“Жывое партнёрства”: Планавая сістэма стымулюе спажываць

Наступны з таварышаў “Зялёнай сеткі”, аб якіх мы расказваем да дзесяцігоддзя таварыства – гэтая невялікая НДА. Яна з’явілася на самым пачатку 90-х і дапамагала наладзіць працу дзіцячаму цэнтру. Але сёння яе профіль больш шырокі: ад экаэкспертызы да працы з рэлігійнымі супольнасцямі.

“Жывому партнёрству” – 25 год

Сачыненне пра энергаашчаднасць, малюнкі аб змяненні клімату, даследчыя працы – дзеці ў школах робяць шмат, але гэта мала тычыцца іх штодзённасці і рэальнай гаспадарчай дзейнасці іх школ. Гэтым усхваляваныя ў рэспубліканскім сацыяльна-экалагічным аб’яднанні “Жывое партнёрства”.

Аб’яднанне невялікае: у сябрах 53 чалавекі. Супрацоўнікаў трое. “Жывое партнёрства” існуе с 1992 года, і доўга называлася “Жыццё пасля Чарнобыля”. Ларыса Якавюк, кіраўніца праектаў, у арганізацыі з 1995 года, сваё месца заняла ў 2012.

“Мы звязаныя з дзіцячы цэнтрам “Надзея”, у якім я доўга працавала і займалася экалагічнымі праектамі”, – кажа яна.

У 2012 годзе НДА пашырыла сферу дзейнасці, у 2014 атрымала сваю сучасную назву і зараз працуе ў трох накірунках:

* энерграашчаджэнне і развіццё ў рэгіёнах (у тым ліку праз экасертыфікацыю “Белы бусел” для непрамысловых установаў)

* экалагічная праца з цэрквамі хрысціянскіх канфесій

* патрымка і развіццё дзіцячага аздараўленчага цэнтра “Надзея”.

Старшыня «Жывога партнёрства» Галіна Палянская. Фота Вольгі Астаповіч

 

Радыяцыя – з’ява, небяспечнасць якой вызначаюць верай

Грамадскае аб’яднанне было адной з чатырох заснавальнікаў Беларуска-германскага дабрачыннага прадпрыемства “Надзея-ХХІ стагоддзе” (ён жа дзіцячы цэнтр “Надзея”, што ў Вілейскім раёне). Гэта адзіны прыватны цэнтр, які прымае з усёй рэспублікі на аздараўленне дзяцей і падлеткаў, што пацярпелі ад рацыяцыйнага забруджвання.

Аздараўленне ў гэтай і іншых установах (дзяржаўных) адбываецца за кошт дзяржпраграмы (у 2014 годзе праз яе прайшлі  81,5 тысяча дзяцей і падлеткаў). Побач з тым на аснове разліковых (а не фактычных) дадзеных дзяржава ўводзіць у эксплуатацыю раней забруджаныя землі.

І пра аварыю на ЧАЭС у грамадстве паціху забываюцца. Нехта верыць ва ўздзеянне малых доз радыяцыі, нехта – не. Але ад гэтага ўсе землі не зробяцца чыстымі, а людзі – здаровымі.Цэнтр “Надзея”

Цэнтр “Надзея”

“Перыяд паўраспаду цэзія-137 – 30 адоў. За гэты час распадаецца толькі палова атамаў. Што тычыцца плутонія і стронцыя, то ў аднаго з іх перыяд паўраспаду каля 200 гадоў, у другога – 2-3 тысячы гадоў. А людзі, якія там жывуць, дыхаюць паветрам, праз якое ў тым ліку адбываецца перанос часцінак. Уплыў на здароўе ёсць, і пагроза ёсць. Не меншая, чым калісці”, – тлумачыць Ларыса Якавюк.

 

АЭС будзе меней, калі зменшацца патрэбы ў энергіі

“Мы тлумачым, як жыць так, каб гэта [катастрофа] не паўтарылася зараз, – кажа яна. – Не, мы не антыядзерная НДА. Мы працуем з тым, што называюць устойлівым развіццём, але на ўзроўні арганізацый ці тэрыторый.

Катастрофа адбылася на станцыі, якая выпрацоўвала энергію. Калі нам будзе патрэбна меньш энергіі – то быццам бы і станцый павінна быць меньш. Не заўсёды гэта працуе так, але выснова лагічная”.

Вынікам аднаго з праектаў, які адбыўся пры фінансавай падтрымцы ГЭФ / ПРААН, сталася ўсталёўка ў 2012-2013 гадах у цэнтры “Надзея” сонечных калектараў для нагрэва вады. Яе выкарыстоўваюць для ацяплення і падачы проста ў кран. Калектары ўсталявалі на даху дрывянога складу.

Часам у Ларысы пытаюцца, ці праўда, што калектар працуе на дравах

 

Экалагічная сертыфікацыя: сацыяльныя ўстановы змяняюць звычкі

Санаторыі, школы, гасцініцы, царкоўныя ўстановы могуць з 2008 года з дапамогай “Жывога партнёрства” прайсці экалагічную сертыфікацыю “Белы бусел” і атрымаць сертыфікат. Але гэтаму папярэднічаюць падрыхтоўка і экалагічны аўдыт.

“Спецыяліст дапамагае кіраўніцтву ўбачыць слабыя месцы, аб якіх арганізацыя можа нават не ведаць. З дапамогай эксперта і на грунце заўвагаў арганізацыя можа распрацаваць экалагічную праграму дзеянняў”, – кажа кіраўніца праектаў “Жывога партнёрства”.

Сертыфікаты экалагічнай адпаведнасці “Белы бусел” ужо маюць 34 беларускія ўстановы. Тры галоўныя аспекты, з якімі даводзіцца працаваць – гэта праблема смецця, пытанні, звязаныя са спажываннем, і энергаашчаджэнне.

Адна з праблем – забружванне сцёкавых водаў фасфатамі. Але мала хто ведае, што зменшыць іх утрыманне можна, калі набываць бесфасфатныя мыйныя сродкі. Яны таксама з’яўляюцца меньш алергеннымі і ёсць у асартыменце большасці беларускіх вытворцаў. Праўда, апошнія не заўсёды ведаюць, што гэта можа быць брэндам.

Сустрэца ў дзіцячым цэнтры “Ждановічы”

 

Анлайн-маніторынг для школ

Школы трох раёнаў – Вілейскага, Чавускага і Веткаўскага – зараз праводзяць штодзёння маніторынг спажывання энергарэсурсаў і вады, заносячы дадзеныя ў адмысловую он-лайн праграму “Энергабаланс”. Яна  дазваляе ўбачыць пікі спажывання і дынаміку, а таксама ўдзельнае спажыванне.

Праграма – добры інструмент для мясцовыя ўладаў для аналізу энэргаспажывання і пошуку слабых месцаў – арганізацый, якія пры параўнальна аднолькавай плошчы і колькасці людзей спажываюць значна больш, чым іншыя.

Менавіта на такія установы трэба звяртаць першапачатковую ўвагу і шукаць шляхі паляпшэння сітуацыі. Бо мова ідзе пра бюджэтныя сродкі і правільнае іх размеркаванне не простая справа пры дыфіцыце раённага бюджэту.  

Удзельнікі праекту спадзяюцца, што ўстановы змогуць не толькі ўжыць экалагічныя метады, але і расказаць аб іх людзям, з якімі працуюць.

 

Складаныя перамены: “Нам усё адно трэба здаць макулатуру”

Пакуль ідэя экамэнэджмэнта, па словах Ларысы Якавюк, не дужа распаўсюджаная.

“Калі мы арганізоўвалі курсы, то нават выкладчыкі, кожны з іх, лічылі сваім абавязкам першыя 10-15 хвілін дзівіцца, навошта школам экалагічнае кіраванне. Але ўстановы могуць уплываць на свядомасць людзей. Калі людзі не задумваюцца, то ім здаецца, што добрая ці кепская сітуацыя з экалогіяй залежыць не ад іх. Гэта нейкі злы чалавек вінаваты, а не мы, што набылі яго прадукцыю”.

Ці яшчэ адзін парадокс: настаўнікі ў школе разумеюць, што трэба меньш спажываць паперы, бо набываюць яе за свае грошы. Але, з іншага боку, друкуюць лішняе і каментуюць: “Нам усё адно трэба здаць макулатуру, бо трэба выканаць план”.

“і гэты план – праблема, – скардзіцца суразмоўца. – Планавыя паказчыкі не стымулююць іх спажываць меньш. Мы не можам пакуль гэта пераадолець, але можам тлумачыць. Трэба, каб людзі зразумелі, што смецце – гэта іх адказнасць”.

 

Дылемы: куды падзець бутэльку ад святой вады?

“Жывое партнёрства” – адна з нешматлікіх арганізацый, які працуюць з царкоўнымі прыходамі/парафіямі і просяць пастыраў працаваць з прыхаджанамі. Гэта праходзіць у цесным партнёрстве з накірункам “Царква і ахова навакольнага асяроддзя” Цэнтра экалагічных рашэнняў.

У Лядзенскім мужчынскім манастыры ўжо з’явілася грунтова-раслінная пляцоўка для ачысткі каналізацыйных сцёкаў. Апроч спецыяльных праектаў, “Жывое партнёрства” дапамагае пераасэнсаваць звычкі.

“У святара ёсць дадатковая аргументацыя, ён абапіраецца на хрысціянскія ідэі”, – кажа Ларыса.

Пластыкавыя кветкі на могілках? Ад іх лепш адмовіцца, і святары тлумачаць: гэта нармальна, жывой душы трэба жывое. А вось людзі часам нават адмаўляюцца абмяркоўваць: не чапляйцеся, усе так робяць. Хаця яшчэ гадоў 15 таму ўсё было інакш, і ніхто не лічыў, што гэта “па-беднаму”.

І падобных тэм шмат. Куды падзець бутэльку з-пад святой вады? Няёмка ў смецце, але ж сама бутэлька – не святая. Святар можа патлумачыць бабулі: кепска спаліць у печцы пластыавую бутэлечку з-пад масла, бо дыяскіны, хоць і нябачна, апусцяцца роўна на яе агарод.

 

“Чалавек упэўнены, што калі нешта прадаецца ў царкве, то гэта нармальна”

Ці гатовыя супольнасці веруючых да гэтага? Найпрасцей – з лютэранамі, бо сама ідэя экасертыфікацыі прыйшла з Германіі. З праваслаўнымі, на думку Ларысы Якавюк, трошкі складаней, бо не ўсе маюць разуменне, якое тычанне царква мае да экалогіі.

“На сёння для святароў вялікае адкрыццё, што шмат ёсць неэкалагічнага: напрыклад, налепкі на яйкі, што прадаюцца да Вялікадня ў царкоўнай лаўцы. Гэта самае небяспечнае: чалавек упэўнены, што калі нешта прадаецца ў царкве, то гэта нармальна”, – кажа яна. – А налепкі, як і пластыкавыя кветкі – гэта проста бізнэс”.

Цікавы запыт прыйшоў ад каталікоў: дапамагчы разабрацца з сістэмамі ацяплення для касцёлаў з іх таўстымі сценамі і высокімі дахамі. Сумесна з Цэнтрам экалагічных рашэнняў “Жывое партнёрства” збіраецца анкетаваць храмы, вывучаць існуючыя рашэнні і шукаць аптымальныя сумесна з Цэнтрам экалагічных рашэнняў.

Куды пісаць? Што мне прапануюць?

Вы можаце звярнуцца ў рэспубліканскае сацыяльна-экалагічнае аб’яднанне “Жывое партнёрства”, калі нешта з апісанага вышэй, вас зачапіла. Вы прадстаўнік мясцовай улады, школы, гімназіі ці ВНУ? Паліклінікі, дзяржустановы, або ведаеце супольнасць веруючых, якім неабыякавае навакольнае асяроддзе?

Вы можаце запытаць пра:

  • Метадычную дапамогу некамерцыйным установам/арганізацыям, якія жадаюць укараніць сістэму экалагічнага менеджменту;
  • Экспертную падтрымку – правядзенне папярэдняй экалагічнай ацэнкі гаспадарчай дзейнасці ўстановы і пошук шляхоў паляпшэння сітуацыі.

Кантакты:

http://partnership.by/ob-organizacii/kontakty

тел. (+375 17) 210-56-36

+375 29 3355708 (Вел)
+375 33 6355708 (МТС)

эл.почта: office@partnership.by


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 20.11.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.