Як мопс-пончык дапамагае прытулку “Дом сабачай надзеі”

Пра праект “Малюй для сабак” Зялёны партал пісаў раней, але за даволі кароткі час з нашай мінулай сустрэчы, ён папоўніў свой асартымент тэматычных і ігравых паштовак, а актывісты запусцілі ў продаж цішоткі з мілым мопсам аўтарства канадскага мастака Euge Leung.

Па словах Ганны Шастак, ідэйнай натхняльніцы праекта, задума са стварэннем цішотак была ад самага пачатку. Аднак яе рэалізацыя адкладалася праз “немагчымасць усё паспець аднымі рукамі”.

Паспрыяў паскарэнню працэса выпадак. Неяк я падзялілася са сваімі знаёмымі ідэяй, а яны падказалі мне, што ёсць чалавек, які мае намер надрукаваць цішоткі ў падтрымку прытулка. Дарэчы, ідэю ён падгледзіў у таго ж маскоўскага праекта, што і я, – смяецца Ганна. – Мяне скантачылі з Кірылам і ён упісаўся ў арганізацыйныя моманты”.

Для самаго Кірыла такога кшталту ініцыятыва падалася абсалютна натуральнай рэччу. Па словах хлопца, многія яго знаёмыя займаюцца практычна такімі справамі: ездзяць у дзіцячыя дамы, дапамагаюць прытулкам для жывёл.

Мае сябры, Саша і Вова, напэўна, кожны месяц ратуюць ката з вуліцы і знаходзяць для яго сям’ю. Таму цяжка заставацца безудзельным. Магчыма гэта закладзена на ўзроўні генаў, бо мае бацькі кормяць беспрытульных сабак ля нашага лецішча. Пакуль я жыў у Мінску дастаткова часта ездзіў на Гурскага, браў сабак на пераўтрыманне. Дома ў бацькоў да гэтага часу жыве гадаванец, якога я знайшоў яшчэ сляпым шчанюком. Зараз жывучы ў іншай краіне, мне вельмі хочацца падтрымліваць людзей, якія ўтрымліваюць прытулкі”, – распавядае Кірыл.

Прынт для цішоткі стараліся выбраць тэматычным, але і ў той жа час нейтральным, каб людзі хацелі набыць сабе абноўку не таму, што гэта ў падтрымку сабак, а па прычыне яе мімішнасці і крутасці. Выбар быў зроблены на карысць папулярнага персанажа – мопса Puglie, аўтарства канадскага мастака Euge Leung.

blog.designbyhumans.com

Euge пачаў маляваць мопсіка ў 2014 годзе, практычна адразу гэты герой палюбіўся ўсім. І наша цішотка атрымалася без падтэкстаў, нейкіх прыхаваных сэнсаў… Проста мопсік і пончык. Як у такога салодкага персанажа не ўлюбіцца?”, – кажа Ганна

Набыць цішотку пакуль можна праз сацыяльныя сеткі праекта: Facebook, Вконтакте, Instagram. Усе грошы з продажу ідуць на падтрымку прытулка “Дом сабачай надзеі”.

Facebook Марты Скугаравай

Мы разумеем, што падтрымка прытулка не вырашае праблемы беспрытульных жывёл. Але, нам падаецца, гэта адзін з першых крокаў да рашэння. Адна з галоўных мэт – прыцягнуць увагу да пытання, таксама вельмі хочацца радаваць людзей цудоўнымі рэчамі. Таму мы адкрыты да супрацы і шукаем новыя дызайны і ідэі для цішотак. Калі ў кагосьці ёсць, што прапанаваць нам, будзем рады!”, – падкрэслівае Кірыл.


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 25.05.2018

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.