17.05.2017 / 10:05

Урочышча Адступ у самым сэрцы Лідчыны — гэта ўнікальнае месца на Гарадзеншчыне, якое застаецца некранутым дзякуючы не столькі ахоўнаму статусу, колькі самой прыродзе. У пушчу з двухсотгадовымі дубамі, чырвонакніжнымі раслінамі і нязвыклымі воку пейзажамі старога лесу мы адправіліся з адмыслоўцам-натуралістам, сябрам «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Юрыям Квачам.

Афіцыйная назва гэтага месца — урочышча Адступ, але мясцовыя называюць яго проста пушчай. Плошча гэтага ляснога масіву складае каля 24 гектараў.

Тэрыторыя вакол забалочаная. Трапіць у яе можна толькі па адной добрай дарозе, якую знайсці, як высветлілася, не так проста. Нават мясцовы жыхар з сабачкам, у якога мы на ўсялякі выпадак вырашылі ўдакладніць накірунак, махнуў рукой і паказаў на зусім супрацьлеглы бок. Але пачуўшы стрэлы на палігоне з гэтага напрамку, мы зразумелі, што нам яўна не туды. Ня вельмі мясцовыя імкнуцца паказваць іншым гэтае месца. Ці можа, нас проста за вайскоўцаў прынялі…

Ляснікі неяк расказвалі, што раней у пушчу можна было трапіць толькі па гаці, настолькі непралазным было гэтае месца. Пазней замест гаці з’явілася дарога. Але лепш не стала. Гаспадарчай дзейнасці ўсё роўна замінала балота. Гэта і выратавала лес ад вырубкі… У 80-х гадах мінулага стагоддзя пушча была пад аховай. Пазней згубіла ахоўны статус. Вось толькі ў мінулым годзе яна зноў яго набыла, — зазначыў Юры Квач.

І вельмі своечасова, бо сучасная лесанарыхтоўчая тэхніка з лёгкасцю пераадольвае балотныя перашкоды.

Падыходзячы да ўскраіны пушчы, адразу заўважаеш наступны кантраст: маладыя дрэвы паціху змяняюцца старым лесам, злёгку прытопленым ў балоце. Сярод іх пачынаюць выдзяляцца велічныя старыя дубы. Па словах Квача, адмыслоўцы ацэньваюць узрост гэтых дубоў ад двухсот да двухсот пяцідзесяці год. Гэтыя дрэвы з’яўляюцца аднымі з самых старых на Лідчыне!

Акрамя дубоў тут часта трапляюцца стогадовыя елкі і асіны, паходжанне якіх цалкам натуральнае.

Цікава, але ў падобных дубравах трапіць на старыя дубы значна большая верагоднасць, чым шукаць іх сярод адзіночных дрэваў па-за пушчамі. Бо калі дрэва масіўнае, то гэта не значыць, што вельмі старое. На адкрытай прасторы адзіночныя дубы значна хутчэй назапашваюць спажыўныя рэчывы і разрастаюцца да буйных памераў. Таму сярод такіх дрэваў часцей сустракаюцца маладыя, а не «доўгажыхары».

Зоркаўка ланцэтападобная ля старога дуба

Пашчасціла нам сустрэць у гэтым месцы не толькі старыя дрэвы, але таксама шмат іншых раслін, якія выклікалі не меншую цікавасць і захапленне. Пушча стварыла выдатныя ўмовы, у якіх добра сябе адчуваюць расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу.

Ужо на самай ускраіне, не далёка ад сцяжыны, адразу заўважаем двух чырвонакніжнікаў — гарлянку пірамідальную і зубніцу клубненосную.

Гарлянка пірамідальная

Як высветлілася, абодва віды аказаліся новымі для Лідчыны і былі адзначаны намі тут упершыню!

Зубніца клубненосная

Яшчэ некалькі хвілін блукання і зноў рэдкая нечаканасць — заўважаем баранца звычайнага.

Не кожны дзень можна ўбачыць, а тым больш адзначыць столькі новых чырвонакніжнікаў адначасова! Сёння нам моцна пашанцавала. Я меркаваў, што такі від як зубніца клубненосная тут павінен быць. Месца адпавядае. Але толькі зараз удалося гэта пацвердзіць. Гарлянка пірамідальная стала поўнай і вельмі прыемнай нечаканасцю. А што датычыцца баранца звычайнага, то на Лідчыне дагэтуль была вядома толькі адна кропка іх знаходкі. Гэта ўжо другі выпадак рэгістрацыі гэтага віду і, безумоўна, першы для гэтай пушчы, — заўважвыў Юры Квач.

Акрамя рэдкіх відаў, трапляюцца яшчэ звычайныя, але не вельмі частыя і цікавыя расліны. Асаблівы каларыт надаюць квітнеючыя лацэтападобныя зоркаўкі ды фіялкі.

Безумоўна, гэта яшчэ далёка не ўсе таямніцы, якія хавае гэтае незвычайнае месца. Мяркую, што наперадзе нас чакае яшчэ шмат цікавых адкрыццяў. Гэтая пушча за свой доўгі век пабачыла і перажыла вельмі шмат. Яе смела можна параўнаць са старым, але вопытным і мудрым чалавекам, якому ёсць пра што нам распавесці. А нам трэба проста ўважліва прыслухацца.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость