27.05.2016 / 18:05

Што пагражае чысціні прыроды ў вёсцы, якія вялікія праблемы існуюць на малых рэках, і якую карысць можа прынесці вясковая школа ў справе захавання балота Ельня? На гэтыя і іншыя пытанні адказаў Віцебскаму Зялёнаму парталу начальнік Шаркаўшчынскай раённай інспекцыі па ахове прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Іван Міхалёнак.​

Рака Мнюта

 

Фермы — галоўная пагроза вадаёмам

Асноўнай экалагічнай праблемай Шаркаўшчыны з’яўляецца выкананне рэжыма водаахоўных зон. Шаркаўшчынскі раён знаходзііца ў пойме ракі Дзісны, дзе працякае вялікая колькасць ручаёў і малых рэк.

Іван Іванавіч Міхалёнак
Іван Іванавіч Міхалёнак

«Пакуль ёсць сельская гаспадарка з фермамі, арганікай і эканамічным спадам, праблемы будуць існаваць», — падкрэсліў Іван Іванавіч.

Іх вырашэнне дастаткова складанае, нягледзячы на тое, што колькасць ферм у рэгіёне памяншаецца, і гэтыя гаспадаркі, па магчымасці, выносяцца з водаахоўнай зоны. У раёне было 80 ферм, стала 54, але сітуацыя не ссунулася з месца. Пагалоўе скаціны канцэнтрыруецца ў буйных комплексах. Гэта спрыяе павелічэнню колькасці арганікі. Ферма, нават вынесеная за межы прыродаахоўнай зоны, не з’яўляецца гарантыяй чысціні вод, бо не выконваюцца ўсе тэхналагічныя працэсы, якія забяспечваюць санітарныя ўмовы. Несвоечасовая ўборка арганікі вядзе да яе накаплення і пранікнення ў грунтовыя воды. Як вынік —  якасць вады ў рэках істотна пагаршаецца.

 

Адходы — яшчэ адзін галаўны боль

Другой па велічыні праблемай з’яўляецца абыходжанне з адходамі. Вядзецца пастаянны кантроль за вывазам арганізацыямі цвёрдых бытавых адходаў на палігоны. Выстаўляюцца патрабаванні па нарыхтоўцы другаснай сыравіны. Але, нягледзячы на агульныя намаганні інспекцыі, ЖКГ і адміністрацыйныя пакаранні, сітуацыя не адпавядае патрабаванням ураду. Праца ў гэтым накірунку з’яўляецца прыярытэтнай. Скаладанасці ўзнікаюць з-за адсутнасці палігонаў ЦБА ў некаторых аграгарадках.

Напрыклад, у аграгарадку Лужкі міні-палігон размешчаны ў водаахоўнай зоне, і гэтае пытанне вельмі складана вырашыць, бо яно патрабуе істотных матэрыяльных сродкаў на праект і будаўніцтва палігона. На сённяшні дзень гэта амаль невырашальная праблема.

Ачыстка берага ракі Мнюты ад смецця
Ачыстка берага ракі Мнюты ад смецця

 

Рэкі малыя — клопаты вялікія

Ёсць у працы прыродаахоўных арганізацый рэгіёна і прыемныя моманты, якія не могуць не радаваць: у жніўні 2015 года завяршыўся праект «Малыя рэкі — вялікія праблемы», які ажыццяўляўся пры фінансавай падтрымцы міжнароднага экалагічнага грамадскага аб’яднання «Прырода і мы». Мэтай было прыцягненне ўвагі грамадскасці да экалагічнага стану малых рэк басейна ракі Дзісны. Праект аб’яднаў каля 400 дзяцей і дарослых Глыбокага, Пастаўскага і Шаркаўшчынскага раёнаў у змаганні за чысціню рэк. Бытавыя адходы былі сабраныя на працягу 100 кіламетраў уздоўж берагавой лініі. Адбываліся трэнінгі і семінары, праводзіліся творчыя конкурсы фотаздымкаў і эсэ . У рамках праекта былі створаныя экалагічныя клубы «Блакітны патруль», сябрамі якіх сталі школьнікі. Клубы працавалі над вывучэннем відавога складу расліннага і жывёльнага свету рэк, хімічным аналізам вады. Важным аспектам праекта стала выхаванне экалагічнай свядомасці яго ўдзельнікаў.

Сябры клуба «Блакітны патруль» Лужкоўскай сярэдняй школы робяць хімічны аналіз вады ракі Мнюты
Сябры клуба «Блакітны патруль» Лужкоўскай сярэдняй школы робяць хімічны аналіз вады ракі Мнюты

«Важна, каб надалей школьныя экалагічныя клубы маглі супрацьстаяць нядбайнасці мясцовых жыхароў і прывучаць іх да экалагічна граматных паводзін, а не толькі выконваць ролю прыбіральшчыкаў смецця», — кажа Іван Міхалёнак.

Вядома, што, нягледзячы на зробленыя крокі, малыя рэкі не пазбавіліся цалкам ад сваіх праблем. Дзесьці, напрыклад у аграгарадку Германавічы, былі праведзены рэканструкцыя парку і ператварэння вясковага сметніка ў месца адпачынку, але, як было сказана вышэй, міні-палігон на беразе Мнюты ўсё яшчэ чакае сваёй чаргі.

Завяршыўся праект фестывалем «Малых рэк», падчас якога падвялі вынікі працы, узнагародзілі пераможцаў конкурсаў, адзначылі найбольш актыўных ўдзельнікаў.

Рэгіянальны фестываль малых рэк у Шаркаўшчыне
Рэгіянальны фестываль малых рэк у Шаркаўшчыне

 

Балота Жада будзе жыць

Мінулы год адзначыўся для Шаркаўшчынскага раёна яшчэ адной важнай падзеяй. Балота Жада, якое было пад пагрозай асушэння, шляхам намаганняў прыродаахоўных арганізацый «Багна» і «Ахова птушак Бацькаўшчыны» стала рэспубліканскім гідралагічным заказнікам. Тэрыторыя балота займае частку Мёрскага і Шаркаўшчынскага раёнаў. Завяршаецца адміністрацыйная праца, вызначаны межы заказніка, лясніцтва ўсталёўвае межавыя знакі.

 

«Захавальнікам Ельні» — экалагічны цэнтр

У Германавіцкай сярэдняй школе ствараецца сучасны экалагічны цэнтр, пры дапамозе якога вучні змогуць вывучаць экалагічныя праблемы і вучыцца вырашаць іх. Ва ўстанове адукацыі дзейнічае клуб «Захавальнікі Ельні». Пад кіраўніцтвам настаўніцы біялогіі і геаграфіі Марыны Фёдаравай дзеці вывучаюць раслінны і жывёльны свет балота, праводзяць маніторынг якасці вод, знаёмяцца з механізмамі рэгуляцыі воднага рэжыму, асаблівасцямі прыродаахоўных мерапрыемстваў.

У студзені школу наведалі прадстаўнікі праекта «Павышэне патэнцыялу мясцовых таварыстваў ва ўстанаўленні кіравання воднымі рэсурсамі з мэтай захавання балота Ельня» і Праграмы разіцця ААН Аляксей Арцюшэўскі і Мікалай Чэркас. На рэалізацыю праекта запланавана каля 50 000 даляраў ЗША. Для экалагічнага цэнтра прывезлі аргтэхніку: ноўтбук, тэлевізар, фотаапарат, мультымедыйны праектар, мультыфункцыянальная друкарская прылада. Фінансаванне праекта ажыццяўляе ўнітарнае прадпрыемства «Кока-Кола Беврыджыз Беларусь».

Вучні Лужкоўскай сярэдняй школы на ўзнагароджванні актыўных удзельнікаў праекта «Малыя рэкі — вялікія праблемы»
Вучні Лужкоўскай сярэдняй школы на ўзнагароджванні актыўных удзельнікаў праекта «Малыя рэкі — вялікія праблемы»

«Сэнс цэнтра ў правядзенні адукацыйнай працы сярод мясцовага насельніцтва. Палова жыхароў раёна не ведаюць ні пра масштаб Ельні, ні пра яе значнасць. Мяркуецца, што сябры клуба «Захавальнікі Ельні», дзякуючы экалагічнаму цэнтру, змогуць належным чынам данесці людзям важнасць праблемы захавання гэтай ахоўнай тэрыторыі», — подкрэслівае Іван Міхалёнак.

Автор:
Фотограф:
Валерый Кавалёнак, Алёна Лапацкая
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость