Мінску баліць не толькі Асмалоўка: якія кропкі горада яшчэ ў «агні»?

26 чэрвеня ўлады прэзентуюць праект забудовы легендарнай Асмалоўкі. Як адзначае 34mag.net, апроч кварталу ў цэнтры сталіцы на мапе адшукаюцца іншыя кропкі рознай ступені напружанасці. Актуальная падборка для урбан-актывіста: што хочуць знесці і дзе вырубіць дрэвы. 

26.06.2017 Экалогія горада Крыніца: 34mag.net Фота: pixabay.com

 
Знос на Розачцы працягваецца

У квартале Розы Люксембург – Лібкнехта да 2020 года плануюць знесці 40 малапавярховікаў. Прэзентацыя праекта адбылася 21 чэрвеня. Было горача: узрушаны люд набіў залу адміністрацыі Маскоўскага раёна пад завязку, абмеркаванне праходзіла на павышаных дэцыбелах, што відавочна стаміла «галоўнага адміністратара». «Усе толькі цікавяцца, калі знясуць і колькі дадуць», – рэзюмаваў ён.
 
Пакуль не ясна, якой вышыннасці будуць новыя жылыя дамы на Розачцы. Ініцыятыўная група з мясцовых жыхароў выступае супраць ушчыльнення раёна за кошт зносу і выказваецца за рэканструкцыю дамоў, дзе прынята сябраваць падзікамі.
 
Абмяркоўваюць праект да 13 ліпеня.
 

На пяньках у Акадэмгарадку вырасце гандлёвы цэнтр

Занадта шмат зеляніны ў гэтым вашым Уруччы. Трэба ж і пра насельнікаў Парка высокіх тэхналогій падумаць – куды айцішнікам спускаць шалёныя бабкі? Яны ж не валуны, а жывыя людзі: дайце ім хлеба, піцы і барбершоп. Та-дам! На электронныя таргі выстаўлена 0,65 гектара зялёнай зоны па вуліцы акадэміка Купрэвіча. Па ўмовах аўкцыёну быць тут гандлёваму цэнтру з аб'ектамі грамадскага харчавання і бытавога сэрвісу.
 
Тэрыторыя ляціць з малатка 14 ліпеня. Пачатковая цана лота – 273 260 рублёў. 

 

На Калініна абараняюць... барак? 

У Калінінградскім завулку даўно збіраюцца пабудаваць штосьці прыстойнае на месцы барака-развалюхі. Спачатку кампанія EPAM планавала ўзвесці тут жыллё для сваіх светлых галоў, але не зраслося, так што цяпер за справу бярэцца Мінаблвыканкам. Жыхарам прылеглых вуліц не падабаецца, што іх меркаваннем ніхто наогул не пацікавіўся. Між тым 12-павярховік пазбавіць іх зялёнай тэрыторыі і дзіцячай пляцоўкі.

 

У Бараўлянах высекуць 5 гектараў лесу

Запусціўшы сякеру ў мясцовы лес, чыноўнікі хочуць пабудаваць у Бараўлянах дзіцячы садок і школу, а таксама пашырыць мясцовую дарогу. З функцыяй прыродных лёгкіх Прылепскі нацыянальны заказнік, маўляў, справіцца і без дублёраў, а чэргі ў садок ужо касмічныя. Мясцовыя жыхары эмацыйна называюць задуму чыноўнікаў рэйдарскім захопам і падазраюць, што разам з сацыяльна карыснымі аб'ектамі ў іх салаўіным гаі прарастуць клятыя панэлькі.
 
Дэдлайн грамадскага абмеркавання – 26 чэрвеня. Калі ёсць што сказаць наконт, у сельсавеце для цябе завялі асобны школьны сшытак.

 

«Вёска» Тучынка па-ранейшаму не задавальняе горад 

На абмеркаванні плана ліквідаваць прыватную забудову па Гусоўскага – Харкаўскай – Верашчагіна – Адоеўскага галоўны архітэктар «Мінскграда» Аляксандр Акенцьеў прапанаваў прысутным мысліць метафізічна: «Гаворка ідзе пра развіццё найбуйнейшага еўрапейскага горада, і неабходнасць гэтага развіцця ўзнікае не па капрызах архітэктараў. Па законах фізікі руху транспарту, руху рэчыва энергіі, як Вярнадскі казаў, забяспечваецца па божых законах, а не па юрыдычных або эмацыйных ці суб'ектыўных».

Гэта не вельмі задаволіла жыхароў Тучынкі, якія ўвесь час спрабавалі зразумець, на якой падставе інвестар можа будаваць нешта на прыватызаваных участках. Калі і каго зносяць – па-ранейшаму незразумела.

 

Соснаў у Соснах стане нашмат менш

У мікрараёне Сосны знаходзяцца інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў, магільнік для пахавання радыеактыўных адкідаў, гарадскі сметнік, акумулятарны завод і хімічная вытворчасць. Але праз некалькі гадоў прамысловых зон стане яшчэ больш. Грамадскія абмеркаванні ўжо адбыліся, так што праект рухаецца далей.

Да Шорца!

У Ленінскім і Заводскім раёнах Менска на грамадскае абмеркаванне вынеслі праект дэталёвага планавання тэрыторыі, якая ўваходзіць у абодва раёны і знаходзіцца ў межах вуліц Малініна - Крупскай - Ташкенцкай - Галадзеда. Гэта паўднёвая і паўднёва-заходняя мяжа ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны 130 ЛР. Улады плануюць змясціць спартыўна-рэкрэацыйны цэнтр на месцы знасімай існуючай сядзібнай забудовы па вуліцы Дворышчы.

Людзі вуліцы выступаюць супраць зносу іх дамаў. Пад адпаведным зваротам падпісаліся практычна ўсе жыхары Дворышчы. 27 чэрвеня сканчаецца час, адведзены на грамадскае абмеркаванне, мясцовыя збіраюцца ісці на прыём да старшыні Менгарвыканкаму Андрэя Шорца, каб перадаць яму калектыўны зварот і выказаць свой пратэст супраць зносу.

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 26.06.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.