16.09.2015 / 09:09

Ці задумваліся вы, выбіраючы халадзільнік, што там марозіць і як гэта ўплывае на нас і наваколле? Пра сапраўдную экалагічную мадэрнізацыю мінскага завода «АТЛАНТ» мы даведаліся непасрэдна ў цэхах прадпрыемства.

Цацачныя дзіцячыя калыскі і машынкі для закатвання слоікаў – з гэтага пачынаў завод «АТЛАНТ». Сёння ён найбольш вядомы халадзільнікамі і іншай тэхнікай і, па словах кіраўніцтва, тут надаюць увагу экалагічнасці. Аб гэтым распавялі журналістам падчас прэс-туру, прымеркаванага да Міжнароднага дня абароны азонавага слою 16 верасня.

«Колькі разоў, выбіраючы халадзільнік, вы задумваліся, які там холадагент? Практычна ніколі. У першую чаргу вы глядзіце на спажывецкія якасці: на дызайн і энергазберажэнне», – кажа Аляксандр Машко, намеснік генеральнага дырэктара.

Даведка: Як вядома халадзільнікі, а канкрэтней холадагент фрыон з’яўляецца адным з магутных разбуральнікаў азонавага слою Зямлі – газа ў атмасферы планеты, які абараняе яе ад сонечнай спёкі.

Як «АТЛАНТ» зрабіўся прыязным да азонавага слою

Адно падпальванне газавай канфоркі – такая колькасць прыроднага газу трапляе ў атмасферу, калі парушаецца герметычнасць у сучасных халадзільніках «АТЛАНТ». Ад 2000 году завод змяніў азонаразбуральныя рэчывы на больш бяспечныя, а зараз пазбаўляецца і ад тых, якія ствараюць парніковы эфект.

Напачатку 90-х гадоў на ЗАТ «АТЛАНТ» з’явілася праграма па вывадзе азонаразбуральных рэчываў на 1993-2000 гг. за кошт замежнага гранта. Тады іх замянілі на гідрафторвугляроды R-134a.

З 2002 году завод пачаў пераходзіць на холадагент R600a (ізабутан), які таксама не ўзмацняе парніковы эфект.

Таксама на адным з прадпрыемстваў кааперацыі «АТЛАНТ» – «ДавідГарадокскім электрамеханічным заводзе» – з’явілася новае абсталяванне, якое працуе на альтэрнатыўных азонабяспечных растваральніках. Абсталяванне замянілі праз праект ПРААН і ГЭФ «Спрыянне рэалізацыі паскоранага вываду са звароту гідрахлорфторвугляродаў».

Праект распачаты ў Беларусі, каб дапамагчы краіне выконваць абавязкі па Манрэальскім пратаколе – адным з найбольш выніковых міжнародных пагадненняў. Дзякуючы яму, на думку генеральнага сакратара ААН Ахіма Штайнера, азонавы слой адновіцца да сярэдзіны стагоддзя.

Спажывец наўрадці заўважыць розніцу паміж холадагентамі – халодзяць і тыя, і тыя. А ад 2020 году старыя фрэоны перастануць увозіць у краіну, і ўжо зараз яны абкладаюцца асобным падаткам.

Першы халадзільнік, «Мінск-1». Выпуск распачаты вясной 1962
Першы халадзільнік, «Мінск-1». Выпуск распачаты вясной 1962

Што пішуць на тэхніцы

Цяпер пра лаяльнасць халадзільнікаў да азону не пішуць на налепках да іх: «Раней, калі такую прадукцыю рабілі адзінкі, гэта было мэтазгодна, – кажа Аляксей Мышко, намеснік начальніка кіравання маркетынгу і арганізацыі продажаў бытавой тэхнікі. – Але зараз на налепцы мы пішам больш важкія аргументы. Я маю на ўвазе спажывецкія якасці і функцыянальнае напаўненне халадзільніку».

Клас энергаэфектыўнасці – не ніжэй за А, а самы вялікі рынак – расійскі

Цяпер на налепцы пішуць клас энергаэфектыўнасці. Па словах прадстаўнікоў заводу, тут не робяць тэхнікі класам ніжэй за А, і гэта дазваляе выходзіць на шырокі рынак. Так, тэхніку прадаюць ва Украіну, Казахстан, Расію і Еўразвяз – больш за 20 краін, для ўсіх вырабляюць па аднолькавых стандартах.

Асноўны імпарцёр Расія, увозіць каля 60% прадукцыі, і расійскія патрабаванні не жорсткія – туды дазволена ўвозіць тэхніку пачынаючы ад класа D. Але беларусы арыентуюцца і на Еўропу: прыкладна 15% пральных машын ідзе ў краіны дальняга замежжа, асноўны іх імпарцёр – рынак Германіі, які мае самыя жорсткія патрабаванні.

«Менавіта каб мець апошнюю інфармацыю аб зменах на заходнім рынку, вывучаць апошнія дасягненні ў нашай галіне, мы прадаем халадзільнікі ў Германію, Францыю, Венгрыю, Польшчу, Сербію, балтыйскія краіны. Гэта дазваляе нам прасоўвацца наперадзе канкурэнтаў на рынку», – кажа Канстанцін Сяржанаў, галоўны канструктар бытавой тэхнікі.

Па словах намесніка гендырэктара, на заходніх рынках стандарты ўводзяць хутчэй, чым на рынках постсавецкіх краін.

Адходы вытворчасці і іх перапрацоўка

Калі да энергаэфектыўнасці абавязвае канкурэнцыя, то да асобнага збору смецця і эканоміі рэсурсаў – эканомія ўласных грошай.

З агульнай вагі ўтылізуецца больш за 50% адходаў, не ўлічваючы метал. У 2014 годзе было 63%. Пенаполіўрэтанавы напаўняльнік утылізаваць, па словах кіраўніка бюро экалагічнага кантролю Вадзіма Мікуліча, нельга – у Беларусі перапрацоўкай не займаецца ніхто, і таму вывозяць на палігон.

У завода атрымалася на 30% скараціць выдаткаванне вады дзякуючы паўторнаму яе выкарыстанню, выкідваць у навакольнае асяроддзе менш растваральнікаў. Таксама зменшылася выдаткаванне электраэнергіі, і гэта дзякуючы нямецкаму абсталяванню, якое каштавала 5 мільёнаў еўра. Праз яго афарбоўка халадзільнікаў зараз адбываецца парашковай фарбай.

Смецце на вытворчасці збіраюць асобна, метал адпраўляюць на паўторнае выкарыстанне. Адходы ад лістоў пластыку (полістэролу) здрабняюць і дадаючы чысты грануляваны матэрыял, робяць новыя лісты.

Завод гатовы збіраць адходы, але толькі свае

Калі на этапе вытворчасці працэс кантралюецца, то пасля эксплуатацыі лёс апаратаў не адсочваюць. Таму, па словах Яўгена Лабанава, дырэктара Цэнтра экалагічных рашэнняў, у дачыненні да халадзільнікаў, як і ўсёй бытавой тэхнікі, актуальнае пытанне ўтылізацыі пасля выкарыстання.

Са слоў прадстаўнікоў завода, прадпрыемства сапраўды не займаецца ўтылізацыяй самастойна, але 313 Указ прэзідэнта выконвае – сплачвае экалагічны падатак:

«Тое, што мы не займаемся ўтылізацыяй халадзільнікаў, не значыць, што мы не вывучылі гэты працэс», ­– дадае галоўны канструктар.

Самі халадзільнікі ўтылізаваць прадпрыемству пакуль эканамічна не выгадна, і калі б яно займалася гэтым, то, па словах прадстаўнікоў, выдаткі леглі б на плечы спажыўцоў. Таксама на заканадаўчым узроўні няма шляху, каб прадпрыемства збірала толькі сваю прадукцыю:

«Мы кажам аб пашыранай адказнасці вытворцы. І мы гатовыя ўзяць на сябе адказнасць, але як вытворцы тэхнікі «АТЛАНТ», – кажа кіраўнік бюро экалагічнага кантролю.

Автор:
Фотограф:
Ганна Валынец, завод «АТЛАНТ»
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость