Да 950-годдзя Мінска: Самыя старыя назвы вуліц, звязаныя з вадой і рэльефам

Падгорная ці Падзамкавая на балоце –  адныя з самых старых назваў вуліц у горадзе. Ім больш за 600 год. Народжаныя вуснай традыцыяй, яны дайшлі да нашых часоў і, пэўна, перажывуць Байкальскую і Рубінавую.

11.09.2017 Грамадства Аўтар: Ганна Валынец Фота: Валокі Полацкія. Акварэль Ю. Пешкі, каля 1800

Цікава, але "жывёльных" і "раслінных" назваў вуліц у Мінску не было да ХХ стагоддзя.

 

Самыя старажытныя назвы вуліц – апісальныя

Першыя назвы вуліц на тэрыторыі сучаснай Беларусі пачалі з’яўляцца ў ХIV стагоддзі ў Полацку. Да гэтага іх не было – зрэшты, пісьмова зафіксаваных.

“Першапачаткова назывы вуліц заўсёды ўсталёўваліся ў вуснай традыцыі, – кажа гісторык і мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі. – Заўжды і паўсюль. Пасля набыцця гарадамі Магдэбургскага права гэта ўстойлівая вусная традыцыя робіцца назвай. Гэта адбываецца праз ускладненнем сацыяльна-палітычных стасункаў і афіцыйна замацаваць назвы вуліц трэба, у прыватнасці, для сплачэння падаткаў”.

 Сяргей Харэўскі ў 1984 годзе. Фота – svaboda.org

Спачатку з’яўляюцца апісальныя назвы вуліц. Другімі былі звязаныя з храмамі: Царкоўная ў Мінску сёння завецца Рэвалюцыйнай. Потым – з родам дзейнасці людзей (Рэзніцкая – яна на месцы былога замчышча).

І наступнымі з’яўляліся рэдкія тапонімы, звязаныя з асаблівасцямі ландшафту. Такія назвы паўтараюцца: у Мінску было некалькі вуліц, што мелі ў складзе слова “на балоце”: напрыклад, Падзамкавая на балоце.

Яшчэ адна назва, звязаная з мясцовасцю – Пагулянка. Яна паходзіць ад слова, якім абазначалі месца ў горадзе, адведзенае пад продаж (расчышчанае ляда), дзе можна сабе выбраць участак. Вялікая пагулянка была адной з самых раскошных вуліц у Вільні, напрыклад. Цяпер яна носіць імя Каліноўскага.

Мінскі фальварак Пагулянка месціўся непадалёку ад станцыі метро “Спартыўная”.

Падзамкавая на балоце

 

Некаторым назвам – больш за паў тысячы год

Былі распаўсюджаныя і нацыянальныя назвы: Татарская, Нямецкая (зараз Карла Лібкнета); Школьная – там, дзе жылі габрэі, бо ў іх з’явіліся першыя школы.

Вырастаючы, гарады захоплівалі вёскі і хутары, і частка тапонімаў пайшла ад іх назваў ці імёнаў іх уладальнікаў – напрыкла, Масюкоўшчына ці Курасоўшчына. Масюкоўшчына атрымала сваю назву ад імя Мусы Ібрагімавіча Сяліцкага, татарына.

Канчаткова назвы замацаваліся толькі ў канцы XVIII стагоддзя за Расійскай імперыяй, пры Кацярыне II і Паўле I. Паўтысячы гадоў яны існавалі ў вуснай традыцыі на беларускай мове, пасля ў дакументах XVII- XVIII стагоддзя многія запісалі на польскі манер.  Напрыклад, была вуліца Зборавая. Потым яе аб’ядналі з вуліцай Валоцкай і цяпер называюць Інтэрнацыянальнай.

Менск, Высокі Рынак-Валоцкая (1865)

 

Савецкія тапонімы: Летняя, Абрыкосавая і Снежны завулак

Так склалася, што ў беларускіх гарадах (і ў тым ліку ў Мінску) да найноўшага часу не было назваў, звязаных з раслінамі ці жывёламі, калі толькі гэта не тычылася гаспадарчай дзейнасці. “Жывыя” назвы з’явіліся на мяжы XIX і XX стагоддзяў, а таксама за савецкім часам.

І цяпер у Мінску ёсць вуліцы Абрыкосавая, Васільковая, Ліпавая, завулак Снежны, а таксама набор вуліц-сезонаў: Летняя, Зімовая, Асенняя і Вясенняя.

Аб з’яўленні вуліцы Летняй СТВ распавядае жыхар паселішча Паўночнага, што на паўночным захадзе Мінска:

После войны ветераны строили, мой тесть строил. Здесь лес был в свое время. Они корчевали его здесь. Так и остался песок. Она две центральные улицы (Ангарскую и Охотскую) соединяет. На Северном она самая широкая и самая красивая.

Вуліца Зімовая. Фота – Вольга Шукайла

 

Назвы-патронімы страчваюць сэнс

За апошняе стагоддзе, як бачна па назвах у цэнтры сталіцы, некаторыя “прыродныя” назвы наадварот зніклі:

“Мусіць, нязручна было назваць вуліцу “Балотная”, – іранізуе Сяргей. – Але затое амаль у кожным з нашых 117 гарадоў ёсць якая-небудзь Рачная ці Зарэчная, а дзе ёсць азёрка – азёрная”.

Сапраўды, у канцы XIX стагоддзя мы можам знайсці назву “Балотная” замест Зыбіцкай. З’явілася таксама вельмі багата патранімічных назваў, асабліва пасля другой сусветнай вайны:

“Гэта сумнеўны шлях, – мяркуе гісторык. – Сёння гэтыя людзі агульнавядомыя героі, а праз пакаленні назвы страцяць свой сэнс. Мы ўжо не згадаем, хто такі Валадарскі, зараз яго імя не ведаюць і пенсіянеры”.

 Дзяніс Раманюк

У Мінгарвыканкаме, здаецца, так не лічаць. Поўны спіс вуліц можна знайсці на сайце, але чыноўнікі расстаўляюць акцэнты:

“У многочисленных улиц и улочек нашего с вами города Минска тоже есть своя история. Одни из них носят имена выдающихся людей, другие – названы в честь знаменательных событий. Мы рады предоставить вам новый информационный каталог, в котором вы найдёте всю информацию о человеке, в честь которого названа интересующая вас улица”.

 

Называючы новую вуліцу, трэба ўлічыць вусную традыцыю

Адна з тэндэнцый – калі вуліцам даюць проста прыгожыя, на думку гараджан, назвы. Так з’явілася вуліца Язмінавая, дзе нерухомасць прадаюць па адных з самых высокіх у горадзе коштаў. Побач – забудова, якая лёгка нагадвае шэрыя хрушчоўкі.

“Нічога не маю супраць такіх назваў, але толькі калі ў іх ёсць логіка. Назву “Язмінавая” людзі выбралі самі. Так жа ў нас з’явіліся Алмазная і Рубінавая, – кажа суразмоўцаі і параўноўвае: назва сквера “Котаўка” ніколі не існавала афіцыйна, яна паходзіць выключна ад людзей.

–  Вельмі істотна глядзець, як назва гучыць у вуснай традыцыі”, – мяркуе Сяргей Харэўскі.

 onliner.by

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 11.09.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.