17.04.2017 / 10:04

Жыццё макрасвету ніколі не спыняецца з надыходам цемры ў цёплы перыяд году. Яно пераходзіць ў іншы якасны стан. Дзённыя макрааб’екты ў большасці хаваюцца ці замаўкаюць, а начныя пачынаюць сваю актыўнасць. Фатаграфаваць іх вельмі цікава.

Дык хто ж прачынаецца? Калі ўмоўна прыняць, што свет насякомых – гэта іншая рэчаіснасць, то свет начных насякомых – гэта іншы свет у іншым свеце. Такі вось парадокс. І сапраўды, каго тут толькі не сустрэнеш! У працэсе здымкі вы адкрыеце для сябе неверагодных цмокаў і незвычайных істот з надзіва яркай афарбоўкай. Такіх, напрыклад, як гэтыя двухпалая пальцакрылка або зубчатакрылая соўка.

Часам нават цяжка ўцяміць, што гэта таксама лускакрылыя. Блізкія родзічы нашых звычных прыгожых дзённых матылёў. Але каб усё гэта і шмат што іншае трапіла ў ваш кадр, як заўсёды, давядзецца прыбегнуць да пэўных хітрыкаў і ўлічыць некаторыя асаблівасці.

Самая галоўная праблема начной макраздымкі — недахоп святла. Але ў любым выпадку, яно вам патрэбна. Крыніцай можа быць звычайны ліхтарык (пажадана з мяккім, не вельмі агрэсіўным святлом), рознага кшталту вулічныя ліхтары і, канешне, фотаўспышка вашай камеры. Яе давядзецца выкарыстоўваць значна часцей, чым пры дзённай макраздымцы. Спатрэбіцца вам святло ў двух выпадках.

Па-першае, для пошуку і падсвятлення аб’ектаў вашай здымкі. Хаця некаторых з іх прасцей пачуць, чым шукаць з ліхтарыкам. Як, напрыклад, стракатанне вось гэтага зялёнага коніка.

Застанецца толькі ўзяць камеру і пайсці на гук.

Па-другое, святло неабходна, каб прывабіць насякомых. Так, так, не абавязкова за імі ганяцца! Найчасцей вам давядзецца сутыкацца з начнымі лускакрылымі і жукамі, якія даволі актыўна ляцяць на крыніцу пастаяннага святла. Таму можна рабіць рознага кшталту фотапасткі. Але я вельмі раю па магчымасці скарыстоўваць святло ліхтароў вулічнага асвятлення. Ля іх заўсёды можна «фотаўпаляваць» нешта цікавае!

Будзьце вельмі асцярожнымі пры выкарыстанні фотаўспышкі. Большасці начных насякомых яна ніяк не замінае, як, напрыклад, гэтым соўкам. Але гэта зусім не нагода іх доўга такім чынам турбаваць!

А вось бражнікі фотаўспышку вельмі не любяць. Ад яе яны асляпляюцца, губляюць арыентацыю ў прасторы і падаюць. Таму пры здымцы гэтых матылёў будзьце вельмі акуратнымі.

Дарэчы, зрабіць добры кадр бражніка, які ў палёце завісае над кветкамі, не такая лёгкая задача. Шукаць іх найлепш на звычайных кветніках яшчэ перад захадам сонца ў цёплыя летнія вечары. Таму пакуль сонца яшчэ цалкам не знікла за гарызонтам, у вас будзе літаральна пару гадзін на здымку. Затым цемра моцна ўскладніць працэс. Здавалася б, часу адносна шмат. Але гэта не так, калі ўлічыць рухомасць гэтых матылёў. Часта яны не вельмі доўга затрымліваюцца над кветкамі. Можна проста не паспець хутка навесці камеру і зрабіць здымак.

Цікавы факт, але ў гэтым плане вельмі выйгрышна выглядаюць больш сціплыя камеры — гэтак званыя «мыльніцы», ці нават ваш смартфон, якія вельмі хутка настройваюцца ў адрозненне ад больш сур’ёзнай тэхнікі. Але калі здымаеце на люстэркалку, то лепш заранёў пралічыць адлегласць, з якой збіраеціся здымаць. Затым прывядзіце вашу камеру ў гатоўнасць хутка зрабіць здымак з гэтай адлегласці, калі заўважыце бражніка над кветкай. Калі ўсё будзе добра, атрымаецца ў вас прыкладна наступнае — на здымку бражнік падмарэннікавы.

Будзьце маральна гатовы да вялікай колькасці спробаў, промахаў і размытых кадраў. Пры здымцы бражнікаў часам даводзіцца сысці з вашага кветніка ні з чым… А на наступны вечар усё можа зноў паўтарыцца. Не варта забываць, што не кожны вечар і ноч спрыяльныя да здымкі. Шмат што залежыць ад надвор’я. Але калі ўсё ж удача ўсміхнецца, то атрымаюцца незабыўныя кадры. Чаго вам як заўсёды жадаю!

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость