Фрунзенскі раён: паркаў стане болей удвая. Аднак не ўсе зялёныя зоны патрапілі ў схему азеленых тэрыторый

Напрыканцы мінулага тыдня ва ўсіх дзевяці адмінастацыйных раёнах Мінска прайшлі сходы ў рамках грамадскага абмеркавання экалагічнага даклада па стратэгічнай экалагічнай ацэнцы аб’екта "Схема азеленых тэрыторый агульнага карыстання". Зялёны партал пабываў на сустрэчы ў Фрунзенскім раёне.

23.07.2018 Экалогія горада Аўтар: Хрысціна Чарняўская Фота: Алена Ляшкевіч

 

У параўнанні з падобнымі сустрэчамі мясцовых жыхароў і чыноўнікаў па абмеркаванні планаў дэтальнай планіроўкі, гэта сустрэча адрознівалася малалюднасцю. Хаця на самым пачатку схода намеснік кіраўніка Фрунзенскай адміністрацыі па пытаннях горадабудаўніцтва Некрашэвіч Аляксандр Іванавіч пераўпэўніў, што інтарэс да тэмы ў грамадзян прысутнічае. Напрацягу ўсіх грамадскіх абмеркаванняў, якія праходзяць з 26 чэрвеня па 25 ліпеня, ім паступаюць пытанні, прапановы ў пісьмовай форме. Таксама людзі прыходзяць на жывыя кансультацыі са спецыялістам у адміністрацыю.

На сёння забяспечанасць азеленымі тэрыторыямі агульнага карыстання ў Фрунзенскім раёне складае 5,1 м² на чалавека з улікам, што пражывае ў ім 461,5 тысяча чалавек. У перспектыве праектнай рэалізацыі лічбы зялёных зон агульнага карыстання мусяць павялічыцца да нарматыўнай забяспечанасці — 10,4 м² на чалавека. Як падкрэсліла Ларына Людміла Паўлаўна, галоўная архітэктарка праектаў Мінскграда, азеляненне агульнага карыстання ў норме складае ад 8 да 10 м² на чалавека.

"Зараз у раёне існуе 5 паркаў, 22 скверы, 3 бульвары і 1 лесапарк — Мядзвежана. У перспектыве стане 10 паркаў, 30 сквераў. А вось, на жаль, колькасць бульвараў і лесапаркаў застаннецца ранейшай", — зазначыла яна.

Да здзіўлення многіх, у схемы не было ўключана азеляненне дваравых тэрыторый, якое адносяць да зялёных зон абмежаванага карыстання. А планы, па словах прадстаўніцы арганізацыі-распрацоўшчыка, рабіліся для азеленых тэрыторый агульнага карыстання: паркаў, сквераў, бульвараў, лесапаркаў і лугапаркаў.

"На тэрыторыі Фрунзенскага раёна існуе 31 аб'ект агульнай плошчай 241,2 гектара. З іх да 1 гектара - 11 аб'ектаў, ад 1 да 2 гектараў — 9 аб'ектаў, ад 2 да 5 гектараў — 5 і больш 5 гектараў — 6 аб'ектаў. Такім чынам, азеленасць раёна выглядае вельмі прыстойна", — ацаніла сітуацыю Людміла Ларына.

Нягледзячы на тое, што лічбы сапраўды выглядаюць прыгожа і прывабна, у прысутных у зале выклікала пытанне, чаму ў перспектыве яны ўсё роўна не дацягваюць нормаў генплана, згодна з якімі забяспечанасць азеленымі тэрыторыямі павінна складаць 21 м² на чалавека.

"На жаль, так склалася, — узялася тлумачыць Людміла Ларына. — Горад развіваўся і, напрыклад, у Партызанскім раёне на сёння лічба складае 33 м² на чалавека, бо ён залесены. Значна горшая сітуацыя ў Маскоўскім раёне, а ў іх няма куды развівацца. Таму ў генеральным плане быў прыняты сярэдні паказчык па горадзе — 21 м²".

"Дынаміка ж прасочваецца, — падхапіў заўвагу намеснік кіраўніка адміністрацыі. — Што ўжо не дрэнна".

Аднак на думку Дзяніса Тушынскага, мясцовага жыхара і актывіста, такі падыход — усяго толькі адвольнае трактаванне генплана, прапісаных ім нормаў і патрабаванняў.

Да ўсяго зацікавіў яго момант, чаму пры распрацоўцы схем не ўлічваліся ўсе азеленыя тэрыторыі агульнага карыстання, чаго патрабуе Закон «Аб раслінным свеце» (глава 33, пункт 1). Адказ на пытанне ў літаральным сэнсе ажывіў аўдыторыю:

"У нас ёсць заданне Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама. Згодна яму мы і выконвалі работу. Мы разглядалі паркі, скверы, бульвары і лесапаркі. Іншыя азеленыя тэрыторыі намі не былі ўключаны. Бо мы працуем  выключна па заданні, падпарадкоўваемся Мінгарвыканкаму", — зазначыла Людміла Ларына.

"Калі я вас правільна разумею, законам вы не падпарадкоўваецеся? — рытарычна ўдакладніў Дзяніс.  —  Вы ведаеце Закон «Аб раслінным свеце»?"

"З закона мы ўзялі чатыры аб'екты. А што на ваш погляд мы не ўлічылі?", — працягнула Людміла Ларына.

Аднак дыялог раптона перарваў малады чалавек. Ён папрасіў удакладніць, адкуль было ўзята азначэнне "азеленыя тэрыторыі агульнага карыстання", прадстаўленае ў прэзентацыі на самым пачатку. Бо, як высвятлілася, яно не адпавядае таму, што прапісана ў законе.

"Азначэнні ў асноўным узяты з тлумачэнняў Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, з іх метадычных рэкамендацый. І сёння мы не будзем разглядаць нарматыўныя моманты, гэта не мэта нашай сустрэчы. Калі вы хочаце глыбей капнуць па гэтым пытанні, звяртайцеся да распрацоўшчыкаў, у Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, а таксама ў Мінпрыроды", — перахапіў Некрашэвіч Аляксандр.

 

Больш вузкія пытанні, калі ласка, у пісьмовай форме

Яшчэ на пачатку сустрэчы мясцовы жыхар Ігар Букаты задаўся пытаннем: каму адрасаваць свае заўвагі і прапановы па стратэгічнаму экалагічнаму дакладу, калі на сходзе не прысутнічаюць прадстаўнікі профільнага міністэрства. І на працягу ўсяго абмеркавання, спрабуючы атрымаць нейкія больш канкрэтныя дадзеныя - ці то па метадалогіі, ці то па лічбах - даводзілася чуць адзін і той жа адказ: "Напішыце пісьмова".

"Вы чыталі апублікаваны даклад? — у нейкі момант здзіўлена удакладніла Людміла Ларына. — Я вас вельмі прашу напішыце аўтарам даклада, яны вам адкажуць. Я вымушана вам прызнацца, што я — не азяляняльнік і не эколаг, я — архітэктар. Магу адказаць на пытанні ў рамках прадстаўленых схем".

Аднак не захацелі даць адказ прадстаўнікі адміністрацыі і на пытанні ў рамках схем, надаўшы ім статус прыватных і не маючых дачынення да сустрэчы:

"На схеме парк 60-годдзя Кастрычніка абазначаны суцэльна зялёным. Але яшчэ да абмеркавання плана дэтальнай планіроўкі ў частцы парка былі высечаны дрэвы. І калі я не памыляюся, то менавіта ваш подпіс, Аляксандр Некрашэвіч, стаіць пад пратаколам прыняцця дадзенага ПДП. Хацелася б нейкіх тлумачэнняў, якім чынам так атрымалася, калі ў законе дакладна прапісана пра забарону правядзення высечак на азеленай тэрыторыі да абмеркавання схем азеленых тэрыторый, а ў выніку яны былі праведзеныя", — пацікавіўся Дзяніс Тушынскі.

"Спадару Тушынскаму пра гэта пісалася і не адзін раз. Калі вы запамятавалі, падыміце перапіску і паглядзіце, што там сказана. І больш таго, прыватныя пытанні мы тут абмяркоўваць не будзем. Упэўнены, у вас яшчэ пару такіх знойдзецца. Адразу папярэджваю, мы на іх адказваць не станем. Калі па сутнасці сустрэчы ў вас няма пытанняў, то каб не таміць людзей, я іх адпушчу", — крыху ўскіпеў намеснік кіраўніка адміністрацыі Аляксандр Некрашэвіч.

 

Давайце пройдземся па канкрэтыцы

Напярэдадні схода ініцыятыўная група на чале з Ігарам Букатым сустрэлася са спецыялістамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, эколагамі і юрыстамі. Агульнымі намаганнямі яны распрацавалі рэкамендацыі да прадстаўленых схем азеленых тэрыторый, якія прадстаўнік мясцовых жыхароў узяўся зачытаць, нягледзячы на адсутнасць прадстаўнікоў профільных органаў:

  • Рэкамендуем не ўключаць унутрыквартальныя і прыдамавыя азеленыя тэрыторыі ў распрацоўваемую схему азеленых тэрыторый агульнага карытання. Гэта прывядзе па павелічэння паказчыкаў азеленасці, а гэта ў сваю чаргу можа стварыць пагрозу для забудовы зялёных зон, бо нарматывы забяспечанасці на чалавека будуць перавышаныя.
  • Тэрыторыі ад 0,01 гектара таксама прапаноўваем уключыць у схемы. "Напрыклад, ля адміністрацыі ў нас ёсць яблыня ў каменнай клумбе, - удакладняе Ігар Букаты. - Згодна з умовамі яна таксама павінна быць унесена ў схему. Мы ж прапаноўваем надаць такім аб'ектам асобы статус і стварыць для іх ахоўную зону, абараніўшы ад зносу".
  • Азеленыя прыдарожныя тэрыторыі не павінны ўключацца ў схемы азеленых тэрыторый агульнага карыстання. Такая прапанова звязана з функцыяналам такіх зон, бо найчасцей яны ствараюцца не для рэкрэацыі, а для абароны.
  • Мы выступаем за тое, каб схема азеленых тэрыторый пастаянна актуалізавалася з магчымасцю ўнясення дапаўненняў, але без карэктыроўкі папярэдне прынятых межаў азеленых тэрыторый агульнага карыстання ў бок іх змяншэння.

"Важна захаваць тыя зялёныя зоны, што забяспечваюць нас камфортнасцю існавання. Вядома, мяне вельмі хвалюе лёс Лошыцкага парка. Але як жыхара канкрэтна гэтага квартальчыка, больш цікавіць свой двор і тое, што бачна з майго акна, — зазначыў Ігар Букаты. — І мне б хацелася думаць, што тыя прапановы, якія існуюць зараз — гэта ненаўмыснае павелічэнне лічбаў забяспечанасці азеленымі тэрыторыямі для магчымасці выпільваць участкі з зялёных зон".

 

Дзе гарантыі, што нададзены статус абароніць зялёныя тэрыторыі?

"У Кунцаўшчыне ёсць цудоўная зялёная тэрыторыя, што мае статус сквера, хаця па сваёй плошчы яе можна перавесці ў парк. Нягледзячы на тое, што мы напісалі пра гэта ў дакладзе, аднак лічым, што не варта такое рабіць. Бо тэрыторыя дастаткова добраўпарадкавана і прыгожая. Ды й статус сквера дае магчымасць лепш абараніць зялёную зону ад забудовы паркавымі аб'ектамі [напрыклад, дзіцячымі і спартыўнымі пляцоўкамі. — аўт.]. Як мясцовыя жыхары, вы можаце прапанаваць надаць статус парка дадзенай тэрыторыі, але нам, як архітэктарам, рабіць гэтага не хацелася б", — засталася незаўважанай парада Людмілы Ларынай.

На самым прыканцы сустрэчы адзін з мясцовых сціпла запытаўся пра гарантыі абароны зялёных тэрыторый ад інвестыцыйных праектаў і жадання чыноўнікаў дагадзіць фінансавым укладанням. І нягледзячы на тое, што намеснік кіраўніка адміністрацыі пачаў пераўпэўніваць, што распрацоўка стратэгічнага экалагічнага даклада і схем вялася менавіта з мэтай замацаваць межы зялёных тэрыторый ад патэнцыйнай інвестзабудовы, мясцовыя даволі скептычна ставяцца да такіх перакананняў, з улікам агульна гарадской сітуацыі і ўласнага досведу.

"Скажыце мне, калі ласка, дзе ў Фрунзенскім раёне гэта не працуе? Не бярыцеся разглядаць увесь горад", — крыху абурана паставіўся да заўвагі Аляксандр Некрашэвіч.

У прыклад яму жыхары прывялі забудову парка Цывалі, ад якога ў свой час "адшчыпнулі" ўчасткак пад гандлёвы цэнтр "Скала" ці парк Уга Чавіса, на рагу якога раптоўна ўзнік Еўраапт.

"Вы зразумейце, у парка Цывалі пры абмеркаванні першапачаткова былі закладзены пэўныя аб'екты. Бо паркі мусяць несці нейкую функцыю, а не толькі дарожкі, неабходны месцы адпачынка. І Еўраапт адпавядае плану дэтальнай планіроўкі… Паркі павінны нечым напаўняцца. Таму аб'екты могуць быць закладзены і чакаць часу, калі прыйдзе інвестар", — унёс яснасць намеснік кіраўніка адміністрацыі.

"Але ж відавочна, што ўсё залежыць ад аб'ектаў, якія могуць з'яўляцца ў парках. Вызначана іх найменне?", — не суцяшаліся людзі. На што чыноўнік вельмі ўпэўнена даў адказ: "Сацыяльныя". А на з'яўленне на тэрыторыі парка крамы Аляксандр Некрашэвіч развёў рукамі і ўказаў на адпаведнасць такіх аб'ектаў ПДП для дадзенай тэрыторыі: "Да ўсяго, яна толькі адна".

На гэтым сустрэча-прэзентацыя даклада і схемы скончылася, людзі моўчкі пакінулі актавую залу школы, быццам бы пачутыя і суцешаныя ростам азелянення ў родным раёне.

"Шчыра кажучы, я не глядзеў схемы іншых раёнаў, толькі некаторыя. І ў параўнанні з імі ў Фрунзенскім нашмат больш азеленых тэрыторый, хаця і раён значна большы сам па сабе.

На мой погляд у схемы не ўключылі адносна невялікія тэрыторыі, якія наша ініцыятыўнага група збіраецца прапанаваць да канца грамадскіх абмеркаванняў. Агульная колькасць, па нашых падліках, — ля 13 зялёных зон па цэнтральнай і ўсходняй частках раёна", — рэзюмуе вынікі прэзентацыі схемы мясцовы жыхар і актывіст Дзяніс Тушынскі.


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 23.07.2018

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.