Адкрыты зварот грамадскасці да каталіцкіх вернікаў і духавенства з нагоды знішчэння ў Мінску парку дзеля будаўніцтва касцёла

Шаноўнае спадарства!

Мы жывем у адным горадзе, і кожны з нас па-свойму дбае пра тое, каб гэты горад быў прыгожы, здаровы і каб у ім жылі шчаслівыя людзі. Вы — моліцеся і распавядаеце людзям пра заклік пана Езуса, а мы — садзім дрэвы і стараемся захаваць прыроду, як месца, дзе душа чалавека чуе Бога і дзе кожны з нас адчувае сябе больш гарманічна і спакойна.

24.05.2016 Грамадства 1 Аўтар: Зялёны партал Фота: Дзяніс Зелянко, Кірыл Кудравец

У Мінску зараз вельмі востра стаіць праблема вынішчэння зялёных зон. Горад імкліва губляе свой статус аднога з самых зялёных еўрапейскіх гарадоў. Дзеля камерцыйнай забудовы і грошай знішчаецца прырода. І асабліва прыкра адчуваць, што і каталіцкая царква, якая мусiць быць прыкладам духоўнасці, ідзе гэтым шляхам.

Каталіцкая царква была і застаецца адной з прагрэсіўных канфесій, якая шчыра дбае пра тое, каб чалавецтва развівалася з ідэяй дабрыні, гармоніі, згоды, а не вайны. Вядома, што касцёл  заўжды ішоў у нагу з часам.

У энцыкліцы Папы Францыска гаворыцца: «Недастаткова імкнення да прыгажосці ў праекце, паколькі нашмат больш каштоўна служыць іншаму тыпу прыгажосці: якасьці жыцця людзей, іх гармоніі з навакольным асяроддзем, сустрэчы і ўзаемнай дапамозе. Яшчэ і таму так важна, каб пункт гледжання мясцовых жыхароў заўсёды ўлічваўся пры аналізе ўрбаністычнага планавання».

Ведаючы гэта, мы, жыхары Мінска, актывісты і простыя грамадзяне, моцна расчараваныя і засмучаныя тым фактам, што каталіцкая царква ў асобе ксяндза Дзмітрыя Занямонскага, пробашча парафіі св. апосталаў Пятра і Паўла і св. Яўгена дэ Мазэно, ідзе ў адкрыты канфлікт з жыхарамі горада: дзеля будаўніцтва касцёла вынішчае парк па вуліцах Тыражнай, Меліярацыйнай і 1-га завулку Крыловіча, які людзі так горача просяць захаваць.

Мы заклікаем каталіцкіх вернікаў Мінска, мiтрапалiта Тадэвуша Кандрусевіча, ксяндза Дзмітрыя Занямонскага перагледзець сваё рашэнне па будаўніцтву касцёла ў парку «Котаўка». У нашым горадзе шмат пустыроў і месцаў, з якіх можна зрабіць райскі куток, пабудавайшы касцёл і засноўваючы вакол яго парк. І не вынішчаць вялікія прыгожыя дрэвы, разбураць будоўляй месца, дарагое мясцовым жыхарам.

Вернiкi пакліканыя паважаць Божую задуму ў адносінах з мірам прыроды і адзін з адным і разумець, што кожнае рашэнне мае наступствы.

Будаўніцтва касцёла на iншым месцы, якое сапраўды дазваляе гэта, не знішчаючы прыроду і не правакуючы канфліктаў, было б лепшым рашэннем. Каталіцкая царква магла б зрабіць для людзей i горада добрую справу і прывесці ў свае шэрагі новых вернікаў.

Мы заклікаем прадстаўнікоў касцёла неадкладна спыніць вынішчэнне парку i пачаць адкрыты дыялог з мясцовымі жыхарамі і грамадскасцю, каб знайсці прымальнае для ўсіх бакоў рашэнне.


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 24.05.2016

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.