13.11.2015 / 14:11

«А мяне завуць Сафіяй», «А мяне Аняй і бацькі ў хуткім часе купяць мне сабаку», «Я — Васіліса...» — знаёмяцца з намі дапытлівыя дзеткі ў яслях-садку №6 горада Ашмяны. Гэта дашкольная ўстанова ў мінулым годзе стала адным з пераможцаў конкурсу «Энергаэфектыўнасць у школах» па Гродзенскай вобласці, і менавіта тут 11 лістапада, у Міжнародны дзень энергазберажэння, прайшла экалагічная акцыя.

Малыя з нецярпеннем ёрзаюць на сваіх невялікіх крэсілках, чакаючы, калі ж пачнецца тэматычны ранішнік. І невыпадкова: бадай, што сёння пра зберажэнне рэсурсаў яны ведаюць ужо больш за некаторых дарослых.

«Дзеткі дома вучаць сваіх бацькоў, як эканоміць электрычнасць, ваду», — хваліцца журналістам загадчыца садку Марына Валер'еўна.

Стала гэта магчымым пасля таго, як 30 снежня 2014 года ашмянская ўстанова адукацыі ў якасці пілотнага аб'екта ўвайшла ў праект «Энергаэфектыўнасць у школах», які фінансуецца Еўразвязам пры падтрымцы ПРААН.

Усяго па краіне на конкусе было пададзена 27 заяў ад устаноў адукацыі, з якіх толькі 12 па Гродзенскай вобласці. Каб аддаць камусьці перавагу, у кожнай установе быў праведзены спецыяльны энергааўдыт. Акрамя гэтага, заяўнікі па спецыяльнай форме падавалі свае праектныя ініцыятывы, каб каардынацыйны савет мог ацаніць іх бачанне развіцця праекта і наколькі яны ўсведамляюць тое, што робяць. Не менш важным крытэрыем стала падтрымка з боку мясцовых уладаў і іх уключанасць у працэс суфінансавання праекта, а таксама тое, што «ўзрост» аб'ектаў-заяўнікаў не павінны быў быць меншы за 20 год.

«Планавалася, што з 27 заяў будзе выбрана 3 аб'екты для пераўсталявання. Але затым вырашылі, што ў Гродзенскай вобласці можна замест аднаго каледжу ўзяць меншыя аб'екты — два дзіцячыя садкі, — зазначае Руслан Хількевіч, праектны спецыяліст па камунікацыі і інфармацыі. — Такім чынам, абралі яслі-сад №6 у Ашмянах і дзіцячы садок у Гродна, а таксама каледж у Віцебску і сярэднюю школу ў Дзяржынску».

  • Агульная сума праекта складае 2 мільёны еўра, з якіх ашмянскаму садку адыходзіць 418.900 еўра (каля $450.000), дзе 60% — гэта фінансаванне Еўразвязу і 40% — грошы з мясцовага бюджэту.

Важным момантам у праекце, на які звярнула ўвагу эксперт па тэрытарыяльна-арыентаванаму развіццю Валянціна Сталыга, з'яўляецца яго комплекснасць, калі выкарыстоўваецца і тэхнічнае пераабсталяванне ўстаноў, і вядзецца работа з грамадзянамі.

Таму не выпадкова спецыяльна ў гэты дзень для дзетак была арганізавана паказальная экскурсія на буйнейшую ў раёне падстанцыю 110 кВ «Ашмяны», дзе выхаванцам садку распавялі не толькі, адкуль бярэцца ток у іх дамах, але і якіх мер бяспекі трэба прытрымлівацца ў абыходжанні з ім, і чым цікава праца на прадпрыемствах «Ашмянскіх электрычных сетак».

Падобнае мерапрыемства пад назвай «Час змяняць звычкі» ў жніўні бягучага году было праведзена і для людзей сталага ўзросту.

«Інфармацыя пра неабходнасць прымянення ўсіх крыніц энергазберажэння на бытавым узроўні, на ўзроўні сям'і даносіцца больш эфектыўна, калі яна падаецца праз адукацыйныя працэсы і працу з дзецьмі, — падкрэслівае Валянціна Міхайлаўна. — Акрамя гэтага, да працэсу прыцягваюцца людзі, якія жывуць у гэтай мясцовасці. І атрымоўваецца, што тэма зберажэння рэсурсаў пераносіцца ўжо на зусім іншы ўзровень».

Спецыяліст зазначыла таксама, што сёння ў грамадстве існуе запыт на інфармацыю не пра тое, што трэба эканоміць і рацыянальна падыходзіць да выкарыстання рэсурсаў, а як гэта неабходна рабіць і праз колькі атрымаецца эканамічны эфект, напрыклад, ад замены звыклай лямпачкі накальвання на энергазберагальную, ці якія тэхналогіі з галіны аднаўляльнай энергетыкі прапаноўвае беларускі рынак.

Што ж датычыцца зменаў, якія павінны адбыцца ў ходзе праекта ў ашмянскім садку, у першую чаргу гэта замена старых вокан на еўрапакеты, усталяванне геліакалектара для басейна, дзе пакуль вядзецца капітальны рамонт, але ў хуткім часе там павінна з'явіцца сучаснае абсталяванне. Гэта дазволіць на практыцы праверыць тэхналогіі энергазберажэння і падлічыць эканомію, бо неабходнасць ацяплення ад цэнтральнай сістэмы будзе існаваць толькі ў зімовы перыяд. У сам Дзень энергазберажэння быў зроблены той самы першы крок да пераабсталявання дашкольнай установы: у спальных пакоях звычайныя лямпачкі накальвання змянілі на энергазберагальныя.

Асноўная ж дзейнасць па пілотным праекце павінна будзе распачацца са студзеня 2016 года і завяршыцца ў верасні таго ж года. Аднак яшчэ да гэтага моманту ў планах праектнай каманды стварэнне грамадска-кансультатыўнага савета, куды ўвайдуць усе зацікаўленыя, каб не толькі рабіць маніторынг дзейнасці, але і ўносіць свае ідэі і прапановы па правядзенні тых ці іншых мерапрыемстваў і акцый.

«Самае галоўнае, што мы атрымаем па выніках праекта, — 4 аб'екты ў нашай краіне, якія атрымаюць свой уласны досвед, вядома сутыкнуцца з цяжкасцямі, але і дасягнуць пэўных вынікаў. На іх базе іншыя ўстановы адукацыі змогуць паглядзець на ўсе працэсы, што адбываліся на гэтым шляху, якое было фінансаванне і іншае», — рэзюмуе Валянціна Сталыга.

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость