Хумус — страва, традыцыйная ў краінах Бліжняга Усходу, а менавіта, на Кіпры, у Турцыі і Ізраілі. Але ў апошнія гады асаблівы інтарэс да яе праяўляюць вегетарыянцы і веганы па ўсім свеце. Гэта і зразумела, улічваючы карысныя ўласцівасці асноўнага інгрыдыенту хумусу — гароху нут.
Нут з'яўляецца выдатнай крыніцай высокаякаснага бялка расліннага паходжання, які асабліва неабходны тым, хто адмовіўся ад спажывання мяса і малочных прадуктаў. Ён утрымлівае валокны, якія спрыяюць зніжэнню халестэрыну і паляпшаюць страваванне. Багата гэта бабовая расліна і разнастайнымі мінераламі, напрыклад жалезам, магранцам, утрымвае клятчатку, ненасычаныя тлушчы і вітаміны групы В.
Рэцэпт хатняга хумусу — найпрасцейшы і не патрабуе ніякіх спецыяльных кулінарных навыкаў.
Для міні-бродзікаў нам спатрэбяцца:
- гарох нут;
- лімон;
- 2 зубчыкі часнаку;
- кунжутныя семачкі;
- кумін цэлы (зіра);
- аліўкавы алей;
- авакада;
- тоставы хлеб;
- памідор;
- агурок;
- свежая зеляніна.
Загадзя, нанач замочваем нут, прыблізна 200-300 грам. Выварваем яго да поўнай гатоўнасці на працягу некалькіх гадзін. На добра разагрэтай патэльні без алею злёгку абсмажваем па чарзе кумін (1-2 чайныя лыжкі) і кунжутныя семачкі (1-2 сталовыя лыжкі). Міні-камбайнам ці кавамолкай перамалваем іх у парашок, затым укідваем зубчыкі часнаку і яшчэ раз перамалваем.
Увесь гарох нут высыпаем невялікімі порцыямі ў міску, дадаючы вады, ў якой ён варыўся. Блэндэрам пачынаем пераціраць у пюрэ. Паступова ўкідваем у нутавае пюрэ ўсе астатнія інгрыдыенты: кунжутна-кумінавы парашок-пасту з часнаком, 2-3 чайныя лыжкі лімоннага соку, 2-3 сталовыя лыжкі аліўкавага алею, чышчаны авакада, соль і перац па смаку. Усё добра ўзбіваем блэндэрам.
Увага: калі пюрэ будзе неаднароднай кансістэнцыі, нічога страшнага ў гэтым няма.
Тоставы хлеб дзеліцца на 4 роўныя часткі і падсмажваецца ці запякаецца без алею ў печцы да храбусткай скарынкі. На гатовыя чацвярцінкі хлеба намазваем хатні хумус, выкладваем нарэзаныя калечкамі агуркі і памідоры, зверху ўпрыгожваем свежай зелянінай, напрыклад рукалай, якая надась міні-бродзікам свежы і пякучы прысмак.
Смачна есці!
ГАТУЙЦЕ ТАКСАМА: катлеткі з бурачка і сачавіцы, крэм-суп харчо з гароднінай