13.03.2017 / 17:03

Шчыльна прыпаркаваныя ў некалькі шэрагаў аўтамабілі ў двары ці на ўездзе, а то і на тратуары ля пад'ездаў — звыклая карціна мінскіх жылых раёнаў. І калі да гэтага сталічныя жыхары прызвычаіліся, то адносна новая звычка аўтаўладальнікаў ставіць свой транспарт на зялёную зону яшчэ выклікае абурэнне. Чым «узброіцца» ў барацьбе за газоны ў дварах, расказваюць аператары «Зялёнага тэлефона».

Звароты пра неправільна прыпаркаваныя аўтамабілі, бадай, самыя папулярныя на гарачай лініі, сцвярджае Алёна Дубовік, каардынатарка службы «Зялёны тэлефон». Яно і зразумела: людзям не хочацца замест газонаў назіраць выязджаныя і спляжаныя дваравыя пляцоўкі.

У параўнанні з астатнімі праблемамі наваколля, што хвалююць грамадзян, алгарытм вырашэння гэтага пытання вельмі просты. Аднак часам вакол парковак разгараюцца жарсці і спрэчкі гарачэй, чым па незаконнаму будаўніцтву ці высечцы дрэваў. І ў прадчуванні канфлікта не кожны абанент «Зялёнага тэлефона» гатовы «біцца» за газон.

 

Што рабіць з гора-паркоўшчыкамі?

 

Паводле артыкула 143.15 Правіл дарожнага руху прыпынак і стаянка транспартных сродкаў забараняецца на газонах і іншых участках з зялёнымі насаджэннямі. За такое парушэнне прадугледжана пакаранне па артыкуле 18.22 КоАП Рэспублікі Беларусь.

 

Скрыншот з сайта kodeksy-by.com
Скрыншот з сайта kodeksy-by.com

 

Калі вы бачыце такога кшталту парушэнне, першае, што неабходна зрабіць — зафіксаваць яго. Будзе дастаткова здымка на мабільны тэлефон. Галоўнае, каб на ім быў бачны нумар аўтамабіля і тое, што ён сапраўды прыпаркаваны на зялёнай зоне.

Зрабіце папярэджанне ўладальніку аўтамабіля. Падсуньце пад шчотку шклоачышчальніка лістоўку пра пакаранне пры паўторнай фіксацыі парушэння. У выпадку, калі вы непасрэдна бачыце кіроўцу, які пры вас паркуе сваё аўто на газоне, можна паспрабаваць патлумачыць у вуснай форме, чаму рабіць гэта нельга, і пра наступствы яго дзеянняў.

 

 

Як быць у сітуацыі, калі вы сустракаеце непаразуменне з боку аўтаўладальнікаў і абыякавае стаўленне да вашых слоў? Выклікайце супрацоўнікаў ДАІ, не саромейцеся, гэта сапраўды можна рабіць. Набіраць трэба непасрэдна нумар службы: 102 ці ДАІ: 8017 222 17 17.

У аўтаінспекцыю можна звярнуцца і з пісьмовым зваротам, у якім трэба падрабязна апісаць сітуацыю і прымацаваць фотаздымкі, на якіх добра бачны нумар транспартнага сродку і факт парушэння.

 

Алгарытм «Зялёнага дазора»
Алгарытм «Зялёнага дазора»

 

За рашучыя дзеянні ў барацьбе за зялёныя зоны ў сваім двары ўзялася Дар'я Пажытных, якая пражывае ў новым доме. Аднак, на жаль, будынак пабудавалі яшчэ па старых нормах па паркоўках. Хаця, па словах жанчыны, не так даўно побач узвялі паркінг з арэнднымі месцамі. Але кіроўцы не жадаюць плаціць грошы за стаянку, паркуючы свае транспартныя сродкі на тратуарах і газоне.

«Калі ўладальнік пакідае свой мабільны нумар пад лабавым шклом, мы тэлефануем яму. Ці калі бачым, што пры нас паркуюцца, робім заўвагі. Аднак не ўсе прыбіраюць свае аўтамабілі, абгрунтоўваючы, што стаць няма дзе», — дзеліцца Дар'я.

 

 

Спрабавала жанчына выклікаць ДАІ, але, па яе словах, супрацоўнікі аўтаінспекцыі праяўляюць мала энтузіязму і найчасцей ехаць адмаўляюцца.

Магчыма гэта было звязана з сезонам, бо, як апынулася, зімой, калі газон пакрыты снегам, даказаць парушэнне амаль нерэальна.

«Праблема прыхавана ў фармуліроўцы “газон” у правілах дарожнага руху: “участак зямлі з натуральным або штучна створаным раслінным, пераважна травяным, покрывам”. Сапраўды, могуць не паехаць на выклік, калі не бачна, што пад коламі», —  сцвярджае Ірына Белая, каардынатарка «Зялёнага дазора».

 

Скрыншот з сайта pdd.by
Скрыншот з сайта pdd.by

 

Яшчэ адна прычына, па якой адмаўляюцца выязджаць ці прымаць рашучыя дзеянні,  — нельга пакараць уладальніка транспартнага сродку за неправільную паркоўку.

«Як патлумачыў мне адзін з супрацоўнікаў аўтаінспекцыі, не існуе адказнасці на ўладальніка аўтамабіля. Маўляў, яны могуць патэлефанаваць чалавеку, на якога запісаны транспартны сродак, а ён ім у адказ: “А аўтамабілем карыстаецца табар цыган. Не ведаю, хто туды паставіў”. Трэба дакладна зафіксаваць таго, хто паркуецца неправільна. Магчыма, у хуткім часе сітуацыя зменіцца, і адказнасць усё ж будзе несці ўладальнік, як у выпадку з хуткасным рэжымам», — каментуе Дар'я.

Жанчына не мае намер апускаць рукі. Жыльцы дома, якіх турбуе гэта праблема, ужо дамовіліся правесці суботнік і ў месцах, дзе найчасцей ставяць аўтамабілі, высадзіць жывы плот з кустоў. А таксама далей весці перамовы як з аўтамабілістамі, так і ДАІ.

 

 

Па кустах не ездзіць!

 

«Сярод шэрагу аднатыпных запытаў пра паркоўкі на зялёных зонах да нас яшчэ звяртаюцца са скаргамі на нахабных кіроўцаў, што, праязджаючы праз дваравую тэрыторыю, шкодзяць зялёным насаджэнням», — дадае Алёна Дубовік.

Па словах прэс-сакратара УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Сяргея Зараніка, пакаранне за такія дзеянні прадуглежана часткай 3 артыкула 15.22 КоАП Рэспублікі Беларусь, і сума штрафа ўжо значна вышэй, чым у выпадку з паркоўкай.

 

Скрыншот з сайта kodeksy-by.com
Скрыншот з сайта kodeksy-by.com

 

Пры гэтым алгарытм дзеянняў ідэнтычны: галоўнае — зрабіць фіксацыю парушэння і папярэдзіць кіроўцу пра адказнасць за яго супрацьпраўныя дзеянні. Калі ж гэта не спрацуе, выклікаць ДАІ ці звяртацца ў аўтаінспекцыю з пісьмовым зваротам. У лісце падрабязна апісаць сітуацыю, пералічыць артыкулы, якія, на ваш погляд, парушыў кіроўца і прымацаваць фотаздымкі ў якасці доказу. Абавязкова патрабуйце пісьмовы адказ, а сам ліст лепш даслаць заказным пісьмом, раяць супрацоўнікі «Зялёнага тэлефона».

Автор:
Фотограф:
pixa.by
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость