Згодна з прынятымі ў праекце рашэннямі пад знос павінны пайсці індывідуальныя гаражы і складскія памяшканні, размешчаныя на ўнутрыдваравой трэрыторыі дома па Незалежнасці, 76. На гэтым месцы мусіць з'явіцца рэабілітацыйны цэнтр з паркінгам.
Пра намер горада трансфармаваць дваравую тэрыторыю мясцовыя жыхары даведаліся з аб'явак на сваіх пад'ездах. Неўзабаве інфармацыя з'явілася і на сайце адміністрацыі Першамайскага раёна.
З улікам агульнай сітуацыі з забудовай і ўшчыльненнем Мінска, а таксама, што літаральна ў суседнім двары, на супрацьлеглым баку праспекта Незалежнасці, ужо вядзецца барацьба за зялёную зону пры забудове, жыхары вырашылі не губляць каштоўны час і напярэдані пачатку абмеркаванняў сустрэліся ў сваім двары.
Вечарам у нядзелю ў тупіковым праездзе тых самых гаражоў сабралася некалькі дзесяткаў чалавек. Напачатку людзі па-суседску абмяркоўвалі планы горада, разбіўшыся на невялікія групкі.
Некалькі чалавек акружылі актыўнага хлопца, што даволі пісімістычна і катэгарычна прадказваў: "Будаўніцтву быць — гэта факт…"
Яшчэ з дзесятак "абляпілі" вароты гаражоў, на якіх былі расклеяныя планы-схемы па забудове. Усё разам гэта паходзіла на ўсхваляваны гудучы рой.
"Паважаныя суседзі, магчыма сярод вас ці вашых знаёмых ёсць архітэктары? — раптоўна ўзяла ініцыятыву сустрэчы Ірына Сухій з грамадскага аб'яднання "Экадом", што якраз пражывае ў адным з суседніх дамоў. — Нам неабходны спецыяліст, які б змог паглядзець праект. Бо, калі на прэзентацыі і ў час абмеркавання мы проста заявім, што не хочам ніякай забудовы, ніхто такое меркаванне да ўвагі не прыме".
Аднак у адказ на такое пытанне была цішыня, затым людзі "загулі" зноў.
Тады Ірына звярнулася да жыхароў з прапановай стварыць ініцыятыўную групу, а найбольш актыўным мясцовым увайсці ў яе. Відавочна, гэтыя словы знайшлі больш водгуку, праз пару хвілін белы лісток паперы напоўніўся кантактамі жадаючых.
Паралельна з гэтым людзі падыходзілі ўдакладнялі працэдурныя моманты: як усё будзе адбывацца ці змогуць яны паўплываць на рашэнне, а раптам ужо ўсё ўзгоднена.
Неўзабаве ад аднаго з мясцовых паступіла прапанова не толькі паклапаціцца пра экспертную падтрымку архітэктара, але падстрахаваць сябе прафесійным юрыдычным суправаджэннем.
"Наняць адваката, які б мог прадстаўляць нашыя інтарэсы і даводзіць нам усё ў рамках заканадаўства — падаецца будзе правільным рашэннем", — зазначыў малады чалавек.
Такая прапанова ў большасці сустрэла адабрэнне, хаця былі і тыя, што ціха абмяркоўвалі, у якую ж капеечку выйдуць адвакатскія паслугі.
Раптоўна да Ірыны падвялі сталую жанчыну са словамі: "Вось яна — архітэктар". Аднак жанчына сарамліва ўсміхалася і апраўдвалася, што даўно ўжо на пенсіі:
"Калі я працавала, мы такіх планаў не рабілі, — зазначыла яна. — З іх жа нічога не зразумела".
"Так, мы звярталіся да знаёмага архітэктара і ён нам сказаў, што пакуль нічога нельга сказаць па праекце, бо не зразумела ні павярховасць плануемай забудовы, ні іншыя тонкасці", — быццам бы суцяшала яе Ірына, маўляў, усе падрабязнасці павінны быць прадстаўлены на прэзентацыі.
Паступова пляцоўка ля гаражоў стала пусцець, людзі разыходзіліся па дамах, зносячы гул перажыванняў з сабою. Непасрэдна на месцы засталася новазфарміраваная ініцыятыўная група і асаблівазацікаўленыя жыхары.
"У мяне тут гараж, застаўся ад дзядулі, а ён яго атрымаў разам з кватэрай, — распавядала мясцовая жыхарка. — І мне, як уласніцы, ні слова пра знос ці кампенсацыю не сказалі. Толькі паведамілі, што ў гаражоў змяніўся адрас. Я схадзіла перааформіла яго, заплаціла ўсё як мае быць".
"Дык нікому нічога не сказалі, — падхапіла другая суседка. — Ладна яны хочу забудаваць паркінг спартыўна-аздараўляльнага комплекса (яшчэ адзін аб'ект, што мусяць абмеркаваць — дадатак аўтара), паставіць там гатэль. Няхай сабе. Але тут унутры двара лячэбна-аздараўляльны цэнтар, ды яшчэ з паркінгам. Нам і так дыхаць няма чым, з улікам праспекта".
"Яшчэ невядома ці будзе гэта лячэбны цэнтар, бо хто заказчык ці інвестар — няма інфармацыі. Можа яны пад відам рэабілітацыйнай установы, пасля офісны і бізнэсовы будынак узвядуць. А зараз ім проста трэба зямлі адціснуць", — абурана зазаначае малады чалавек.
У цэлым на гэтым сустрэча мясцовых і скончылася. Напрыканцы людзі далі адзін аднаму слова абавязкова прыйсці на прэзентацыю праекта 11 ліпеня ў адміністрацыю Першамайскага раёна (завулак К. Чорнага, 5) а 18.00 і разбегліся кожны ў свой бок.
Нагадаем, што не так даўно мясцовым жыхарам удалося адстаяць у гэтым жа двары 25 дрэваў, якія першапачаткова мусілі высекчы. Аднак не атрымалася дасягнуць паразумення па рэканструкцыі дзіцячай пляцоўкі і сцежак.
На мінулым тыдні вакол спартыўнай пляцоўкі знеслі жалезную агароджу, якая па праекце падлягае замене.
Хаця мясцовыя жыхары прасілі пакінуць яе праз належны стан, а грошы, выдзеленыя на гэтыя работы, пусціць у добрую і сапраўды неабходную справу.