24.03.2016 / 16:03

Напрыканцы лютага жыхары Вілейцы ўзрушыліся: па адной з цэнтральных вуліц — вуліцы 1 Мая — РУП «Вілейская ЖКГ» пачало выразаць дрэвы. Спачатку выдаліла каля 50, а праз два тыдні выканкам прапанаваў абмеркаваць знішчэнне яшчэ трох соцень раслін, сярод якіх ёсць і здаровыя. Мэта — зрабіць з вуліц маладыя алеі. На абмеркаванні намеснік старшыні выканкаму паабяцаў, што рашэнне будзе прынята так, як прагаласуюць людзі.

Спілоўваць альбо не?

Алеі з лісцевых дрэў яшчэ не спілавалі, але добра прарадзілі за апошні месяц. Гэтым займаюцца працаўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Трое мужчын, што займаліся прыборкай галля, патлумачылі: дрэвы аварыйныя і дужа старыя. «Ім больш год, чым нам з вамі», — адказалі яны.

Жыхары Вілейкі па-рознаму паставіліся да высечкі: нехта назірае за гэтым з узбурэннем, нехта з палёгкай.

27 лютага 2016 г.
27 лютага 2016 г.

Пенсіянеры, што жывуць у шматпавярхоўках раёна побач, кажуць: «Мы — пенсіянеры, нам хочацца новенькага».

 

«Раней горад быў больш зялёны»

«На гэта ж ідуць сродкі з бюджэта, нашыя грошы... Шкода дрэваў. Зялёны горад быў, а цяпер… Па вуліцы вымалёўваўся танэль, кшталту алеі, і не толькі па гэтай», — з гаркатой адзначае месціч Міхась Кулеш. Ён штодня ездзіць праз цэнтр на працу і лічыць, што падобную алею ўжо не атрымаецца вырасціць: змяніўся клімат. Міхась крытыкуе і абрэзку дрэваў.

Да яго далучаецца Анатоль, рыбак гадоў шасцідзесяці. Ён кажа, што горад зрабіўся не такім зялёным, моцна парадзеў нават гарадскі парк, з аднаго боку якога зрабілі аўтастаянку.

«Паглядзець па вуліцы ля бальніцы — там жа ўсе вярхі паабпільвалі. Але абпіляць раз, абпіляць два, а потым зусім зразаюць», — звяртае ўвагу ён.

Стаянка ля парка
Стаянка ля парка

 

Жыхары: «Дрэвы небяспечныя і могуць паваліцца»

Убачыўшы чалавека с фотаапаратам, падключаецца да гаворкі жыхар прыватнага сектара па вуліцы, дзе высечка, скардзіцца: парасткі трэба вырываць, лісце прыбіраць 5 разоў на восень, страха пакрываецца мохам і псуецца.

«Я не супраць экалогіі», — кажа ён і дадае: можна было б насадзіць кустоўя, як раней. Ён, як і шмат хто з жыхароў вакольных вуліц, спасылаецца на небяспечнасць дрэваў: маўляў, клімат мяняецца, любая навальніца — і дрэва зваліцца на чалавека, машыну ці хату. Такое ўжо было ў 2010 годзе.

Аб меркаванні адміністрацыі мы даведаліся ў намесніцы дырэктара ЖКГ Марыны Андрыеўскай. Паводле яе слоў, усім таполям, бярозам, ліпам па 50-60 год, яны аварыйныя і дуплістыя, перараслі свой узрост і пагражалі збудаванням, людзям і руху машын, патлумачыла яна па тэлефоне.

Марыя Браніславаўна ўдакладніла: замест старых дрэваў пасадзяць новыя, а ўвосені збіраюцца зладзіць абмеркаванне поўнага выдалення дрэваў па двух вялікіх вуліцах.

 

Гараджанам абмеркуюць, ці выдаліць 291 дрэва

Аб тым, што плануецца абмеркаванне, абвясцілі раней. У будынку выканкама 11 сакавіка ў 17.30 гаворка ішла аб высечцы амаль 300 дрэваў (159 па вул. Чырвонаармейскай і 132 па вул. 1 Мая). Распавядалася і аб пасадцы маладых раслін замест старых. Дакладныя прычыны выдалення ў абвестцы не пазначылі.

Вуліца Чырвонаармейская
Вуліца Чырвонаармейская

 

Выканкам: «Рашэнне прымем па большасці галасоў»

На грамадскае абмеркаванне сабраліся 19 удзельнікаў, але з вуліц, на якіх мусіла адбыцца высечка, — толькі 7.

«Зараз выступіць намесніца дырэктара ЖКГ, потым вашыя пытанні, невялікая дыскусія. І як вынік прымем рашэнне па большасці галасоў і пратакольна засведчым», — распачаў сустрэчу намеснік старшыні Вілейскага райвыканкаму па пытаннях будаўніцтва і ЖКГ Аляксандр Чарменскі.

Імкненне выразаць дрэвы прадстаўнікі ўлады патлумачылі тым, што «яны ўжо высокія, перарослыя, побач лінія электраперадач». А пасадзіць маладыя насаджэнні хочуць, каб стварыць роўную прыгожую алею.

Саджанцы адразу могуць не прыжыцца, а глебы хутчэй за ўсё засоленыя — на гэта звярнулі ўвагу юрыст Таварыства «Зялёная сетка» Таццяна Сініца і каардынатар кампаніі «Гарадскі Ляснічы» Ігар Корзун.

Ігар спаслаўся на даследаванні Акадэміі навук. Згодна з імі, уздоўж цэнтральных вуліц сталіцы мяжа дапушчальнай канцэнтрацыі перавышана ў 40 разоў. У засоленых глебах складана вырасціць маладое дрэўца, толькі дрэва-буйнамер старэй за 7 год з закрытай карнявой сістэмай, а гэта дорага.

Ён звярнуў увагу і на тое, што у горадзе шмат прыкладаў няякаснай абрэзкі (топінга), якая і магла быць прычынай аварыйнасці дрэваў. Ігар паказаў на механічныя пашкоджанні «у вялікай колькасці».

«Гэтыя пашкоджанні не апрацаваныя. Тая праца ЖКГ, якая мусіць весціся па дагляду за дрэвамі, не вядзецца», — падкрэслівае Ігар Корзун.

У выніку гадзіны абмену меркаваннямі і фактамі грамадзяне пастанавілі: гарадскія ўлады мусяць спачатку засадзіць дрэвамі тыя вуліцы, якія ўжо высечаныя. У каго ля дома дрэвы, падобныя да аварыйных, ці парушаюць нормы інсаляцыі альбо іншыя — звернуцца з заявай, каб дрэва прыбралі.

Тэза аб тым, што старыя насаджэнні трэба прыбраць, бо сыйшоў тэрмін іх «жыцця», не атрымала падтрымкі.

 

Галоўны архітэктар: «Калі людзі супраць — выдаляць дрэвы нельга»

Напрыканцы сходу слова ўзяла Галіна Кажарновіч, галоўны архітэктар Вілейкі і чалавек года Вілейшчыны:

«Я сапраўды мяркую, што, калі спілаваць усё, мы не атрымаем эстэтычна прывабную вуліцу. І няма магчымасці пасадзіць дрэвы з закрытай карнявой сістэмай». Яна  падцвердзіла, што пытанні з фармаваннем кроны і абрэзкай дрэваў ёсць:

«Так, мне не аднойчы даводзілася самой стаяць і паказваць хлопцам, якія на вышцы ў любое надвор’е, як пілаваць».

Галіна падсумавала: «Калі я бачу па настроі, што людзі занепакоеныя і кажуць, што гэтага нельга рабіць, — лічу, што сапраўды нельга».

 

Сацсеткі: «На Чырвонаармейскай засталіся адны пянькі»

Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі прагаласавалі. З 19 чалавек 1 выказаўся за высечку, 1 устрымаўся і 17 прагаласавалі «супраць». Прадстаўнікі выканкаму не здолелі ў дзень абмеркавання адказаць, якім будзе рашэнне. Але яшчэ адна падобная сустрэча малаверагодная.

Пакуль жа, як з горыччу зазначаюць жыхары Вілейкі, выразаюць дрэвы ў аварыйным стане.

«На вуліцы Чырвонаармейской усё гатова... Шмат дрэваў пад корань зрэзана, толькі пянькі засталіся...» — напісалі карыстальнікі сацсетак.

 

Карысная інфармацыя:

Калі жыхар адной з цэнтральных вуліц пажадае сам пасадзіць каля сябе дрэва, а не чакаць азелянення з боку горада, то гэта вітаецца. Улады будуць «за», як так патлумачыў Аляксандр Чарменскі з выканкаму. Але гараджанін абавязкова мусіць звярнуцца ў ЖКГ ці аддзел архітэктуры і даведацца, дзе можна саджаць, каб не пашкодзіць гарадскія камунікацыі.

Автор:
Фотограф:
Ганна Валынец, vialejka.org, kraj.by
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость