Канкураваць з Кітаем і засвойваць паўднёвыя культуры, кшталтаваць беларускі чалавечы капітал – прыкладна такой бачыцца далёкая будучыня Беларусі… калі мы да яе дажывём.
Менавіта для гэтага Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця (НСУР) да 2030 году мусіць зрабіцца больш “зялёнай”. Гэты яе складнік абмяркоўваюць навукоўцы, прадстаўнікі НДА і дзяржаўных органаў на круглых сталах, што праходзяць у сталіцы ў кастрычніку і лістападзе.
Кіраўніца праекта: Мы хацелі б атрымаць вопыт НДАЗвычайна падобныя дакументы складаюць чыноўнікі, але ў гэтым годзе дадаліся іншыя эксперты дзякуючы праекту “Забеспячэнне дыялогу між дзяржаўнымі структурамі і няўрадавым сектарам у межах працэсу падрыхтоўкі новай Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця ў Беларусі”. Грант у 50 000 даляраў ЗША атрымала для рэалізацыі праекта “Беларускае геаграфічнае таварыства” праз Праграму малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду.
У выніковыя 10 старонак (максімум) экалагічнага раздзелу НСУР увойдуць паў старонкі задач, мерапрыемстваў і канкрэтных індыкатараў па кожным з 20 пытанняў ад 20 экспертаў. Інфармацыю выберуць, абапіраючыся на калегіяльнае меркаванне кіраўніцы праекта, кіраўніка экспертнай групы і кіраўніцтва інстытута эканомікі пры міністэрстве.
Даць прапанову да НСУР можна праз Facebook альбо праз электронную пошту звязаўшыся з аўтарам даклада. Таксама можна падзяліцца ідэямі на тэматычным круглым стале. Наколькі яны будуць улічаныя ў фінальных тэзісах, паводле кіраўніцы праекта, залежыць ад вынікаў камунікацыі аўтараў і экспертаў. Пытанні абмяркоўваюцца да канца кастрычніка, пасля, магчыма, будзе невялікі этап дапрацоўкі
“У выніку мы хацелі б атрымаць вопыт, якім валодаюць беларускія грамадскія арганізацыі, звязаныя з праблемамі, закладзенымі ў ключавых элементах экалагічнага раздзелу НСУР. Беларускія грамадскія арганізацыі маюць унікальны вопыт”, - мяркуе Кацярына Анціпава, кіраўніца праекта і намесніца старшыні “Беларускага геаграфічнага таварыства”.
Таксама па выніку супрацы экспертаў з грамадскімі арганізацыямі будзе выдадзеная выніковая аналітычная манаграфія. Праект скончыцца канферэнцыяй у снежні 2014 году, манаграфію прэзентуюць там жа.
Абмеркаванне НСУР-2020 і НСУР-2030: у чым розніца?Адрозненне НСУР-2030 ад мінулай у тым, што абмяркоўваецца толькі шосты, экалагічны раздзел. Гэты невялікі праект ініцыяваны ГЭФ, а не ПРААН, як гэта было ў 2003 годзе, калі абмяркоўваліся ўсе блокі з удзелам розных экспертаў, у тым ліку з НДА.
“Мы разлічаем, што цікавасць будзе шырокай з боку экалагічнай грамадскасці. Таму што большая частка бюджэту накіраваная на правядзенне круглых сталоў і фінальнай канферэнцыі з тым, каб ключавое дзеянне праекта – дыялог – рэалізавалася”, - кажа Кацярына Анціпава.
Эксперт: У такім фармаце гэта не больш чым прыкрыццё для міністэрства эканомікіА вось грамадскасць на гэта не вельмі спадзяецца. Нягледзячы на мэты арганізатараў, НДА паставіліся да дыялогу крытычна і вырашылі падрыхтаваць зварот да Ураду і іншых інстытуцый, якія ўдзельнічаюць у распрацоўцы. У звароце будзе патрабаванне забяспечыць іншую, нармальную, на погляд аўтараў ліста, працэдуру абмеркавання з грамадскасцю.
“НДА не было прапанавана ўдзельнічаць, - выказвае меркаванне Яраслаў Бекіш, каардынатар таварыства “Зялёная сетка”. - Толькі некаторым, па невядомаму прынцыпу, было прапанавана далучыцца да распрацоўкі адной невялікай часткі”.
На ўвазе маецца выбар экспертаў для круглых сталоў – сярод іх было некалькі прадстаўнікоў “БелГТ” і два прадстаўнікі іншых НДА. Да таго ж некаторыя з экспертаў-дакладчыкаў, на думку Яраслава, увогуле не маюць вопыту і дастатковай кампетэнцыі ў працы са сваімі пытаннямі.
Абмеркаванне толькі аднаго шостага раздзелу НСУР супярэчыць тэорыі і прынцыпам устойлівага развіцця агулам. Паводле “Павесткі на ХХІ стагоддзе”, прынятай у 1992 годзе 179 краінамі, магчымасць адкрытага ўдзелу мусяць мець прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых бакоў. У Беларусі ж дакумент распрацоўваўся Інстытутам эканомікі ў закрытым рэжыме, і публічна чыноўнікі яго не абмяркоўваюць, спасылаючыся на закон.
На свае неаднаразовыя запыты праекта НСУР таварыства “Зялёная сетка” атрымала адмовы і цяпер выказвае незадаволенасць тым, што восем трохгадзінных круглых сталоў за 2 месяцы да прыняцця НСУР – несур’ёзна для абмеркавання.
Абмеркаванне НСУР па частках, на думку Яраслава, можа прывесці да супярэчання між імі. У гэтым яго падтрымлівае Яўген Лабанаў, дырэктар Цэнтра экалагічных рашэнняў.
З гэтым звязана другое патрабаванне “Павесткі на ХХІ стагоддзе” да распрацоўкі НСУР – халістычны падыход. Згодна з ім трэба распрацоўваць разам і збалансавана сацыяльны, экалагічны і эканамічны кампаненты. Распрацоўка адных у адрыве ад іншых – “прафанацыя”, як мяркуе Яраслаў.
Што застаецца рабіць? “Абазначыць сваю пазіцыю, парушэнне прынцыпаў устойлівага развіцця ў працэсе падрыхтоўкі дакумента і нейкім чынам абазначыць свой няўдзел у фальсіфікацыйных механізмах, у прыватнасці ў гэтых круглых сталах, - кажа Яраслаў Бекіш. - І апошняе: нам трэба патрабаваць ва Урада, каб працэдура была выкананая належным чынам”.
У падтрымку думкі Яраслава наконт падобнага абмеркавання НСУР выказваецца ўдзельнік распрацоўкі мінулай НСУР-2020 і эксперт па ўстойлівым развіцці пры Міжнародным гуманітарна-асветніцкім фондзе “Жывое партнёрства” Аляксандр Сыкала:
“Удзел грамадскасці рэч добрая і неабходная. Ён прадугледжаны рэгламентам стварэння нацыянальных стратэгій яшчэ ў 1992 годзе. Але ў фармаце, у якім гэта праходзіць зараз, ён з’яўляецца не больш чым прыкрыццём для міністэрства эканомікі для прасоўвання свайго погляду на ўстойлівае развіццё, які катэгарычна разыходзіцца з поглядам усяго свету - устойлівае развіццё як прыярытэт для развіцця ў межах экалагічнага імператыву”.