12.07.2018 / 14:07

У сераду ў Мінск зноў вярнулася спёка, сіноптыкі абяцалі да +27 градусаў. Было горача ў гэты вечар і ў Адміністрацыі Першамайскага раёна, дзе праходзіла прэзентацыя "Горадабудаўнічага праекта дэтальнага планавання тэрыторыі ў межах праспекта Незалежнасці — вуліцы Сурганава — мяжы тэрыторыі Батанічнага сада".

Невялікая актавая зала да пачатку сустрэчы бітком напоўнілася людзьмі. Мясцовыя жыхары гудзелі пра плануемыя пераўтварэнні ў іх двары, найчасцей задаючыся пытаннем: "Чаму выбралі менавіта наш двор?". Хтосьці тоўпіўся ля дзвюх вялікіх каляровых планшэтак з планамі-схемамі, водзячы на іх пальцамі, фатаграфуючы на мабільныя тэлефоны.

Цішня ў зале ўсталявалася, як толькі да мікрафона падняўся высокі і хударлявы мужчына ў гальштуку і белай кашулі.

"Добры вечар, паважаныя жыхары Першамайскага раёна і магчыма іншых раёнаў горада Мінска. Мяне завуць Касавец Васіль Аляксандравіч, я намеснік кіраўніка адміністрацыі па будаўніцтве. Сёння адміністрацыя Першамайскага раёна праводзіць прэзентацыю ПДП (праект дэтальнага планавання — тлумачэнне аўтара)", — пачаў сустрэчу ён.

Спакойным голасам Васіль Аляксандравіч пачаў распавядаць працэдурныя моманты правядзення грамадскіх абмеркаванняў па горадабудаўнічым праекце тэрыторыі ў межах праспекта Незалежнасці, вуліцы Сурганава і мяжы Батанічнага сада, тонам робячы акцэнты на некаторых момантах.

Як толькі намеснік кіраўніка адміністрацыі скончыў пералічваць прадстаўнікоў камісіі, якіх чамусьці ў зале не было, ён патлумачыў:

"Працу мы сёння пабудуем наступным чынам. Напачатку распрацоўшчык распавядзе пра праект, пасля чаго вы можаце падыходзіць і задаваць пытанні. Аж да 2 жніўня ўсе свае думкі, прапановы можаце перадаваць нам, камісія іх разгледзіць. Але рашэнне камісіі носіць рэкамендацыйны характар. ПДП ж распрацаваны па замове Камітэта архітэктуры і горадабудавання Мінгарвыканкама з мэтай рэалізацыі генплана Мінска".

У зале паднялася хваля абурэння, людзі з месцаў пачалі выказваць сваё незадавальненне, маўляў, якім чынам будаўніцтва нейкага аб'екта ў двары было загадзя запланаваным і няўжо ў Мінску так мала зямлі. Шум суцішыўся, калі мікрафон узяла Ірына Абуховіч, галоўная распрацоўшчыца праекта ад Мінскграда.

"Згодна з генпланам праектуемая тэрыторыя ўваходзіць у склад грамадскай шматфункцыянальнай зоны сталічнага ўзроўню, дзе прыярытэт аддаецца размяшчэнню аб'ектаў міжнароднага, нацыянальнага і рэгіянальнага значэння. Праект прапаноўвае магчымасць рэканструкцыі і размяшчэння шэрагу аб'ектаў, у тым ліку, гатэля на тэрыторыі спартыўна-аздараўляльнага комплексу “Алімпійскі”. Гэта рашэнне на перспектыву…", — распавядала яна пры поўным маўчанні залі.

Шум падняўся, як толькі распрацоўшчыца закранула пабудову шматфункцыянальнага цэнтра з дзелавымі, гандлёвымі і забаўляльнымі памяшканнямі. Аднак людзі суцішыліся, зразумеўшы, што гаворка ідзе пра тэрыторыю па-за дваром, ніжэй стаянкі САК.

"Згодна з горадабудаўнічай палітыкай горада, якая прадугледжвае рэканструкцыю тэрыторый, занятых боксамі і гаражамі, праект прапаноўвае размяшчэнне на іх месцы аб'екта лячэбна-аздараўленчага накірунку, — пераадольваючы крыкі людзей, працягнула знаёмства з праектам Ірына Абуховіч. —  Такая функцыя была выбрана ў першую чаргу праз нізкі паток наведвання такіх устаноў, невялікага аб'ёму і адпаведна павярховасці збудавання (да 3-х паверхаў — удакладненне аўтара), і высокага ўзроўню азеленасці, усталяванага рэгламентамі выкарыстання для лячэбна-аздараўленчых аб'ектаў. У складзе аб'екта запланаваны паркінг, які прадугледжаны для захавання аўтатранспарта мясцовага насельніцтва. Я асабліва хачу падкрэсліць, што ўся пляма забудовы будзе “садзіцца” толькі на гаражы. Уся астатняя тэрыторыя, прызначаная для добраўпарадкавання і азелянення, прадугледжвае максімальнае захаванне існуючых зялёных насаджэнняў".

Па словах распрацоўшчыцы, транспартнае абслугоўванне плануемага аб'екта будзе ажыццяўляцца з вуліцы Сурганава і праспекта Незалежнасці і захаваецца існуючая планіроўка праездаў.

У нейкі момант зразумеўшы, што абуральныя выкрыкі з залы ўжо не спыніць, ініцыятыву задаць больш канкрэтныя пытанні ўзяла на сябе мясцовая жыхарка Юлія. Дзяўчына папрасіла патлумачыць, якім чынам мясцовыя жыхары змогуць карыстацца месцамі на паркінгу рэабілітацыйнага цэнтра, як зазначыла распрацоўшчыца, калі згодна з тлумачальнай запіскай — колькасць машынамесцаў на забудоўваемай тэрыторыі двара скарачаецца.

"Машынамесцы са знесеных гаражоў будуць кампенсаваны месцамі на паркінгу", — старалася ў агульным халівары гвалту адказаць Ірына Абуховіч. – Якім чынам? На месцы будзе падпісана, што яно маё? — відавочна не вытрымаў хтосьці з уладальнікаў гаража.

Патлумачыць сітуацыю з транспартам узялася прадстаўніца Мінскграда Святлана Аляксеева. Па словах спецыялісткі, зараз разглядаецца праект дэтальнага планавання, а не праект забудовы. Канкрэтныя разлікі па машынамесцах зробяць сыходзячы з колькасці кватэр, і тычыцца гэта будзе ўсяго квартала.

"І вы хочаце сказаць, што зараз канкрэтна ў нашым двары мы маем 60 машынамесцаў?", — трымаючы ў руцэ кіпу папер запытала Юлія.

"Гэта лічбы з улікам гаражоў, дзе пастаянна захоўваецца аўтатранспарт, а паркоўка прадугледжвае, што вы пад'ехалі, выгрузіліся і з'ехалі…", — заявіла прадстаўніца Мінскграда.

Гэтыя словы закранулі жыхароў за самае балючае месца. Ініцыятыву паразмаўляць з распрацоўшчыцай узяў на сябе мясцовы жыхар Зміцер. Ён зноў жа стараўся разабрацца з лічбамі, якія тычацца колькасці стаяначных і парковачных месцаў на дадзенай тэрыторыі.

У сваю чаргу Ірына Абуховіч прапанавала для атрымання аргументаванага адказу па лічбах задаць гэтае пытанне ў пісьмовым выглядзе. У адказ людзі пачалі ляскаць у далоні і выкрыкваць з залі: "А навошта мы сёння тут сабраліся?".

Раптоўна да свабоднага мікрафона дарвалася яшчэ адна мясцовая жанчына, яе цікавіў тып паркоўкі, які запланавалі распрацоўшчыкі. Пачуўшы слова "падземная", жанчына пастаралася данесці, што зямля ў гэтым месцы рухаецца, яе пастаянна падмывае. Нібы спраўджваючы гэта, зала зноў зашумела.

"Паважаныя грамадзяне Першамайскага раёна, рашэнне ці прапанова пабудаваць тут аздараўленчы цэнтр — гэта з цыкла выпадкова не прыдумаеш, — узяўся казаць сталы мужчына. — На перасячэнні Сурганава-Незалежнасці, дзе грузавікі бясконца, трактары бясконца… Што ж тычыцца паркоўкі. Скажыце, хто-небудзь улічваў, што людзі прыязджаюць адпачываць у Батанічны сад, у Парк Чалюскінцаў… Куды яны стаяць аўтамабілі?"

“У наш двор, — хорам адказала зала.

"Людзі прыязджаюць у тры кафэ, што размешчаныя ў нашым доме. Куды яны ставяць машыны?", — працягнуў мужчына.

У наш двор, — зноў адказала зала.

Акрамя таго, зазначыў мясцовы жыхар, двор выкарыстоўваецца ў якасці выезду на праспект тымі, хто едзе па Сурганава ад вуліцы Я. Коласа, бо паварот на скрыжаванні забаронены.

"За што вы так не любіце наш народ? — запытаў мужчына і зала падтрымала яго пляскамі. — Рэканструкцыя неабходна дзіцячай пляцоўкі, футбольнай… Але ўшчыльненне — гэта здзек з народа!"

