15.04.2015 / 07:04
15 красавіка наша краіна святкуе Дзень экалагічных ведаў. У дату, прысвечаную адукацыі ў імя захавання планеты, Беларускі зялёны партал расказвае аб месцах, дзе можна даведацца аб шмат чым новым і цікавым у галіне экалогіі.

Паўдзельнічаць можна зараз у…

Школе экалагічнага актывіста (I этап у красавіку-маі, II — у ліпені)

Гэта штогадовае навучанне праводзіцца таварыствам «Зялёная сетка».для тых, каго цягне да экалогіі, але ведаў не хапае. У ШЭА вучаць думаць і дзейнічаць экалагічна. Першы этап больш тэарэтычны, тут раскажуць аб устойлівым развіцці, экапрыязным ладзе жыцця і іншым. Другі — практычны, з выездам на прыроду на цэлы тыдзень. Там чакаюць лекцыі айчынных і замежных экспертаў, а веды тычацца больш практычнага прымянення ў грамадстве.

У 2015 годзе ШЭА праводзіцца не толькі ў Мінску, але яшчэ ў Гомелі, Гродна і Брэсце. Дэдлайн — 15 красавіка ў Гродна і Брэсце, 26 красавіка — у Гомелі, 5 мая — у Мінску. Умовы паступлення і падача заяўкі шукайце на сайце Школы.

Дзіцячых экамайстэрнях

Прыкладныя заняткі для маладых бацькоў і іх дзяцей, якія выйшлі з грамадскай арганізацыі «Экадом». Тут ладзяць экаэкскурсіі, майстроўні (нядаўна на іх рабілі шпакоўні), летам — выязныя лагеры. У планах арганізатараў — пачаць заняткі па экаанглійскай мове і наладзіць сустрэчы сямейнага клубу.

Удзел часцей за ўсё бясплатны, магчымая замова платных паслугаў для канкрэтнай аўдыторыі/арганізацыі. Абвесткі пра падзеі трэба шукаць у сацыяльных сетках ці на сайце. Даведацца больш можна праз сувязь з адміністратарамі суполак альбо праз пошту: ekamajsterni@gmail.com.

«Экапраекце «Партнёрства»

Для дарослых са сферы адукацыі можа быць карыснай канферэнцыя 16-17 красавіка, дзе настаўнікі з розных куткоў Беларусі падзеляцца ўласным вопытам, як яны вучаць экалогіі. Ладзіць сустрэчу «Экапраект «Партнёрства» — адна з арганізацый-партнёраў «SPARE».

Для дзяцей распрацавалі мабільны дадатак, які дапамагае праз гульню разабрацца, як сартаваць адходы і берагчы рэсурсы. Праграма падыходзіць для Android i IPhone.

Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства

Абвесткі пра майстар-класы і адукацыйныя падзеі можна знайсці на сайце Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. Праз гэтую ўстанову рэалізуецца ажно 51 праграма экалагічнага кірунку для дзяцей розных узростаў, платныя заняткі — толькі для дашкольнікаў.

Галіна: дызайн і ландшафтны дызайн, навукова-даследчыя кірункі (ад селекцыі і гідрабіялогіі да космабіялогіі, у супрацы з ВНУ і інстытутамі). А, напрыклад, у гуртку «Флорыя» навучаць маляваць пяском і фарбамі. Усе кірункі можна прагледзець на сайце.

Набор праходзіць у верасні, але, калі ёсць вольныя месцы, бяруць у любы час.

Эколага-біялагічных цэнтрах

У краіне па-ранейшаму працуюць станцыі юных натуралістаў. Там чакаюць дзяцей, апантаных усім, што расце на зямлі, плавае ў вадзе і скача недзе паміж. Прымаюць вучняў у любы час, у госці можна заходзіць і летам. Такіх цэнтраў па рэспубліцы каля 25.

Фэсце экскурсаводаў

На Фэсце экскурсаводаў, які адбудзецца 18 красавіка ў Мінску і іншых гарадах Беларусі, можна насамрэч здорава падцягнуць свой экалагічны адукацыйны ўзровень. Дастаткова схадзіць на адну з запланаваных экскурсій: у пасёлак трактарнага завода, які неўзабаве можа знікнуць, альбо з арнітолагамі грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» паслухаць галасы птушак, ці на шпацыр да векавых дрэваў Мінска з «Гарадскім ляснічым». На наступны дзень можна працягнуць спаталяць прагу да ведаў і сабрацца на экалагічнае квэст-падарожжа па прыродных месцах і «зялёных» кропках сталіцы з Цэнтрам экалагічных рашэнняў. Падрабязнасці — па спасылцы.

Велашколе

Шточацвер валанцёры ў Мінску бясплатна катаюць на ровары. З іх словаў, на чалавека трэба ўсяго паўгадзіны. Наступная сустрэча адбудзецца 16 красавіка з 18.00 да апошняга чалавека. Месца — парк Янкі Купалы, фантан з бронзавымі жанчынамі. Кантакт: +375 29 500 21 69 (Кірыл). Можна браць сяброў, садавіну і добры настрой.

…альбо пасля ці анлайн у

Школе экаюрыста

Адзін з праектаў, што вырас праз ШЭА. Наступны набор будзе восенню.

«SPARE»

Гэта адзін з самых вялікіх школьных праектаў у свеце. У яго межах праводзяцца адукацыйныя трэнінгі і семінары па экалагічнай тэматыцы. Далучыцца могуць школы і дзіцячыя садкі.  Анонсы можна знайсці на сайце, дамовіцца аб удзеле сваёй установы і задаць пытанні — праз пошту: spare@ecoidea.by.

Цэнтры экалагічных рашэнняў

У ім не так даўно ладзілі анлайн-школу па экалагічным ладзе жыцця, матэрыялы зараз даступныя на сайце. Наступныя курсы школы будуць паглыбленыя — для тых, хто ўжо мае базавыя веды.

У рэжыме «афлайн» дзейнічае моладзевы цэнтра «Экастарт», набор туды ажыццяўляецца восенню. У праграме — практычныя майстар-класы, лекцыі, экскурсіі, напрыклад, у мульцікамфортны дом ці на сметнік.

Таксама можна выпісаць часопіс «Эколаг і я», прагледзець базу хімічных рэчываў у побыце. Неўзабаве з’явіцца тэматычны дадатак для мабільнікаў.

У ЦЭР ёсць яшчэ два дадаткі: «Фрукт in time» дапаможа выбіраць садавіну і гародніну ў сезон, а «Экапарады» будуць з’яўляцца штодня на мабільніку.

Абвесткі

Не лішнім будзе праглядзець таксама «зялёныя» афішы тут і тут, а яшчэ пашукаць інфармацыю пра тэматычныя семінары па арганічнай сельскай гаспадарцы, па зялёным спажыванні на сайтах «Экадома» і «Аграэкакультуры». Галоўнае — ніколі не спыняцца на дасягнутым, бо, як казаў Леанарда да Вінчы, «прырода так паклапацілася пра ўсё, што паўсюль ты знаходзіш, чаму вучыцца»...

 

Чытайце таксама: Экалагічная адукацыя ў школах

Автор:
Фотограф:
blogue.sblouin.profweb.ca, www.ptushki.org, pikabu.ru
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость