Экапраекты дапаўняюць і працягваюць адзін адно. Палачане пачыналі з азелянення, перайшлі да мабільнасці, да яе падключылі асвятленне, зараз вучаць дзяцей экалагічнаму ладу жыцця і мыслення. Аб’ядноўваюць усе праекты агульная мэта — ахова наваколля. Полацк імкнецца выканаць абавязкі па Пакту мэраў і да 2020 года на 20% зменшыць выкіды вуглякіслага газу ў атмасферу (у параўнанні з 1990 г.).
— Але галоўнае не лічбы, а тое, што падчас Тыдня мабільнасці гараджане селі на ровары і прыехалі ў парк, — адзначыў першы намеснік старшыні Полацкага райвыканкама, старшыня аргкамітэта па падрыхтоўцы тыдня Сяргей Лейчанка.
Зразумела, адмовіцца ад аўтамабіляў на карысць веласіпедаў — справа не аднаго дня і не аднаго горада. І тут ролю грае блізкае суседства Полацка і Наваполацка. Эксперты часта разглядаюць іх нават як цэлае. Неўзабаве два гарады павінны пачаць рэалізацыю сумеснага праекта пры падтрымцы Праграмы развіцця ААН, дзе адзін з пунктаў прадугледжвае стварэнне веладарожкі паміж Палацкам і Наваполацкам.
Удзельнікі велапрабега Полацк-Наваполацк-Курган Бессмяротнасці пацвердзілі: дужа стаміцца за такі шлях не атрымаецца. Месцо для будучай дарожкі — уздоўж берага Заходняй Дзвіны — само па сабе экалагічнае. Яго прапанавалі тыя, хто будзе ёй карыстацца — веласіпедысты. Арганізатарам засталося прыслухацца да іх пажаданняў.
У планах таксама стварэнне агульнага для двух гарадоў велапраката. Дзякуючы яму жыхары змогуць узяць ровар у арэнду ў Полацку, а пакінуць у Наваполацку, і наадварот. Акрамя таго, Полацку прапанавана далучыцца да агульных для ўсёй Беларусі праектаў.
Для ўстойлівасці і доўгатэрміновасці такіх ініцыятыў ім патрэбна стабільнае фінансаванне, а значыць, для ніх будзе развівацца прадпрымальніцтва, стварацца мікра-, малыя і сяреднія прадпрыемствы. І людзі будуць зарабляць, але экалагічным спосабам.
— Нам нельга згубіць абароты, таму падтрымка будзе ўсямернай, — паабяцаў кіраўнік Нацыянальнага агенцтва па арганізацыі Еўрапейскага тыдня мабільнасці ў Рэспубліцы Беларусь, прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха. — Наша мэта — не толькі стварэнне інфраструктуры, але змяненне мадэлі паводзінаў. Бо мы ў адказе як за ўласнае здароўе, так і за здароўе нашых сямей і гарадоў.
Яшчэ адзін вынік Тыдня — дамова ў будучыні запрашаць да ўдзелу ў падобных мерапрыемствах людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Гарадская мабільнасць — для ўсіх, і няма розніцы паміж роварам з ручным прывадам ці педалямі.