«Нацыянальнаму заканадаўству ўласцівы несістэмны падыход»
Між усіх метадаў, як заахвоціць бізнэс ашчадна ставіцца да рэсурсаў, у Беларусі выкарыстоўваюць толькі эканамічныя і амаль не звяртаюцца да адміністратыўных і рэпутацыйных, лічыць Альберт Жлоба. Між іншым, падобныя меры ў заходніх краінах лічацца эфектыўнымі.
Адмініністратыўная матывацыя мае на ўвазе змякчэнне эколага-прававых патрабаванняў адміністратыўнага характару, напрыклад, меншая колькасць праверак ці павелічэнне тэрміну дзеяння прыродаахоўных дазволаў.
Рэпутацыйная матывацыя мае на ўвазе працу для паляпшэння іміджу асобаў/кампаній, дзейнасць якіх уплывае на навакольнае асяроддзе. «Звычайна гэта адбываецца ў межах добраахвотных грамадскіх ініцыятыў, падтрыманых дзяржавай ці прызнаных грамадствам», — кажа эксперт. Арганізацыі, напрыклад, могуць вызначаць індэкс экалагічнай эфектыўнасці, правесці конкурсы з узнагародамі за экалагічна эфектыўную дзейнасць.
Эканамічная матывацыя — даволі традыцыйная, выяўляецца ў падатковых ільготах, субсідыях і гэдак далей, а таксама ў матэрыяльным узнагароджанні супрацоўнікаў.
Прыклад эканамічнай матывацыі ёсць у Праграме развіцця аграпрамысловага комплексу да 2020 году. Стымуляванне вытворчасці прадукцыі з экамаркіроўкай прадугледжана праз яе частковае ўключэнне ў дзяржзамову.
«Нацыянальнаму заканадаўству ўласцівы несістэмны падыход да пытання стымулявання рацыянальнага прыродакарыстання і аховы навакольнага асяроддзя», — характарызуе сітуацыю навукоўца. Паводле яго, меры фіксуюцца ў нарматыўных дакументах абсалютна рознага ўзроўню. І нават самога панятку «стымуляванне» ў заканадаўстве няма.
Эканамічнае стымуляванне: метадаў шмат, але не ўсе працуюць
З артыкулаў, што фіксуюць метады стымулявання, асноўным ён назваў артыкул 82 Закону «Аб ахове навакольнага асяроддзя». Згодна яму, эканамічнае стымуляванне ажыццяўляецца праз паскораную амартызацыю абсталявання і іншых аб’ектаў, прызначаных для аховы і аздараўлення навакольнага асяроддзя.
«Але прававыя аспекты прымянення гэтай меры не раскрываюцца, таму можна пакуль яе лічыць непрацуючай», — дапаўняе Альберт Жлоба.
Больш рэалізаваны іншы кірунак эканамічнага стымулявання — усталяванне асобных катэгорый юрыдычных і фізічных асобаў, якія маюць права на падатковы ільготы: «Заканадаўства прадугледжвае іх у выглядзе паніжанага каэфіцыента да ставак падаткаў ці вызвалення ад падаткаў. Напрыклад, у артыкуле 207 асаблівай часткі Падатковага кодэксу ўсталёўваецца паніжаны каэфіцыент 0,9 да ставак экалагічнага падатку за выкіды забруджваючых рэчываў у атмасфернае паветра, скід стокавых водаў і захаванне адходаў для плацельшчыкаў, якія атрымалі сертыфікат адпаведнасці на працягу 3 гадоў з моманту яго атрымання», — удакладняе эксперт.
Сертыфікат мусіць быць атрыманы ў нацыянальнай сістэме падцверджання адпаведнасці.
Таксама збудаванні могуць вызваляцца ад падатку на нерухомасць, землі — ад зямельнага падатку, а ўстаноўкі і камплектуючыя, звязаныя з выкарыстаннем аднаўляльных крыніц энергіі, пры іх увозе ў краіну не абкладаюцца падаткам на дададзеную вартасць.
Гэта не поўны пералік магчымых ільготаў.
Маральнае заахвочванне = эканамічнае
«Асаблівасць заканадаўства аб жывёльным і раслінным свеце ў тым, што да эканамічнага стымулявання аднеслі маральнае заахвочванне грамадзянаў, якія эфектыўна ажыццяўляюць ахову жывёльнага ці расліннага свету», — заўважае выступоўца.
Такія ж стымулы ёсць і для супрацоўнікаў камерцыйных арганізацый, якія рацыянальна выкарыстоўваюць паліўна-энергетычныя рэсурсы.
Найбольш удалы прыклад стымулявання — аднаўляльная энергетыка
Кажучы аб тэндэнцыях, Альберт заўважае: з прырода-рэсурснай часткі заканадаўства выключаюць нормы, што тычацца стымулявання. Прыклад таму — Закон РБ «Аб ахове атмасфернага паветра»: яму прысвечаны цэлы артыкул, але меры не названыя.
Апошні кірунак — выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі. Паводле выступоўцы, на сёння яно найбольш удалае з кропкі гледжання і прававой рэгламентацыі, і практыкі прымянення.
Апроч іншых пералічаных мер адмысловым Законам «Аб аднаўляльных крыніцах энергіі» гарантуецца падключэнне да дзяржаўных энергетычных сетак прыватных установак і абавязак дзяржавы набываць такую энергію па павышаных каэфіцыентах.
Падсумоўваючы, Альбер Жлоба сказаў: «Неабходна ствараць сістэму мер, але папярэдне мы мусім вызначыць асноўныя кірункі прыродаахоўнай дзейнасці, якія мусяць атрымаць падтрымку дзяржавы. І па кожнаму з іх прадуглежваць не адну-дзве меры, а цэлы іх комплекс».