Наступнай мікрафон узяла жыхарка з вуліцы Сурганава. Відавочна, ёй таксама накіпела пытанне транспартнага калапсу ў раёне праз забітасць двароў і перагружанасць Сурганава.

"Мяне здзіўляе, што сёння не вядзецца ніякі пратакол… Усе буды людзей вы наўрад запомніце, бо вам на іх пляваць", — надрывіста прагаварыла ў бок прадстаўніка адміністрацыі.

Васіль Касавец спрабаваў спакойна падкрэсліць, што сёння жыхароў сабралі, каб паведаміць, якім чынам людзі могуць выказаць сваё меркаванне.

"Гэта да таго, што тут нікога не цікавіць, што вы думаеце. Вас паклікалі азнаёміцца з праектам, каб пасля напрацягу амаль месяца вы маглі выказацца. Кожны можа гэта зрабіць. Накіраваць нам сваё меркаванне. Мы сёння не разглядаем праблемы выканаўчай улады. Мы разглядаем вузкае пытанне, давайце прытрымлівацца яго".

Аднак і наступны выступоўца ад мясцовых не ўтрымаўся, каб не прыгадаць праблемы ўсяго раёна: даўгабуды на месцы ці то грамадскіх месцаў, як аб'ект Газпрама замест аўтавакзала, ці то незразумелае збудаванне харчавання, пад якое высеклі зялёную зону на Лагойскім тракце.

"Калі ў вас пытанняў па праекце няма, то мы будзем разыходзіцца", — звярнуўся да залы Васіль Касавец.

Тут жа мікрафон перахапіла мясцовая жыхарка, яна звярнулася са сціплай просьбай распавесці пра сацыяльнае значэнне гэтага аб'екта для двара.

"Мы не зносім нічога каштоўнага. Вы лепш за мяне ведаеце ў якім стане знаходзіцца гэта тэрыторыя. Яшчэ раз паўтараю, што аб'ект невялікі, невысокай павярховасці. Я спецыяльна вызначыла гэты аб'ект, бо яго рэгламенты прадугледжваюць высокі ўзровень азелянення", — старалася патлумачыць Ірына Абуховіч, але людзі адмаўляліся яе чуць.

"Выдатна, рэбілітацыйны цэнтр — гэта проста выдатна, невядома для каго ён прызначаны. А вы спыталі, дзе абслугоўваюцца людзі з гэтага мікрараёна? Мы вымушаны ездзіць на Кульмана ў паліклініку, на Некрасава ў стаматалогію… Гэта хамства! У нас няма дзіцячага цэнтра развіцця, пабудуйце яго на гэтым месцы", — вынесла прапанову адна з мясцовых.

У адказ Ірына Абуховіч падказала, што такі варыянт можа разглядацца, бо па рэгламентах ён таксама выдатна ўпісваецца ў гэта месца:

"Усё магчыма. Вырашацца будзе на наступнай стадыі праектавання, калі будзе сфарміраваны інвестыцыйны ўчастак і распрацуецца горадабудаўнічы пашпарт аб'екта для наступнай рэалізацыі забудоўшчыкам".

Раптоўна на "сцэну" залы выйшаў хударлявы і высахшы дзядуля, але даволі гучным голасам стаў заклікаць залу не слухаць усяго таго, што прэзентуюць мясцовым жыхарам. Ён прапанаваў адназначна выказацца супраць, падрыхтаваўшы пра гэта заяву, сабраць вялікую колькасць подпісаў і накіраваць у адміністрацыю, выканкам, Міністэрства архітэктуры і Адміністрацыю прэзідэнта.

"Іначай гэта бязладдзе будзе працягвацца", — зазначыў ён на прыканцы выступу.

У чарговы раз паспрабаваў вярнуць сустрэчы нейкі канструктыў Сяргей Аляксандравіч. Яго цікавілі лічбы, якія тычацца інжынерна-транспартнай структуры, водаспажывання, энергаспажывання і г.д. Мужчына ўзяўся зачытваць лічбы планаў на розныя годы: на сённяшні, да 2023 і да 2030. Павелічэнне лічбаў бачна толькі ў апошнім слупку — за 2030 год. Аднак як апынулася пазней, гэта звязана з чаргой увядзення аб'ектаў у эксплуатацыю.

"Па водаспажыванні ў нас ёсць: 1158 кубаметраў, 2023 год — 1158 кубаметраў. Аб'ём стокавых вод: 1158 і 1158… Наведвальнікі будуць па кусціках бегаць? Гэта праект ці гэта вясёлыя карцінкі?", — задаўся ён пытаннем.

"Аб'ём нагрузак будзе нязначны, колькасць наведвальнікаў невялікая”, — старалася патлумачыць Ірына Абуховіч.

Калі ласка, звяртайцеся за тлумачэннямі ў Мінскграда, вам інжынеры патлумачаць, калі маім словам вы не давяраеце", — ледзь стрымлівала сябе жанчына.

Апошняй кропляй для распрацоўшчыцы стала пытанне пра пляму забудовы і як следства прапускную здольнасць будучага цэнтра. І як спецыяліст не стараўся патлумачыць, што такія разлікі будуць праводзяцца на наступных стадыях, людзі ні ў якую не жадалі гэтага чуць.

"Скажыце, а што ж мы тады сёння з вамі ўзяліся абмяркоўваць? У вас няма ні эскіза, намалявалі гэты архітэктурны цуд і не можаце нічога расказаць па канкрэтыцы", — перапытала Юлія.

"Вы разумееце, што гэта ўсяго праект дэтальнага планавання. Гэта інвестыцыйная пляцоўка. Інвестар будзе шукацца пасля зацвярджэння ПДП. Ён будзе ведаць рэгламенты: плошчу забудовы, інтэнсіўнасць наведвальнікаў, узровень азелянення", — патлумачыла Ірына Абуховіч.

"Пачакайце, усе лічбы будуць вядомы, калі мы ўжо ні на што не зможам паўплываць?", — здзіўляецца дзяўчына, і ў зале падымаецца шум, а да планшэтаў са схемамі пачалі сцякацца людзі.

Тут ужо не вытрамаўшы за мікрафон узялася жанчына-ўладальніца гаражоў. Яна звярнулася да распрацоўшчыцы з крыўдай на яе заяву, што дзеля ўзвядзення рэбілітацыйнага цэнтра не знясуць нічога каштоўнага.

"Дзесяць год таму я набыла тут гараж. І вы не ўяўляеце колькі я працавала дзеля гэтага, і якая для мяне гэта каштоўнасць. Для ўсёй маёй сям'і. У ім усе рэчы, усё, што ў нас ёсць… Пра якую кампенсацыю вы кажаце? А пад рэчы вы прапануеце мне свой гараж? Ці ў сябе ў двары пабудуйце лячэбны цэнтр? Вы ж павінны павышаць якасць жыцця людзей, а вы яе пагаршаеце".

Сустрэча пераваліла ўжо за гадзіну бурных абмеркаванняў і згубіла ўсялякі канструктыў. Людзі ў зале пачалі дзяліцца на суполкі: хтосьці стаў на каленках складаць заяву і збіраць подпісы, хтосьці ўзяў ў шчыльнае кола Ірыну Абуховіч, індывідуальна распытваючы па праекце, іншыя яшчэ імкнуліся публічна выказаць сваё меркаванне, заднія шэрагі па ціху пусцелі і людзі разбягаліся па дамах.

І ва ўсім гэтым хаосе людзі, на жаль, не ўбачылі і не пачулі самага галоўнага. Як падкрэсліла Ірына Сухій, мясцовая жыхарка і сябра рады грамадскага аб'яднання "Экадом", упершыню на прэзентацыі быў пусты прэзідыум, не прысутнічалі самыя галоўныя прадстаўнікі — Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва, які з'яўляецца заказчыкам распрацоўкі праекта дэтальнага планавання.

"Усе свае эмоцыі, усю сваю злобу вылілі на распрацоўшчыка — Ірыну Абуховіч, а яна што? Яна проста выканаўца заказа. Пытанні варта было задаваць менавіта прадстаўнікам Мінгарвыканкама", — зазначыла Ірына Сухій, паціскаючы плячыма.

Тым больш, як у кулуарах падзяліліся прадстаўнікі Мінскграда, пазбегнуць знясення гаражоў будзе складана праз горадабудаўнічую палітыку Мінска. І ў мясцовых ёсць два варыянты: ці то патрабаваць арганізацыі на гэтым месцы зялёнай зоны, ці то звяртацца з просьбай захаваць гаражы, але браць на сябе абавязкі адрамантаваць іх і давесці да ладу, як гэта зрабілі ў дварах ля гімназіі па вуліцы Калініна. Магчыма з'явіцца невялікая верагоднасць пазбегнуць катлавана ў двары.

"Але важна, што спецыяліст наўмысна распрацаваў праект пад збудаванне вельмі невялікага памеру, каб раптам сюды не ўсунулі які хмарачос жылы ці бізнас-цэнтр. Ды й яшчэ з такім рэгламентам, каб захаваць узровень азелянення. Толькі вось, на жаль, мясцовыя жыхары гэтага не пачулі, не пабачылі і не зразумелі", —  з жалем падкрэсліў прадстаўнік унітарнага прадпрыемства.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость