, зарплаты і папаўненне рэспубліканскага бюджэта", — перакананы ён.

Тым жа, у каго застаюцца пытанні да экалагічнай бяспекі, міністр прапануе прадаставіць іх спецыяльна створанай камісіі, “гатовай працаваць суткамі”, каб толькі пераканаць у адваротным.

Што ж тычыцца парушэнняў па правядзенні грамадскіх абмеркаванняў, то тут таксама, зазначае чыноўнік, можна старацца даказаць іх. Аднак, на яго думку, праведзеныя суды ўжо паказалі, што выявіць нічога не атрымалася, таму і пазоў грамадскасці не быў падтрыманы.

На спробу юрыста “Экадома” зазначыць, што ўсё ж заканадаўству ў плане інфармавання людзей пра правядзенне грамадскіх абмеркаванняў неабходны пэўныя дапрацоўкі і ўдасканаленні, у сувязі з мяняючыміся і развіваючыміся тэхналогіямі і сацыяльнымі сеткамі. Аднрэй Худык адназначна адказаў, што ў параўнанні з суседнімі дзяржавамі, развіццё лічбавых тэхналогій у Беларусі сапраўды на вышэйшым узроўні, адкуль не можа ўзнікаць прабелаў у атрыманні інфармацыі. І ад чаго становіцца немагчымым штосьці ўтаіць ад грамадскасці.

У сваю чаргу першая намесніца міністра Ія Малкіна заўважыла, у любой канфліктнай сітуацый перш чым звяртацца ў суды ці пракуратуру, грамадскім арганізацыям варта было б паўдзельнічаць у адукацыйных працэсах выканкамаў.

"Нягледзячы на тое, што няведанне законаў не вызваляе ад адказнасці, але часам ад гэтага самага няведання, ад таго, што людзей не хапае ў выканкамаў, каб не проста прачытаць законы, але і ведаць, як правільна іх выканаць, дапускаюцца памылкі. І вось у гэтым вы якраз можаце паспрыяць нам, дапамагаючы з выязнымі семінарам, каб непасрэдна на месцы распавесці пра негатыўныя практыкі. Такім чынам ваш досвед меў бы больш карысці. Бо любая канфрантацыя не спрыяе прасаўванню працэса", — падкрэсліла чыноўніца.

Наконт заўваг па заканадаўству, Мінпрыроды паабяцала паглядзець, што можна прапанаваць Ураду. Аднак папрасілі не забываць, што сёння ў краіне ідзе працэс максімальнай лібералізацыі бізнаса і вызваленне яго ад татальнага кантроля дзяржавы.

"Дэкрэт №7 мае вялікі блок экалагічных паслабленняў. І пры нашым вялікім жаданні ўвесці інстытут экалагічнага нагляду для суправаджэння працэсу будаўніцтва буйных і небяспечных вытворчасцяў ад моманту праектавання да ўвядзення ў эксплуатацыю. Але ніхто не дае гарантыі, што да нас захочуць прыслухоўвацца. Вось тут якраз бы не перашкодзіла падтрымка грамадскасці", — заявіла Ія Малкіна.


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 09.04.2018

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.