14.03.2016 / 16:03

Традыцыйна на фрымаркеце можна было абмяняцца вопраткай, абуткам, кнігамі, дыскамі і цацкамі. Каб пашырыць ідэю вольнага кірмашу, арганізатары вырашылі знайсці большае памяшканне: фрымаркет прайшоў у гродзенскай гімназіі № 6.

Нягледзячы на тое, што фрымаркет праводзіцца ў Гродне не ўпершыню, ідэя абмену непатрэбнымі рэчамі сярод гарадзенцаў пакуль прыжываецца цяжка. Многія людзі да канца не разумеюць ідэю фрымаркету, а таму нясуць рэчы, якія даўно трэба выкінуць на сметніцу: моцна паношаную і брудную вопратку, ламаныя цацкі. Таксама некаторыя не разумелі, што абмен бясплатны, і прасілі грошы за свае рэчы.

Апроч наведвальнікаў звонку, пераважная большасць якіх былі жанчыны і дзеці, фрымаркетам зацікавіліся вучні гімназіі. Іх увагу прыцягнулі цацкі і дэгустацыя кляновага соку. Нягледзячы на тое, што цацкі можна было браць бясплатна, школьнікі не бралі іх без разбору, а думалі, якую выбраць.

 група мерапрыемства ў facebook.com
група мерапрыемства ў facebook.com

 група мерапрыемства ў facebook.com
група мерапрыемства ў facebook.com

Праграма фрымаркету пачалася танцавальным майстар-класам па contemporary dance, breaking і dancehall, які дала каманда ДОМА46. Найбольшую цікавасць майстар-клас выклікаў у дзяцей.

фота uzv.by
фота uzv.by

фота uzv.by
фота uzv.by

У межах фрымаркету адбылася прэзентацыя ініцыятывы “Зялёны дазор” і веганскага часопіса “Esther Journal”. Пакуль прадстаўнікі часопіса стаялі ўбаку і чакалі сваю аўдыторыю, каардынатарка “Зялёнага дазора” па Гродне і Гродзенскай вобласці Алена Майсюк актыўна заахвочвала людзей далучыцца да сваёй ініцыятывы.

Што рабіць, калі суседзі паркуюцца на газоне, не прыбіраюць экскрэменты за сваімі жывёламі або пакідаюць смецце ў двары? Вырашыць гэтыя і многія іншыя экапраблемы дапамагаюць актывісты “Зялёнага дазора”. Мэта ініцыятывы – заахвоціць людзей да самастойнага вырашэння экалагічных праблем.

Цягам дзвюх гадзін прэзентацыяй зацікавілася дзесяць чалавек, палова з іх выказала жаданне стаць зялёнымі актывістамі.

— Чым больш будзе актывістаў, тым хутчэй будуць вырашацца экалагічныя пытанні, — лічыць Алена Майсюк. — Фрымаркет вельмі добрая пляцоўка, якая дае людзям магчымасць бясплатна атрымаць інфармацыю, здольную паўплываць на змены ў светапоглядзе людзей.

Валанцёры з Гродзенскага дзіцячага хоспіса прапаноўвалі вырабы, зробленыя рукамі бацькоў хворых дзяцей.

Таксама на тэрыторыі фрымаркета дзейнічала выстава малюнкаў слухачоў “Універсітэта Залатога Веку”.

Зарадка ад Ганны Кузняцовай сабрала каля 20 чалавек. Ганна паказала простыя практыкаванні з хатха-ёгі і цігун. Такія практыкаванні дапамагаюць размяцца і зарадзіцца энергіяй і спакоем для будучага дня.

Вялікай папулярнасцю сярод наведвальнікаў карысталіся майстар-класы. У майстар-класе па маляванні гарачым пластылінам выказалі жаданне паўдзельнічаць не толькі дзеці, але і моладзь, людзі сталага ўзросту.

Сярод жанчын папулярнасцю карысталіся майстар-класы па стварэнні прычоскі і макіяжу, па вышыванні стужкамі.

Зоя Гой, слухачка “Універсітэта Залатога Веку”:

— Я першы раз удзельнічаю ў падобным мерапрыемстве. Мне ўсё вельмі спадабалася. Адзінае шкадую, што не змагла патрапіць на ўсе майстар-класы. Лічу, што такія кірмашы патрэбныя людзям, таму іх трэба абавязкова рабіць.

На майстар-класе ад Дзіцячай экастудыі маленькія ўдзельнікі рабілі папяровых птушак.

фота uzv.by
фота uzv.by

Арганiзатарамi фрымаркету сталi: праграма "Універсітэт Залатога Веку" сумесна з Гродзенскім дзіцячым хоспісам і Дзіцячай экалагічнай студыяй пры iнфармацыйнай падтрымцы Гродзенскага Зялёнага партала.

Автор:
Фотограф:
Інга Сакута
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость