Каму ў Палескім запаведніку замінае воўк і патрэбныя вальеры з сельскай гаспадаркай?

Нагодай для гэтага артыкула сталі частыя ў апошні час звароты ад навукоўцаў Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка ў Мінпрыроды па дазволы на нібыта навуковы адстрэл ваўкоў. Але ў працэсе падрыхтоўкі матэрыяла карэспандэнту Зялёнага партала трапілі дакументы, якія ўзнімаюць значна большыя праблемы. Усе дадзеныя нашы крыніцы пагаджаліся даваць толькі на ўмовах ананімнасці.

26.12.2016 Жывая прырода 8 Аўтар: Андрусь Гаёвы Фота: Архіў аўтара, pixabay.com, zapovednik.by

«Унесці прапановы па пашырэнні аб’ёмаў вытворчасці…»

На пасяджэнні навукова-тэхнічнага савета Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка ў сярэдзіне снежня ўдзельнікам прапанавалі абмеркаваць будаўніцтва вальераў для ўтрымання дзікіх жывёл. Навукоўцы здзівіліся, бо тэрыторыя запаведніка моцна забруджаная радыёнуклідамі і наведванне яе людзьмі, якія там не працуюць, аніякімі нарматывамі не прадугледжана, а як раз, наадварот, забаронена.

Тым не менш, як удалося даведацца карэспандэнту Зялёнага партала, менавіта развіццё турызму бачаць перспектывай для спецыялізаванай прыродаахоўнай і навукова-даследчай установы чыноўнікі Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі, якому падпарадкоўваецца запаведнік. Але гэта яшчэ не ўсё. У зоне адчужэння, куды без асаблівага дазволу нельга заходзіць, адкуль забаронена вывезці нават бабульчын куфар, пакінуты пры эвакуацыі, плануюць нарошчваць аб’ёмы дрэваапрацоўкі з выпускам піламатэрыялаў, разводзіць буйную рагатую жывёлу, пчол, вырошчваць саджанцы дэкаратыўных дрэваў і кустоў для рэалізацыі. Чыноўнікі сваімі загадамі вырашылі адмяніць радыяцыю і накіраваць запаведнік на рэйкі самаакупнасці?

У распараджэнні карэспандэнта Зялёнага партала маецца цікавы дакумент — «План мерапрыемстваў па ўдасканаленні дзейнасці Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка», які зацвердзіў начальнік Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС Аляксандр Ціток. Гэты чалавек прыйшоў сёлета на пасаду кіраўніка чарнобыльскага ведамства з Хойнік і, відаць, мае свае меркаванні наконт мэт існавання такой установы, як радыяцыйна-экалагічны запаведнік. І меркаванні гэтыя, як вынікае з апошніх кіраўнічых патрабаванняў чыноўніка, — прыраўняць навуковую ўстанову ў забруджанай зоне да звычайнага гаспадарчага суб’екта, ад якога магчыма нешта паймець.

У згаданым «Плане мерапрыемстваў па ўдасканаленні дзейнасці…» можна прачытаць такія пункты: «Правесці аналіз магчымасцяў нарошчвання аб'ёмаў вытворчасці таварнай прадукцыі, зыходзячы з тэхнічных характарыстык наяўных дрэваапрацоўчых станкоў і задзейнічанай колькасці працаўнікоў».

  • Заўважце: загадваюць зыходзіць не з узроўню радыяцыі ў мяркуемай сыравіне, а толькі з тэхнічных характарыстык станкоў і колькасці чалавек!

Наступным пунктам ідзе ўказанне «унесці прапановы па пашырэнні аб'ёмаў вытворчасці, асартыменту выпускаемай прадукцыі, яе збыту». Куды збіраюцца збываць дошкі з драўніны, высечанай у адселенай зоне, невядома.

Прыкладна такі ж пункт і пра развіццё пчалярства і пашырэнне рэалізацыі яго прадукцыі. Каму чарнобыльскага мёду з-за калючага дроту?

Далей — болей: «Вывучыць і ўнесці прапановы па развіцці ў запаведніку вытворчасці буйной рагатай жывёлы мясных парод», а для гэтага «забяспечыць, пачынаючы з 2017 года, нарошчванне вытворчасці фуражнага збожжа ды іншых культур для забеспячэння патрэбы жывёлы з улікам павелічэння пагалоўя»!

Яшчэ год таму ніхто ў запаведніку і ўявіць сабе не мог, што сёлета пачнецца такая карэнная ломка накірункаў дзейнасці навуковай установы. У праграме навукова-даследчых прац на 2016-2020 гады, якую зацвердзілі летась па ўзгадненні з ранейшым кіраўніком Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС, утрымліваюцца такія звесткі: «Чым больш часу праходзіць з моманту катастрофы на ЧАЭС, тым большую актуальнасць набываюць трансуранавыя элементы (ТУЭ) у сувязі з небяспекай іх пранікнення ў харчовы ланцуг. Перыяд паўраспаду альфа-выпраменьваючых ТУЭ складае ад 88 гадоў (238Pu) (плутонію-238. — Заўв. аўтара.) да 24110 (239Pu) гадоў. З-за росту актыўнасці 241Am (амерыцыю-241. — Заўв. аўтара.) за конт распаду 241Pu агульная альфа-актыўнасць трансуранавых элементаў чарнобыльскага паходжання не меншае, а працягвае ўзрастаць.

Максімальнае значэнне актыўнасці ТУЭ будзе дасягнута ў 2056 годзе, пры гэтым сумарная актыўнасць трансуранавых элементаў у 2,5 разы перавысіць першапачатковую і на 2/3 будзе абумоўлена актыўнасцю 241Am».

Гэта афіцыйныя словы навукоўцаў, якія ўсё сваё жыццё вывучаюць радыяцыйную экалогію ў самай бруднай на радыяцыю часцы свету.

Яны таксама сцвярджаюць: «Землі, якія ўвайшлі ў зону адчужэння, не могуць быць выкарыстаныя для гаспадарчай дзейнасці нават у аддаленай перспектыве з прычыны высокай шчыльнасці забруджвання даўгавечнымі радыёнуклідамі».

Але што такое словы навукоўцаў у параўнанні з планамі чыноўнікаў? Іх не спыняе нават тое, што, паводле ўсё той жа праграмы навуковых даследаванняў, «для большасці сельскагаспадарчых прадуктаў харчавання ўстаноўлены рэспубліканскія дапушчальныя ўзроўні ўтрымання 137Cs [цэзій-137] і 90Sr [стронцый-90]. У той жа час узроўні ўтрымання трансуранавых элементаў у сельскагаспадарчай прадукцыі не нармуюцца і не кантралююцца».

Хаця разлік велічыні рызыкі здароўю чалавека, які спажывае прадукты харчавання, што змяшчаюць трансуранавыя элементы, у праграме даследавання навукоўцаў запаведніка пазначаны толькі на 2019 год.

 

«Забяспечыць навуковае абгрунтаванне…»

Тым не менш у «Плане удасканалення дзейнасці…» навукоўцам ужо цяпер загадваюць: «Распрацаваць навуковыя праграмы (заданні) і забяспечыць суправаджэнне ўсіх відаў эксперыментальна-гаспадарчай дзейнасці запаведніка».

Радыяцыйнае эксперыментаванне з пошукамі збыту — даволі цікавы падыход. Гэта пры тым, што праграма навукова-даследчых прац на бліжэйшыя 5 гадоў летась была распрацавана і зацверджана належным чынам. І ў гэтай праграме адназначна сказана, што і вытворчасць прадукцыі дрэваапрацоўкі, і сельгасвытворчасць у зоне дзейнасці ПДРЭЗ рызыкоўныя і іх уплыў на здароўе чалавека, асабліва датычна даўгавечных трансуранавых элементаў, практычна не вывучаны.

Але навуковы аддзел Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка для чыноўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях — звычайныя падначаленыя, якія, паводле звычкі сілавікоў, павінны, нягледзячы ні на што, выканаць загад. Вось толькі бяда ў тым, што ад загадаў, якія прыходзяць зверху, надта патыхае незаконнасцю. 

Сёння забаронены нават вываз трупаў жывёл з тэрыторыі зоны адчужэння. А кіраўніцтва чарнобыльскага дэпартамента мяркуе разводзіць у радыяцыйным запаведніку выяздных коней і буйную рагатую жывёлу на мяса. Нават калі цягліцавыя тканкі (мяса) гэтай жывёлы здолеюць перад забоем ачысціцца прывезенымі кармамі, стронцый, які накопіцца за жыццё ў костках, будзе вынесены за межы зоны, і куды ён трапіць — невядома. Што ўжо казаць пра тыя самыя трансуранавыя элементы, уздзеянне якіх увогуле яшчэ не пачыналі належным чынам вывучаць?

Бачна, што чыноўнікі МНС увогуле не ўспрымаюць супрацоўнікаў навуковага аддзела ПДРЭЗ як даследчыкаў, якія выконваюць важныя навуковыя працы. Яны лічаць магчымым ім папросту загадваць. Напрыклад, задумалася кіраўнікам дэпартамента развіваць турызм у зоне адчужэння, яны напісалі даручэнне навуковаму аддзелу: «Забяспечыць навуковае абгрунтаванне вальернага ўтрымання дзікіх жывёл».

А крыху далей яшчэ і «на мясцовасці пазначыць ўчасткі росту рэдкіх відаў раслін, якія маюць ахоўны статус. Падрыхтаваць адпаведныя стэнды. Распрацаваць маршруты, падабраць дэманстрацыйныя пляцоўкі».

Кажуць, мітусня з гэтым турызмам пачалася пасля візіту ў запаведнік высокага чына з міністэрства, які панаракаў, што, маўляў, «у вас тут і паглядзець няма чаго…» Невядома, хто з турыстаў паедзе ў Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, але калі ў будаўніцтва вальераў і дэманстрацыйных сцяжын будуць укладзеныя дзяржаўныя грошы, то патрэба ў такіх укладаннях выклікае вельмі шмат пытанняў. Асабліва кідаецца ў вочы, што на навуковым аддзеле, які ўжо некалькі гадоў запар скарачаецца, кіраўніцтва імкнецца сэканоміць, але мае намер укладаць грошы ў праекты, аддача ад якіх вельмі сумніўная.

 

Маўчанне — золата?

Сёння ў запаведніку працуе некалькі навуковых супрацоўнікаў, якія жывуць у Мазыры, Гомелі, Мінску, а ў навуковую частку ПДРЭЗ, якая месціцца ў вёсцы Бабчын Хойніцкага раёна, прыязджаюць на двухтыднёвую вахту, каб не накопліваць вялікія дозы радыяцыі. Цяпер усё тым жа «Планам удасканалення…» прадугледжаны перанос навуковага корпуса з Бабчына ў Хойнікі і адмова ад вахтавага метада.

Корпус навуковага аддзела ПДРЭЗ у вёсцы Бабчын

Пакінуўшы ў штаце навуковага адзела толькі тых, хто жыве ў Хойніках, дзе хіміку, біёлагу і эколагу іншага месца працы, акрамя запаведніка, папросту не знайсці, кіраўніцтва, імаверна, разлічвае пазбавіцца ад незгаворлівых і прынцыповых супрацоўнікаў, якія маюць магчымасць уладкавацца на іншую працу ў буйных навуковых цэнтрах. Гледзячы на патрабаванні да навукоўцаў, якім фактычна загадваюць пісаць антынавуковыя і нават антычалавечыя дакументы, падставы для гэтага робяцца зразумелымі. Ужо сёння многія супрацоўнікі навуковага аддзела ПДРЭЗ калі і пагаджаюцца адказаць на нейкае пытанне, то толькі на ўмовах ананімнасці. А справы ва ўстанове адбываюцца, як бачна, зусім не бяскрыўдныя.

 

Ваўчыны білет для ваўкоў

Менавіта такім чынам, як сёння патрабуюць ад навукоўцаў запаведніка абгрунтоўваць вальеры і жывёлагадоўлю ў зоне, цэлае лета і восень на іх ціснулі з патрэбай адстрэлу ваўкоў. Увогуле ваўчыная тэма, з якой мы і пачалі вывучаць сітуацыю ў Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку, вельмі яскрава ілюструе тое, кім лічаць мінскія чыноўнікі навукоўцаў установы.

Дыскусія аб тым, што ва ўсіх бедах паляўнічай і сельскай гаспадарак вінаваты воўк і што яго папуляцыю неабходна вынішчыць ледзьве не дарэшты, пачалася з падачы Міністэрства лясной гаспадаркі. Верагодна, што адным з яе натхняльнікаў з’яўляецца цяперашні дырэктар адзінага мінлясгасаўскага заказніка, былы кіраўнік прадпрыемства «Белдзяржпаляванне», які зусім нядаўна ў «Беларускай лясной газеце» апантана абвінавачваў ваўкоў ва ўсіх зямных грахах і выхваляўся, колькі ён іх забіў і колькі яшчэ мяркуе забіць. І ў агульнадзяржаўным дыскурсе воўк і сапраўды стаўся нейкай пачвараю, ад якой неабходна тэрмінова пазбаўляцца.

Мінлясгас праз Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя звярнуўся да розных зацікаўленых ведамстваў і аблвыканкамаў, каб тыя назбіралі на ваўка «кампрамат». Праўда, гэты «кампрамат» нічым не падмацаваўся. Аб тым, што ваўкі фатальна скарачаюць колькасць капытных паляўнічых жывёл, нападаюць на сельгасаб’екты і вясковыя падворкі і нават на людзей, падцвердзілі толькі ў Мінлясгасе і некаторых аблвыканкамах. Але ўсе, як адзін, у выразах тыпу «вядомыя выпадкі».

Аніводнага задакументаванага і доказнага факта падцверджання шкоды ваўка ніякае ведамства так і не прадставіла. Пры гэтым у аналітычнай запісцы паводле вынікаў вывучэння сітуацыі Мінпрыроды даводзіць, што цяпер, калі дадзеныя аб рэальнай колькасці ваўкоў вельмі няпэўныя, татальны адстрэл жывёл можа выклікаць вельмі неспадзяваныя наступствы. Скарачэнне папуляцыі ваўкоў да пэўнай рысы выкліча замяшчэнне ваўка здзічэлымі сабакамі, альбо гібрыдамі сабакі з ваўком.

І менавіта гэтыя жывёлы ўяўляюць значна большую пагрозу як чалавеку, так і сельскай гаспадарцы, і капытным паляўнічым.

Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, выпадкі нападаў на людзей шалёных ваўкоў здараюцца на адзін-два парадкі радзей за частату нападаў шалёных лісаў і янотападобных сабакаў. У той жа час воўк разам з рыссю з’яўляюцца натуральнымі рэгулятарамі колькасці апошніх, прычым найчасцей ахвярамі шэрых драпежнікаў робяцца менавіта хворыя жывёлы. А гэта значна зніжае распаўсюджванне шалёнства.   

Варта сказаць, што Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, відаць, спрабуючы апраўдацца за тое, у чым яго абвінавачвае Гомельскі аблвыканкам і лесагаспадарнікі, дастаткова абгрунтавана патлумачыла, што ваўкі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка не маюць дачынення да шкоды, якая інкрымінуецца гэтай жывёле. У ПДРЭЗ не была знішчана папуляцыя дзікоў, і таму там для ваўка дастатковая кармавая база. Яна сфармавала стабільную лакальную папуляцыю, якая практычна не выходзіць за межы запаведніка.  

Тым не менш МНС, як сілавое ведамства, вырашыла далучыцца да агульнай істэрыі і паказаць, што яно таксама ў Палескім запаведніку страляе ваўкоў. Хаця на тэрыторыі ПДРЭЗ рэгуляванне колькасці жывёл дапушчальнае толькі ў дачыненні да чужародных відаў.

27 чэрвеня МНС тэрмінова спускае ў ПДРЭЗ цыркуляр, якім даручае на пряцягу двух дзён прадставіць на ўзгадненне «дапрацаваную» праграму навукова-даследчых прац на 2016 год, уключыўшы ў яе мерапрыемствы па выйманню ваўка «ў навуковых мэтах». Прычым на пачатку гэтага ліста самі МНСаўцы пішуць, што гэта робіцца ў мэтах выканання даручэння міністра аб рэгуляванні колькасці ваўкоў ў запаведніку.

Праграма навукова-даследчых прац ПДРЭЗ была зацверджаная яшчэ летась у снежні. І аніякіх даследаванняў ваўкоў праз іх выйманне з асяроддзя там не прадугледжвалася. І тут раптам міністэрства загадвае навукоўцам, што ў іх навуковыя цікавасці павінен увайсці і шэры драпежнік.

Праз некалькі спробаў і парушэнняў рукамі найбольш залежных і лаяльных да кіраўніцтва супрацоўнікаў тады ўдалося зварганіць дастаткова няўцямнае абгрунтаванне выймання ваўкоў для нібыта навуковых мэтаў і дапоўніць гэтымі тэмамі праграму даследаванняў. Прасілі здабыць 10 асобін шляхам адстрэлу і капканамі, каб вывучыць наяўнасць радыёнуклідаў у органах і тканках жывёлін. Мінпрыроды, паводле існуючай працэдуры, дазвол мусіла ўзгадніць з НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі. А там у мэтазгоднасці такой навуковай цікаўнасці засумняваліся і дазволілі вынішчыць толькі 5 звяроў і без выкарыстання капканаў. Тады пачалася новая ваўтузня, новыя абгрунтаванні, яшчэ больш няпэўныя. І шляхам ціску і маніпуляцый (чамусьці ўзгадненні ад НПЦ па біярэсурсах складалі зусім не тыя людзі, якія звычайна там займаюцца такімі тэмамі) МНСу ўдалося «выбіць» яшчэ 5 асобін.

 

Колькі ж ваўкоў у запаведніку?

Адзін з асноўных адмыслоўцаў у вывучэнні біялогіі ваўка ў нашай краіне, доктар біялагічных навук, прафесар лабараторыі тэрыалогіі НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі Вадзім Сідаровіч лічыць, што сёння колькасць шэрых драпежнікаў у Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку значна завышаная. Навуковец гаворыць, што маршрутны спосаб уліку, на які абапіраецца пры ацэнцы колькасці гэтага віду кіраўніцтва ўстановы, зусім не прыгодны для ўліку ваўкоў. Ён павялічвае падлічаную колькасць у 2, а то і ў 3 разы. Больш-менш дакладны спосаб ацэнкі, паводле словаў Вадзіма Сідаровіча, — аб’ездна-абыходны. Але ён дастаткова стратны і патрабуе ўдзелу сапраўды кваліфікаваных адмыслоўцаў. Самы ж надзейны спосаб уліку — з верталёта. Але гэта каштуе яшчэ большых грошай. Прафесар прыводзіць выпадак у тым самым ПДРЭЗ, калі ўстанова справаздачыла аб колькасці больш за 300 ваўкоў, а кантрольны падлік аб’ездна-абыходным спосабам, праведзены ў снежні 2010 года, паказаў наяўнасць усяго 91 звера ў 15 зграях. 

Паводле сёлетніх улікаў, якія вяліся маршрутным спосабам, запаведнік справаздачыць аб 240-250 ваўках. Але ці сапраўды там столькі жывёлін — невядома. І ці такія бяскрыўдныя аб’ёмы дазваляе адстраляць у запаведнай зоне Мінпрыроды?

Прынамсі, за месяц штодзённых паляванняў брыгада, якая, дарэчы, карыстаецца паслугамі кіроўцы навуковага аддзела, з-за чаго навукоўцы пазбаўленыя магчымасці выезду ў поле, здолела забіць усяго 5 ваўкоў. Няўжо пры такой шчыльнасці, якую паказваюць кіраўнікі паводле ўлікаў, паляўнічым так цяжка знайсці жывёлін? А можа, іх там папросту столькі няма?

Даследчыкі схіляюцца да таго, што адстрэл ваўкоў у Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку — ні што іншае, як пралабіраваныя Мінлясгасам праз урад крокі па рэгуляванні ягонай колькасці.

На працягу апошніх гадоў у Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку ажыццяўляецца сумесны праект з універсітэтам штата Джорджыя (ЗША) «Ваўкі Чарнобыля. GPS-дазіметрыя». Падчас гэтага праекта звяроў адлоўліваюць, апранаюць на іх адмысловыя нашыйнікі, якія дазваляюць адсочваць месцазнаходжанне жывёлы і аўтаматычна перадае інфармацыю аб атрыманай і накопленай арганізмам дозе радыяцыі.

Карэспандэнт Зялёнага партала пацікавіўся ў выканаўцы гэтага праекта, вядомага заолага Дзмітрыя Шамовіча аб тым, як паводзяць сябе «падкантрольныя» ваўкі. Вось што распавёў суразмоўца:

— На першым этапе праекта, з кастрычніка 2014 па травень 2015 года, з 8 пазначаных нашыйнікамі ваўкоў тэрыторыю ПДРЭЗ пакідалі толькі два звяры. Абодва ў перыяд гону. Прычым дарослая самка, прарабіўшы лінейны маршрут каля 100 км ва ўсходнім напрамку, практычна тым жа шляхам вярнулася на сваю тэрыторыю ўнутры запаведніку праз тыдзень. Малады самец, які пражыў да перыяду гону (люты 2015 года) на абмежаваным участку ўнутры ПДРЭЗ, выйшаў з тэрыторыі запаведніка ў напрамку Украіны і адыйшоў ад яго межаў больш чым на 400 км, адкуль назад не вяртаўся да самага моманту аўтаматычнага адшпульвання нашыйніка.

Пры гэтым навуковец папросту не разумее, якія навуковыя дадзеныя можна здабыць з органаў і тканак забітага ў пэўным пункце звяра, які да таго мог прайсці за дзень дзясяткі кіламетраў па тэрыторыях з самым розным узроўнем забруджанасці, мог пасілкавацца, невядома, наколькі «чыстай» ці «бруднай» ежай, а мог і ачысціць страўнік. Паводле дадзеных праекта «GPS-дазіметрыя», розніца ва ўзроўнях атрыманай дозы апраменьвання рознымі ваўкамі можа адрознівацца ў дзесяткі разоў у залежнасці ад узроўню забруджвання тэрыторый, дзе пераважна жыла канкрэтная асобіна, сцвярджае Дзмітрый Шамовіч.

 

Навука? Зніжэнне колькасці!

Тое, што так званае выйманне ваўкоў з асяроддзя ў навуковых мэтах, — гэта самае звычайнае зніжэнне іх колькасці, прызнае і само Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. У сваім адказе Мінпрыроды, дзе яно апраўдвалася за нібыта «рассяленне» шэрых драпежнікаў па суседніх з запаведнікам тэрыторыях, міністэрства так і піша: «МНС прынята рашэнне і праводзіцца праца па зніжэнні колькасці ваўкоў шляхам выймання ў навуковых мэтах». 

Як кажуць, што і патрабавалася даказаць! Навукай тут і не пахне. На міністэрства націснулі, а яно цісне на падначаленых навукоўцаў, выкарыстоўваючы іх як інструмент для вырашэння задач, якія не маюць нічога агульнага з навукай.

У святле апошняй актыўнай дзейнасці кіраўніка Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС, які ўпісаў у памянёны вышэй «План удасканальвання дзейнасці…» і пункт пра абнаўленне зброі і прыладаў «для выймання дзікіх жывёлаў у навуковых мэтах», вельмі магчыма, што хутка гэтае «навуковае» выйманне будуць ажыццяўляць яшчэ і на камерцыйнай аснове, як гэта робяць іншыя ўстановы, што кіруюць асабліва ахоўнымі прыроднымі тэрыторыямі ў Беларусі. Ці ёсць у краіне сіла, якая здолее спыніць камерцыялізацыю экалогіі хаця б у зоне найбольшага на планеце радыяцыйнага забруджвання?

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 26.12.2016

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.

  • Спасибо, что не оставляете этот вопрос без внимания. Общими усилиями может быть и получится остановить это параноидальное безумие по отношению к волку.
  • В соседних странах волк - охраняемое животное, и с поголовьем копытных все в порядке! Тема спекулятивная еще с советских времен. Просто спросите отношение любого охотника к волку и наслушаетесь сто историй-небылиц про сверхспособности этого зверя. Реальный конкурент- отбивная для охотхозяйств. Очень скверно все это!
  • В соседних странах волк - охраняемое животное, и с поголовьем копытных все в порядке! Тема спекулятивная еще с советских времен. Просто спросите отношение любого охотника к волку и наслушаетесь сто историй-небылиц про сверхспособности этого зверя. Реальный конкурент- отбивная для охотхозяйств. Очень скверно все это!
  • Науку адаптируют под себя. Я не работаю в ней уже давно, поскольку с указаниями и собственной совестью справляться сложно. Нужно молиться на тех людей, которые добросовестно и искренне относятся к своему делу( речь об ученых) и презрительно относиться к "лысенковщине", которая процветает и по сей день.
  • Науку адаптируют под себя. Я не работаю в ней уже давно, поскольку с указаниями и собственной совестью справляться сложно. Нужно молиться на тех людей, которые добросовестно и искренне относятся к своему делу( речь об ученых) и презрительно относиться к "лысенковщине", которая процветает и по сей день.
  • Если очень захотеть, можно и радиацию отменить, оказывается. Боги у нас чиновники.
  • Самое печальное, что это касается не только Полесского заповедника. Это общая беда наших ООПТ, где существуют научные отделы. Например, такое же манипулирование научным отделом велось в Припятском нацпарке. Пока эти факты не выйдут на свет всё так и будет продолжаться, а неугодных людей будут втихаря убирать, заменяя более лояльными. Но с радиацией шутки нельзя шутить, это совершенно другой уровень ответственности.
  • На сегодняшний момент в заповеднике до 130 особей волка так-как основной пищей волка являлся кабан с его гибелью снизилась и поголовье волка.На ряду с этим в заповеднике увеличивается численность,кабана оленя лося косули европейской. Охотовед.
  • Ассоциация детей и молодежи
  • Багна
  • Белорусская Антиядерная Кампания
  • Беларускі камітэт Дзеці Чарнобыля
  • Выратуем прыпяцкіе дубровы
  • Экадом
  • Городской лесничий
  • Дзіцячыя экалагічныя майстэрні
  • Мінскае роварная таварыства
  • Неруш
  • Велогродно
  • Живое партнерство
  • За чистую Припять
  • Время Земли