14.03.2016 / 12:03

Пробашч парафіі ў вёсцы Росіца Верхнядзвінскага раёна айцец Чэслаў Курэчка лічыць, што чалавеку варта рабіць зямлю прыгажэйшай. Тут галоўнае — не нашкодзіць прыродзе.

Калі святар 8 гадоў таму прыехаў працаваць у Росіцу, адразу за касцёлам быў вялікі сметнік. Зараз тут выкапаныя сажалкі, кругом цвітуць кветкі.

У мінулым годзе было ўпершыню праведзенае свята кветак «І кветкі хваляць Пана». Гэта свята плануецца зрабіць традыцыйным. Акрамя гэтага, сёлета тут пройдзе свята буслоў.

Напярэдадні 8-га сакавіка мы пагутарылі з айцом Чэславам пра тое, як яму ўдалося ўпарадкаваць і стварыць на месцы былой звалкі кветнік.

— Кожная травінка, раслінка, і птушкі — усё гэта след нашага Стваральніка, Бога. Калі я прыехаў працаваць у Росіцу, кругом былі сметнікі, усё высыпалася за касцёл, усё што ў людзей было: і вёдры, і бутэлькі, і пакеты поліэтыленавыя… Смецце даходзіла аж да сценаў касцёла, — зазначае святар.

Завёўшы нас за касцёр, айцец Чэслаў паказвае найбольш праблемнае месца ў мінулым — росіцкую звалку, на якую вясковыя людзі цягнулі ўсё барахло са сваіх падворкаў.

— Тут стаяла зарослае травой балота, далей за якім каталіцкія могілкі. Да іх немагчыма было даехаць, нават трактары правальваліся. І першая праца, якую я вырашыў зрабіць, — навесці парадак у гэтым месцы. Каб гэта святое росіцкае месца было прыгожым, — кажа ён.

— А як мясцовыя жыхары аднесліся да вашай ідэі навесці тут парадак?

— Калі пачынаў, то ўсе пасміхаліся, маўляў, усім было добра, а ён тут нешта робіць. Ці атрымаецца ў яго? Ну, я працаваў, тэхніка працавала раённая… А мужчыны сядзелі групкамі па тры — чатыры чалавекі, курылі цыгарэты, і назіралі, што гэта ён тут выдумляе. А кругом былі выкапаныя ямы, паднятыя карчы, камяні…

Каб цяпер такое нанова рабіць, нават не ведаю (айцец Чэслаў хапаецца за галаву). Гэта так напэўна праз мяне сам Бог дзейнічаў, што я ішоў напралом.

— Вось і раней усе бачылі гэты сметнік, але ніхто нічога не рабіў, каб яго прыбраць. Чаму патрэбны быў ваш прыезд, каб арганізаваць усё гэта?

— Ну, сябе хваліць не выпадае (смяецца).

Як кажуць, вочы баяцца, а рукі робяць. Калі чалавек нешта сабе пастанаўляе, калі ён упарты, то дасягне гэтай мэты. І мне гэта, дзякуй Богу, удалося. І цяпер, дзе было найстрашней, стала найпрыгажэй. А ўсё гэта людскія рукі, наша жаданне, сумесная праца.

А якая прыгажосць тут летам!

Далей айцец Чэслаў пачынае пералічваць расліны, пасаджаныя ў гэтым месцы.

— А колькі наогул відаў раслін ёсць у Росіцы?

— Я далічыў да двухсот, а потым збіўся. Думаю, зараз недзе каля трох соцень.

— А як зараз паступаюць мясцовыя жыхары. Так і выкідаюць смецце ў навакольныя кусты?

— А не, цяпер культурна ў нас. Смецце выкідваецца ў спецыяльныя ямы. Калі яны запаўняюцца, то іх засыпаюць і капаюць новыя. І ўсе стараюцца прыгажосць трымаць каля сваіх дамоў. Нават кветкі ў мяне бяруць, каб пасадзіць.

— А вам дапамагаюць?

— Так, больш сталі прыхінацца да мяне. І старыя бабулькі, і дзеткі, і настаўнікі… Зараз ужо і запрашаць не трэба, самі прыходзяць, пытаюць: «Можа, ойча, што дапамагчы трэба, маем пару вольных гадзін?» Я кажу: «Калі ласка» — і паказваю што дзе трэба зрабіць. І студэнты падчас канікулаў мне дапамагаюць, і памежнікі (непадалёк ад Росіцы праходзіць мяжа з Латвіяй), і навучэнцы семінарыі, і міністранты з Барысава, мае любімыя памочнікі. Цяпер шмат хто з іх вучыцца на ксяндзоў, але Росіца для іх была добрай загартоўкай. Тут яны прайшлі агонь, ваду і медныя трубы (смяецца).

— А як вам удаецца знаходзіць падыход да людзей? Бо да вас жа едуць людзі з розных куткоў Беларусі?

— Я ўсіх люблю, за ўсіх малюся, усіх запрашаю, усіх частую. Такі ў мяне характар, я тут не прыкідваюся. Я звычайны вясковы чалавек, з Загоршчыны, з Браслаўшчыны. Я жыў у вёсцы, бачыў гэту ўсю працу людскую, у полі, у гародзе…

Трэба рабіць зямлю прыгожай, трэба даваць ёй дыхаць. Бо яна наша маці, трэба яе любіць, бо яна нас корміць, на ёй мы жывём, і трэба каб квітнела наша зямелька…

Працу айца Чэслава Курэчкі заўважылі і ўлады, ён абіраўся «Чалавекам года Віцебшчыны», а ў пачатку гэтага года атрымаў прэзідэнцкую прэмію «За духоўнае адраджэнне». У мінулым годзе ўлады паклалі ў Росіцы новы асфальт.

Даведка:

Росіца — вёска ў Верхнядзвінскім раёне, на мяжы з Латвіяй. У 1943 годзе карнікі падчас аперацыі «Зімовы цуд» спалілі сяло разам з жыхарамі. У агні загінулі тады 1528 чалавек, шмат каго вывезлі ў канцлагер. У агні тады загінулі два каталіцкія святары — Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра. Яны маглі выратавацца, але вырашылі да канца заставацца са сваімі вернікамі.

Росіцкі храм доўгі час быў занядбаны, пасля атрымання Беларуссю незалежнасці пачалося яго аднаўленне.

Автор:
Фотограф:
Зміцер Лупач, відэа Леанід Юрык
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость